Трынаццаты Літаратурны семінар „Бязмежжа” праходзіў у наймарозныя снежаньскія дні — з вечара 18-га па 20-е снежня 2009 г. З-за мяжы на бязмежную сустрэчу найцяжэй было дабрацца з замерзлага Мінска, дзе ледзь удалося адагрэць аўтобус, што вёз перацярэбленую прастудамі групу літаратараў, усё ж моцную духам і талентамі.
Зноўку сабраліся беларускія творцы з абодвух бакоў беларуска-польскай мяжы ў Новым Ляўкове, на хутары Лазовае, у аграгаспадарцы „Бора-Здруй” Людмілы і Барыса Казлоўскіх, якая стала пастаяннай яркай кропкай беларускіх мерапрыемстваў. А мароз, як сказаў арганізатар, з’явіўся новым імпульсам „Бязмежжа” ды выпрабаваннем. Вельмі не хапала аднак трох аўтарак — ад пачатку бязмежнай Надзеі Артымовіч з Бельска-Падляшскага, Людмілы Рублеўскай з Мінска і Святланы Варонік з Брэста.
— Вельмі цешыць, што гэтая ідэя, што ўзнікла ў 1989 годзе, — адзначыў Яўген Вапа, старшыня Беларускага саюза (ён разам з рэдакцыяй „Нівы” ды Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі з’яўляецца арганізатарам гэтага беларуска-беларускага мерапрыемства), — так плённа развіваецца. Хачу прыгадаць, чыя была задума гэтай ідэі: Яўгена Вапы, Міколы Ваўранюка і Алега Латышонка. Сядзелі мы на Алегавай дачы ў Супраслі і думалі пра тое, што нас цікавіць. Нас, тады маладых людзей, цікавіла ўсё што беларускае. Мы, беларусы, жылі за гэтай сцяной, без Беларусі. Мы прымалі як іконы ўсё тое, што было з Беларусі. Думалі пра музыку — узнікла „Басовішча”. Каб ідэя „Бязмежжа” развінулася, пачакалі мы яшчэ пяць-шэсць гадоў. Я шчаслівы, што ідэя „Бязмежжа”, якое яднае нас — не пустаслоўная.
Дзякуючы рэалізацыі праектаў „Бязмежжа”, узніклі выданні — аўтарскіх кніг, перакладаў, часопіса. „Бязмежжа” гуртавала і гуртуе аўтараў — пісьменнікаў, крытыкаў, выдаўцоў з беларускай прасторы, якая не абмяжоўваецца толькі да памежнага польска-беларускага абшару. Аж прачнуліся ад зімовага сну два матылі і луналі над удзельнікамі семінара. Паводле беларускага міфа, гэта душы тых, хто хацеў быць з намі. Мы прадчулі, што гэта Ніна Мацяш і Анатоль Сыс.
Першы вечар „Бязмежжа” быў прысвечаны перш за ўсё юбілею пяцідзесяцігоддзя Міхася Андрасюка, родам з Войнаўкі, вядомага журналіста і празаіка. Вечарына была пра ягоную паэзію, якую лічыць гэты масціты празаік грахом маладосці (усе паэтычныя спробы ды іншыя памылкі маладосці, як іх назваў, спаліў ён у 2000 годзе!). Дзякуй Богу, след ад гэтай выдатнай творчасці не прапаў, застаўся на старонках „Нівы”. „Знайшоўся верш”! — такі зборнік „Бязмежжа” выдала на юбілей Андрасюку, падмацавала гэты нежартоўны выбар мемарыяльнай дошкай, якая будзе павешана на роднай хаце пісьменніка. Шок так пазітыўна паўплываў на празаіка, што на правакацыйна пустых старонках у канцы зборніка напісаў ён новыя вершы. Прарвалася мяжа! Таму вось гэта і „Бязмежжа”. І якія шматабяцальныя словы праліліся: Я не паэт. Паэты словам у ціш і звон пераўтвараюць камень. А мой верш — што? Размова. Пра смерць, жыццё. І пра каханне. Так што 19 снежня зранку пачаўся новы этап Міхася Андраюска — усё ж — паэта!
Барыс Пятровіч Сачанка, выдатны празаік, намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, выдавец часопіса „Дзеяслоў”, у якім друкуецца цвет аўтараў розных пакаленняў, якія пішуць па-беларуску, распавёў пра беларускіх пісьменнікаў і іх грамадска-выдавецкую актыўнасць. Пасля ўзнікнення другога, праўладнага, творчага саюза пісьменнікаў, у СБП засталося 513 сяброў (сярод іх таксама беластоцкія аўтары). Тры асобы ў „Дзеяслове” выдаюць часопіс, што выходзіць раз у два месяцы, у цяжкіх умовах, калі кідаюцца калоды пад ногі з боку ўлады. Выходзіць таксама часопіс „Беларусь літаратурная” і выдавецкая серыя „Кнігарня пісьменніка”. Беларуская бібліятэка ўзбагацілася пасля сустрэчы ў новыя выданні з „Кнігарні пісьменніка” (м.інш. Віктара Казько, Васіля Быкава, Вольгі Іпатавай і маладзейшых выдатных аўтараў, таксама томам „Пакахай мяне, калі ласка” — зборнікам сучаснай жаночай беларускай прозы). Будуць у нас таксама выданні „Гарадзенскай бібліятэкі”. Пра выданні серыі „Гарадзенская бібліятэка” распавёў Павел Мажэйка. Гэтая серыя з’яўляецца адным з некалькіх элементаў праграмы супрацоўніцтва Вроцлава з грамадскасцю Гродна — інтэлектуаламі, акадэмічнымі асяродкамі, незалежнымі журналістамі, палітыкамі і прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый. Кнігі выдадзеныя ў Вроцлаве ці Кракаве вельмі прыгожа аформлены. Гэта м.інш. „Магдэбургская Гародня” Юрыя Гардзеева, „Рыцары і дойліды Гародні” Алеся Краўцэвіча. Пра выдавецкія рэалізацыі і планы рэдакцыі „Нівы” і Беларускага радыё Рацыя расказаў Яўген Вапа. Чакаюцца тут выданні з серыі „Роднае бязмежжа” — аўтараў з Беласточчыны, Гродзеншчыны. У найбліжэйшы час выйдуць м.інш. кнігі Міхася Андрасюка і Віктара Сазонава.
З аўтарскімі чытаннямі выступілі Сяргей Сыс, Юры Несцярэнка, Юры Гумянюк і жанчыны беларускай літаратуры — Ганна Аўчыннікава з Гродна, Дар’я Ліс з Залесся каля Смаргоні, Валярына Кустава і Галіна Дубянецкая з Мінска ды Міраслава Лукша і Ганна Кандрацюк з Беласточчыны.
Удзельнікі „Бязмежжа” падпісалі зварот Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь Рыгору Васілевічу „з хадайніцтвам адносна рэабілітацыі славутай паэткі Ларысы Геніюш. Рэабілітацыя Ларысы Геніюш і прызнанне ёй беларускага грамадзянства стала б першым сімвалічным сплачваннем даўгоў беларускага грамадства перад гэтай мужнай, нязломнай жанчынай, сапраўдным патрыётам сваёй радзімы (...). Хопіць ужо варажнечы і дзяльбы на „правільных” і „няправільных” унутры беларускага народа. Прыйшоў час яднання, і ў гэтым дапамогуць такія аўтарытэтныя дзеячы беларускай гісторыі — як Ларыса Геніюш”.

