Святлапіс Лявона Тарасэвіча

Праф. Лявон Тарасэвіч, куратар выставы Магдалена Сіверская-Гадлеўская і канцлер Супрасльскай акадэміі а. Яраслаў Юзвiк (Фота Міры Лукшы)

– Жывапіс выйшаў ад іконы, – прызнаецца Лявон Тарасэвіч. – Я гадаваны на Гарадоцкай царкве, на жывапісе Дабжанскага, Навасельскага. Бачу вялікую энергію таго, што мы, праваслаўныя, захавалі. Я багата часу прысвяціў вывучэнню праваслаўнай культуры і атаясамліваю сябе выключна з ёю. Адной з галоўных крыніц сваёй творчасці ўвесь час называю фрэскі 16-га стагоддзя мастака Нектарыя з царквы ў Супраслі…

19 верасня адбыўся ў Супраслькай акадэміі фінісаж выставы Лявона Тарасэвіча. Мерапрыемства спалучылі з прамоцыяй публікацыі пра мастака. Альбом выйшаў на трох мовах: польскай, англійскай і беларускай. Аўтарамі тэкстаў змешчаных у публікацыі з’яўляюцца Крыстына Чэрні, праф. Антон Мірановіч і праф Аляксандр Наумаў ды айцец Генрык Папроцкі.

– Лявон Тарасэвіч – мастак, які глыбока звязаны з праваслаўнай традыцыяй. І гэты факт не павінен у нікога выклікаць сумневаў. Ён чымсьці падобны да Ежы Наваселькага, толькі ягоны падыход (і гэта вельмі важна для праваслаўнай традыцыі) не з’яўляецца статычна-дынамічным, паколькі развівае пэўныя тэмы. У Супрасльскай акадэміі гэта не апошні ягоны голас, не апошняе слова. Я ўпэўнены, што ён яшчэ неаднойчы здзівіць нас. Лявон Тарасевіч – мастак – чалавек памежжа. Гэта асаблівая сітуацыя, досыць успомніць, колькі выбітных мастакоў спарадзілі «польскія крэсы». Такія перадумовы, безумоўна, могуць спрыяць фармаванню сінтэзаў, у выпадку людзей «з Усходу», гэта сінтэз культуры хрысціянскага Усходу і Захаду. Высновы гэтага тыпу заўсёды незвычайныя і даюць задзіўляючыя вынікі. На культурным стыку ўзнікаюць усебаковыя людзі. Лявон Тарасевіч не толькі жывапісец, стваральнік прасторавых установак, але і культурны аніматар. Пералічым «Галерэю Крынкі», якая была створана ў 2011 годзе і выдаваны з 1999 года ў Крынках альманах Annus Albaruthenicus. Але перш за ўсё, з’яўляецца ён мастаком у пошуках, з аднаго боку, урослы ён у традыцыі гэтага месца, з другога эксперыментуючы з рознымі формамі жывапісу. Спазнанне традыцыі, звязанай з мастацтвам іконы ці вітражу (працы Адама Сталёны-Дабжанскага ў царкве ў Гарадку) стала адпраўной кропкай для стварэння ўласнага бачання эмпірычнай рэальнасці, насычанай у яго карцінах колерамі Падляшша. Сам Тарасэвіч напісаў, што «святло было і ёсць невытлумачальнай таямніцай, яно дае нам падставу для разважанняў, медытацыі, а таксама пытанняў пра таямніцу жыцця і рэлігіі. Такім чынам, святло закрытае ў карціне выконвае такую ж ролю ў нашай свядомасці, якую калісь мела напісаная ікона. Таму такім важным з’яўляецца стваранне рэлігійных карцін якія нясуць у сабе духоўнасць, агульную для ўсіх, таму што такая была ідэя першапачаткаў іх узнікнення» Здаецца, што творы Тарасэвіча з’яўляюцца быць працягам думкі Ежы Навасельскага (1926-2011), паводле якога абстрактная карціна ўяўляе сабой сучаснае выяўленне анёлаў: «Ангелос з’яўляецца пасланнікам са свету тонкіх істот, якія стварылі для нас быццам бы свет-пратэз, такі, які мог бы ўвайсці ў абсяг чалавечага ўспрымання. Сёння сітуацыя іншая. Сёння ўжо не мусяць тыя анёльскія істоты ствараць такіх пратэз, яны могуць мець зносіны з намі непасрэдна… Такім чынам нараджаецца свядомы абстрактны жывапіс. Таму што гэтыя [абстрактныя карціны] з’яўляюцца іконамі. Толькі што гэта іконы якія датычаць рэальнасці тонкіх істот. Свайго роду абстрактнае мастацтва можа быць іконай. Я паўтару яшчэ раз сцісла, што я Вам ужо сказаў. Я сказаў, што гэта на самай справе сучаснае выяўленне анёлаў. Абстрактнае мастацтва з’яўляецца вялікім крокам наперад у гэтым напрамку. Абстрактнае мастацтва з’яўляецца сведчаннем таго, што мы пачынаем напрацоўваць у нас прэцэптары, якія дазваляюць нам больш прамы кантакт з асобамі з тонкага свету».

Тарасэвіч ідзе на крок далей і для яго святло становіцца чымсьці важным само па сабе. Гэта вынікае з біблейскага аповеду: «А зямля была бязладдзем і пустэчай, і цемра была над бязмежнасцю водаў. […] Тады Бог сказаў: «Няхай будзе святло!» І было святло. І ўбачыў Бог, што святло добрае, і аддзяліў яго ад цемры» (Быц. 1,2-4).

Прафесар Лявон Тарасевіч скончыў Мастацкі ліцэй у Супраслі, а ў 1984 годзе аддзяленне жывапісу ў Акадэміі мастацтваў у Варшаве. Заўсёды падкрэслівае сваё беларускае паходжанне. Здаўна прымае актыўны ўдзел у жыцці беларускай меншасці ў Польшчы. Маляўваў ад заўжды.
Піша ў каталогу аб ім Крыстына Чэрні: «Сапраўдны, чыстакроўны мастак малюе ў асноўным бесперапынна. Усюды, дзе ёсць – арганізуе сваё асяроддзе візуальна, з’яўляецца рэжысёрам колеру прасторы, ставіць асноўныя пытанні жывапісу: колеру, святла і формы. Таксама для Лявона Тарасэвіча – лаўрэата самых важных польскіх узнагарод у жывапісе: Узнагароды імя Яна Цыбіса (1998) і Узнагароды Фонду Навасельскіх (2000) – увесь свет з’яўляецца жывапісам, невыпадкова крытыка аднойчы назвала яго «жывапіснай бестыяй з плоці і крыві».У дзяцінстве ён маляваў палкай упэцканай у гразі на апорах мосту, кіёчкам на сцежцы. Адлегласць ад родных Валіл да Варшавы ўспрымаў як «палатно ў дваццаць чатыры кіламетры, адчужаную царкву без сцен». «Я малюю ўсюды, дзе гэта магчыма! – пацвярджае сёння. – Я думаю, што гэта натуральна. Я не адчуваю сябе абмежаваным падрамнікам. Калі ёсць магчымасць выкарыстоўваць іншае, чым традыцыйнае палатно, дык чаму б і не? Кожная новая прастора з’яўляецца выклікам і перасячэннем межаў, аб якіх ніколі б я не падумаў, для мяне кожны сказ пабудаваны на мове жывапісу гэта жывапіс. Неабавязкова на палатне, матэрыялам можа быць зямля. Нават пальцам на сцяне на чыгуначным вакзале ў Калюшках». Жывапіс Тарасэвіча – <чысты жывапіс> – узнікае з самых элементарных сродкаў жывапіснага выказвання. Мастак пачынае ад <рэчаў першых>. Чырвань і зелень, блакіт і аранжавы, фіялет і жаўцізна. Вертыкаль, гарызанталь, кругі, квадраты… Ілюзорна мы далёкія ад традыцыйна разумення жывапісу. Але гэта якраз жывапіс ляжыць у ядры жанру. І не адрозніваецца ад старога вызначэння мастацтва як дзеяння ў адпаведнасці з правіламі. Тарасэвіч дасягае да вечных правіл гармоніі, парадку і меры, атрыманых з бачнага свету, але якія адлюстроўваюць ідэю»… Мастак з Валіл малюе ўсім і па ўсім. Калісь «маляваў» граззю, сёння мяшае каляровыя пігменты з тынкоўкай, з цэментам, нават бетонам і жвірам, малюе па стружкавых панелях, з якіх выкладвае падлогу, малюе лямпамі і люстрамі, ляйтбоксамі і святлом. На штодзень таксама малюе кветкамі і птушкамі. Як садоўнік і кветкавод, старшыня Клуба заводчыкаў дэкаратыўных курэй «Gallus», ён застаецца найперш мастаком. Акрамя выстаў жывапісу, арганізуе таксама кірмашы і выставы дэкаратыўных курэй. «Для псіхічнага здароўя трэба час ад часу прыбраць у куратніку» – кажа ён разважліва, і дадае: «Тыя, хто смяецца з гэтага і ігнаруе гэта, няхай усвядоміць, што развядзенне дэкаратыўных курэй доўжыцца на два разы даўжэй, чым хрысціянская цывілізацыя, у якой мы жывем». Аб курыцы Тарасэвіч умее расказаць як пра твор мастацтва. „Я разбяр у курыцы» – прызнаваўся Адаму Вайраку, і калі з запалам апісвае метады скрыжавання відаў у пошуках больш дасканалай формы або колеру – вы чуеце ў яго голасе запал мастака змешваючага фарбы на палітры. «З калегам мы разводзім адзін від голуба, і калі бачу здалёк птушку з гэтага разводу, ведаю, якога голуба яна з’яўляецца нашчадкам. Гэта такая ж сітуацыя, як з жывапісам – адзін здалёку пазнае мастака і ведае, ці гэта добрая ці дрэнная карціна, а іншы гэтага не бачыць». «Лявон Тарасэвіч гэта хтосьці вельмі сціплы, пакорлівы, – ужо ў 1999 годзе пісала Дарота Ярэцкая. – Хтосьці, хто толькі ставіць свае палотны так, каб на іх трапіў прамень святла прабягаючы праз свет». Туга да нематэрыяльнага мастацтва, якое існуе толькі ва ўяўленні, даходзіла да голасу ў папярэдніх праектах мастака, скажам, праз эфект люстэрка, які выкарыстоўваўся ў жывапісных лабірынтах і каланадах. Шматлікія адлюстраванні пафарбаваных калон стваралі ілюзію прасторы, дасягаючай у бясконцасць. Глядач стаяў падвешаны паміж канкрэтнасцю і ілюзіяй, рэчаіснасцю рэальнай і віртуальнай, перад павабным сімулякрам духоўнай прасторы. «Карціны, паўтораныя ў адлюстраваннях займаюць прастору невымерна большую, шырокую і недасяжную, – пісаў крытык. – Тая прастора становіцца ментальнай структурай. Можам спазнаваць яе візуальна, і толькі візуальна. (…) Размываецца мяжа жывапіснага рэчыва. Рэальнасць, у якую мы можам увайсці, становіцца адначасова ілюзіяй. Мы пачынаем у той момант удзельнічаць у свеце матэрыі і па-за яе межамі… і гэта незвычайнае». (лук)

Калі людзі забываюць, пачынаюць гаварыць камяні

kalinouskamu
2 кастрычніка ў Мастаўлянах (гм. Гарадок) быў урачыста адкрыты помнік Кастусю Каліноўскаму, правадыру паўстання 1863-64 г.г., які нарадзіўся ў тутэйшым маёнтку. Думка ўспомніць і ўшанаваць нацыянальнага героя Польшчы і Беларусі на яго радзіме выйшла якраз ад мяне. Таму я вельмі рады, што гэтую векапомную справу шчасліва ўдалося давесці да канца. Але каб задуманая мною ідэя магла здзейсніцца, трэба было шмат каго пераконваць і пераадолець доўгія фармальныя працэдуры. На гэта спатрэбілася ажно амаль тры гады. Гэта, аднак, цяпер ёсць зусім другарадным. Самае важнае, што ўсталяванне ў Мастаўлянах помніка Кастусю Каліноўскаму здзейснілася. Я амаль упэўнены, што быў на гэта апошні момант. Калі б не мая ініцыятыва, след па славутаму земляку ў яго роднай вёсцы пэўна неўзабаве астыў бы. Хто іншы такога помніка ўжо проста не паставіў бы.

Усё пачалося ў 2012 г., калі я як дырэктар Гміннага Цэнтра Культуры ў Гарадку ўвайшоў у склад рабочай групы дзеля адзначэння праз год 150-годдзя Студзеньскага паўстання на Гарадоччыне, у рамках ваяводскіх святкаванняў. Мясцовы надлесны прыдумаў грандыёзную рэканструкцыю Бітвы ў Перацёсах (у лесе непадалёк вёскі Валілы), якая прайшла 29 красавіка 1863 г. Гэта мела быць асноўная і папраўдзе адзіная падзея ў праграме святкаванняў на Гарадоцкай зямлі. Прытым выключна ў польскім нацыянадьным духу. Таму я мусіў упамянуцца, каб не забыць пра Кастуся Каліноўскага, якога імя прысвоена жа гарадоцкаму дому культуры. Сябрам рабочай групы, якую ўзначальваў тадышні падляшскі ваявода Мацей Жыўна, я запрапанаваў, каб зладзіць міжнародную (польска-беларускую) навуковую канферэнцыю. Згоду, вядома, атрымаў. Засталося толькі знайсці фінансы і арганізаваць аўтараў. Памятаю, я ўсё кінуў і на працягу некалькіх дзён апрацаваў сур’ёзны праект, каб атрымаць на гэта грошы з фондаў Еўрапейскага Саюза. Склаўшы яго ў Лакальнай групе дзеяння „Кнышынская пушча” з сядзібай у Супраслі, адразу пачаў падбіраць удзельнікаў канферэнцыі і запрашаць іх у Гарадок. Значна дапамагла мне Лена Глагоўская, якая вельмі ахвотна ўспрыняла маю прапанову і перадала электронныя адрасы сяброў – навукоўцаў у Беларусі. Яна, дарэчы, і падказала мне, што пры гэтай нагодзе варта было б таксама паставіць у Мастаўлянах „памятны камень Кастусю Каліноўскаму”. Я адразу схапіўся гэтай думкі і ўключыў яе ў свой праект, а д-р Лена Глагоўская як зямлячка героя (родам яна з недалёкай Ярылаўкі) узялася пісаць даклад на канферэнцыю. Прысвяціла яго, вядома, Каліноўскаму, а дакладней памяці пра яго ў мінулым і сёння на Беласточчыне.

Ранняй вясною 2013 г. гарадоцкая канферэнцыя была ўжо амаль падрыхтаваная. Мой „унійны” праект заграз, аднак, у чыноўніцкай махіне ў Беластоку. Але хутка ўдалося фінансава забяспечыць мерапрыемства са сродкаў Маршаўкоўскай управы ў рамках прамоцыі ваяводства. Гэтае ўспамажэнне не прадугледжвала, вядома, памятнага каменя ў Мастаўлянах. Я быў, аднак, упэўнены, што будуць на гэта грошы з майго праекту, толькі крыху пазней. Таму прыдумаў, каб пры нагодзе канферэнцыі ўрачыста адкрыць прынамсі мемарыяльную дошку. У гэтай справе звярнуўся я – на два тыдні перад мерапрыемствам – да Януша Талуця, майстра металапластыкі з Беластока, які родам з суседніх з Мастаўлянамі Зуброў. Ён здзівіў мяне надта энтузіястычным падыходам да справы. Зрабіць дошку згадзіўся пакуль без грошай. „Што там камень, Кастусю трэба паставіць помнік” – сказаў мне ў тэлефоннай размове. Хуценька запраектаваў я як умеў двухмоўную дошку (надпіс узгодніў з Ленай) і паслаў майстру інтэрнэтам. Назаўтра, падчас сустрэчы ў майстэрні, Януш размаляваў перада мною сваю канцэпцыю помніка. Бачыў яго як сымбаль той эпохі – з колам коннага жалезняка і касою.

27 красавіка 2013 г. раніцай на скрыжаванні дарог у Мастаўлянах у прысутнасці ўдзельнікаў канферэнцыі святары – мясцовы праваслаўны і каталіцкі з Ялоўкі – высвяцілі дошку, а ўрачыста адкрылі яе войт і старшыня рады Гарадоцкай гміны. Усё адбылося на фоне бел-чырвона-белых сцягоў. У арганізацыю мерапрыемства ўключыўся таксама Януш Талуць.

Пасля канферэнцыі ў Доме культуры ў Гарадку ўзяліся мы за падрыхтоўку новага „ўнійнага” праекта, каб арганізаваць грошы на помнік у Мастаўлянах, а пры нагодзе і на памятныя табліцы ў некалькіх гістрычных месцах у Гарадку (м.інш. на Замкавай гары і пры храмах). Тут вельмі дапамагала мне бугхалтарка Валянціна Трахімчык, нягледзячы на тое, што мая ініцыятыва не была ж абавязковым заданнем нашага дома культуры. Дарэчы, як дырэктар я асабіста прыдумаў, апрацаваў і нават запоўніў фармуляры амаль дзесяці іншых праектаў і атрымаў на іх грошы з іншай крыніцы.

У справе канферэнцыі і помніка Кастусю Каліноўскаму дапамагаў як толькі мог мой падуладны музычны інструктар у доме культуры – Ян Карповіч. Якраз уваходзіў ён ужо ў пенсійны ўзрост і для яго, як шчырага беларуса, мая ініцыятыва была таксама трывалым следам беларускага патрыятызму на Гарадоцкай зямлі, які разбуджваў тут на працягу ўсёй сваёй прафесійнай культурніцкай працы. У доме культуры ў Гарадку адпрацаваў ён ажно больш за паўвеку. Калі стаў я тут дырэктарам, якраз прыйшлося дапільнаваць мне капітальнага рамонту велізарнага будынка. Ля ўвахода на сцяне вісела бетонная табліца з надпісам „Dom Kultury im. Konstantego Kalinowskiego”. Я загадаў зняць яе і аднавіць. Пасля рамонту павесілі мы яе ўнутры і зрабілі куточак памяці героя – патрона. Памясцілі там таксама велізарны партрэт Каліноўскага, які прыхаваў Ян Карповіч, аўтарства Любы Красоўскай з Малынкі.

Думкай пра помнік у Мастаўлянах адразу падзяліўся я з Лявонам Тарасэвічам. Ён, зразумела, ідэю падтрымаў, але настойваў рабіць гэта паводле стандартаў, прынятых у мастацкім асяроддзі. Найперш трэба было б аб’явіць конкурс на канцэпцыю, а пасля толькі арганізаваць фінансы. Але тут не было на гэта часу. Сёння магу сказаць, што мая настойлівасць у гэтай справе аказалася слушнай. Калі б я быў паслухаў сябра прафесара, помнік ў Мастаўлянах наўрад ці наогул калі-небудзь з’явіўся б.

Тым больш, што помнік паводле Януша Талуця, што тут не гаварыць, адпавядае стандартам і добра кампануе з краявідам. У першым варыянце, аднак, перавышаў фінансавыя магчымасці, разрахаваныя ў праекце. Прыйшлося зрабіць яго больш сціплым.

Узніклі, аднак, больш сур’ёзныя праблемы. Найперш з месцам пад помнік. Спачатку планавалася, каб паставіць яго пасярэдзіне вёскі, непадалёк царквы. Там жа – на ўскраіне царкоўнага пляцу – была і высвянчана дошка. Але, каб паставіць там помнік, не пагадзіўся ўладыка Якуб, безвынікова закончыліся таксама размовы ў гэтай справе з мітрапалітам Савам. Усё з прычыны недаразумення, што католік Кастусь Каліноўскі быў нібыта ворагам Праваслаўя. Але на гэта няма аніякіх доказаў. На жаль, насцярожанасць беларускіх мужыкоў да „мяцежнікаў” ператрывала да нашых часоў. Менш-больш у такім жа духу 150-ую гадавіну Студзеньскага паўстання адзначыў таксама беластоцкі „Przegląd Prawosławny”. Таму нічога дзіўнага, што „недабіткі” – старэчы, якія жывуць цяпер у Мастаўлянах, помнік Каліноўскаму таксама ўспрынялі без энтузіязму. Іх солтыс дэманстрацыйна нават не прыбыў на ўрачыстасць, бо нібыта „людзям тут патрэбныя лепшыя дарогі, а не помнікі”…

Здзіўляе яшчэ, што нашай ініцыятывай не пацікавіліся студэнты „каліноўцы”. З 2006 г., ад калі існуе польская праграма дапамогі студэнтам з Беларусі менавіта імя Кастуся Каліноўскага, на радзіме героя ў Мастаўлянах мала хто з яе карыстальнікаў пабываў. Праўда, зімою жменька маладых хлопцаў і дзяўчат з Варшавы, згуртаваных у нефармальным гуртку „Беларуская нацыянальная памяць”, прыязджае сюды на лыжныя рэйды памяці Каліноўскага. Але ніхто з іх чамусьці не пабываў ані на канферэнцыі, ані на высвячэнні дошкі, aні ўрэшце на адкрыцці помніка.

Месца пад помнік, аднак, знайшлося, а падказаў яго Януш Талуць. Управа павятовых дарог у Беластоку дазволіла паставіць помнік амаль у тым самым месцы, дзе раней планавалася, але не на царкоўным пляцы, толькі на другім баку вуліцы, у прыдарожным пасе.

Сапраўды, сёння мала хто ўжо ведае і не толькі ў Мастаўлянах кім быў Кастусь Каліноўскі і за што павесілі яго на Лукішскім пляцы ў Вільні ва ўзросце толькі 26 гадоў.

Помнік стаіць сёння ледзь сто метраў ад польска-беларускай мяжы на рацэ Свіслач. Дзякуючы таму гэтая мяжа не толькі раздзяляе, але і спалучае беларусаў і грамадзян Польшчы і Беларусі. Бо, безумоўна, Кастусь Каліноўскі з’яўляецца нацыянальным героем палякаў і бела
русаў. Для нас, беларусаў, важнае яшчэ і тое, што быў ён пачынальнікам сучаснага беларускага пісанага слова як аўтар і выдавец падпольнай „Мужыцкай праўды”. Пра гэта нельга забыць. Але калі нават людзі забываюць, пачы,
наюць гаварыць камяні, помнікі…

Юрка Хмялеўскі