Палітычны трылер, які адбыўся ў Ваўкавыску з аўтаматчыкамі спэцназу, ламаньнем рук кабетам, кіданьнем на падлогу тварам уніз ахвяраў ператрусаў у памяшканьні таксовачнай фірмы „Ніка-таксі” змушае задумацца: ці не канец гэта той самай, адносна нядаўна распачатай у Беларусі лібэралізацыі? А можа і не было ніякай лібэралізацыі, проста нейкае замыльваньне вачэй эўраструктурам ды той жа Расеі з мэтай далейшага выцягваньня крэдытаў?
Схапілі дужыя хлопцы са спэцпадразьдзяленьня МУС „Алмаз” ваўкавыскіх таксістаў, колішніх палітвязьняў — Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава ды Уладзімера Асіпенку і завезьлі гвалтам ў Менск. Пайшлі чуткі, што вінавацяць іх нібыта ў падпале недабудаванай хаты міліцэйскага начальніка ці то ў 2004 ці то ў 2005 годзе. Хто яго ведае, а мо і ў зьдзяйсьненьні выбуху ў Менску ў ліпені мінулага году. Крута, што сьцежкі пошуку тэрарыстаў завялі ў правінцыйны Ваўкавыск. Цяпер рэйтыйнг гораду значна ўзрасьце.
Ператрус зьдзейсьнілі і ў кватэры колішняга дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Міколы Аксаміта, які ўжо некалькі гадоў не займаецца палітыкай і працуе ў Польшчы. На момант ператрусу, Міколы Аксаміта не было ў хаце, дык дасталі, што называецца, жонку экс-дэпутата. Дзеля чаго рабілі той ператрус у кватэры, на лецішчы і ў гаражы? Каб забраць два бел-чырвона-белыя сьцягі, старыя газэты і пасьведчаньне сябры БНФ? А можа таму, што ён быў кіраўніком штабу Аляксандра Мілінкевіча ў Ваўкавыску падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году? Так ці інакш палітычны момант ператрусаў і ўсяго ваўкавыскага трылеру гіпербалізаваны да немагчымасьці.
Цяпер застаецца маскоўскім стваральнікам крутых сэрыялаў узяцца за найноўшы матэрыял на беларускай глебе. Тут такога можна накруціць ды зарабіць неблагую касу ад нафта-газавых алігархаў. Бяры — не хачу! Уяўляеце: усё ёсьць — выбух у Менску, сусьветны фінансавы крызіс, візыт шэфа беларускага МЗС у Брусэль, ператрус на кватэры колішняга дэпутата Вярхоўнага Савету, дырэктарка прыватнай таксовачнай фірмы з правінцыйнага Ваўкавыску...Такім чынам чакаем маскоўскіх кіношнікаў у Прынёманьні. Няхай жыве слаўны горад Ваўка!
Ясна, што ваўкавыскія таксісты нічыёй маёмасьці не палілі, не былі перапоўненыя жаданьнем помсты, і тым больш не арганізоўвалі выбух у ліпені мінулага году ў Менску. Проста, надта грамадзка актыўныя людзі ў правінцыі непакояць ня толькі мясцовыя ўлады, але і сталічных высокіх начальнікаў. І гэтых надта актыўных іншадумцаў трэба было ізаляваць, каб не падбухторвалі шырокую грамадзкасьць думаць, разважаць над тым, што адбываецца навокал...
Сытуацыя ня сьмешная, хаця паіранізаваць варта ў іншым ракурсе. Сімптаматычна тое, што колішняга „аўганца” Мікалая Аўтуховіча ізалявалі напярэдадні сьвяткаваньня 20-годдзя вываду савецкіх войскаў з Аўганістану. З гадамі самі „аўганцы-інтэрнацыяналісты” пераканаліся ў бессэнсоўнасьці тае бязглуздае вайны, распачатай паводле пяра Брэжнева, Суслава ды іншых колішніх кіраўнікаў СССРу, якія на той момант пачалі інтэнсыўна ўваходзіць у стадыю старэчага маразму.
А цяпер тыя „аўганцы” пераканаліся і ў тым, што дзяржава кінула іх, што называецца, на сацыяльныя ільготы і пазбавіла надзеі на лепшае жыцьцё. Вось таму многія і адмовіліся атрымоўваць юбілейныя медалі. Медалём не палепшыш жыцьцё і не паправіш пакалечаныя лёсы ды здароўе. Такой думкі трымаўся і былы „аўганец” Мікалай Аўтуховіч, які карыстаецца аўтарытэтам сярод баявых таварышаў. Больш таго, ён зьбіраўся стварыць альтэрнатыўны Саюз ветэранаў Аўганістану. Вось менавіта ягонага ўплыву і спужалася ўлада. Бо тут адбываецца разбурэньне савецкіх ідэалягічных дактрынаў, на якіх і трымаецца афіцыйная прапаганда...
У дадатку, Мікалай Аўтуховіч даўно быў косткай у горле ў мясцовых ваўкавыскіх уладаў. Бо хто любіць прынцыповых людзей, якія ўмеюць адстойваць свой пункт погляду?.Беларуская правінцыя — гэта спакойнае балота, і ня дай Божа, каму скаламуціць гэтую багну. Такія міязмы пойдуць з глыбіні! Гэта зразумелі ў стольным Менску, але, што называецца, працэс пайшоў. Правінцыя ня хоча спаць адвечным магільным сном, надыйшоў час прачынацца і адкрываць вочы!

