Strona główna » Czasopis » Nr 7-8/10 (ЛІПЕНЬ-ЖНІВЕНЬ 2010) » Сустрэчы, прэзентацыі, рэцэнзіі
Сустрэчы, прэзентацыі, рэцэнзіі

Ніна Баршчэўская ў Беластоку

У рамках беларускіх чацьвяргоў у Катэдры беларускай культуры з дакладам на тэму ролі беларускай мовы ў жыцьці і дзейнасьці беларускай эміграцыі выступіла супрацоўніца Катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту Ніна Баршчэўская.

Н. Баршчэўская зьяўляецца аўтаркай кнігі „Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы”, якая стала вынікам яе досьледаў беларускіх выданьняў, што выходзілі ў самых буйных асяродках беларускай эміграцыі.

Творча дзейная частка беларускай эміграцыі заўжды вельмі моцна падкрэсьлівала, што яны — беларусы ў вольным сьвеце. Беларусам гэтым лёс беларускай мовы быў прынцыповаю справай — эміграцыя адсочвала ўсе працэсы, якія вялі як да адраджэньня мовы, так і да яе русіфікацыі. Паводле іх, мова ў Беларусі мела вышэйшы прыярытэт за тэрыторыю — гэта мова вызначала тэрыторыю Беларусі. Эміграцыя заўжды падкрэсьлівала гістарычныя традыцыі беларускай мовы, што яна не зусім такая маладая і што ў мінуўшчыне яна карысталася вялікім прэстыжам. Беларускую мову ў рэлігійным жа жыцьці эміграцыя заўжды бачыла як частку нацыянальнага жыцьця і лёсу.

Н. Баршчэўская, якая асабіста зьяўляецца вялікай прыхільніцай дарэформеннага правапісу беларускай мовы, атрымала ў сувязі з гэтым шмат пытаньняў. Адно зь іх датычыла таго, якую адукацыйную палітыку праводзіць яе вучэльня ў сувязі зь існаваньнем дзьвюх (а з верасьня гэтага году нават трох) правапісных нормаў у беларускай мове. Выкладчыца адказала, што вучэльня знаёміць студэнтаў з абедзьвюмі нормамі беларускага пісьма, каб студэнт, які заканчвае беларускую філялёгію быў сьвядомы гэтай разнастайнасьці. Н. Баршчэўская пагадзілася таксама, што нядаўняя рэформа беларускага правапісу, якая ў Беларусі ўвойдзе ў сілу зь верасьня, ставіць многа пытаньняў кшталту „чаму так, а ня гэтак”, замест спрасьціць прынцыпы да агульназразумелай яснасьці і празрыстасьці. Н. Баршчэўская прызнала такасама, што гэтая рэформа нясе шкоду ў тым сэнсе, што вяртае ў непісьменнасьць тыя праслойкі беларусаў, якія дагэтуль авалодалі на прыстойным узроўні якой-небудзь адною пісьмоваю нормай.

На ўсю гэтую і без таго цяжкую ды заблытаную сытуацыю беларускай мовы накладаецца яшчэ славуты моўны рэфэрэндум 1995 году ў Беларусі, які фармальна замацаваў двухмоўе ў краіне, а фактычна — непадзельную дамінацыю рускай мовы.

(ам)

Культура ў лякальным кантэксьце

У рамках „Беларускіх чацьвяргоў” наступным госьцем Катэдры беларускай культуры ў Беластоку была Валянціна Новак — супрацоўніца Катэдры беларускай культуры і фальклярыстыкі Дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны ў Гомелі. Яна расказала пра свае дасьледаваньні беларускай культуры ў лякальным кантэксьце — пра наведваньне палескіх вёсак і мястэчак ды распытваньне жыхароў пра традыцыі датычныя да беларускага вясельля.

— Пакуль няма ў нас манаграфіі прысьвечанай беларускаму вясельлю, — сказала В. Новак. — Вясельле самае багатае — яно ў кожнай вёсцы сваё. Наколькі мы б былі багатыя, калі б у кожным рэгіёне Беларусі вывучалі мясцовую традыцыю... Культуру можна дасьледаваць толькі ў лякальным кантэксьце, — адзначыла яна.

В. Новак прывяла многа прыкладаў мясцовай вясельнай традыцыі Палесься — прытым яна адзначыла, што адрознасьці ў гэтай традыцыі бываюць і паміж суседнімі вёскамі. Сёньняшняе гарадзкое вясельле ў Беларусі ўвогуле ня мае амбіцыі захаваць хоць бы і частку таго народнага багацьця, якое ўсё яшчэ падтрымліваецца вёскаю.

— Калі я стала на адным гарадзкім вясельлі, — сказала В. Новак, — расказваць пра мясцовую вясельную традыцыю, дык раптам усё аціхла, людзі пераставі выпіваць, аркестр перастаў іграць — усе засяродзіліся на мне ды прагна і ўважліва сачылі за кожным маім словам, гэтак усё было ім цікава.

В. Новак прызналася, што яна вельмі любіць сваю працу па зьберажэньні гэтай аўтэнтычнай культурнай спадчыны Беларусі. Яна нават выказала думку, што надзвычай карыснай была б узаемная экспэдыцыя — беларускіх навукоўцаў па Падляшшы ды падляскіх дасьледнікаў па Беларусі.

Слухаючы В. Новак, я злавіў некалькі момантаў, якія выявілі ступень зацікаўленасьці дзяржаўных структураў ейнаю працай. Аказалася, што ў беларускіх вучэльнях на такія досьледы альбо няма сродкаў, альбо яны вельмі мізэрныя. Самае паказальнае тут тое, што вучэльня не дае грошай на кнігу, якая павінна і зьвянчаць вывучэньне канкрэтнага рэгіёну. Навукоўцы робяць гэта на свае сродкі, часамі дапамагаюць ім мясцовыя ўлады, але ў гэтым выпадку тая ж улада мае свае канкрэтныя патрабаваньні да кнігі — столькі-то старонак па эканамічна-сацыяльных палажэньнях рэгіёну, а столькі-то па культурных.

Наклад кнігі пра вясельле, якую В. Новак і яе калегі выдадуць на свае сродкі, будзе ў 17 (сямнаццаць) асобнікаў. В. Новак ня робіць з гэтага факту ані вялікай трагедыі, ані плачу. Яна паўтарыла, што вельмі любіць сваю працу ды бачыць у ёй жыцьцёвы сэнс.

(ам)

Юры Туронак адведаў беластоцкіх беларусаў

Другая сусьветная вайна ў грамадзкай сьвядомасьці Беларусі жыве найдаўжэй з усіх краінаў, што

ўзьніклі пасьля распаду Савецкага Саюзу. Болей таго, улады Беларусі самі ў розныя палітычныя моманты падаграваюць гэтую тэму, каб яна не аціхала і не зажывала...

Найбольш вядомым дасьледчыкам пэрыяду другой сусьветнай вайны і, у прыватнасьці, нямецкай палітыкі на тэрыторыі акупаванай Беларусі зьяўляецца гісторык Юры Туронак, сустрэчу зь якім 17 чэрвеня зладзіла асьветнае аб’яднаньне „АБ-БА”. Аб’яднаньне гэтае ладзіць разнастайныя мерапрыемствы і праекты ў падтрымку навучаньня беларускай мовы ў школах Беластоку. Сустрэча зь Ю. Туронкам мела сантымэнтальны падтэкст — ад Ю. Туронка неідэялягічнага падыходу да гісторыі вучыліся самі кіраўнікі ды дзеячы аб’яднаньня ў гады свайго студэнцтва.

Ю. Туронак з таго часу, калі мне асабіста давялося наведаць яго разы два ў Варшаве ў час маёй вучобы там (больш за 20 гадоў таму), вонкава амаль і не памяняўся. Не страціў ён ані вастрыні інтэлекту, ані памяці да дэталяў і прозьвішчаў — адно, што часамі над нечым трэба крышку даўжэй падумаць, каб узгадаць абставіны, іранізаваў ён наконт сваёй уласнай асобы ў час сустрэчы зь беластачанамі.

Ю. Туронак засяродзіўся на мітах, якія ўзьніклі ў беларускай гістарыяграфіі пра другую сусьветную вайну.

— Часамі находзіць мяне ахвота, — сказаў гісторык, — прысесьці і напісаць брашуру прысьвечаную менавіта гэтым мітам другой сусьветнай вайны — якімі спосабамі гісторыкі служылі іхняму ўзьнікненьню ды падтрымцы. Але ня ведаю з чаго б тут пачаць — такі багаты матэрыял...

Міты ствараліся па палітычных матывах — каб нівэляваць тую спадчыну, якую пакінула ў беларускім грамадзтве нямецкая акупацыя. Ні ўлады Савецкай Беларусі, ні цяперашнія ўлады ніколі не прызналі і не пагадзіліся з фактам, што ў час нямецкай акупацыі Беларусі адбыўся вельмі моцны рост нацыянальнага духу і сьвядомасьці насельніцтва.

— Самае істотнае значэньне, — сказаў Ю. Туронак, — мела канцэпцыя разьвіцьця і ўмацаваньня беларускага нацыяналізму, беларускай самасьвядомасьці, якую ажыцьцяўляў шэф цывільнай адміністрацыі Беларусі Вільгельм Кубэ. Ён імкнуўся прышчапіць людзям візію беларускай дзяржаўнасьці ў новай пасьляваеннай Эўропе. Гэтаму выключна служыла беларускае школьніцтва, дзяржаўнасьць беларускай мовы, нацыянальная сымболіка, Саюз беларарускай моладзі...

Тое, што такая нямецкая палітыка спрычынілася росту нацыянальнага пачуцьця беларусаў пацьвярджаецца як архіўнымі рэсурсамі, так у навуковых дасьледаваньнях, якія ўзьніклі на аснове гэтых рэсурсаў, але таксама і ў пасьляваенным разьвітку беларускага нацыянальнага руху па-за межамі Беларусі. Ініцыятарамі і найбольш актыўнымі ўдзельнікамі беларускага руху на эміграцыі выступілі якраз людзі, якія жылі пад нямецкай акупацыяй, якія прайшлі праз арганізаваную немцамі беларускую адукацыйную сыстэму, а потым — празь лягеры перамяшчэнцаў у Нямеччыне — патрапілі ў розныя краіны Захаду. Гэтая акалічнасьць ніяк не ўпісваецца ў візію другой сусьветнай вайны, якаю цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў пасьлядоўна прапаведуецца ў Беларусі.

— Нішто ў гэты ваенны час не было адназначным, — нібы падвёў Ю. Туронак, — нельга адных адназначна выбельваць, а другіх — чарніць. Многія гады ўбівалі нам у галовы, што Катынь — справа немцаў. А тут, прыйшоў Гарбачоў і сказаў „mea culpa”...

Ю. Туронак нарадзіўся ў літоўс­кім мястэчку Дукшты на памежжы зь Беларусьсю. Другую сусьветную вайну ён ведае ня толькі як гісторык і дасьледнік гэтай тэмы, але і са сваёй хлапечай памяці ды ўспамінаў.

Аляксандар Максімюк

Уваскрашэньне часопісу „Карткі”

Напрыканцы траўня, пасьля чатырох гадоў комы, узнавіўся ў Беластоку літаратурна-мастацкі часопіс „Карткі”. Радасьць уваскрашэньня была да таго вялікай, што выдаўцы сьвяткавалі сваю рэактывацыю ажно два дні — першы дзень у клубе ў гасьцініцы „Крысталь” (мерапрыемства для афіцыёзу і людзей, якія дапамаглі часопісу прачнуцца), а потым у беластоцкім кафэ-бары „Капілювак” — гэта ў задуме мела быць імпрэза для багемна-мастацкага асяродзьдзя гораду. Славуты кафэ „Маршанд”, які раней у жыцьці часопіса выконваў ролю эксклюзыўнага месца такога тыпу сустрэч, і аб сьцены якога рэдактарская багема, бывала, у моманты творчай эйфарыі разьбівала свае мабільныя тэлефоны, не дачакаў гэтага сьветлага моманту рэактывацыі...

Асоба, якая на трывала ўпісаная ў кравід часопісу „Карткі” — Багдан Дудко, аніматар і галоўны рэдактар выданьня. Ён паведаміў сабраўшыхся ў кафэ пра аднаўленьне часопісу, пра амбітныя пляны на будучыню і бліжэйшы год — зрабіць часопісам квартальнікам і выдаць амаль на адным дыханьні яшчэ тры яго нумары цягам 2010 году. Б. Дудко запрэзэнтаваў таксама аўдыё-візуальны матэрыял з „афіцыёзнай” прэзэнтацыі адноўленага часопісу, якая адбылася дзень раней.

Для ўсёй дзейнасьці часопіса „Карткі” ёсьць нешта супольнае — гэта нейкая такая рыса гермэтычнасьці, мяжа, якой творцы ня ўмеюць (або баяцца) перайсьці. Я пасядзеў сабе на той прэзэнтацыі, паслухаў пра вельмі важныя для станаўленьня і разьвіцьця часопісу асобы — выслухаў таксама, калі тыя асобы (Міра Лукша, Уладзімір Паўлючук) узялі слова і падзяліліся сваёй рэфлексій. Час ад часу, аднак, я стараўся ўвасобіцца думкамі і сьвядомасьцю ў некага, хто ўпершыню або ў другі раз патрапіў у гэткую тусоўку „Картак”, г.зн. выпадкова зайшоў у „Капілювак” папіць кавы ў час, калі акурат часопіс ладзіў сваю прэзэнтацыю. Ну і вось, у тыя моманты мне станавілася ня надта зразумелым, чаму акурат для часопіса важна гэта, а ня тое. „Карткі” ўсё валакуць за сабою нейкае такое кляймо недаросласьці або сама менш — неахвоту пасталець ды выйсьці на ўзровень „асноўнай камунікатыўнасьці тэксту”. Як і дзесяць год назат, так і зараз усё варушыцца ў шчыльным сэмантычным коле „Дарагіх Влодкаў”, „Маіх ты, Мірэчкаў”, „Абсалютна важных Янэчкаў” — і хай даруюць усе шаноўныя і дарагія, каго я не працытаваў тут, а хто заслугоўвае быць у гэтым дастойным сьпісе фаміліі часопісу „Карткі”.

Антураж антуражам, але самы істотны для літаратурнага часопісу зьмест, бо гэта ён павінен быць прадметам будучага дыскурсу, а ўсе мы, напэўна пераважная частка нашага тутэйшага сьвету — і не палічыць колькі гадоў гэта ўжо цягнецца — пайшлі без заўважальнага супраціву на кампраміс з г.зв. „паліткарэктнасьцю”. Робім праекты і пішам пра іх (г.зн. санкцыянуем узьнікненьне) наадвал — не наблізіўшыся нават да нечага сутнага ў тым, што робім. Выхад, ці як у гэтым выпадку — узнаўленьне часопісу абыходзіцца кароткім паведамленьне, ньюсам. І ўсё. Паехалі далей, робім чарговы праект. Штораз менш у тым нейкага творчага падыходу — дастаткова знайсьці асобу, у кампутарных папках якой ёсьць крыху непублікаванага зьместу, затым мэханічна пераваліць той зьмест у папкі другога кампутара, назваць тое праектам, ды напісаць наканец ньюс — гэта самая вялікая па творчым падыходзе натуга ў цяперашні час ды адзіная, на якую большасьць людзей наагул здольная. Зроблена, маем праект!

Праект пад назваю „Уваскрашэньне часопісу «Карткі»” рэалізавалі зь першага пляну: Мацей Халадоўскі, Міраслава Лукша і Яўген Вапа, інакш кажучы, рэдакцыя штотыднёвіка „Ніва”. З другога пляну выхінуў на момант яшчэ Марцін Рэмбач — вонкава сьціпла і нязначна, бо ў выглядзе перакладчыка трох апавяданьняў Віктара Сазонава з кнігі, якую ў выглядзе таксама аўдыёбуку выпусьціў Цэнтар грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь. Асоба М. Рэмбача і ягоная роля ў анімацыі-рэанімацыі беларускага жыцьця ў Польшчы напэўна будзе яшчэ прадметам асобных досьледаў у будучыні.

Тое, што для часопісу ставіць ягоную планку на пэўны ўзровень — гэта эсэ і размовы зь людзьмі культуры. Літаратурная публіцыстыка ў часопісе гэта тое, дзеля чаго прынамсі мая рука выцягваецца за гэтым часопісам. Проза і вершы, па-мойму, маюць другаснае значэньне — мастацкае слова нам больш падыходзіць, калі мы ўжо крышку ведаем, чым жыве і пра што думае сам творца, калі ўжо набярэм упэўненасьці, што пісьменьнік або паэт зьяўляецца чалавекам з кругу тых жа справаў, што і нашыя.

Узровень для ўзноўленых „Картак” задаў Мацей Халадоўскі, публікуючы пяць размоваў, якія напісаў ён для тыднёвіка „Ніва” — з Тадэвушам Канвіцкім, Агнешкаю Голянд, Кшыштафам Занусі, Густавам Галёўбкам і Марыяй Яніян. У тыднёвіку размовы тыя публікаваліся ў перакладзе на беларускую мову, а вось, ва ўзноўленых „Картках” — трапілася выдатная нагода для польскамоўнай прэм’еры тэкстаў. Дзякуючы гэтым тэкстам можна было і ўзнавіць часопіс — забярэш іх і ўваскрашэньне не атрымліваецца. Болей таго, дзякуючы гэтаму тэматычнаму блёку, рэдактар Б. Дудко мог стварыць агульны арэол для часопісу, прычапіўшы яму шыльдачку „беларускага нумару”. Але ў маім перакананьні беларускага характару ў нумары столькі, колькі гэтай шыльдачкі...

Адзіным зь ліку пяці Мацеевых размоўцам, які рэальна нешта пра Беларусь ведае, разумее, што там адбываецца — гэта Тадэвуш Канвіцкі. Ён наўпрост сказаў, што „ў свой час у мяне была магчымасьць рэгулярна чытаць часопіс «Нёман», дзякуючы якому я быў у курсе.

Я чытаў у ім беларускую прозу, паэзію, прыглядаўся графіцы. Увесь час я адчуваў, што ім [беларусам] вельмі блізка да глябальнай супольнасьці, што ўсё, што там адбываецца, не зьяўляецца нечым экзатычным, маргінальным, што ўсё гэта эўрапейскае ў самым лепшым сэнсе слова”. Т. Канвіцкі знаёмы таксама з прозьвішчамі і творамі беларускай літаратуры, зьявамі, якія ў ёй адбываюцца... У чатырох астатніх герояў інтэрвію ведаў такіх няма. А. Голянд адкрытым тэкстам сьцьвярджае: „Слабенька ведаю беларускую рэальнасьць (...) ведаю пра тую Беларусь настолькі мала, што мне самой аж сорамна”. К. Занусі прызнаецца, што „ня ўмее назваць сучасных творцаў беларускага кінэматографу. Калі кінэматограф гэты быў савецкі, мы таксама не адрозьнівалі творцаў з паасобных рэспублік СССР”. Г. Галёўбэк умеў навязаць да цяперашняй беларускай сытуацыі выключна ў кантэксьце польскага досьведу. Марыя Яніян, гісторык літаратуры, сказала, што „яна трохі цікавілася сучаснай беларускай літаратурай” і тут жа зьвязала асобу Васіля Быкава зь беларускаю фантастыкай Яна Баршчэўскага.

Навошта я — насуперак „паліткарэктнасьці” — павыцягваў усе гэтыя прыклады? Ці Галёўбэк, Занусі і Голянд у абавязку разумець, што адбываецца ў беларускай культуры або літаратуры? Не, няма ў іх такога абавязку. Гэта павінен быць абавязак часопісу, які павесіў сабе шыльдачку „беларускага нумару”. У выніку ж, стварыўся вобраз Беларусі і беларускай культуры не як суб’екта нашай часткі Эўропы і сьвету, а нейкага нідзе не прапісанага твору, абстрактнага і тэарэ­тычнага, які толькі і існуе дзеля таго, каб маглі пра яго тэарэтычна паразважаць польскія інтэлектуалы ў кантэксьце польскай нацыянальнай культуры, досьведу і інтарэсу. „Беларускі нумар” часопісу „Каркі” ня даў у пляне набліжэння беларускай культуры і Беларусі польскаму чытачу нечага якасна новага — падтрымлівае ён здаўна ўкарэненыя ў польскую сьвядомасьць міты пра Беларусь. Магчыма, падыход такі — нейкае неагучанае правіла-патрабаваньне ад спонсара, пра якога ў кафэ „Капілювак” многа цёплых словаў сказаў прафэсар „Дарагі Влодку” Паўлючук...

Напэўна рэдактару Б. Дудко трэба будзе моцна засяродзіцца і ва ўсім гэтым добра разабрацца, калі жадае ён быць асобаю, якая ў курсе, а не выключна дэкаратыўны элемэнт часопісу. Узнаўленьне часопісу — момант, у які ствараецца пэўная атмасфэра, артыкуляцыя амбітных намераў, але ёсьць яшчэ і незайздросная фаза рэалізацыі, у якой жадаю многа цярплівасьці і настойлівасьці. Буду чытаць, як, дарэчы, і гэтым разам прачытаў.

Аляксандар Максімюк

Kliknij, by wyświetlić formularz...Kliknij, by ukryć formularz... Napisz komentarz
  • Wymagane pola zostały oznaczone *.
  • Komentarze są publikowane po przeczytaniu przez moderatora serwisu.
  • Prosimy Państwa o staranne wpisywanie adresów e-mailowych — Państwa adresy nie są ani publikowane, ani komukolwiek ujawniane, jednakże w niektórych przypadkach prawidłowy e-mail jest nam niezbędny do wyjaśnienia z autorem kwestii, które mogą budzić nasze wątpliwości w nadesłanym przez niego komentarzu.
  • Moderator jest w 100% człowiekiem, a nie programem komputerowym, więc publikacja może potrwać czas jakiś — cierpliwości.
  • Komentarze nie na temat — jest on zadany przez powyższy artykuł — będą odrzucane.

* Kod:
 
Wpisz ten kod (dwie litery i dwie cyfry) w odpowiednie pole formularza podczas wysyłania komentarza. Jeśli nie możesz go odczytać, spróbuj wygenerować inny...
Czasopis.pl na Facebook