Пасля смерці І. Сталіна наступіла адліга ў міжнародных адносінах паміж СССР і ЗША ды іхнімі саюзнікамі. Дзве акалічнасці паўплывалі на паслабленне напругі паміж імі.
Па-першае, зменшылася выразная гегемонія ЗША ў галіне
мілітарнай тэхналогіі. У 1954 г. СССР правёў другую спробу з вадароднай бомбай значна большай магутнасці ад тых, якія былі выкарыстаны ў спробах ЗША. На Урале СССР пачаў серыйную прадукцыю балістычных ракет з радыюсам дзеяння 6 тыс. кіламетраў, якія маглі пераносіць атамныя бомбы. Амерыка не магла ўжо, як раней, адчуваць сябе бяспечнай ды сімуляцыя ваенных гульняў даказвала, што ў атамнай вайне не будзе пераможцаў.
Па-другое, пасля смерці І. Сталіна 5 сакавіка 1953 г. у дзяржавах ўсходняга блоку наступіла значнае памяншэнне напругі ва ўнутраных грамадска-палітычных адносінах. Аб’явілі многа амністый для палітычна зняволеных, пачаліся рэабілітацыйныя працэсы ахвяр палітычных рэпрэсій, абмежавалі развіццё цяжкой прамысловасці і ўзбраенняў, а пашырылі будову грамадзянскіх прадпрыемстваў. У газетах сталі асуджваць культ асобы, хаця яшчэ не так моцна, як пачнуць гэта рабіць пасля XX з’езда КПСС у лютым 1956 г.
Пасля смерці І. Сталіна і арышту ў чэрвені 1953 г. Л. Берыі (1899-1953), М. Хрушчоў (1894-1971) стаў у верасні 1953 г. першым сакратаром КПСС і ўжо 8 лютага 1955 адставіў прэм’ера Г. Маленкова (1901-1988), скрытыкаваў яго за рэвізіянізм, бо той не згаджаўся з палітыкай Хрушчова. Прэм’ерам стаў маршал М. Булганін (1895-1975), а Л. Берыю расстралялі 23 снежня 1953 г.
Вайна ў Карэі закончылася ў 1953 г. — у Панмунджоне быў падпісаны мірны дагавор, на якім падзялілі дзяржаву на дзве часткі — напруга паміж гэтымі часткамі ўтрымліваецца па сёння. У 1954 г. пасля паразы французскіх войск пад Д’ен Бен Фу закончылася вайна ў В’етнаме.
Дзяржаву таксама падзялілі на дзве часткі і пасля дайшло да ўмяшальніцтва ЗША, але амерыканцы не атрымаўшы перамогі выйшлі з В’етнама і паўночны В’етнам захапіў паўднёвую частку.
На жаль, узнікалі новыя месцы канфліктаў. У 1954 г. успыхнула гарачая вайна супраць фрацузаў у Алжыры, а ў Егіпце ў 1952 г. была звергнута манархія, узнікла рэспубліканская дзяржава пад кіраўніцтвам ген. Гамаль Абдэль Насера, які адкрыта стараўся выкінуць англічан з Суэзскага канала. Усё гэта накручвала халодную вайну паміж ЗША і СССР.
23 студзеня 1955 г. прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР выдаў указ аб заканчэнні вайны між Савецкім Саюзам і Нямеччынай — 14 верасня былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж СССР і ФРГ. У верасні ў Маскву прыехаў канцлер ФРГ Конрад Адэнауэр. СССР адпусціў у Нямеччыну нямецкіх палонных, якіх трымаў з часу вайны. Аднак заходнія дзяржавы 5 мая аб’явілі аб заканчэнні акупацыі Заходняй Нямеччыны і 9 мая прынялі яе ў НАТА. Тады Савецкі Саюз — разам з Албаніяй, Балгарыяй, Чэхаславакіяй, Венгрыяй, Польшчай, Румыніяй і Усходняй Нямеччынай — 14 мая стварыў Варшаўскі дагавор са штабам у Маскве. Ва Усходняй Нямеччыне (ГДР) узнікла армія. Памятаю, як у сувязі са стварэннем Варшаўскага дагавора на пляц Дзяржынскага (сёння: Банковы) сагналі людзей з розных варшаўскіх прадпрыемстваў і там з прамовай выступаў, побач польскіх міністраў, прэм’ер СССР М. Булганін.
26 мая М. Булганін і М. Хрушчоў паехалі ў Югаславію і закончылі непрыязныя адносіны паміж СССР і Югаславіяй, якія стварыў
І. Сталін. Аднак Броз Ціта не згадзіўся прыступіць да Варшаўскага дагавору і вёў сваю нейтральную палітыку.
У Польшчы вызвалілі з турмаў многіх палітычных вязняў і ў 1954 г., таксама Уладыслава Гамулку, які быў зняволены ў 1951 г., а раней абвінавачаны ў „правым ўхіле”, бо ў 1948 г. выступіў супраць асуджэння маршала Югаславіі Броз Ціта.
23 студзеня ў Англіі адбылася чыгуначная катастрофа, у якой загінулі 17 пасажыраў, а 43 былі параненыя, а 23 лютага ў Францыі ў Ле-Мане на марафоне аўтамабіль Мерседэс-Бэнц упаў на трыбуны і загінулі 80 глядачоў. 11 мая ў Польшчы ў пажары кінатэатра ў Веляполю-Скаржыскім згарэлі 58 чалавек.
2 чэрвеня ў СССР адкрылі касмадром Байканур, з якога потым сталі ўздымацца ў космас савецкія спадарожнікі Зямлі.
У 1955 годзе я далей працаваў кіраўніком праектнай групы „Энергапраекта” ў галіне электратэхнікі пры пабудове цеплацэнтралі Жэрань у Варшаве. У групе працавалі 17-20 чалавек, якіх прысылалі мне з бюро. Былі між імі інжынеры, тэхнікі, чарцёжнікі і чарцёжніцы. Адны працавалі ўвесь час, іншыя прыходзілі на месяц-два і адыходзілі назад у бюро ды на іх месца давалі мне іншых людзей. З Пястава я часта заязджаў у „Энергапраект” на вуліцу Кручу, а пасля ехаў двума трамваямі на Жэрань. З Пястова да бюро ехаў я электрычным цягніком да вакзала Сьрудмесце, а пасля ішоў пехатою на вул. Кручу. На Жэрань не трэба было прыходзіць пунктуальна, трэба было толькі распісацца ў спіску прысутных. Ад працоўнікоў я таксама не дамагаўся, каб яны прыходзілі пунктуальна. За час маёй працы ў праектнай групе ў цеплацэнтралі на Жэрані пачалі працаваць два катлы і два блокі турбіна-генератар-трансфарматар па 25 мегаватаў кожны.
Ніна, мая жонка, ездзіла таксама электрычным цягніком на працу і бегла пехатою з вакзала на вуліцу Навагродскую, але ёй на працу трэба было з’явіцца пунктуальна на восьмую гадзіну. Тады за спазненне на працу пагражаў суд. Ёй было цяжэй, бо яна была ўжо цяжарнай. Матэрыяльнае становішча ў нас было не вельмі добрае, аднак і не цяжкое. Ніна перад прыездам дамоў купляла спажывецкія прадукты ў Варшаве і везла іх у Пястаў. Мяса раз у тыдзень прывозіла нам патаемна жанчына дзесьці з-пад Варшавы. Мыць бялізну прыходзіла жанчына з Пястава, Шымчакова. Яна таксама мыла вокны і прыбірала час ад часу нашу кватэру, за што мы ёй плацілі. Нініна мачыха гатовіла нам абеды. Ніна працавала бухгалтарам у Аб’яднанні забеспячэння прыватнай прамысловасці. Невялікая прыватная прамысловасць яшчэ ў Польшчы існавала. На вуліцы Хмельнай у Варшаве
працавалі некалькі прыватных крамаў, майстэрняў. Існавалі невялікія прыватныя прадпрыемствы. Бюро, у якім працавала Ніна, забяспечвала гэтыя прадпрыемствы сыравінай і дапамагала прадаваць іхнюю вытворчасць дзяржаўным прадпремствам.
Праца ў новай групе „Энергапраекта”
У канцы мая 1955 г. вызваў мяне да сябе дырэктар ,Энергапраекта” і запрапанаваў мне перайсці на працу ў бюро, дзе арганізавалася новая група працаўнікоў-электрыкаў, якая мела пачаць праект электрычнай часткі электрастанцыі Конін. Праектаванне элекрастанцыі Конін Міністэрства энергетыкі даручыла раней праектнаму бюро ва ўсходнім Берліне. Яны ўжо прыслалі свае праекты зробленыя на нямецкай мове і апаратуры. Наша група мела прыстасоўваць тыя праекты да польскай апаратуры і выпускаць іх на польскай мове. Дырэктар ведаў, што я някепска ведаю нямецкую мову, бо быў вывезены гітлераўцамі ў 1943 годзе на прымусовую працу ва Усходнюю Прусію і вучыўся нямецкай мове ў школе.
