Дырэктар павысіў мне месячную зарплату да 1400 зл. і да гэтага даходзіла прэмія прыблізна 100 -110% і 58 зл. сталічнага дадатку, але я страціў 150 зл. за кіраванне групай на Жэрані. Прапанова дырэктара мне аднак спадабалася, бо не мусіў я ездзіць далёка на Жэрань, толькі меў працаваць у бюро на вуліцы Кручай 6/14. Групу на Жэрані перадаў я іншаму інжынеру і стаў працаваць у вялікім пакоі на 15 асоб — былі між імі 4 інжынеры, 5 тэхнікаў і 5 чарцёжнікаў. Кіраўніком групы быў інжынер Генрых Рудзінскі, які да мяне адносіўся вельмі добра. Дадаткова атрымоўваў я працу, каб перакладаць у хаце праекты з нямецкай мовы на польскую, за што плацілі дадаткова ад колькасці перакладзеных слоў.
Пад канец красавіка, вызвалі мяне ў Міністэрства энергетыкі і перадалі ключы да новай невялікай кватэры на Макатове на вуліцы Лавіцкай. Кватэра была невялікая, з жылою плошчай у 30 кв. метраў. У кватэры былі два невялікія пакоі, цёмная кухня з акном на меншы пакой, у якім была газавая печка і ракавіна з кранамі на цёплую і халодную ваду. Ванны пакой меў ванну і газавую печку, якая агравала ваду і ў ванным пакоі, і ў кухні. Балкон быў вельмі малы, са шклянымі дзвярыма, якія служылі і за акно на панадворак. У меншым пакоі было шырокае акно, таксама на панадворак. Пярэдні пакой меў 1 кв. метр, з яго былі дзверы ў ванны пакой з левага боку, а з правага — у кухню, а насупраць у большы пакой, у якім былі дзверы ў меншы пакой. Радыятары цэнтральнага ацяплення былі ў кожным пакоі. Кватэра была на трэцім паверху ў пяціпавярховым доме. Ліфту ў доме не было. Месячная плата за кватэру была невялікая, 59 зл. За газ і за электраэнергію трэба было плаціць асобна. Гэтую кватэру я меў да сакавіка 1962 г., калі атрымаў кааператыўную кватэру ўдвая большую.
Цёшчы не падабалася такая малая кватэра і яна не хацела туды пераехаць. Аднак я з Нінай купілі ў растэрміноўку мэблю: шырокі тапчан на дзве асобы, які паставіў я ля кухоннай сцяны пад акном у малым пакоі, а трохдзвярную шафу, вялікі круглы раскладны стол і чатыры крэслы паставіў у большым пакоі. Калі часам вяртаўся позна ноччу з камандзіроўкі, то начаваў у Варшаве. Часам начаваў разам з Нінаю, калі позна мы вярталіся з тэатру. Пасля да большага пакоя яшчэ я дакупіў і ўставіў раскладную канапу на дзве асобы. Аднак кватэра доўгі час стаяла пустая і толькі на восень 1956 г. мы пераехалі ў яе разам з цёшчай і сынам, бо ў Варшаве не трэба было паліць у печах драўнінай, а ў красавіку 1957 г. ізноў вярнуліся ў Пястаў.
1 мая, як заўсёды, прайшоў паход рабочых і працаўнікоў Варшавы па вул. Маршалкоўскай, а 22 ліпеня ў Варшаве быў вялікі вайсковы парад і праехалі танкі. Перад Палацам Культуры і Навукі на трыбунах стаялі як 1 мая, так і 22 ліпеня, Б. Берут, К. Ракасоўскі, Ю. Цыранкевіч і ўся ўладная эліта.
Пад канец ліпеня Ніна пайшла ў бальніцу на вул. Солец, дзе праз некалькі сутак нарадзіла сына. Я штодзень да яе даязджаў, заносіў ёй ўсё, што яна пажадала. Тады, перад 22 ліпеня, савецкія працаўнікі аддалі (фармальна 28 кастрычніка) ў карыстанне Палац Культуры і Навукі, які яшчэ меў імя І. Сталіна. Калі я сыходзіў з электрычнага цягніка, дык праходзіў побач яго. Тады я бачыў каля яго вельмі многа людзей, якія прыехалі паглядзець яго і звонку, і ўнутры. Адкрыліся ў ім новыя кінатэатры, тэатры, рэстараны і залы — людзі сталі ездзіць хуткім ліфтам наверх, каб аглядаць панараму Варшавы. Палац будавалі з 1952 г. На праваслаўных могілках на Волі знаходзяцца магілы савецкіх працаўнікоў, якія загінулі ці памерлі ў час пабудовы палаца. Загінулі 14 працаўнікоў і двое дзяцей. Я сам калісьці здалёк бачыў як адзін рабочы адарваўся і ляцеў уніз з высокага паверху. Тады я не чуў, каб нехта сказаў, што палац трэба разбурыць, хаця і не усім ён падабаўся. Людзі казалі, што рускія паставілі палац замест разбуранага ў міжваенны перыяд палякамі праваслаўнага Неўскага сабора на Саскім пляцы.
31 ліпеня я забраў жонку Ніну і сына з бальніцы ў Пястаў — у гэты дзень пачаўся пяты Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў. Прыехала ў Варшаву моладзь з усіх частак свету, з’явілася многа неграў, якіх у Варшаве тады рэдка бачылася. Вечарам на плошчы перад Палацам культуры і навукі былі танцы ды розныя імпрэзы. У мяне тады не было часу, каб туды ездзіць, я ўсё гэта толькі бачыў, калі праходзіў з цягніка на працу і вяртаўся дамоў. Год пасля фестывалю пайшлі чуткі, што ў многіх польскіх дзяўчат нарадзіліся чорныя дзеці. Тады разам з палацам аддалі ў карыстаенне „Стадыён 10-годдзя”, які знаходзіцца па правы бок Віслы — з 1990 г. па кастрычнік 2007 г. служыў ён за вялікі базар. Цяпер будуюць у гэтым месцы новы стадыён. Мае ён быць гатовы на 2012 г. Прозвішча Сталіна, якое выціснулі на сцяне над уваходам у Палац культуры і навукі, цяпер закрытае бляхай.
Жонка Ніна мела нейкі час водпуск на дзіця. Я таксама ўзяў водпуск, аднак мы нікуды не выязджалі. Апекавацца сынам дапамагала Ніне яе мачаха, якая яго палюбіла, хаця раней і капрызнічала. Я пасля працы, калі ўжо закончыўся водпуск, стараўся хутка вяртацца дамоў, каб дапамагчы жонцы. Аднак час ад часу даводзілася мне выязджаць у камандзіроўкі ў Конін, Познань, Кракаў і іншыя гарады — на нарады і ўзгадненні. Хутка мы сына ахрысцілі ў праваслаўным саборы на Празе, далі яму імя Георгій (Юра). Хросным бацькам быў Сяргей Хмяльніцкі, а маткай — мая сястра, Марыя Унучка з вёскі Чаромхі.
Міністэрства энергетыкі запатрабавала, каб „Энергапраект” забраў ад нямецкага бюро праектаў усё тое, што яно зрабіля для элекрастанцыі Конін і прыстасаваў праекты да польскай апаратуры. Тады арганізавалі групу людзей з розных спецыяльнасцей у „Энергапраекце”, якія паедуць у Берлін і возьмуць ад берлінскага бюро ўсё, што яны зрабілі і прывязуць у Варшаву. У гэтую групу і мяне ўключылі. У кастрычніку я паехаў з нашай групай „Энергапраекта” ва ўсходні Берлін. Я быў там два тыдні. Тады яшчэ можна было свабодна перайсці праз Брандэнбургскую браму ў заходнюю частку Берліна. Горад яшчэ не залечыў ваенных ран. Я не меў многа часу, каб знайсці месцы, дзе я быў некалькі дзён у 1945 г., бо мы доўга працавалі ў нямецкім праектным бюро. Выходзілі з яго, калі было ўжо цёмна. Толькі ў дзве нядзелі я пахадзіў па заходняй частцы горада. У тамашніх крамах было многа больш тавараў, чым ва ўсходняй частцы. Аднак і ўсходні Берлін быў многа лепш запоўнены рознымі таварамі за Варшаву.
Калі вярнуўся я з Берліна, трэба было хутка адаптаваць нямецкія праекты электрастанцыі Конін, дзе амаль ўжо гатовіўся кар’ер для здабычы бурага вугля, на якім мела працаваць элекрастанцыя. Вугаль пастаўляўся ў электрастанцыю з кар’ера стужкавымі канвеерамі. Электрастанцыю пачалі будаваць ля невялікай вескі Гаславіцэ, якая знаходзіцца сем кіламетраў на поўнач ад чыгуначнага вакзала Конін. Невялікі горад Конін ляжыць на поўдзень ад вакзала. Ля вёскі Гаславіцэ знаходзіцца невялікае возера, з якога бралі ваду для электрастанцыі. Я пачаў праектаваць аўтаматыку і рэлейнае забеспячэнне блока (турбіна-генератар) 55 мегаватаў фірмы Эшэр Выс са Швейцарыі і яго розных электрарухавікоў. Лініі высокавольтнай перадачы 110 тыс. кілавольтаў праектаваў „Энергапраект” Кракаў, аднак калі яны не паспявалі з тэрмінамі, даводзілася мне пераймаць частку іхняй працы.
У 1955 г. сітуацыя ў свеце, пасля смерці Сталіна, стала супакойвацца, пачаліся першыя перамовы паміж ЗША і СССР на тэму скарачэння атамных узбраенняў, прынялі ў ААН такія дзяржавы, як Венгрыю і Балгарыю ды нават Албанію, Савецкая Армія выйшла з Аўстрыі, але Аўстрыя дала згоду, што не ўвойдзе ў НАТА.
29 кастрычніка ў Севастопальскай бухце наступіў загадкавы выбух лінкора „Наварасійск”, ад якога загінулі 609 маракоў.
У 1955 г. у Польшчы прыйшлі на свет 793,8 тыс. дзяцей — гэта быў год самага высокага прыросту насельніцтва ва ўсёй гісторыі краіны.
Так дачакаўся я 1956 г., які быў больш багаты ў падзеі, бо пасля XX з’езда КПСС, на якім М. Хрушчоў асудзіў культ асобы і зпачынствы
І. Сталіна, хутка памёр у Маскве сакратар ЦК ПАРП Б. Берут, пасля адбыліся дэманстрацыі рабочых у Познані, дайшло да барацьбы за ўладу сярод польскіх камуністаў, да ўлады прыйшоў У. Гамулка, а ў Будапешце адбылося паўстанне.
26 лютага 1956 г. стварылася Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, а 4 сакавіка выйшла ў Беластоку беларуская газета „Ніва”.
