У кастрычніцкім нумары „Przeglądu Prawosławnego” (с. 58-59) прачытала я атрыкул Яўгена Чыквіна „Żołnierze Września niepolskiej narodowości”. Зацікавіў ён мяне па дзьвюх прычынах. Мой дзед Павал Казлоўскі, родам са Скраблякоў (гміна Гарадок), у міжваенны час быў штатным падафіцэрам польскага войска ў Берасьці, а ў верасьні 1939 г. змагаўся ў Борах-Тухольскіх, дзе і трапіў у нямецкі палон. Ня буду пра гэта пісаць, бо мой дзед быў пісьменным чалавекам і пакінуў нам у спадчыну свой ваенны дзёньнік, які зь верасьнёўскага нумару друкуецца ў „Czasopisie” (№ 9, с. 40-43; № 10, с. 33-34) і калі каго зацікавіць, дык можа яго пачытаць.
Другая прычына — гэта выдзяленьне тоўстым друкам прозьвішча Янкі Брыля. Паколькі імя беларускага пісьменьніка ўсім вядомае, ды нават з нагоды 70-х угодкаў пачатку ІІ сусьветнай вайны, яго імя нададзена радай гораду адной з вуліцаў у Гдыні, варта спраставаць чарговую недарэчнасьць у артыкуле Я. Чыквіна. Паводле яго, Янка Брыль змагаўся за Гэль. Прачытаўшы гэта, я падумала: толькі той, хто ня ведае творчасьці пісьменьніка можа такое выпісваць. Хопіць узяць яго „ваенныя” творы, каб пераканацца, дзе змагаўся Янка Брыль. Гдыня кожнаму жыхару Польшчы геаграфічна ня тоесная з Гэлем. Для беларусаў зь Беларусі можа гэта быць праблемай, але для беларускага дэпутата ад Беласточчыны — не павінна. Цікава, адкуль такая вестка ўзялася ў Я. Чыквіна. Няўжо гэта было сказана на соймавай навуковай канфэрэнцыі 24 верасьня 2009 г.? Як вядома, сутнасьць навукавага падыходу палягае ў пазнаваньні праўды. А ў выпадку Янкі Брыля яе нават ня трэба шукаць па архівах. Ён сам шмат напісаў пра сваё змаганьне за Гдыню ў верасьні 1939 г. Варта згадаць, хаця б, раман „Птушкі і гнёзды” (Мінск 2006), апавяданьні „Прадспеў” (вядомае ў перакладах на польскую мову як „Szumiało morze...”) і „Кроў на сцяне” („Krew na ścianie”), аповесьць „Вачыма друга. Польскі дзённік” („Polski dziennik”), якія выдаваліся ў Беларусі ў зборах твораў пісьменьніка ды ў польскіх часопісах.
У лірычных запісах і мініяцюрах „Вячэрняе” (Мінск 1994) пісьменьнік шмат разоў успамінае Гдыню, „на якую я маю сякое-такое права” (с. 93): „каля Гдыні, калі мы капалі акопы...” (с. 252), „у Гдыні іншы старшы сержант, „шэф кампаніі”, ротны старшыня, лаяўся яшчэ больш...” (с. 253), і г.д.
Калі б жыў Янка Брыль, напэўна сам захацеў бы спраставаць гэтую недарэчнасьць, як і праставаў шмат разоў прыпісваны яму ўдзел у абароне Вэстэрплятэ. 16 верасьня 2003 г. пісаў да мяне: „З маім салдацкім радавым удзелам у абароннай вайне 39-га здарылася памылка, якая дае знаць пра сябе зрэдку яшчэ і сёння. Вясною 1995 года ў Мінску польскі журналіст, прозвішча якога я не запомніў, расказаў мне, як у 1954-м, у Варшаве Максім Танк пахваліўся, што сярод беларускіх пісьменьнікаў таксама ёсць „вэстэрплятчык” — Янка Брыль... У сваім „Польскім дзённіку” я пісаў, як быў сустрэты ў Гдыні, але там не дадзена, што мне ўжо тады прыйшлося апраўдвацца, што я не з Вэстэрплятэ, а з Аксыўскай Кэмпы. А ў лістападзе 1965-га я папрасіў інтэрв’ю ў рэдакцыі „Жолнежа вольносьці”, каб канчаткова вытлумачыцца. Не цалкам дапамагло і гэта. „Чытэльнік”, выпускаючы мае „Вітражэ” ў 1979-м, зноў напісаў пра Вэстэрплятэ. Нават мой блізкі друг, Уладзімір Калеснік, у шасцітомным слоўніку „Беларускія пісьменнікі” паўтарыў такую памылку...”
У 1983 г. у інтэрв’ю Марыі Путрамэнт „Walczyłem w obronie Oksywia” („Przyjaźń”, nr 13, 1.04.1983 r., s. 1) Янка Брыль апраўдваўся: „Nieporozumienie wynikło z lekkiej ręki Stasia Dobrowolskiego. Był na Białorusi w 1954 roku, usłyszał od kogoś i puścił w obieg. W 1965 r. udzielając wywiadu „Żołnierzowi Wolności” prosiłem o sprostowanie. Służyłem w II baonie strzelców morskich i walczyłem w obronie Oksywia; też nie było lekko, trzymaliśmy się dłużej niż Westerplatte, bo do 19 września. Ostatnio nakładem „Czytelnika” ukazała się kolejna moja książka, również z tym irytującym błędem. Doprawdy, czuję się jak Gogolowski Chlestakow. Bo wie pani, wszyscy westerplatczycy są znani, dokładnie policzeni, było ich 182 i nagle ja się do nich przyplątałem. (...) Czuję się jednak nieswojo, gdy w polskich publikacjach spotykam wiadomość o moim rzekomym udziale w obronie Westerplatte, to tak jakbym się podszywał pod cudze zasługi”.
У 1987 г. у інтэрв’ю Маі Парайскай „Piszę jak żyję” („Przyjaźń”, nr 31, 1987 r., s. 16) казаў: „Napisał coś takiego kiedyś Stanisław Ryszard Dobrowolski, potem fama się rozeszła, a ja ciągle prostuję, że to nieprawda. Nie wypada sobie tego przypisywać, walczyłem w obronie Oksywia. A pamiętam, jak w 1965 roku przyjechałem do Gdańska, potem byłem w Gdyni i tam urządzono spotkanie z „bohaterem z Westerplatte”, ja nim miałem być oczywiście. Proszę sobie wyobrazić moje zażenowanie. (...) Służyłem z Polakami. Niewielu moich kolegów z tamtych lat pozostało przy życiu. Kiedyś zwracałem się przez radio, licząc, że może ktoś z piechoty morskiej się odezwie, ale nie nawiązałem żadnego kontaktu”. Каб не было ніякіх сумненьняў скажу яшчэ, што Аксыве або інакш Кэмпа Аксыўская — гэта квартал Гдыні.
7 верасьня 2009 г. на сайце „Нашай Нівы” nn.by (за: ctv.by) зьявілася інфармацыя некага АП „У польскай Гдыні з’явілася вуліца Янкі Брыля”, у якой паўтараецца недарэчнасьць пра ўдзел Янкі Брыля ў абароне Вэстэрплятэ. Мне падумалася: як доўга будзе жыць гэты міф? Ужо больш за тры гады, як няма сярод нас Янкі Брыля, і сам апраўдвацца сярод жывых ён ня можа.
Варта таксама працытаваць, што пісаў Янка Брыль пра лік беларусаў у польскім войску: „У марской пяхоце, як і ва ўсіх іншых часцях, што размяшчаліся ля заходняй граніцы Польшчы, беларусаў служыла шмат — туды іх, па плану адпаведнай растасоўкі, бралі як найбольш: найдалей ад Саветаў. Народ цягавіты і смелы, яны не агіналіся і на вайне — пакуль стаялася, стаялі добра, не горш, а то і лерш за другіх палякаў.
Але ж ведаў я ў тыя дні і другое. Што біліся мы, няхай сабе „крэсовяцы”, не толькі за тую часовую, санацыйную Польшчу, якая была нам мачыхай, але і за Польшчу вечную — за народ, за яго жыццё, на якое абрынуўся вораг не проста дзяржаў, але ж народаў. (...)
І я не хаваўся за спіны — хадзіў у атакі, ляжаў пад артылерыяй і самалётамі, як-ніяк здаўся з апошнімі. Не быў героем, аднак і бабай не быў. Хоць душу маю раздзірала свая патайная трагедыя — светапогляду пацыфіста...” („Птушкі і гнёзды”, Мінск 2006, с. 59).
У лірычных запісах і мініяцюрах „Вячэрняе” (с. 356) Янка Брыль пісаў: „Беларусаў у марской пяхоце — у гдыньскім другім і ў вейгароўскім першым батальёнах — была ці не добрая палавіна, а пад канец кампаніі сярод абаронцаў Узбярэжжа і наогул ці не большасць. Па сціпласці можна сказаць, што яны не хаваліся, тым больш не дэзерціравалі таму, што не было дзе хавацца і куды ўцякаць”.
Янка Брыль пры жыцьці дастаткова апраўдаў свой і свайго народу ўдзел у абарончай вайне 1939 г. Пашана да яго і ягонай літаратурнай спадчыны прымусіла мяне на гэты раз апраўдваць пісьменьніка, каб на тым сьвеце Ён не адчуваў сябе і зараз як Гогалеўскі Хлестакоў.
На заканчэньне гэтых маіх заўвагаў прапаную спадару Я. Чыквіну пачытаць у вольных хвілінах прозу Янкі Брыля, каб канчаткова пераканацца, дзе ён змагаўся ў 1939 г. Гарантую, што ня будзе гэта страчаны час. Прапаную пад развагу яшчэ і свой тэкст „Gdynia 1939 r. w życiu i twórczości białoruskiego pisarza Janki Bryla”, які публікаваўся ў „Zeszytach Gdyńskich” (№ 4, с. 195-211).
Шкадую, што Янка Брыль не нарадзіўся ў Вольным Горадзе Данцыгу — як нямецкі пісьменьнік Гюнтэр Грас. Насілі б яго на руках, галерэі яму адкрывалі б, і помнікі ставілі б. І ўсё было б нармальна. І слава куды большая, чым слава змагара „крэсавяка” за польскую Гдыню ў безнадзейным верасьні 1939 г.
