Strona główna » Czasopis » Nr 09/10 (WRZESIEŃ/ ВЕРАСЕНЬ 2010) » Чаго хочам?
Чаго хочам?
Сакрат Яновіч
Kliknij by zobaczyć obraz w pełnych rozmiarach...

Калі хочам зразумець, што адбываецца цяпер з намі, беларусамі, трэба ведаць, што нацыю стварае горад, ніколі вёска. У сучасны момант знікае сялянская цывілізацыя, яе глытае з патрахамі гарадская. Гэта вырак на беларускую нацыю, якая мае каланіяльны характар; гарады ў Беларусі польскія ад захаду і расійскія ад усходу. Сялянская культура не перавышае фальклор. Творцы нацыянальнай — маюць мужыцкі радавод, іх імёны перастаюць функцыянаваць у агульнай свядомасці дзяржавы. Даволі прыгледзецца да Рэспублікі Беларусь, у якой родная літаратура існуе не больш, чым маргінальная, а мова выштурхнута з папулярнага ўжытку ў карысць імперскай рускай; на Беласточчыне — польскай.

Беларусаў нарадзіла вёска і таму няма ў нас шанцаў на гістарычную будучыню. Дзяржаўны быт абмежаваны сацыяльнымі запатрабаваннямі; Рэспубліка Беларусь не адрозніваецца ад нейкай правінцыі Расіі; дэклараваная беларускасць мае значэнне ўсяго канкрэтнага адрасу; няма нацыі, ёсць толькі насельніцтва, жыхарства.

Наўрад ці ў грамадзянстве гэтай постсавецкай дзяржавы ўзнікне нешта накшталт асобнай духоўнасці. Каб „я — беларус” не канчалася паштовым менавіта адрасам, месцам работы або карыснымі даходамі. Як казалі даўнія рымляне, простым людзям даволі даць хлеб ды ігрышча. З тым, што ігрышча не вельмі абавязковае, калі раўняцца на хлеб якраз, як умову біялагічнага існавання.

Што такое нацыя? Гэта тое, што адрознівае арганізм ад быдлячасці. Звер заняты цалкам здабычаю ежы, а чалавек хоча яшчэ ведаць, напрыклад, нашто ён жыве. Звер не ўмее паляпшаць сваё жыццё, бясследна прападае. Нешта падобнае я бачу ў тэндэнцыі да эміграцыі ў людзей. Яны шукаюць шанцаў пажыць на чужым хлебе, замест намагацца на свой дабрабыт. Эміграцыя прападае, бы адліжны снег, ужо ў другім сваім пакаленні. Нашы варшавякі або масквічы чыстая страта бацькаўшчыне, нічым не дапамогуць яны ёй. Усю сваю моц, энергію, выдаткоўваюць на ўласную кар’еру; у чужой айчыне трэба быць нават лепшым ад аўтахтонаў; абмывацца з поту чужасці.

Дыктатары спрыяюць выездам у замежжа непрыхільным ім грамадзянам. Эміграцыя няшмат уплывае на ўнутранае становішча ў краіне. Яе можна дыктатару не баяцца нават у сітуацыі наскокаў з боку іншых дзяржаваў, што дасканала паказвае адбой міжнародных ціскаў на Лукашэнку. Ён поўнасцю кантралюе палітычнае становішча ў Рэспубліцы Беларусь, а яго ворагі хай пацалуюць сабепана ў хвост...

Курчыцца разуменне айчыны, бацькаўшчыны. Разам з тым змяняецца адчуванне патрыятызму, роднасці. Культ поўнага жывата выклікае — так сказаць — лішнюю актыўнасць, схільнасць да панскасці. Грошы перастаюць быць нечым цяжка даступным. Пачынаецца якраз культ лёгкахлебнага быту, фактычна дарэмшчыны, што відаць на паводзінах моладзі, якой працавітыя старэйшыя вартыя жалю і пагарды.

Унукі клеяцца, проста ліпнуць да каляровых тэлевізійных карцінак, успрымаючы іх як жыццёвую праўду. Бацькі і дзяды здаюцца стварэннямі з каменнага веку. Нудныя сівавалосыя балбатуны! Гляджу я на гэта і кідае мяне ў холад ад уявы, як будуць жыць нашчадкі. Бачу ў сваіх Крынках аж малалетніх алкаголікаў! Няма мне паратунку ад жабрачых просьбаў на вуліцы аб пару залатовак на піва або фільтраваную дэнатурную брыду. А тым часам Еўропа не чакае, імчыць дапераду без аглядкі на беларускіх тых індзейцаў.

Часам наведваюць мяне „саветы”, хлопцы не дурныя, але з першых словаў відаць, як далёка ім да поступу часу. Шванкуе ў іх адукацыя; гняце адсталасць думкі. Шкада, яны ўжо страчанае пакаленне, не навучанае самастойна думаць. Рыхтык беластоцкія прафесары, што вылезлі з хатняй беднасці і замурзаны Беласток бачыцца ім Нью-Йоркам. Гэты вясковы Беласток апалячыць усё Падляшша, бы тая рымская правінцыя асімілявала Дакію, спарадзіўшы пазнейшую Румынію, вычварна лацінамоўную, накшталт дзівоснай польшчыны на Прыбелавежы. Заядлае польскамоўе ў нібы беларускіх ліцэях. Спрабуй паспрачацца з такім „беларусінам”, у вочы табе наплюе і яшчэ абзаве ворагам... Польшчы, вось. Пачуўшы польскі гімн ён плача ад навальнага патрыятызму, бы той савет пад гукі „нерушимого союза”, нарэшце наеўшыся „хлебца и колбасы”. З такімі ты не пабудуеш нацыянальнасць. Яны цябе затопчуць, пакуль паспееш крыкнуць „Жыве Беларусь!”

Адначасна здзіўляе мноства вось беларускіх імпрэзаў новых мяшчанаў з тутэйшымі каранямі, з абавязковымі ў іх „чаркай і скваркай”. Не падумайце, што так разбагацелі русінскія халопы ў чужамоўным горадзе. Яны гарлапаняць беларусамі, хоць язык ім ужо не варочаецца ў рытм беларускага слова. Гэта дзяржаўныя найміты ў інтарэсах паказухі на модную шматкультурнасць. Усіх пераплюнуў цваны Лукашэнка, які ўсур’ёз цвердзіць, што Рэспубліку Беларусь утварыла сто з лішнім нацыяў, і таму, каб не было „крыўды ў хаце”, русіфікуе ўсіх на адзін капыл; прыкладаў у свеце хоць адбаўляй — Лацінская Амерыка, англамоўная Амерыка, кітайскія народнасці, франкамоўны Захад. Нямецкаму імперыялізму выразна не пашанцавала.

Адкуль бярэцца гэтае нацыянальнае pardon адраджэнне? Будзе памылкаю лічыць, што мужыцкія мяшчане нечакана начыталіся беларускіх выданняў, кніжак. Што парабіліся раптам культурнымі. Сталіся нацыяй? Нічога падобнага. Яны, звычайна, шукаюць гульні на гарадскіх пустках; гэта „сена на асфальце”, як калісьці трапна запрыкмеціў Міхась Стральцоў, адзін з лепшых пісьменнікаў інтэлігенцкага роду. Кажучы трохі навукова, гэта ёсць атавізм „пана з хама” — есці па-панску і забаўляц­ца па—панску; даўнія паны любілі прастанародныя спевы „выючых сялянак” і п’яныя скокі напоеных гарэліцаю парабкаў. Клопат з моваю, бо паны, як вядома, жарменілі французскімі фразамі, у якіх прастата не цяміла. Затое ўнукі цяперашнія спраўна гергечуць ангельшчынаю, усюды ў іх „спік інгліш”. Мае равеснікі парабіліся бацькамі маладзюсенькіх падпанкаў. Божа, колькі гонару ад таго!

Адразу ўспамінаюцца народнікі царскіх часоў, каліноўшчыкі з „Мужыцкаю праўдай” у руках, тая шляхта, што зычыла дабра галотнаму народу. Ідэалісты, якіх гналі ў Сібір казакі. Ажно так нашы новыя мяшчане не думаюць, гэта „анальфабэты” культуры; цяпершні „анальфабэт” дае рады чытаць і сяк-так пісаць; калі чытае нейкую кніжку, дык будзе ёю тэлефонная і банкаўская. Іншых чытанняў яму не трэба. Свайму сваяку Арсіку я хацеў падарыць беларускую кніжку, але ён абурыўся на мяне і прабурчэў: „Засадзі яе сабе ў задніцу! Навошта яна мне, прафесарчык!?”

Жыццё прывучыла мяне быць асцярожным у адносінах да ўсякіх беларускамоўных выданняў, часопісных і газетных. Іх рэдактары — гэта нярэдка беларусападобенцы, а яны за грашыма свету не бачаць. Ім важная не праўда, але падлізніцтва хлебадаўцу. Беларускасць у іх — гэта не духоўнасць. Гэта абыякавая дзеля душы прафесія, спосаб на заробак. Даволі пабачыць у сямей­ным доме тых нібы-патрыётаў, каб здзівіцца цынізмам шумных ура-беларусаў. Яны жулікі! Шукальнікі нацыянальна патрыятычных дурняў, лёгкаверных.

Kliknij, by wyświetlić formularz...Kliknij, by ukryć formularz... Napisz komentarz
  • Wymagane pola zostały oznaczone *.
  • Komentarze są publikowane po przeczytaniu przez moderatora serwisu.
  • Prosimy Państwa o staranne wpisywanie adresów e-mailowych — Państwa adresy nie są ani publikowane, ani komukolwiek ujawniane, jednakże w niektórych przypadkach prawidłowy e-mail jest nam niezbędny do wyjaśnienia z autorem kwestii, które mogą budzić nasze wątpliwości w nadesłanym przez niego komentarzu.
  • Moderator jest w 100% człowiekiem, a nie programem komputerowym, więc publikacja może potrwać czas jakiś — cierpliwości.
  • Komentarze nie na temat — jest on zadany przez powyższy artykuł — będą odrzucane.

* Kod:
 
Wpisz ten kod (dwie litery i dwie cyfry) w odpowiednie pole formularza podczas wysyłania komentarza. Jeśli nie możesz go odczytać, spróbuj wygenerować inny...
Пятро Гурневіч
Comment
Слушна
Komentarz #1 wysłany 2010-09-21, 11:04:01
Вельмі слушныя заўвагі сп. Яновіча. Хацелася б толькі дадаць, што нацыянальная сьвядомасьць беларусаў грунтуецца на іх незалежнай дзяржаве. Тут верагодны крэольскі праект а-ля Ірляндыя: мова - расейская, сьвядомасьць - беларуская.

Сапраўды, тое ненармальна, калі у беларускай (РБ) і беларускай (РП) вёсках, якія ў 3-5 км. адна ад адной моладзь размаўляе па-польску і па-расейску.
Czasopis.pl na Facebook