У артыкуле „Аб Камісіі Кваліфікацыйнай” Франук Маркотны крытыкаваў вэрыфікацыю студэнтаў Віленскага унівэрсытэту адпаведнай камісіяй пасьля польска-савецкай вайны 1920 г. Заданьнем камісіі было выяўленьне, па якім баку змагаліся студэнты — калі не па польскім, іх выкідалі з унівэрсытэту. Франук Пяткевіч даказваў абсурднасьць такога падыходу. Больш нумараў „Нашага Шляху” не паказалася, а Францішак Пяткевіч за свае погляды папаў у няласку унівэрсытэцкіх уладаў. З якога поваду пакінуў ён Віленскі ўнівэрсытэт, цяжка зараз высьветліць. Маўляў — затужыў да блізкіх, якія жылі ў Савецкай Беларусі. Так прынамсі вынікае з пісьма Янкі Станкевіча з Прагі Вацлаву Ластоўскаму ў Коўна за 14 красавіка 1924 г., якое апублікаванае ў кнізе „Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі” (Вільня 1998, т. І, кн. 2, с. 1511-1512). Зьвяртаючыся з просьбай да Вацлава Ластоўскага дапамагчы Франуку Пяткевічу праз Латвію пераехаць у Савецкую Беларусь, Янка Станкевіч паясьняў абставіны: „Сёлета ўвосень (значыцца ўвосень 1923 г.) прыехаў у Прагу студ. Віл. Унівэрсытэта Пяткевіч. Ня мог ён там балей вучыцца, бо перасьледавалі палякі за агітацыю пры выбарах у Сойм і наагул за беларускую працу. Баючыся, што яго арыштуюць (аб чым можна было быць пэўным), а то і вышлюць бальшавіком, ён нелегальна перабраўся ў Прагу, дзе паступіў на 5 сэмэстр мэдыцынскага факультэту й за якісь час дастаў стыпэндыю. Здаваласяб, што вучыся і ўсё. Але бачыце, не ў усіх аднолькавы характар. Чалавек страшна затужыўся па Бацькаўшчыне. У Заходнюю Беларусь ехаць ня можа, бо яго туды ня пусьцяць, тым балей, што ён зь Беларусі, што цяпер пад бальшавікамі, дзе й дагэтуль жывуць яго бацькі. Нашыя пераконаваньні, каб застаўся вучыцца ў Празе на нішто ні здаліся і ён канечна пастанавіў ехаць. Дык цяпер ходзіць толькі аб тым, каб гэты пераезд адбыўся як найразумнейшым спосабам. Ён шчыры сьвядомы Беларус (ці ляпей Крывіч), я яго добра знаю, гэта чалавек ад якога Бацькаўшчына можа шмат добрага спадзявацца. Ён пісаў у студэнскім журнале ў Вільні „Наш Шлях” і цяпер у „Крыніцы” пад псэўдонімам Франук Маркотны і некатор. іншымі. Але ён не камуністы і ніколі мусіць ім ня будзе. Дык вось дзеля таго, што на чале беларускіх студэнтаў камуністых у Празе стаіць маскаль Цьветков, які дасьць аб ім найгоршую рэкамэндацыю радавай місіі, яму з Прагі немагчыма выехаць у Радавую Беларусь. Дык ці ня можна было-б так зрабіць, што ён прыехаў-бы ў Коўню, а там выстарацца яму паварот у Радавую Беларусь. Калі можаце што ў гэтай справе памагчы, дык калі ласка памажэце. Выехалі Карабач і інш. з Коўні ў Менск. На дарогу ён у Вас грошай не прасіў-бы, бо патрапіў заашчадзіць з стыпэндыі на гэтае падарожжа, апрача таго ён выехаў-бы, дастаўшы падмогу на новы месяц. Калі ласка адпішэце і адкажэце”. Ці Франук Пяткевіч скарыстаў з дапамогі Вацлава Ластоўскага? Магчыма, бо ў 1924 г. быў залічаны ў лік студэнтаў мэдыцынскага факультэта Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэта ў Менску. Аднак нядоўга там правучыўся. Пасьля прамовы на студэнцкім сходзе быў арыштаваны і адпраўлены на Салаўкі.
На Салаўках
Францішак Пяткевіч пра пабыўку ў Салавецкіх лягерах успамінаў дачцэ Барбары. Апісаў таксама ў даваеннай польскай прэсе, пасьля вяртаньня ў Вільню. Пра сустрэчу з Францішкам Пяткевічам (Фр. П-віч) на Салаўках успамінаў Францішак Аляхновіч, які патрапіў туды ў 1927 г.: „Знайшоў мяне мой былы вучань з Віленскай гімназіі Фр. П-віч. Яго, таксама як мяне, спакусіла „савецкае будаўніцтва”. Прыехаў у Менск з Прагі, дзе вучыўся на медыцынскім факультэце. Яму далі мала. Толькі тры гады канцлягера, якія праседзеў ужо на Салаўках. Цяпер перавялі яго ў нашую каранцінную роту, дзе чакаў на пастанову маскоўскае калегіі датычна свае дальшае долі. Сядзеў у другім бараку. Даведаўшыся, што і я тут, прыйшоў да мяне пагутарыць. Яму, як чалавеку, які адбыў ужо сваю кару, можна было вольна хадзіць з барака ў барак. — Было мне не найгорш, — казаў. — Дзякуючы маёй пражскай медыцыне, удалося мне ўладзіцца за лекпома... — Што гэта? — Памагаты лекара — фэльчар. Дзякуючы гэтаму не давялося працаваць на лясных работах. Цяпер сяджу тут пяты ўжо месяц — усё чакаю, што далей. Думаю, што пашлюць мяне на пару год у Сібір. З высылкі ўцяку...
— Цішэй! Не кажыце гэтак!
— Дык жа ніхто не чуе. Уцяку. Буду ў Вільні. Даю вам слова, што буду ў Вільні! Там раскажу аб вас. З Саловак уцячы не было ніякае магчымасці. Прабавалі іншыя — не ўдалося нікому. З Сібіру ўцяку! Калі трэба будзе камусьці лоб расшчапіць — расшчаплю, а ўцяку!
— Цішэй, калі ласка!
— Нічога. Ніхто не чуе...
П-вічу ўдалося выстарацца для мяне перавод у ягоны барак. Там было шмат вальней. Нам удалося разьмясьціцца на верхніх нарах. Каля самых нараў цягнулася жалезная труба ад печкі. Тут, на гэтай трубе, П-віч пёк для мяне „ляпёшкі”. Хаця сам жыў толькі на казённым пайку, нізашто не хацеў узяць ад мяне ні „ляпёшкі”, ні кусочка сала.
— Вы павінны ашчаджаць свае сілы і грошы...Нізашто не вазьму! Вас чакае яшчэ шмат гадоў цяжкіх перажываньняў, а я ўжо скончыў... Я ўжо адной нагой на волі....
— Ну, на волі!..
— Але! Кажу вам! Як толькі выберуся з лягера, зараз пачну думаць, як уцякаць заграніцу... І ўцяку!..
П-віч быў маім апекуном. Для мяне, чалавека новага ў лагеры, апека П-віча як зь неба звалілася. Ён не толькі думаў аб тым, каб палепшыць маё фізычнае палажэньне, але, што галоўнае, заражаў мяне сваім аптымізмам, надаваў мне надзеі на вызваленьне. Нядоўга трывала нашае супольнае жыцьцё на нарах у каранціннай роце. Аднойчы, калі паклікалі ўсіх на работу, П-віч не паслухаўся. — Не пайду! Я ўжо скончыў свой тэрмін! Не маеце права браць мяне на работу! — П-віч! Што вы робіце! Не пратэстуйце, гэта нічога не паможа... — стараўся я пераканаць яго. — Не пайду! Хай робяць, што хочуць... Не маюць права. Я не пайду! П-віча зачынілі ў iзалятар. Больш я ў канцлягеры яго не бачыў. Сустрэліся мы шмат гадоў пасьля ў Вільні...” (У капцюрох ГПУ, [у:] Ф. Аляхновіч, Выбраныя творы, Мінск 2005, с. 302-304).
Як паясьняў у час вайны Францішак Аляхновіч „П-віч дамогся свае мэты. Уцёк з высылкі. Трэба было камусьці расшчапіць лоб — расшчапіў. Дабраўся да Вільні. Скончыў унівэрсытэт. Думаў, што ўжо больш не спаткаецца з бальшавікамі. Спаткаўся аднак. У 1940 годзе. Праседзеў у астрозе адзінаццаць месяцаў. Вайна яго вызваліла” (с. 303).
Зноў у Вільні!
Пра трагічныя ўцёкі з сібірскага лягера Францішка Пяткевіча ўспамінае яго дачка Барбара. Аказваецца, уцякаў ён з братам Вацлавам. Да польска-савецкай мяжы даехаў таварным цягніком, сярод транспарту драўніны. Падкраўшыся да яго выцягулі салідны кавалак пня і самі туды між дрэва ўпіхнуліся. Цягнік ехаў два тыдні. Браты жывіліся карой дрэў, увесь час уціснутыя нерухома між імі. Вацлаў не вытрымаў псыхічна падарожжа — выкінуўся пад цягнік. Францішак шчасьліва даехаў да мяжы.
Пра сваё прошлае, у тым і пра вяртаньне ў Вільню ўспамінаў 3 кастрычніка 1978 г. у пісьме да Юркі Туронка: „Я быў у Вільні
толькі два гады 21 і 22. У пачатку 23 году (пэўна ў палавіне 1924 г. — Ф. Пяткевіч памыляецца — Л. К.) быў ужо ў Саветах, паступіў у савецкі медфак і хацеў там развіваць беларускую мову і прыдатнасць для Бацькаўшчыны. На сходзе студэнтаў — каля 500 студэнтаў — гаварыў каля 2 гадзін. Студэнты былі ўзрадаваны маёй прамовай і радаваліся маім прыездам з Польшчы. А па 2 днях я ўжо быў у турме, прасядзеў 6 гадоў у надта цяжкай турме. У часе адсядкі дастаў дадатак 2 гады. Пасьля 8 гадоў я ўцёк з турмы ў Сібіры. Прайшоў каля 3000 км, а жывіўся толькі травой, а пасьля асядлаў жалезнага каня (таварны цягнік) і дабіўся да заходняй граніцы. Перайшоў на жываце да граніцы польскай, перайшоў у Польшчу, ізноў уступіў у Alma Mater Vilnensis і скончыў Wydzia Lekarski і ў працягу году напісаў доктарскую расправу і дастаў пячатку зь Вільні”.
З гэтых успамінаў выглядае, што Францішак Пяткевіч, вярнуўся ў Вільню недзе ў 1933 г. Як вынікае з выданьня „Polski Almanach Medyczny na 1956 r.” (Warszawa 1957), дзе зьмешчаны яго біяграма, лекарскі дыплём атрымаў ён у Вільні 6 лістапада 1936 г. Aдтуль таксама даведваемся, што ў 1938 г. працаваў ён лекарам у Зарудзьдзі Крамянецкага павету. Дзе і калі пазнаёміўся з настаўніцай Юліяй Жаромскай з Перавалокі з-пад Слоніма, зь якой зьвязаўся жыцьцёвым лёсам? Ці не ў тым жа Зарудзьдзі? Шлюб даваў ім пастар эвангеліцкай царквы. Раней Франук Пяткевіч быў жанаты са шляхцянкай, сям’я якой непрыхільна глядзела на беларускага „хлопа”. Таму пасьля двух гадоў разышліся. Дачка Барбара ўспамінае нешта пра Яшуны на Віленшчыне. Яна сама паводле дакумэнтаў нарадзілася 2 лютага 1939 г. у Лідзе. Таго часу не памятае і сумняваецца, ці гэта сапраўдныя дадзеныя пра яе народзіны. Ведае адно, што і яе мама Юлія, і цётка Фабіяна надта адмалоджваліся пасьля ІІ сусьветнай вайны ў Польшчы
— на 6-8 гадоў.
