Як гэта сталася, што беларускі святар апынуўся ў варшаўскім кляштары?
Айцец Сяргей: — Што ж, часамі гэтак бывае. Калі хтосьці ідзе на Божую службу, дык не мае свайго пастаяннага месца. Уступаючы ў ордэн становішся святаром усяго Касцёлу, а не толькі Касцёлу сваёй Бацькаўшчыны. Ну, а калі больш дакладна — мае настаяцелі вырашылі, што пашлюць мяне на вучобу. Гэтак яно і сталася. Цяпер, вось, я ўжо на чацвёртым курсе кананічнага права ва Універсітэце Кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве.
Якой была В аша дарога да святарства?
— Гэта складанае пытанне... Пакліканне — вялікая таямніца дзеяння Бога ў сэрцы чалавека. Пра гэта няроста расказваць. Думаю, усё пачалося, калі было мне гады чатыры. Аднае нядзелькі мая бабуля ўзяла мяне з сабою ў касцёл. Гэта было хіба маё першае свядомае спатканне з Богам... Памятаю, разам з бабуляй стаў я на калені пад арганнымі хорамі. Маю ўвагу прыцягнуў велізарны крыж у галоўным алтары парафіяльнага касцёла. Я ўбачыў прыбітага да крыжа Хрыста і мне здавалася, што ён там жывы і вельмі пакутуе. Я падштурхнуў бабулю і спытаў, чаму Ён там так вісіць ды ніхто яго не здымае? Бабуля ціхенька растлумачыла мне, што той Чалавек ужо не жыве ды Ён зусім ужо не пакутуе. Што гэта Ён калісьці памёр за нас, ды ўжо больш Ён за нас не церпіць... Потым на св. імшы я стаяў недалёка ад алтара і ўсё узіраўся ў прыбітага Чалавека... Потым жыццё пайшло сваёю каляінай. Я нават забыўся пра гэты эпізод майго дзяцінства. Узгадаўся ён мне толькі, каля я рыхтаваўся да прыняцця святарства.
Вы паходзіце з гістарычнай Віленшчыны (цяперашняе памежжа Мінскай і Віцебскай вобласцей). Мне, як сацыёлага і краязнаўцу цікавіць як прадстаўляецца моўная, нацыянальная і канфесійная сітуацыя той зямлі? Гэта значыць, якой мовай карыстаюцца жыхары вёсак і гарадоў, ці ёсць ў тым адрозненні паміж каталікамі і праваслаўнымі, якая ў іх нацыянальная тоеснасць, якой моваю карыстаецца там перад усім каталіцкі Касцёл, якія адносіны паміж вернікамі тых галоўных канфесіяў і іх уладамі?
— Я паходжу можна сказаць з каталіцкай глыбінкі. У нашай ваколіцы нават у камуністычныя часы быў заўсёды адчынены касцёл (праўда, некалькі год не было свайго святара, але людзі будынак збераглі, а разам з ім і веру). Навокал у прамяні амаль 20 км. усе касцёлы былі зачынены і пераўтвораны ў склады, гаспадарчыя пабудовы альбо зусім узарваны.
Аднойчы адна пабожная парафіянка з Валкалат апавяла мне цікавую гісторыю з часоў апошняй вайны. Тагачасны пробашч з Валкалат у часе вайны хаваў у сваёй плябаніі двух жыдоў. Але хтосці з мясцовых данёс гэта немцам і тыя збіраліся арыштаваць пробашча. Аднак гітлераўцы дазволілі развітацца святару у нядзельку са сваімі парафіянамі. Той святар быў блізкім сябрам кс. Міхала Сапоцькі з Вільні (як ведаем у мінулым годзе ён быў у Беластоку абвешчаны благаславёным). Дык вось. Кс. Сапоцька перад вайной падараваў свайму сябру з Валкалат абраз Езуса Міласэрнага (ён дарэчы і цяпер вісіць у касцёле на калоне злевага боку). Праўдападобна адзін з тых, якія не спадабаліся сястрэ Фаўстыне ў Вільні. Дык вось, калі наш валкалацкі пробашч развітваўся перад арыштам з парафіяй сказаў наступныя словы: „Мае даражэнькія, прыйдуць на нашу Бацькаўшчыну яшчэ цяжэйшыя часы. Але калі вы з вераю і набажнасцю будзеце перад гэтым абразом маліцца на Вяночку да Божай Міласэрнасці, то наша святыня ніколі не будзе зачынена”. І так сапраўды сталася.
Вось у такім асяроддзі мне прышлося нарадзіцца і правесці першыя гады маладосці. Абсалютная большасць мясцовага насельніцтва — гэта каталікі. У часе камуністычнага ладу з’явілася трохі праваслаўных. Найчасцей гэта былі людзі дзесці з далёкай Расеі альбо актывісты камуністычнай партыі з усходніх вобласцей Беларусі. Было таксама і трошкі мясцовых праваслаўных, але іх было вельмі мала. Адносіны паміж каталікамі і праваслаўнымі былі заўсёды вельмі добрымі. На прыклад у Порплішчы, што па дарозе з Докшыц у Глыбокае, яшчэ да нядаўна калі быў якісці фэст у царкве — каталікі ішлі ў царкву, а калі быў фэст каталіцкі — праваслаўныя ішлі разам з каталікамі ў касцёл.
У маёй старонцы размаўлялі заўсёды па-беларуску, нават у большасці сваёй у невялікіх гарадках, як н.п. Докшыцы. Хоць да нядаўна у касцёле гучала у большасці польская мова. Памятаю як мяне бабуля вучыла пацеры да першага Прычасця. Дыктавала мне малітвы з памяці па-польску, а я пісаў іх у сшытку ў беларускай транскрыпцыі. Так і славіў Бога ў чужой, мала зразумелай мове. На пачатку 90-тых гадоў мінулага стагоддзя сітуацыя пачала моцна змяняцца. У каталіцкіх прыходах пачала гучаць беларуская мова. Цяпер гэта паўсюдная справа, норма. Праўда старэйшыя людзі любяць польскую з прывычкі, але іх усё менш.
Як доўга адбываюцца беларускія набажэнствы у Варшаве?
— Калі я прыехаў у Варшаву паўтары года таму, беларускія набажэнствы ўжо тут адбываліся. Ведаю, што не так даўно была пятая гадавіна гэтых беларускіх спатканняў. Св. імшу па-беларуску пачаў служыць у Варшаве кс. Аляксандр Амяльчэня, які цяпер працуе прэс-сакратаром Канферэнцыі Епіскапату Беларусі. Калі я сюды прыехаў, дык не ведаў, што беларусы збіраюцца на супольную малітву на сваёй роднай мове. Пачаў шукаць. Праз некаторы час беларуская моладзь сама мяне знайшла. Гэтак усё і пачалося. Калісьці ў Любліне, у 90-я гады, я быў ініцыятарам беларускай імшы для студэнтаў. Першая Еўхарыстыя адбылася ў нас, у капуцынскім манастыры. У нас не было яшчэ ў той час літургічных тэкстаў, амаль усё самі перакладалі. Але з Божай дапамогай усё атрымалася. Пасля нейкага часу мы пачалі сустракацца ў Фондзе Яна Паўла II, дзе жылі святары з Беларусі, студэнты Каталіцкага Універсітэта. Гэтыя набажэнствы адбываюцца там і ў гэты час.
Як Вы ацэньваеце ролю Каталіцкага Касцёлу Беларусі ў захаванні баларускай мовы і культуры?
— На маю думку, наша мова і культура цяпер вельмі моцна развіваецца менавіта ў Касцёле. Дзякуй Богу, Касцёл у Беларусі не пайшоў на двухмоўе ў літургіі (некаторыя хацелі, каб тэксты былі па-беларуску і па-руску). Усё больш у святынях, нават на Горадзеншчыне, можна пачуць беларускую мову. Хіба месяц таму на нашу мову былі перакладзеныя тэксты II Ватыканскага сабору, што сталася вялікім укладам у развіццё мовы і літаратуры, бо трэба было стварыць новыя тэалагічныя і філасофскія тэрміны. Яшчэ 20 гадоў таму ў нас у Беларусі не было нават звычайнага малітоўніка на сваёй мове. Лічу, што Касцёл сапраўды дапамагае ўбачыць нашаму народу праўдзівую прыгажосць і святасць мовы нашых продкаў.
Паводле Вас, могуць быць беларускія набажэнствы на Беласточчыне?
— Не толькі могуць, але і павінны быць. І гэта вельмі важная справа. Кожны павінен мець магчымасць славіць Бога на сваёй роднай мове. Гэтая патрэба павінна выходзіць ад саміх вернікаў. Кожны біскуп мае абавязак забяспечыць душпастырскую апеку этнічных меншасцяў, якія жывуць на тэрыторыі ягонай епархіі. Тым больш, што да Горадні не так далёка. Нават з Беларусі мог бы прыязджаць святар і маліцца разам з вамі па-беларуску.
Якія Вашы ўражанні ад першай, пасля II сусветнай вайны, беларускай імшы ў Беластоку?
— Мне было вельмі прыемна маліцца ў самай старажытнай святыні Беласточчыны. І хоць было ў ёй вельмі холадна, адчуваліся гарачыя людскія сэрцы, якія маліліся да Бога на сваёй беларускай мове. Я быў моцна захоплены і прыемна здзіўлены, што на каталіцкай Еўхарыстыі ў касцёле абсалютная большасць вернікаў была праваслаўнага веравызнання. Можна было на практыцы пераканацца ў тым, што любоў да сваёй мовы і культуры можа будаваць масты паміж канфесіямі. У пытанні вы адзначылі, што наша набажэнства было першым беларускім набажэнствам пасля вайны ў Беластоку. Мне здаецца, што гэта магло быць нават першае такое каталіцкае набажэнства ўвогуле, бо раней не ўжывалася ў каталіцкай літургіі іншая мова, як толькі лаціна.

