745 - У 1263 г. паявілася першая пісаная зьвестка пра вядомы Ляшчынскі манастыр, які знаходзіўся на прадмесьці Пінска.
740 — 9.12.1268 г. быў забіты галіцкім князем Львом Данілавічам Войшалк, князь наваградзкі, вялікі князь ВКЛ (1263-1267)
720 - Пасьля больш чым дзесяцігадовай працы, у 1288 г., была закончана пабудова Камянецкай вежы (Белая вежа) на ўскраіне сучаснай Белавежскай пушчы.
685 - У 1323 г. пачалася пабудова замка ў Лідзе.
635 - У 1373 г., потым у 1375 і 1379 гг. крыжацкія войскі нападалі на Гарадзенскую зямлю (частка яе — сучасная Беласточчына). Галоўныя гарады Зямлі Гародня й Камянец не былі здабыты агрэсарам.
505 - горад Ваўскавыск у 1503 г. атрымаў магдэбургскае права на самакіраваньне.
410 - У 1598 г. выйшаў з друку на старабеларускай мове палемічны твор Філалета Хрыстафора „Апокрысіс”, скіраваны супраць берасьцейскай вуніі і яе абаронцаў.
385 - У 1623 г. закончыла ў Вільні дзейнасьць славутая друкарня Мамонічаў. Існавала з 1574 г. ды выпусьціла каля 60 выданьняў, спрычыняючыся да разьвіцьця беларускай культуры.
375 - 27.12.1633 г. памёр Мялецій Сматрыцкі, выдатны пісьменьнік-палеміст, рэлігійны дзеяч, вучоны, пэдагог, абаронца прасьледаванага ў той час праваслаўя.
210 — 24.12.1798 г. нарадзіўся на Наваградзкай зямлі Адам Міцкевіч.
145 — 7.12.1863 г. у Вільні памёр Ануфры Петрашкевіч (нар. у 1793 г. у Шчучыне). Закончыў Віленскі і Варшаўскі унівэрсытэты. У 1822-1824 гг. працаваў у архіве Радзівілаў у Вільні. Быў адным з заснавальнікаў таварыства філаматаў, распрацаваў структуру таварыства „Прамяністых”. У 1825 г. сасланы ў Маскву, у 1832 г. — у Табольск. У 1860 г. вярнуўся ў Вільню. Сябраваў з Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам, Тамашом Занам. Пахаваны на могілках Роса ў Вільні.
130 — 10.12.1878 г. у Ігумені нар. Мікалай Бліадухо, геоляг. Закончыў у 1903 г. Горны інстытут у Пецярбурзе, з 1922 г. быў загадчыкам кафедры геалёгіі БДУ, аўтар прац па геалёгіі. Рэпрэсіраваны ў 30-ыя гады. Памёр 13.01.1935 г.
125 — 17.12.1883 г. у Менску нар. Яўген Барычэўскі, літаратуразнавец. Вучыўся ў Бэрлінскім і Маскоўскім унівэрсытэтах (1903-1910). З 1922 г. выкладчык Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэта, з 1927 — супрацоўнік Інбелкульта і Інстытута Літаратуры і Мастацтва АН БССР. Аўтар прац: „Паэтыка літаратурных жанраў” (1927), „Тэорыя санету” (1927), артыкулаў пра творчасьць Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Максіма Гарэцкага. Быў беспадстаўна рэпрэсіраваны, памёр(?) 12.09.1934 г.
115 — 25.12.1893 г. памёр Ігнат Храпавіцкі, паэт і фальклярыст (нар. 31.07.1817 г. у Каханавічах каля Верхнедзьвінска). Супрацоўнічаў з альманахам „Rubon”.
115 — 26.12.1893 г. у Пецярбурзе нар. Яўген Цікоцкі, кампазытар. З 1920 г. жыў у Бабруйску, з 1934 г. — у Менску. Быў адным з заснавальнікаў беларускай опэры і сімфоніі у БССР. Памёр 23.11.1970 г.
105 — 16.12.1903 г. у Менску нар. Іван Ахрэмчык, жывапісец. Закончыў у 1930 г. Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут у Маскве. Працаваў у галіне партрэта і манумэнтальнага жывапісу. Памёр 9.03.1971 г.
95 - 3.12.1913 г. у Смаленску памёр Стафан Данісэвіч, адзін з першых беларускіх каталіцкіх сьвятароў (нар. у 1836 г. у Чэрыкаўскай парафіі на Магілёўшчыне).
95 — 14.12.1913 г. у Ярэмічах на Наваградчыне нар. Сэрафім Жалезьняковіч, праваслаўны сьвятар. Закончыў Віленскую духоўную праваслаўную сэмінарыю ў 1935 г., у час вайны вучыў Закону Божага ў беларускай школе ў Гайнаўцы. Пасьля вайны служыў у Беластоку.
80 — 7.12.1928 г. у Менску нар. Радзім Гарэцкі, вучоны геатэктонік, сын Гаўрылы Гарэцкага. З 1993 г. прэзідэнт Згуртаваньня Беларусаў Сьвету „Бацькаўшчына”.
70 — 6-9.12.1938 г. І з’езд мастакоў Беларусі, на якім быў створаны Саюз Мастакоў БССР.
70 — 7.12.1938 г. расстраляны Пётр Бузук, мовазнавец (нар. 14.07.1891 г. у в. Цярноўка ў Малдове). У 1916 г. закончыў Адэскі унівэрсытэт, дзе працаваў выкладчыкам да 1925 г. З 1925 г. прафэсар БДУ, у 1931-1933 гг. — дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР. У 1934 г. арыштаваны і высланы ў Валагду, дзе працаваў у пэдагагічным інстытуце. У 1937 г. арыштаваны паўторна. Аўтар шматлікіх прац па мовазнаўстве, м. ін. „Асноўныя пытаньні мовазнаўства” (1926), „Да характарыстыкі паўночнабеларускіх дыялектаў: гутаркі Невельскага і Вяліскага паветаў” (1926), „Спроба лінгвістычнае географіі Беларусі” (1928).
70 — 16.12.1938 г. у Рэчыцы нар. Эдуард Агуновіч, мастак. Закончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1966). Вядомы м.ін. як афарміцель Беларускага музэя ў Гайнаўцы.
65 — 07.12.1943 г. быў забіты ў Менску Вацлаў Іваноўскі — палітычны й грамадзкі дзеяч. Нар. 25.05.1880 г. у фальварку Лябёдка, Лідзкага павету. Заснавальнік Беларускай Рэвалюцыйнай Партыі ў 1902 г., у 1906 г. узначаліў першае беларускае выдавецтва „Загляне сонца і ў наша аконца”. Актыўную палітычную й асьветніцкую дзейнасьць вёў да 1922 года. З восені 1939 г. уключыўся ў нацыянальную дзейнасьць. У 1942 г. стаў бурмістрам Менску, а ў 1943 г. старшынёй Беларускай Рады Даверу.
65 - 21.12.1943 г. была створана Беларуская Цэнтральная Рада (зь Беларускай Рады Даверу) — дапаможны, дарадчы орган; цэнтральная інстанцыя беларускай адміністрацыі падчас нямецкай акупацыі. Фармальна БЦР (пад нямецкім кантролем) кіравала школьніцтвам, культурай, сацыяльнай апекай.
45 — 8.12.1963 г. памёр Даніла Васілеўскі, краязнавец і гісторык (нар. 17.12.1889 г. у Новым Сяле на Віцебшчыне). Закончыў Полацкую сэмінарыю і Віцебскі пэдагагічны інстытут, настаўнічаў, займаўся краязнаўствам, арганізаваў Віцебскае бюро краязнаўства. У 1936 г. рэпрэсіраваны, сасланы ў Котлас, потым у Варкуту.
30 — 16.12.1978 г. памерла Яніна Глебаўская, беларуская актрыся (нар. 24.10.1091 г. у Менску). Закончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве ў 1926 г. і працавала ў Беларускім дзяржаўным тэатры ў Віцебску. Іграла м. ін. Даміцэлю ў „Прымаках” Я. Купалы, Мальвіну ў „Несьцерцы” В. Вольскага.
30 — 26.12.1978 г. у Лёндане памёр Вінцук Адважны (сапр. Язэп Германовіч, нар. 4.03.1890 г. у Гальшанах), беларускі сьвятар і пісьменьнік. Служыў ксяндзом м. ін. у Далістове, Беластоку, Крынках, Мсьцібаве, Вялікай Лапеніцы, Лужках. У 1924 г. уступіў у ордэн мар’янаў, служыў пробашчам у Друі. У 1932-1936 і 1938-1948 гг. на місіі ў Харбіне. У 1948-1955 гг. — у лагеры на Сібіры. Пасьля звальненьня прыехаў у Польшчу, у 1959 г. у Рым і адтуль у Лёндан. Рэдагаваў часопіс „Божым шляхам”. Напісаў успаміны „Кітай — Сібір — Масква” (Мюнхен 1962).
20 - 17.12.1988 г. у Беластоку адбыўся І Зьезд Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў (старшынёй быў абраны Яўген Вапа), першай беларускай арганізацыі заснаванай і зарэгістраванай уладамі на хвалі дэмакратызацыі ў Польшчы.
