Strona główna » Czasopis » Nr 06/10 (CZERWIEC/ ЧЭРВЕНЬ 2010) » Чаго хочам?
Чаго хочам?
Сакрат Яновіч
Kliknij by zobaczyć obraz w pełnych rozmiarach...

Здзіўляе дзіцячае малалецтва цывілізацыі на фоне незлічоных мільёнаў гадоў гісторыі планеты Зямля! Самое з’яўленне біялагічнага жыцця — гэта ўсяго некалькі мільёнаў такіх жа гадоў, а чалавека ў ім падлічана на сто-дзвесце тысячаў усяго назад. Пачаткі чалавека і цывілізацыі менавіта ацэньваюцца вучонымі не болей, чым на дзесяцітысячную мінуласць; пісьмо прыйшло ад семіцкага Егіпету, як і першыя багі, рэлігіі (некаторыя ўказваюць на Індыю і Кітай).

Вынікам цывілізацыі ёсць літарны запіс, кніжка, іначай кажучы: культура. Нешта створанае людзьмі дадаткова (акрамя ежы ды адзення, пячорнага жытла).

Культура выяўляецца ў мове, бо ў ёй галоўная арганізацыйная моц. Слова было Богам і так засталося да сёння ў кожнай веры, хрысціянскай таксама. Частка чалавецтва не ўмела гаварыць і яно ўшчэнт вымерла каля трыццаці тысячаў гадоў назад; у навуцы называюць іх неандэртальцамі. Падобная з’ява адбываецца і з намі, беларусамі, хоць выратоўвае нас як людзінаў талент, па-мужыцку народны, рабіцца панам і пераймаць маянтковыя манеры і мову палацаў. Мы, беларусы, не любім быць беларусамі — тут мы палякі, а ў саветаў мы рускія.

Шмат у нашым характары ад першабытных неандэртальцаў, архаічных чалавекаў, парэшткі якіх адкопваюць даследнікі-археолагі.

Беларуская нацыянальная культура ёсць равеснай рускай, польскай, або чэшскай. Як кожная нацыянальная — узнікла яна са скрыжавання племянных славянскіх з балтыйскімі (напрыклад на падабенства рускай, якая вырасла славянскім дрэвам на ўгра-фінскім корані).

Не раз раздумваю аб прычынах нянавісці ў беларусаў да саміх сябе. Тое, што яны належаць да ліку сялянскіх нацыяў Еўропы, яшчэ мала тлумачыць гэтую псіхічную анамалію нашага люду. Сялянскія нацыі — гэта і Фінляндыя, і Нарвегія, Эстонія, Літва, балканскія народы; Славенія. Але ў гэтых дзяржавах людзі не плююць на сваё так, як мы тут, на Падляшшы або ў Беларусі, дзе сілком адхрышчваюцца ад роднай беларускасці. Усенародная псіхічная хвароба?

Аднойчы праясніў мае думкі адзін гісторык з Аўстрыі.

— Ці ты ведаеш, — запытаў ён у мяне, — што ў нашай шматмільённай сталіцы Вене найменш жыве якраз немцаў; пераважаюць славянапаходжанцы з часоў Аўстра-Венгерскай Імперыі, аднак заядла нямецкамоўныя! У хлебную Вену збеглася галота і вельмі хутка асімілявалася дзеля дабрабыту.

Асімілюе не культура, а хлеб, паночку!

Хто пабудаваў Амерыку? Усякі еўрапейскі зброд, вывезеныя ў ссылку бандыты і распусныя курвы...

У сваю маладосць я вызнаваў народніцкую ідэю Кастуся Каліноўскага, паводле якой будучыня свету належыць сялянам, вёсцы. Не гораду. Божа, як я памыляўся! Сёння вёска ўцякла ад самое сябе, перакачавала ў горад, у казарменныя „блёкі”. І беларуская меншасць чмыхнула ў гарадское шчасце. А тое, што я жыву ў сваіх Крынках, лічыцца ідыятызмам жыццёвага неўдалоты! Усюды поўна мужыцкіх прафесараў і абібокаў, шукаючых грошай, не работы.

Ці гэта канец свету? Так, але беларускага. Мы, беларусы, расплываемся ў суседніх этнічных азёрах, ну і ў расійскім акіяне. Плывем здохлымі жабамі, замест сваю песню „кумкаць”.

Той аўстрыец дабіў мяне праўдаю, што бедныя народы не маюць перспектыў па той простай прычыне, што ліпнуць да багатых. А тыя багатыя ласкава прымаюць іх, бы пан, якому патрэбныя парабкі.

А я ўсё раздумваю аб тым, ці сапраўды мы асуджаныя на парабкоўскі лёс і не можам разжыцца на сваю гаспадарку!?

Гісторыя культуры — гэта раптам пяць-сем тысячаў гадоў і мы ўжо сваю, беларускую, культуру маем. А прырода кожнай культуры такая, што яна вечная. Нацыя прападзе, але культура нацыі застанецца (рымлянаў антычных даўно няма на свеце, а іх культура, мова, усё жывая).

Kliknij, by wyświetlić formularz...Kliknij, by ukryć formularz... Napisz komentarz
  • Wymagane pola zostały oznaczone *.
  • Komentarze są publikowane po przeczytaniu przez moderatora serwisu.
  • Prosimy Państwa o staranne wpisywanie adresów e-mailowych — Państwa adresy nie są ani publikowane, ani komukolwiek ujawniane, jednakże w niektórych przypadkach prawidłowy e-mail jest nam niezbędny do wyjaśnienia z autorem kwestii, które mogą budzić nasze wątpliwości w nadesłanym przez niego komentarzu.
  • Moderator jest w 100% człowiekiem, a nie programem komputerowym, więc publikacja może potrwać czas jakiś — cierpliwości.
  • Komentarze nie na temat — jest on zadany przez powyższy artykuł — będą odrzucane.

* Kod:
 
Wpisz ten kod (dwie litery i dwie cyfry) w odpowiednie pole formularza podczas wysyłania komentarza. Jeśli nie możesz go odczytać, spróbuj wygenerować inny...
Czasopis.pl na Facebook