Strona główna » Czasopis » Nr 10/09 (PAŹDZIERNIK/ КАСТРЫЧНІК 2009) » Перспектыўны падзел
Перспектыўны падзел
Kliknij by zobaczyć obraz w pełnych rozmiarach...
Міра Лукша

— Мне дзялянку дала дзяржава! — крычыць на ўсё пяцідзесяціпаругадовае горла перспектыўны гаспадар з вёскі Ю., уласнік вялікага статка малочных кароў. — Я — перспектыўны гаспадар! На ўсё маю паперы. А той участак быў... нічый.

І праўда, той участак Вячаслаў Б. паспеў ужо аформіць на сябе ў Раённым судзе ў Беластоку ў ІХ аддзеле зямельна-кадастравых кніг 28 студзеня 2005 г. — на „вячыстую ўласнасць”. Сведкам быў нават войт, паколькі справы афармлялі гуртам. У гміне шмат дзялянак зямлі „нічыёй”, значыць, гміннай. Ды гэты сядзібны ўчастак пасярод вёскі ніколі не быў нічый, а пан Вячаслаў Б. сядзіць на яго палове ды ведае пра гэта. Спачатку ўздумаў заняць усю сядзібную радзінную зямлю „праз заседжанне”. Пані суддзя сказала яму, што на гэта не мае ён ніякіх юрыдычных падстаў, хоць упарціўся ў судзе, бы на вуліцы пасярод сваёй вёскі. Бо ж не мае гэтых „папераў”, якія давалі б яму права на тое, каб старацца за ўсласнасць... свайго дзядзькі Здзіслава, хоць жыве ў адным з двух дамоў пастаўленых на ўчастку. А да таго ж ёсць жывыя дзядзькавы дзеці ды іхняя мачаха, баба Настуля.

І застаўся па дзядзьку Здзіславе Б. тастамант, які ён спісаў свядомай рукой пры двух сведках з вёскі Ю. Стары солтыс зямлю раней перадаў „дзяржаве” за сялянскую рэнту, пакінуўшы пляц з двума дамамі — драўляным на дзве паловы домам, мураванкай ды гаспадарчымі будынкамі. Палову пляца з паловай драўлянага дома пакінуў ён сынаўцу Вячаславу, а сваёй нядужай ужо жонцы Настулі ўсю рэшту. У выпадку смерці мачахі яе маёмасць мела перайсці ў рукі яе пасынкаў — дзвюх Здзіслававых дачок Мані і Дуні ды сына Яніслава.

— Прыязджалі мы часта да мамы ды Яніка, — расказвае дваюрадная сястра Вячаслава Маня В., жыхарка Беластока. — Памагалі і Вячку, бо дзецярні ў яго была купа, завёў прыбытковую гаспадарку. У нашай вялізнай стадоле парабіў хлявы. Зусім усё згнаіў, бо што яму чужое! Панакупляў зямлі. Яніку не вельмі добра ішло, зусім іначай чым у дваюраднага брата. Вячка ўсё смяяўся з яго, што ў яго дзве левыя рукі і не ўмее выкарыстаць магчымасцей. Нават жонка Яніка кінула, пашукала свайго шчасця. Пахавала я яго нядаўна, справіла мярліны. І памагаем маме. Ды яна цяпер баіцца з хаты выйсці.

Дзядзіну Вячкі Б. Настулю на вуліцы ў Ю. не ўбачыш. Амаль дзевяностагадовая сядзіць у сваёй палове дома і баіцца выйсці нават на падворак. Асабліва страшны ёй мой магнітафон і ўвогуле тэхніка.

— Прыйшоў быў Вячка з сынам ды жонкай, уключылі тэхніку і давай старую з хаты выганяць: „Выбірай: або ў мураванку пойдзеш, або ў дом старцаў!” — расказвае суседка Ніна. — Старая ў віск, што не пойдзе ў халодную летнюю кухню, сама ж будавала з мужам гэты вялікі гожы драўляны дом... Яны накрунулі, што вішчыць немым голасам, што гаворыць невядома што. Потым хацелі яе перасяліць у хатачку па старой пошце, ды хтосьці домік купіў раней...

Хацелі бабку Настулю і задо-брыць, каб пайшла ў дом апекі, а сваю палову аддала новаму солтысу, спадкаемцу солтысавай традыцыі ў вёсцы, сыну Вячаслава. Таксама перспектыўнаму гаспадару.

— Сталі заглядаць да яе часцей, — дадае іншая суседка. — Ці жыве яшчэ, ці не хварэе, пыталіся. Прывезлі лякарства з аптэкі. Узяла баба Настуля той лек, і зусім ёй блага стала. Добра, што маёй сваячкі сын лекар, паглядзеў і кажа, што гэта моцныя псіхатропныя сродкі, якіх без рэцэпта не дастанеш. Думалі, што бабуля наесца таго „леку”, памяшаецца ёй і тады будзе можна аддаць яе ў псіхушку, адымуць у яе правы і распарадзяцца яе маёмасцю. Не трэба было б чакаць яе смерці. Ну, і чакаць нейкай цудоўнай канчыны яе пасынкаў. А тыя не даюць нямоглай мачасе хутка перанесіцся на той свет, хоць юрыдычна па ёй належыцца ім спадчына — тая другая палова сядзібнага ўчастка.

— Гэта не іхняя маёмасць! Яна — мая! — злуецца Вячаслаў. — А той тастамант пісаў быў дзядзька ўжо не пры памяці быўшы...

— Значыць, усё ж прызнаецеся, што той тастамант ёсць. Ды падпісалі яго і сведкі, і падпячатаў яго ваш дзядзька ўласнай пячаткай солтыса, бо тады быў дзейсным гмінным чыноўнікам.

— Гэта нахабная фальшыўка!

— Пацвердзіў яго суд. У вашых сваякоў ёсць, як вы кажаце, „паперы” на гэтую частку сядзібы. Гэта іхняя бацькаўшчына.

— Mogą mi naskakać. Не ў маёй гміне. Хай сядзяць у сваім Беластоку. Я такіх сведкаў маю, што скажуць, што яны да гэтага пляца не маюць ніякага дачынення. Як схачу, так усё будзе перамерана. Nie wiesz pani z kim rozmawiasz! На гэтам пляцы пастаўлю ў ты-дзень дом, і хай хто спрабуе яго разваліць! Усё ў мяне гатова.

У Вячаслава Б. сапраўды ёсць планы на новы сучасны жылы будынак. Каб такія планы выканаць, трэба раней мець дазвол на пабудову ды ўсе іншыя геадэзічныя і юрыдычныя дакументы ў парадку. Хіба ж можна здзіўляцца, што яны ў яго могуць быць, бо ж ужо раз абдурыў сляпую Юстыцыю, рэгіструючы ў кадастрах несваё...

— У яго ўсё „на гэмбу” „залатвяецца”, — не дзівіцца суседка Л. — На той дом Вячка падрыхтаваў увесь матэрыял, склаў гэта проста пры мяжы цётчынай паловы. Нанятая фірма цяпер можа адгрохаць дом у тыдзень, з вокнамі і дзвярмі.

— Ды ж гэта несправядліва! — абураюся бы той дурань.

— У-уа-уа! — смяецца сусед. — То што, можа паставіць пры доме н-р ... (нумар зняты з хаты) паліцыянта, каб пільнаваў, ці чаго не робяць на чужым? Вячка гаспадар перспектыўны, увесь час штосьці робіць, будуе... З сынам яму ўжо цесна ў той другой палове старой хаты. А Вячкаў сынок цяпер пхнецца ў палітыку, купляе зямлю, таксама заводзіць кароў... Гаспадары на ўсю гміну!

Маня ды Дуня прыехалі былі да мачахі, абкасілі, азіраючыся на радню, неяк яе хату, бо пустазелле парасло да паловы акон, агаралі ўвесь ейны-свой участак. Ды не ўдалося вывесці бабку Настулю на падворак, на Божы свет, на сонейка...

Імёны герояў зменены.

Kliknij, by wyświetlić formularz...Kliknij, by ukryć formularz... Napisz komentarz
  • Wymagane pola zostały oznaczone *.
  • Komentarze są publikowane po przeczytaniu przez moderatora serwisu.
  • Prosimy Państwa o staranne wpisywanie adresów e-mailowych — Państwa adresy nie są ani publikowane, ani komukolwiek ujawniane, jednakże w niektórych przypadkach prawidłowy e-mail jest nam niezbędny do wyjaśnienia z autorem kwestii, które mogą budzić nasze wątpliwości w nadesłanym przez niego komentarzu.
  • Moderator jest w 100% człowiekiem, a nie programem komputerowym, więc publikacja może potrwać czas jakiś — cierpliwości.
  • Komentarze nie na temat — jest on zadany przez powyższy artykuł — będą odrzucane.

* Kod:
 
Wpisz ten kod (dwie litery i dwie cyfry) w odpowiednie pole formularza podczas wysyłania komentarza. Jeśli nie możesz go odczytać, spróbuj wygenerować inny...
Czasopis.pl na Facebook