Маладая гарадзенская паэтка Ганна Аўчыньнікава ўдала дэбютавала ў 2005 годзе ў часопісе „Дзеяслоў”. Больш за тое, стала ляўрэаткай гэтага аўтарытэтнага незалежнага выданьня ў намінацыі „Дэбют Году”. За гэты час падрыхтавага першы зборнік паэзіі пад назвай „Ад зачыненай брамы”, які зьбіраецца выдаць з дапамогай „Руху за Свабоду” ў серыі „Гарадзенская бібліятэка”.
Ганна, у кожнага маладога літаратара свой шлях да першай кнігі. Некаму гэта даецца лёгка, а ў іншага шлях цярністы. Але, як кажуць, Per aspera ad Astra або праз церні да зор. Распавядзі, калі ласка, які быў Твой шлях да першае кнігі.
— Спачатку, калі я ўклала свой зборнік, дык думала яго выдаваць у бібліятэчцы часопіса „Дзеяслоў”. Але там было патрабаваньне, каб кніга мела ня менш за сто старонак. Я не хацела ўключаць вершы, якія не ўпісваліся ў канцэпцыю зборніка, таму тых сто старонак не набралося, і узьніклі перашкоды ў выданьні. Але вось зьявілася чарговая магчымасьць выдаць зборнік, і я думаю, што цяпер усё будзе добра...
Табе прапаноўвалі выдаць супольную кнігу з нейкай іншай аўтаркай. Але звычайна паэт павінен заявіць пра сябе як творчая індывідуальнасьць. Як ты ўспрыняла ідэю выданьня супольнай кнігі?
— Натуральна, што мне не спадабалася гэтая ідэя. Бо адразу ўзьнікае пытаньне: што аб’ядноўвае гэтых людзей? Чаму яны выдалі супольную кнігу? Мне здаецца, што ў чытачоў можа ўзьнікнуць памылковае ўражаньне пра мае вершы, што іх успрымуць у параўнаньні з некім, з нейкага іншага ракурсу. Дый самой больш прыемна трымаць уласную кніжку ў руках, а не з кімсьці іншым...
У пачатку сьнежня на Беласточчыне адбудуцца традыцыйныя літаратурныя сустрэчы „Бязьмежжа”. Ёсьць прапанова, каб ты прадстаўляла сёлета Гародню, як маладая аўтарка, якая прайшла ўжо праз рэспубліканскі друк. Што ты думаеш пра такія літаратурныя сустрэчы?
— Я думаю, што гэта цудоўныя сустрэчы. Мне летась пашчасьціла патрапіць на „Бязьмежжа”, і ў мяне засталіся вельмі добрыя ўспаміны, прыемныя ўражаньні. Добра, што творчыя асобы могуць сустрэцца і пазнаёміцца, паслухаць творы. Гэта заўсёды натхняе і стварае добры настрой. Такія традыцыі варта працягваць!
Як Ты ўспрымаеш літаратурнае жыцьцё Гародні? Ці не падаецца Табе яно ня вельмі актыўным, прыкладам, у параўнаньні з 90-гадамі мінулага стагодзьдзя? Што трэба зрабіць, каб актывізаваць літаратурнае жыцьцё ў Гародні?
— У 90-я гады я была яшчэ школьніцай і ня вельмі ведала пра тое літаратурнае жыцьцё, якое адбывалася ў Гародні. Але пасьля пазнаёмілася з кнігамі мясцовых аўтараў, якія тады выдаваліся, з творамі, напісанымі ў той час. Мне здаецца, што зараз сапраўды літаратурнае жыцьцё ў Гародні запаволілася, мала цікавага адбываецца. Што трэба дзеля актывізацыі? Ну, каб я ведала, дык зрабіла б! Але, напэўна, проста ёсьць пэўныя хвалі ў часе, калі людзі самі ня ў стане гэта самастойна рабіць... Таму я ня ведаю: якім чынам змагацца...
Ну, у культурніцкім пляне, гэтая восень была досыць „гарачай”, насычанай. Згадайма хаця б шэраг гучных імпрэзаў у Таварыстве Беларускай Школы... Як Табе такая форма незалежнага культурніцкага жыцьця?
— Так, гэта, бадай, адзінае месца ў горадзе, дзе адбываюцца цікавыя імпрэзы, у тым ліку літаратурныя. Там зьбіраецца шмат цікавых людзей, шмат моладзі. Гэта ці не адзіная магчымасьць (для тых жа студэнтаў) пазнаёміцца з творамі незалежных паэтаў, празаікаў, гісторыкаў, музыкантаў...
Давай зьвернемся непасрэдна да твайго зборніка. Як называецца кніга, якія вершы туды ўключаныя?
— Кніга называецца „Ад зачыненай брамы”. Назва ўзятая з радка аднаго з маіх вершаў, які я лічу найбольш знакавым для сваёй творчасьці. Як недахоп зборніку я лічу, што там зьмешчаны, асабліва ў першым разьдзеле, вершы розных гадоў. Можа і ня надта вытрымана канцэпцыя. Другі разьдзел больш удалы, там зьмешчаны вершы пра каханьне, і ён атрымаўся празрыстым, ясным, чыстым...
Зычу Табе творчых посьпехаў” і вемі хуткага выхаду Тваёй першай паэтычнай кнігі!
— Вялікі дзякуй!
