Сёлетні велікодны тыдзень я правёў з жонкай і дачкой на Беласточчыне. Як звычайна, мы зьезьдзілі на парафіяльныя могілкі ў Кленіках, каб абладзіць сямейныя магілы. Каторы ўжо раз мая мама паказала нам з жонкай месцы, дзе маюць спачыць пакуль яшчэ жывыя сямейнікі зь яе пакаленьня. Майму пакаленьню каля „старых” сямейных магілаў месца няма. Трэба знайсьці свабоднае месца ў іншым кутку могілак і пачаць вазіць сюды нашых сыноў, каб паказваць ім, дзе МЫ маем ляжаць, — сказаў я жонцы. Але гэтая ідэя не выклікала жончынага энтузіязму. А наша шасьцігадовая дачка Марыля гойсала паміж магілаў, ня надта каб усьведамляючы, дзе мы знаходзімся.
У Беластоку жонка з дачкой і бабцяй хадзілі ў царкву, на велікодныя богаслужэньні. А я не пайшоў. Зламаў традыцыю. Замест таго сядзеў дома і чытаў у адной кніжцы, як цяперашні кіраўнік Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (ПАПЦ), архіяпіскап Сава, быў тайным супрацоўнікам камуністычнай Службы бясьпекі (СБ). (...)
Калі я распавёў пра зьмест гэтага артыкулу сваёй маме і свайму цесьцю, іхная рэакцыя была якраз такая, на якую разьлічваў мітрапаліт Сава: а ці быў іншы выбар праваслаўным у камуністычнай (і да таго — супэркаталіцкай) Польшчы? Нас жа, Ваня (гэта да мяне), маглі перадушыць голымі рукамі, калі б мы не падпарадкаваліся.
Я разумею, што тады магло ня быць іншага выбару. Хоць лёс Сакрата Яновіча, які стаў супрацоўнічаць з СБ у 1958 г. і перастаў у 1970, сьведчыць якраз аб тым, што выбар усё ж быў. Толькі за такі выбар трэба было заплаціць асабістай кар’ерай і дабрабытам. (...)
Мой сябар і калега з Радыё Свабода Кастусь Бандарук быў сакратаром уладыкі Савы ў 1980-х. Потым іх дарогі разышліся — Кастусь падаўся ў эміграцыю. Нядаўна, вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, Кастусь неяк публічна выказаўся на гэтую вось тэму, якую я тут разжоўваю: „Аргумэнт, што герархі такім чынам ратавалі Царкву, часткова абгрунтаваны. Толькі я ня ўпэўнены, што гэта трэба было рабіць ажно да такой ступені. Гэта мне пахне Юдавымі мэтадамі”.
У велікодны чацьвер у праваслаўных храмах Беласточчыны чытаюць „дванаццаць эвангельляў” — пра тое, між іншым, як Юда прадаў Хрыста. Зь дзяцінства гэтая багаслужба стала для мяне, калі можна так сказаць, найвялікшым царкоўным перажываньнем. У гэтым годзе я не пайшоў у царкву ні на „дванаццаць эвангельляў”, ні на „вынас плашчаніцы”. Гэта, канешне, дзіцячыя паводзіны. Праз год я пайду. Калі „дылема Юды” ў маёй галаве неяк уляжыцца і я, магчыма, гляну на яе, так як глядзяць мая мама і мой цесьць. Балазе, сам я ўжо адношу сябе да „старэйшага” пакаленьня.

