15 ліпеня спаўняецца 600 гадоў Грунвальдскай бітве. Да гэтага юбілею ў мінскім выдавецтве „Харвест” падрыхтавана ўнікальная кніга „Крыжаносцы. Грунвальдская бітва”, у якую ўвайшлі практычна невядомыя матэрыялы двухсотгадовага перыяду супрацьстаяння Белай Русі агрэсіі крыжакоў. Па сутнасці, гэта хрэстаматыйная гісторыя „Націску на Усход”, выкладзеная, перш за ўсё, самімі крыжаносцамі, іх храністамі, летапісцамі, удзельнікамі падзей. Многія дакументы не перавыдаваліся стагоддзямі. Адзін з матэрыялаў — прысвечаны нашаму земляку, непераможнаму Давыду Гарадзенскаму
Першы крыжовы паход германцаў супраць славян рымскі папа Яўген ІІІ благаславіў яшчэ ў 1147 годзе. Ударнай сілай крыжакоў на ўсходзе Еўропы сталі германскія рыцарскія ордэны, запрошаныя польскімі феадаламі, якія хацелі чужымі рукамі расправіцца з язычнікамі-прусамі. Першы крыжовы паход у Прусію, арганізаваны ў 1222 годзе, адбыўся пры актыўным удзеле анямечаных польскіх князёў Генрыха Сілезскага і Конрада Мазавецкага, епіскапаў гнезненскага, вроцлаўскага, кракаўскага, познанскага і іншых феадалаў.
Крыжаносцы хутка адчулі сябе гаспадарамі на чужых землях. У ХІІІ ст. яны атабарыліся на ніжняй Вісле, пачалі захопліваць адну вобласць за другой. Падпарадкоўваючы і выразаючы прусаў і палабскіх славян, тэўтоны пранікалі на балцкія і славянскія землі, адсякаючы нашым продкам выхад да Балтыйскага мора. З 1203 па 1413 год насельніцтва Белай Русі перанесла мноства ваенных паходаў.
Землі Белай Русі і Літвы шчодра паліты крывёй іх лепшых сыноў. Дарога да перамогі густа выслана целамі многіх тысяч бясстрашных і слаўных віцязяў. Акрамя сцягоў нямецкіх рыцараў, тут развіваліся харугвы рыцараў Англіі, Францыі, многіх іншых краін Еўропы. Чатыры разы (беcпаспяхова) — у 1250, 1314, 1391 і 1394 гг. — крыжакі штурмавалі Навагрудак. Пяць разоў — у 1333, 1366, 1382 і 1386 гг. — бачыў іх горды і няскораны горад Полацк. Тройчы — 1384, 1392, 1394 гг. — яны спрабавалі ўзабрацца на высокія сцены Лідскага замка. Бачылі іх пад сваімі сценамі Крэва, Брэст, Камянец, Ваўкавыск, Мядзел, Дзісна, Браслаў, Свір і шматлікія вёскі, па якіх не раз праходзілі разбуральныя войны...
Аднак найбольшую славу непрыступнай цвярдыні, пра якую ведала ўсё еўрапейскае рыцарства, атрымаў старажытны Гродна. „Гарта”, ці „замак Гартэн”, як яго называлі прускія храністы. Пачынаючы з 1284 і па 1402 год, крыжаносцы ажыццявілі на гэтае арлінае гняздо Панямоння каля трыццаці паходаў. Паход „на Гартэн” лічыўся вышэйшай адзнакай і гонарам для прадстаўніка маладога еўрапейскага дваранства. З Германіі, Францыі, Швецыі, Галандыі, Даніі, Італіі, Іспаніі, Чэхіі і Англіі — атрад за атрадам ішлі крыжакі „на Гартэн”. Хто іх толькі не ўзначальваў: магістр Тэўтонскага ордэна Конрад Тырнберг (1284 г.), камтуры Кёнігсберга і Брандэнбурга, магістры Лівонскага ордэна і англійскія графы Чэмберлены, Нортумберленды і Бэдфорды.
Больш за чвэрць стагоддзя абаронай Гродна кіраваў непераможны князь Давыд Гарадзенскі, які са сваёй дружынай хадзіў на дапамогу Навагрудку і Пскову, ажыццяўляў кінжальныя рэйды ў Прусію, пад Брандэнбург і Франкфурт-на-Одары. Яго называлі „гразой крыжаносцаў”. Быў ён праўнукам Аляксандра Неўскага і сынам Даўмонта Пскоўскага... Пра князя Аляксандра ведаюць усе, ён залічаны праваслаўнай царквой да ліку святых (як і бацька Давыда). Імя ж нашага земляка, на жаль, вядомае нямногім. Спадзяюся, што гэтая памылка ў хуткім часе будзе выпраўленая, і ля сцен старажытнай Каложскай царквы (дзе, згодна з паданнем, яго пахавалі) каля памятнага каменя будзе пастаўлены помнік непераможнаму гарадзенскаму князю, а яго імя зойме годнае месца на старонках падручнікаў.
Давыд з’явіўся на свет у Пскове. Даўмонт, яго бацька, князь нальшанскі, быў адным з самых паважаных людзей у Літве. Але ў 1263 годзе яго абразіў навагрудскі князь Міндоўг. Заставацца пасля гэтага на радзіме Даўмонт не мог. У 1266 годзе ён „ад’язджае” з усім сваім дваром і трыма сотнямі баяр у Пскоў. Тут ён прыняў праваслаўе, атрымаў імя Цімафей і стаў служылым князем. Узначаліў барацьбу пскавічоў супраць крыжакоў. У барацьбе з „бязбожнымі немцамі” і раскрыліся палкаводчыя здольнасці Даўмонта. Яшчэ больш умацаваў яго становішча шлюб з Марыяй, унучкай Аляксандра Неўскага. У іх сям’і нарадзіўся хлопчык, які выхоўваўся як воін.
Нямецкія рыцары бесперастанна нападалі на землі Вялікага Княства Літоўскага, рабавалі і спусташалі іх. У 1284 годзе яны нават узялі Гродна і разбурылі ўшчэнт. Вялікі князь літоўскі ў хуткім часе адбудаваў горад, і, бачачы, што намаганні крыжаносцаў бесперапынна накіраваны на гэты важны пагранічны пункт (склад ваенных запасаў ВКЛ) пабудаваў у ім новыя ўмацаванні, павялічыў гарнізон. Начальства над горадам і вобласцю даручыў сыну Даўмонта Пскоўскага, якога вялікі князь літоўскі ўзяў да сябе на службу і прызначыў кашталянам (камендантам) Гродна, а ў хуткім часе выдаў за яго замуж сваю прыгажуню-дачку Бірутэ.
Упершыню Давыд праявіў свае здольнасці ў 1305 годзе, калі шматлікае войска крыжаносцаў на чале з Конрадам Міхтэнхагенам, напала на Гродна. Спробы захапіць горад не ўдаліся, а праз два дні на дапамогу падышлі войскі Гедыміна. Крыжакі былі разбітыя. На наступны год спробу захапіць Гродна зрабіў іншы Эферхард фон Вірнэрбург з Кёнігсберга, які прывёў з сабой сотню рыцараў і 6 тысяч лёгкаўзброеных вершнікаў. Але яны змаглі захапіць толькі неўмацаваную гандлёва-рамесную частку горада — пасад. Замак жа ўстаяў. Гродзенцы адбілі ўсе штурмы. Не змаглі захапіць горад крыжаносцы і ў 1311 годзе.
У верасні 1314 года пад правадырствам магістра Генрыха фон Плоцке крыжакі ў чарговы раз асадзілі Навагрудак. Яны захапілі і спалілі горад. Жыхары і гарнізон, якія ўцалелі, схаваліся ў замку. Тады ворагі разбілі каля сцен лагер і заняліся рабаваннем. Абложаныя вырашылі адправіць ганца ў Гародню, да ваяводы Давыда Гарадзенскага, які не пацярпеў у бітвах з Ордэнам ніводнага паражэння.
Навагрудскі замак узвышаўся на высокім узгорку. Дабрацца да яго сцен рыцарам у цяжкіх даспехах было няпроста, і яны пакінулі іх у абозе. Абложаныя засыпалі крыжаносцаў коп’ямі, стрэламі з лукаў і арбалетаў, камянямі, спускалі па схілах гары вялізныя бярвёны. Навагрудцы прымусілі ворага адступіць.
У самы разгар штурму пад сценамі замка з’явіўся Давыд Гарадзенскі. Сіл у яго было мала — толькі дружына і невялікі атрад гродзенскага апалчэння. Давыд перабіў ахову і захапіў лагер рыцараў. У яго рукі трапіла вялізная здабыча — 1.500 баявых коней, уся воінская амуніцыя, правіянт, абоз.
Давыд не толькі адбіваў пастаянныя напады крыжакоў. Ён наносіў рыцарам удары ў адказ. Па адной з версій, традыцыйны сімвал Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага — Пагоня — канчаткова аформіўся менавіта дзякуючы гэтым паходам „па слядах” крыжаносцаў. Вясной 1319 года 800 вершнікаў прайшлі адну з найбагацейшых абласцей Прусіі. Захапіўшы вялікую ваенную здабычу і мноства палонных, Давыд Гарадзенскі вярнуўся дамоў.
Барацьба з крыжаносцамі патрабавала аб’яднання ўсіх сіл. Разумеючы гэта, Давыд імкнуўся дапамагчы і суседзям. Калі ў 1322 годзе рыцары напалі на Пскоў, пскавічы „послаша гонца до князя Давыдка”. З яго дапамогай напад крыжакоў быў адбіты. Але на наступны год дацкія рыцары зноў напалі на пскавічоў, захапілі Гдоў, забілі пскоўскіх паляўнічых, рыбакоў і купцоў, якія займаліся промыслам на берагах возера Пейпус і ракі Нарвы. Пскавічы зноў звярнуліся па дапамогу да Давыда. Гродзенскі стараста неадкладна сабраў паляўнічых і рушыў з імі да месца свайго нараджэння. Пскавічы сабраліся натоўпамі пад сцягі Давыда. Войска гарадзенскага князя разам са пскавічамі адбіла націск датчан. Па словах нямецкага храніста, „рускія з Пскова з дапамогай літоўцаў спустошылі зямлю караля Даніі і забілі каля 5 тысяч чалавек”. Давыд узяў каля тысячы палонных, перадаў усё захопленае пскавічам і вярнуўся ў Гродна.
Рыцары вырашылі адпомсціць за гэта разбурэннем Пскова. У маі таго ж года яны аблажылі Пскоў, але праз тры дні знялі аблогу і сышлі. Праз два месяцы іх войска зноў аказалася пад сценамі Пскова.
Рыцары пакінулі за сваёй спінай Ізборск. Пскоўскі князь Астафій (Яўстафій), сабраўшы ізбаран, напаў на немцаў з тылу. Прыбыццё ізборскага намесніка, князя Яўстафія, з свежым войскам, якое ўдарыла ў тыл крыжаносцам, спыніла на час поспехі рыцараў. Але пасля адбіцця Яўстафія яны „стеснили город более прежняго”. Пскавічане зноў звярнуліся да Давіда.
Праз некалькі дзён сын Даўмонта з’явіўся з войскам пад сценамі горада, разграміў мечаносцаў, адабраў у іх здабычу, сцягі і ваенныя снарады і прымусіў заключыць з пскавічанамі васьмігадовае прымірэнне. Рыцары былі разгромленыя. Аблога Пскова працягвалася 18 дзён.
Крыжаносцы бачылі ў Давыдзе
Гарадзенскім свайго найбольш небяспечнага ворага, і паколькі не мелі сілаў знішчыць яго ў баі, вырашылі зрабіць інакш. У сакавіку 1324 года тры нямецкія рыцары і шэсцьсот воінаў, тайна падкраўшыся да памесця Давыда, спалілі яго. Яны забілі больш за тры дзясяткі жыхароў, у тым ліку сям’ю князя. У адказ на гэта князь Давыд нанёс паражэнне рыцарам у Мазовіі.
У 1326 годзе гродзенскі стараста з невялікай колькасцю воінаў ажыццявіў паход на Брандэнбург. Летапісец піша, што яны рабілі ў нямецкай зямлі тое ж, што крыжакі рабілі ў нас. Злучанае войска дайшло да Франкфурта-на-Майне. Саюзнікі, хутчэй за ўсё, узялі б і Брандэнбург, калі б Давыд не быў забіты ў сябе ў шатры кінжалам у спіну. Па другой версіі, паляк, які ехаў ззаду, забіў яго кап’ём у спіну. Яго забойца — польскі рыцар Анджэй Горст (Гост). Да гэтай пары дакладна не вядома, што падштурхнула яго на гэта. Хутчэй за ўсё, ён быў падкуплены крыжаносцамі. У польскай гісторыяграфіі гэта падзея ацэньваецца станоўча, маўляў, яна прадухіліла спусташэнне мазавецкіх зямель на адваротным шляху атрада.
Пасля расправы над забойцам князя дружыннікі на шчытах прынеслі цела Давыда ў Гродна, дзе, як гаворыць паданне, яго пахавалі побач з Барысаглебскай царквой. Над магілай быў насыпаны курган, які да нашых дзён не захаваўся.
Князь Давыд Гарадзенскі загінуў у самым росквіце, непераможным. За ўсё сваё жыццё ён не прайграў ніводнай бітвы. Яго лёс у гэтым
падобны на лёс яго прадзеда Аляксандра Неўскага. Той, як вядома, не прайграў ніводнай бітвы і быў каварна атручаны. Магчыма, калі б не было гэтага здрадніцкага ўдару, нашы продкі пакончылі б з крыжаносцамі значна раней за Грунвальдскую бітву.

Komentarz #1 wysłany 2010-07-29, 22:33:44