Сьвяткаваньне 91-й гадавіны абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі мела ў Беластоку традыцыйны характар. Традыцыя гэтая сфармавалася цягам апошніх некалькіх гадоў ды не парушаецца ані арганізатарамі, ані не выклікае сумневаў з боку публікі-ўдзельнікаў.
Беларускі Саюз у Польшчы — пастаянны і нязьменны арганізатар БНР-аўскіх угодкаў — заўжды запрашае ўдзельнікаў у клюб „Фама” кінатэатра „Форум”. Кожны год зьлёгку мяняюцца суарганізатары урачыстасьці — у гэтым годзе ў гэтай ролі выступіў тэлеканал „Белсат”, які запрэзэнтаваў два фільмы — пра беларускую мінуўшчыну і сучаснасьць. Дапоўнілася прэзэнтацыйна-артыстычная частка выступам барда Зьміцера Бартосіка.
Нязьменным элемэнтам афіцыйнай часткі зьяўляецца пасланьне старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, якое і ў гэтым годзе было зачытанае вядучым. Самым аднак істотным для нас, падляшскіх беларусаў, момантам сьвяткаваньня зьяўляюцца сымбалічныя ўзнагароды Беларускага Саюза для грамадзкіх дзеячаў. У гэтым годзе бел-чырвона-белыя букеты за актыўнасьць на грамадзкай ніве атрымалі: наша рэдакцыйная супрацоўніца Лена Глагоўская, Ігар Лукашук са Зьвязу Беларускай Моладзі ды чыноўнік Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводзтва Анатоль Вап (на здымку).
У гэтым годзе адчувалася, што як бы менш удзельнікаў наведала сьвяткаваньне Акту 25 Сакавіка — незалежна ад таго, што сьвята выпала ў працоўны дзень, усё ж, хацелася б іх бачыць болей, як у мінулыя гады.

