Літаратура.org — сайт мастацкіх тэкстаў і перакладаў
Дазвольце прадставіць Вам новы сайт, які прысьвечаны мастацкім тэкстам і перакладам на беларускай мове — Літаратура.org.
Здараецца, што ў нашай частцы сьвету на сайты глядзяць яшчэ з набожнасьцю, прыдаючы ім часамі нават сэнс самастойных бытаў, якія ў змозе спараджаць новыя якасьці. Гэта адна крайнасьць — на супрацьлеглы яе полюс мы можам паставіць вельмі тэхнічнае і не зусім каб прывабнае вызначэньне, што сайт гэта толькі крышку цікавейшы спосаб паказаць зьмесьціва кампутарнай папкі (г.зн. схаваць ад чужых вачэй прыроджаную чалавеку балаганшчыну, якая не абмінае і кампутараў, калі дакранаецца да іх чалавек са сваёй схільнасьцю перафарматоўваць навакольны сьвет на свой уласны скарабачаны лад).
Калі ж возьмемся глядзець на сайтавыя праекты позіркам, які выходзіць зь сярэдзіны гэтага дыяпазону — значыць, сайт ні ў чым не адухаўлёны твор, але і ня чыста тэхнакратычнае ўтварэньне, — дык раней ці пазьней прыйдзем да высновы, што поўнакроўным жыцьцём жывуць тыя сайтавыя праекты, за якімі сьледуць непаспалітыя ідэі чалавека.
Асабіста мне ўжо даўно ні пры чым не даводзілася працаваць з такою лёгкасьцю і задавальненьнем, як пры сайце Літаратура.org, які летась па-сяброўску замовілі ў мяне мой брат Ян і ягоны прыяцель Сяргей Шупа. І наадварот, ня ўсё, што даводзілася рабіць мне раней выключна для кавалка хлеба — прыносіла якое-колечы задавальненьне наагул. Гэта так, як і ў кожнага чалавека. Але вось, калі я бяруся за нешта, да чаго мяне намаўляюць, так сказаць, па лініі чыстай ідэі, дык у такім выпадку я найперш задумоўваюся, а якую ж гэта долю свайго ўласнага сьветагляду я ў змозе атоесаміць з праектам, да якога мяне схіляюць.
У гэтай задуме адна акалічнасьць падказвала мне, што праект можа аказацца жыцьцяздольным — абодва замоўшчыкі мала таго, што маюць запас накопленага ў мінулым літаратурнага матэрыялу, але і надалей зьяўляюцца актыўнымі аўтарамі і перакладчыкамі. Прыток арыгінальнага зьместу для праекту — самы істотны чыньнік, які і рашае пра жыцьцяздольнасьць сайту. Без такога прытоку — сайт раней ці пазьней абернецца ў г.зв. агрэгатар, якіх у сеціве шмат. Не адмаўляючы ў сэнсе існаваньня такіх твораў як агрэгатары (гэта ж выгодна ведаць-усьведамляць, што ёсьць месцы, дзе можна знайсьці ўсё па такой ці іншай тэме, якая нам цікавая), трэба ўсё ж сказаць, што ад аднаго факту сабраньня нечага ў адно месца новыя якасьці яшчэ не генэруюцца. Дзеля гэтага патрэбныя арыгінальныя ідэі — уласная творчасьць, інакш кажучы.
Мастацкія пераклады — па-мойму, гэта тое поле творчасьці, дзе прысутнічае самая высокая згушчанасьць чалавечага інтэлекту. Мастацкі ж пераклад трансьлюе перш за ўсё паняткі культуры мовы арыгіналу ў паняткі культуры мовы перакладу, а потым ужо і сам тэкст твору. Перакладчыку літаратуры мус вывучыць-пранікнуць у культуру, у якой узьнік дадзены твор, а ня толькі абмежавацца алгарытмічнай трансьляцыяй, на якую можа сабе дазволіць, скажам, прафэсійны прысяжны перакладчык, які працуе з афіцыйнымі дакумэнтамі.
Мой шлях і шляхі перакладчыкаў, для якіх я выканаў сайт, перакрыжоўваюцца ў шмат якіх нашых літаратурных замілаваньнях. Прыкладам, мой брат Ян пераклаў француза Патрыка Мадыяно, якога я люблю чытаць і перачытваць — на сайце вы знойдзеце як фрагмэнт раману для анлайн-гартаньня, так і поўную яго вэрсію для спампаваньня на ваш кампутар. Сяргей часамі ўголас называе аўтараў, якіх ён будзе перакладаць, пакуль яму стане сілы. Сярод тых аўтараў іншы мой любімец, якога б я абавязкова забраў на бязьлюдны востраў, каб там каратаць ім невыносную вечнасьць самоты — Эдгар Алан По. Зусім лёгка мне жылося б на тым востраве без мабільнага тэлефону (я і ў рэальным жыцьці безь яго абыходжуся), гэтак жа няцяжка было б мне ўявіць тое жыцьцё і бяз скайпа, эмайла, і наагул без кампутара. А вось ніяк не стасуецца з тою ўявай стан, у якім я сам па сваёй волі або пад прымусам вонкавай сілы быў бы пазбаўлены магчымасьці чытаць маіх любімых аўтараў. Схільнасьць чытаць і прадумваць тое, што напісалі іншыя — напэўна пастаянная велічыня ў анталягічнай формуле чалавечага лёсу. Адчуваньне гэтай пастаяннасьці колькі ўжо гадоў сагравае маю веру ў сэнс і магутнасьць чалавечага інтэлекту.
Пагутарым пра культуру
Пад такім лёзунгам Аб’яднаньне бацькоў „АБ-БА” арганізавала 13 лістапада ў Пачатковай школе н-р 4 у Беластоку сустрэчу з нашай рэдакцыйнай супрацоўніцай Ленай Глагоўскай. Асноўнаю навуковай працай Л. Глагоўскай зьяўляецца кніга „Беларусь 1914-1929. Культура пад ціскам палітыкі” выдадзеная Беларускім гістарычным таварыствам у 1996 годзе. Кніга гэтая, прызналася аўтарка, пісалася ёю ў час, калі пра шмат якія факты лёсу беларускай культуры яна яшчэ ня ведала.
— Культура ў сучасным сьвеце, — сказала Л. Глагоўская, — ня можа разьвівацца інакш як пад ціскам палітыкі. Культура ня можа існаваць самабытна — яна магла б такой быць, калі б людзі і надалей абраблялі зямлю ды мелі за што выжываць.
Зруб сучаснай беларускай культуры быў закладзены ў 1920-я гады ў выніку палітыкі беларусізацыі маладой беларускай савецкай дзяржавы. Дэкаду пазьней над людзьмі гэтай жа культуры і беларускімі дзяржаўнымі дзеячамі наагул — у выніку новай палітычнай дактрыны — была ўчыненая расправа. Л. Глагоўская была шчыра зьдзіўленая, што сучасныя студэнты міжнародных адносінаў ня ведалі — калі яна іх запытала, — дзе знаходзяцца Салавецкія астравы (адно зь месцаў, куды патраплялі беларускія дзеячы ў выніку рэпрэсіяў 1930-х гадоў). Студэнты сваё няведаньне патлумачылі тым, што пра гэта не паведамляецца ў сродках масавай інфармацыі. Вярнуўшыся дахаты, я спрабаваў праверыць наколькі ўсёведныя карты Гугл — інтэрнэт гэта цяпер самы істотны сродак масавай інфармацыі — сьвядомыя гаротнага лёсу беларускай культуры. Калі запытаць кірылічным пісьмом пра „остров соловецкий” або лацінічным пра „wyspy sołowieckie” ці „solovetsky islands”, дык Гугл беспамылкова нацэльвае сваю карту на архангельскае пабярэжжа Белага мора.
Л. Глагоўская агучыла ў час сустрэчы дасьледаваньне зьместу польскіх тыднёвікаў на працягу аднаго году. Аказваецца, найбольш артыкулаў на культурныя тэмы датычыла ў іх культураў такіх краінаў як Вялікабрытанія, Нямеччына, Францыя, Расея. Не спадабаўся Л. Глагоўскай загаловак адной зь перадачаў Радыё Рацыя — „Культурнае бязьмежжа”.
— У культуры ёсьць свае канкрэтныя межы — адзначыла яна.

