Юрка Хмялеўскі. Ад Рэдактара

Сучаснае жыццё – нягледзячы на няспынную экспансію ўсё новай і новай тэхнікі, электронікі ды аўтаматыкі – у многім напамінае першабытную цывілізацыю рысункаў-абразкоў. Розніца такая, што іх цяпер проста процьма, бо куды не глянеш, усюды рэкламы, плакаты, аб’явы… А найбольш заўладзелі намі рухомыя абразкі – тэлебачанне, інтэрнэт, смартфоны і іншыя падобныя цацкі. Давяло гэта да таго, што час і адлегласць не маюць ужо такога значэння як калісь. Цяпер жывем у няспынным руху, усё кудысьці спяшаем. А калі нават не перамяшчаемся, то ўвесь час падарожнічаем у думках – услед за патокам масавай інфармацыі, які ліецца з медыяў.

На жаль, звычайнае пісанае слова ў бурлівым і шумным рэкламна-інфармацыйным моры на паверхнасць ледзь ужо прабіваецца. Гэта не спрыяе рэфлексіі і задуме, што ў жыцці проста неабходнае. Безумоўна для традыцыйнага месца і спосабу распаўсюджвання ведаў, абмену думкі і дыскусіі пры дапамозе звычайнага друку як у нашым Часопісе, сучасныя цывілізацыйныя абставіны з’яўляюцца вялікім выклікам. Але нягледзячы на ўсё, я ўпэўнены, што варыянт на паперы ўсё-такі больш вартасны ад электроннага, хаця мабыць менш практычны, асабліва для моладзі. Трэба, аднак, заўважыць, што новае інтэрнэтнае пакаленне наогул амаль не ўглыбляецца ў тое, што піша і чытае. Бо і як тут углыбляцца ў бліскучы экран камп’ютара ці смартфона, дзе тэкст паяўляецца і знікае. І хаця ў адрозненні ад паперы там проста неабмежаваны аб’ём, то на даўжэйшыя тэксты няма там нават месца, а папраўдзе часу. Карыстальнікаў такога пераказу цяжка нават назваць чытачамі, хутчэй за ўсё яны проста аглядальнікі. Ну і культура слова там надта нядбайная. На сайтах аўтары пішуць абы-хутчэй, не зважаючы на моўныя і граматычныя памылкі. Але на гэта мала хто звяртае ўвагу, электронныя тэксты хутка знікаюць з вачэй, жывуць яны надта коратка – дзень, два. А надрукаванае, кажуць, вечнае. Напішаш пяром – не вырубаеш тапаром.

Хтосьці можа падумаць, што я вораг інтэрнэту. Нічога падобнага, бо я вельмі часта ім карыстаюся, паколькі ў рэдактарскай і журналісцкай працы вельмі ён прыдатны. Але поўнасцю перайсці Часопісу ў інтэрнэт, што некаторыя нам раяць (не толькі Ян з Прагі), было б вялікай стратай. Дарэчы, нават буйныя выданні з гэтым не спяшаюцца, не гатовы яшчэ да такой рэвалюцыі.

Усё-такі інтэрнэт таксама дае магчымасць унутранага інтэлектуальнага развіцця, паглыблення ведаў, рэфлексіі. Як ні дзіўна, знаходзяцца маладыя пасіянаты, якія пры дапамозе інтэрнэтных рэсурсаў у просты спосаб умеюць прэзентаваць надта цікавыя сацылагічныя і іншыя з’явы, аналізаваць розныя змены, што адбываюцца ў сучасным свеце. Нядаўна выпадкова даведаўся я пра г.зв. экстрэмальную картаграфію. Прыдумаў яе хлопец са Шлёнска быўшы яшчэ студэнтам эканоміі, цяпер ён жыве і працуе ў Варшаве. Мае старонку ў фейсбуку, на якой публікуе „экстрэмальна цікавыя карты-мапы” (адтуль і назва). Гэта тыя абразкі, ад якіх пачаў я вось свой тэкст. Сапраўды, маюць яны ў сабе столькі скандэнсаванай інфармацыі, што каб запісаць гэта тэкстам, трэба было б напісаць даўжэзны артыкул. І наўрад ці быў бы ён такі выразны і зразумелы.

Знаёміцца з „экстрэмальнай картаграфіяй” я пачаў ад незвычайнай карты з пазначанымі месцамі паходжання жыхароў Беластока, узятымі з даступнага ўсім у інтэрнэце рэестру PESEL. Што праўда, для мяне нічога тут адкрыўчага ці неспадзяванага. І без гэтай карты вядома, што насельніцтва сталіцы Падляшскага ваяводства складаюць пераважна выхадцы і іх нашчадкі з навакольных вёсак і мястэчак. Але тут відаць гэта як на далоні. Наехаўшы мышкай на Крынкі, Орлю, Кнышын ці Лапы паяўляецца дакладны лік народжаных там беластачан. І хаця значная частка жыхароў падляшскай сталіцы гэта ўжо ўраджэнцы Беластока, то карані маюць яны нетутэйшыя, бо 300-тысячны цяпер горад над Белай яшчэ70 гадоў таму быў адносна невялікі, знішчаны і абезлюднелы ў выніку вайны. Адразу хлынулі сюды Ванькі, Ваські і Любкі з усходу ды Казі, Стаські і Ядзькі з захаду. І так узнік шматкультурны, польска-беларускі ды каталіцка-праваслаўны цэнтр Падляшша. У такі ж спосаб выраслі Саколка, Бельск-Падляшскі, Гайнаўка ці Сямятычы. Для гэтых нашых гарадоў варта было б таксама разрысаваць падобныя камп’ютарныя карты як у выпадку Беластока. Можа нехта возьме прыклад з таго шлянзака і штосьці такое апрацуе. Даю гэта пад развагу настаўнікам інфарматыкі белліцэяў у Бельску і Гайнаўцы. Тым больш, што ў такі цікавы спосаб можна і візуальна разрысаваць нацыянальную структуру насельніцтва. Дарэчы, стваральнік экстрамальнай картаграфіі зрабіў гэта для шлёнскай меншасці, найвялікшай у Польшчы, хаця афіцыйна непрызнаванай. Апрацаваў таксама карту, на якой зазначыў паветы ў Польшчы, дзе наогул пражываюць нацыянальныя меншасці. Атрымалася сапраўды экстрэмальна цікава. Карта паказвае, што няпольскае насельніцтва ў краіне гэта як кропелька ў моры. Але адзінай белай плямай, дзе палякаў менш за 25 прац., як ні дзіўна, з’яўляецца наша Гайнаўшчына. Цікава, праўда?

Безумоўна, такая візуальная (абразковая) камп’ютарная тэхніка з дапамогай інтэрнэту можа быць прыдатная, каб лепш памятаць, зразумець ці сабе ўсвядоміць, хто і адкуль мы. Дарэчы, дыскусіі пра беларускія справы ў фейсбуку або на розных сайтах ці інтэрнэт-форумах чамусьці найчасцей ялавыя, безвыніковыя, бо паклікаючыся нават на элементарную праўду мы не ў змозе пераканаць там апанентаў да сваіх рацыяў. Яны нас не хочуць нават слухаць, шпараць абы-што, каб толькі насуперак. І наогул, інтэрнэт не ёсць (яшчэ) занадта «апініятворчы». Толькі што цяпер ёсць ствараючым грамадскую думку, дзе шукаць аўтарытэтных выказванняў?

На жаль, рэвалюцыйныя цывілізацыйныя і тэхналагічныя змены, якія адбыліся за апошнія дзесяцігоддзі, амаль цалкам памянялі краявід, з якога мы, беларусы, выйшлі. А выйшлі мы з вёсак, якія ў выніку перамен не толькі абезлюднелі, але і страцілі свой непаўторны, традыцыйны, тыпова беларускі менавіта характар. Мы не дапільнавалі і згубілі вялікую нацыянальную каштоўнасць. Мне прыходзіцца вось вельмі часта пераязджаць на аўто праз нашы вёскі. Ахоплівае мяне жаль, калі гляджу на архітэктурны балаган, прымітыўнасць і брыдоту адрамантаваных дамоў. Яшчэ большы жаль ахоплівае, калі ўсведамляю, што рэдка хто гэтым пераймаецца. У жніўні міне вось ужо два гады, як няма з намі Януша Корбеля. Ён, хаця быў прыезджым і не-беларусам, моцна перажываў зніштажэнне прыгожага падляшскага краявіду, яго штучную ўніфікацыю. Веру, аднак, што не ўсё яшчэ страчана. Можам яшчэ штосьці сваё ў краявідзе нашых вёсак і мястэчак зберагчы. Тым больш, што ёсць прыклады, як можна гэта зрабіць. Да гэтай важнай тэмы напэўна ў Часопісе вернемся.

Юрка Хмялеўскі. Ад Рэдактара

Люблю для цікавасці час ад часу прагартаць падшыўкі з архіўнымі нумарамі Часопіса. А выдалі мы іх дагэтуль ужо больш за трыста. Гэта цяпер сапраўдная крыніца ведаў найперш пра жыццё і праблемы нашай мяншыні на працягу мінулых каля трыццаці гадоў. Ды наогул пра гісторыю беларусаў на Падляшшы (Беласточчыне) і не толькі. Апублікавалі мы вельмі шмат важных і цікавых артыкулаў, у якіх часта ўпершыню былі апісаны невядомыя дагэтуль падзеі ці погляды і думкі фундаментальнага значэння для захавання і замацавання нашай тоеснасці. Змест нашага выдання, асабліва ў апошніх гадах, адначасова паказвае таксама як цяжка нам – тутэйшым беларусам заставацца сабою, бо нас менш і менш, а нашу мову як жывую на вуліцы ўжо амаль не пачуеш. Толькі ў радыё ці па тэлебачанні, або са сцэны на беларускіх імпрэзах.

Пытанне, што рабіць, каб паўстрымаць гэтыя некарысныя працэсы, не сыходзіць са старонак Часопіса ад пачатку па сёння. У апошнім часе яно становіцца штораз больш драматычнае. Наш аўтар – зямляк з Прагі Ян Максімюк у сваіх разважаннях ставіць справу адкрыта, кажучы, што калі мы, як беларускія рэдакцыі і арганізацыі, не памяняем метадаў і накірункаў сваёй працы і дзейнасці, беларускасць на Падляшшы хутка загасне. Ян з адлегласці соцень кіламетраў слушна заўважае, што за час існавання нашага выдання вырасла ўжо новае пакаленне падляшскіх беларусаў, якое да сваёй тоеснасці ставіцца інакш чым свядомыя сваёй няпольскай нацыянальнасці іхнія бацькі і дзяды. Даказвае, што мы не маем з імі ніякага кантакту, да гэтых людзей не даходзім. З гэтым да канца не пагаджаюся, бо ж чытаюць нас не адны пенсіянеры і нядаўнія вяскоўцы, але нельга запярэчыць, што новае „інтэрнэтнае пакаленне”, як яго называе Ян, жыве проста здалёк ад беларускасці і амаль поўнасцю ў польскім свеце, лічыўшы сябе палякамі. Думаю, тут пытанне не толькі ў тым як, але найперш чым заахвоціць і зацікавіць іх, каб уключыліся яны з намі ў супольную справу. Гэтае пытанне, вядома, сур’ёзнае і надта складанае, але ж і не відаць у нас аніякай дыскусіі, каб выпрацаваць нейкі план, прапановы і метады. Ян таксама такой тэмы ўвогуле не падымае.

Нашая мяншыня не ёсць выняткам. Ідэнтычныя цяжкасці з захаваннем сваёй тоеснасці маюць бадай ці не ўсе малыя нацыі ў Еўропе і ў свеце, якія жывуць у межах іншанацыянальных краін. А Польшча ёсць выняткам, некарысным, бо ў параўнанні з іншымі дзяржавамі нацыянальныя меншасці складаюць у нас мабыць самы найменшы адсотак насельніцтва. Але нягледзячы на гэта і ў Польшчы адстаем ад іншых меншасцей, якія ўсё такі мацней за нас трымаюцца сваёй тоеснасці, мовы і культуры. Хопіць паехаць на Сувальшчыну, да польскіх літоўцаў у гміне Пуньск, каб у гэтым пераканацца. Там на вуліцы, у крамах і ўстановах на штодзень голасна гучыць літоўская мова і паўсюдныя надпісы ды інфармацыі (нават аб’явы) на іхняй мове. Але і яны таксама асімілююцца, адплываюць у польскасць, толькі яшчэ не так маланкава як мы.

Шырэйшай дыскусіі і задумы над далейшым лёсам нашай мяншыні ў асяроддзі не заўважаю. Бачу за тое, што іншыя беларускія публікатары на Падляшшы маюць часам яшчэ больш рэтраспектыўны характар чымсьці Часопіс. У беларускіх радыё- і тэлеперадачах пераважаюць успаміны пра колішняе жыццё і даўнія звычаі, спевы ў народных касцюмах. Журналісты запісваюць вось апошнія жывыя беларускія (на дыялекце) выказванні бабуляў і дзядуляў з паміраючых вёсак, або ўдзельнікаў народных фэстаў. Але ці можна гэтым зацікавіць і прытуліць да беларускасці тое ж інтэрнэтнае пакаленне, я сумняваюся. А што нашы журналісты будуць запісваць, калі ўшчэнт вёскі павыміраюць?

Гістарычная тэматыка ў Часопісе ёсць усё такі вельмі важная, бо замацоўвае памяць пра адвечную прысутнасць беларусаў на сённяшняй падляшскай ўскраіне Польшчы. На жаль, такой свядомасці амаль няма ў акружаючых нас палякаў. Польскія гісторыкі і некаторыя палітыкі глядзяць на нас ўвесь час падазрона, пярэчаць гістарычным фактам і на свой капыл па-панску бачаць „шматкультурнае” мінулае нашага рэгіёну. Таму нават у Часопісе часта прыходзіцца нам даказваць, што мы проста ёсць і нас сюды аніякі цар не навёз. Паказалася таксама сотні кніжак, якія гэта адназначна прадстаўляюць, і не толькі навуковых, гістарычных. І нават, здавалася б, устаялі ўрэшце пры сваім беларускія гісторыкі (ад нас і з Беларусі). Але да канца не спыніла гэта намаганняў часткі польскіх гісторыкаў і публіцыстаў прадстаўляць нас і нашу гісторыю на іх капыл, паклікаючыся пры тым на крыўдныя для нас фальшывыя міфы.

Знакаміты Тадэвуш Канвіцкі калісь у кніжцы „Kalendarz i klepsydra” напісаў цёпла і прыгожа пра нас беларусаў як добрых людзей і што беларускі народ ніколі не нападаў на суседзяў. Амаль ужо паўвеку гэтыя залатыя сказы прыводзяцца ў розных публікацыях і выказваннях. Тым часам цяпер узнялі крылы польскія маладзёны – нацыяналісты, якія і чуць пра гэта не хочуць. Абараняючы памяць і заслугі для ojczyzny выклятых жаўнераў, не дапускаюць невыгоднай ім і горкай праўды, што ў дачыненні да мірнага беларускага насельніцтва некаторыя з іх былі не героямі, а злачынцамі. На ўсякі спосаб намагаюцца апраўдваць злачынствы паваеннага польскага ўзброенага падполля ў беларускіх вёсках на Падляшшы. Кладуць вось цяпер на нас „дабрарусаў” нядобры цень, што быццам былі мы апорай камуністаў у іх барацьбе супраць „польскіх патрыётаў”. На жаль, падтрымліваюць іх у гэтым іншыя маладзёны – даследчыкі з Інстытута нацыянальнай памяці. Чытаючы іх выказванні бачу, што неахвотна пагаджаюцца яны нават з вынікамі афіцыйнага следства, якое некалькі гадоў таму даказала, што „Буры” зімою 1946 г. дапусціўся злачынства на беларусах з прызнакамі генацыду.

Іншым шкодным для нас па сёння міфам ёсць нібыта масавы ўваход беларусаў з Падляшша ў апарат камуністычнай улады, у тым ліку ў службу бяспекі, як функцыянеры і тайныя супрацоўнікі, агенты. Гэта ёсць абсалютнае перабольшанне. Хопіць праглянуць даступныя ўжо ў інтэрнэце персанальныя спіскі ІНП, каб пабачыць, што ў часы Народнай Польшчы партыйна-дзяржаўны апарат і СБ на Беласточчыне далёка не быў здамінаваны беларусамі. Усе нашы хлопцы ці дзяўчаты, якія ад вясковай галечы ўцякалі ў гарады і ставалі на працу ў камуністычных органах, былі толькі другараднымі функцыянерамі і ў ніякім месцы колькасцю не перавышалі палякаў. Сярод нашых таксама няшмат было агентаў. Таму, што СБ утыкала такіх перадусім у польска-каталіцкія асяроддзі, а нашы там не мелі проста доступу. Ну і найважнейшае, тыя нашы хлопцы і дзяўчаты нават не лічылі сябе беларусамі.

Хаця, думаю, польскае грамадства пераважна не раздзяляе шкодных і хлуслівых поглядаў пра нас, то з усёй сілы павінны мы паўстрымаць, каб яны не пашыраліся.

Сябра Ян чамусьці ўсю адказнасць за лёс беларусаў на Падляшшы кіруе ў адрас нашага асяроддзя. Што тут не казаць, але залежыць гэта таксама, а мо і перадусім ад адносінаў да меншасці з боку большасці. І калі ў цяперашняй Польшчы, асабліва пасля яе ўваходу ў Еўрасаюз, гэтыя адносіны крыху нават пацяплелі, то ўздым нацыяналістычных настрояў у апошні час гэты працэс, на жаль, паўстрымоўвае. Часопіс з’яўляецца таксама ў нейкай ступені платформай дыялогу і абмену думкі паміж меншасцю і большасцю. Таму нашае заданне – рэагаваць на хлуслівыя і шкодныя міфы пра нашу грамадскасць. Нягледзячы на сціпласць нашага выдання, мы ў змозе са сваёй думкай прабіцца. Аб гэтым я як рэдактар пераканаўся неаднойчы.

Юрка Хмялеўскі. Ад Рэдактара

Амаль дваццаць гадоў таму правёў я асаблівае інтэрв’ю з Сакратам Яновічам. Гутарка была пісьмовая – у кніжку, якая ў 2000 г. выйшла пад загалоўкам „Nasze tysiąc lat”. Пісалі мы яе больш чым год. Была гэта мая ідэя. Хацеў я, каб у просты спосаб, ненавуковы, расказаць пра нашу беларускую прысутнасць на Падляшшы ад зарання ды наогул пра гісторыю і культуру беларусаў тут і за сённяшняю ўсходняю мяжою. Пры тым канцэнтруючыся на непарыўных польска-беларускіх сувязях і адвечным сужыцці абедзвюх нацый на падляшскай памежнай зямельцы. Таму гэту кніжку і напісалі мы на польскай, а не беларускай мове.

Безумоўна была патрэба выдання такой кніжкі, паколькі яе змест займальна і цікава тлумачыў звычайнаму чытачу элементарныя нават веды. Пярэчыў шматлікім шкодным міфам пра беларусаў і праваслаўных на Падляшшы. Кніжка была мною прыдуманая як працяг і дапаўненне славутай гавэнды Сакрата Яновіча „Białoruś, Białoruś”, якую напісаў ён на пачатку васьмідзесятых гадоў. Адразу прыняў ён маю прапанову, паколькі з таго часу з’явілася шмат новых фактаў, знікла няшчасная цэнзура, адкрыліся архівы.

Усю кніжку, помню, я акуратна перадумаў. Падзяліў яе на раздзелы, прысвечаныя гісторыі („Mały kraj z wielką historią”), рэлігіі („Śladem misjonarzy”) і літаратуры („Słowo jest wszystkim”). Кніжку пісалі мы так, што спярша я абдумваў па два-тры пытанні і пасылаў іх па пошце ў Крынкі. Пытанні не былі банальныя, часта на паўстаронкі. Я размалёўваў у іх фон і распытваў. Яновіч адсылаў мне адказы ўтрая і больш даўжэйшыя. Пісаў іх на звычайнай машынцы і я пасля ўпісваў іх у камп’ютар, аддрукоўваў і зноў адсылаў разам з новымі пытаннямі. Нібыта для карэктуры, але атрымоўваў адбіткі не толькі з праўкамі, бо з дапоўненымі выказваннямі.

Пасля амаль двух гадоў такой маруднай працы кніжка ўрэшце была гатовая. Асталося толькі прыдумаць загаловак. Здаўся я на суразмоўцу. І Яновіч урэшце прыдумаў, акцэнтуючы менавіта тысячу гадоў беларускай гісторыі, насуперак стэрэатыпам, што беларусы гэта нацыя свежай даты, нашмат малодшая ад палякаў ці расіян. А тут аказваецца, што беларускія карані не менш старадаўнія, а яшчэ якія яны багатыя!

Свядома даючы кніжцы такі загаловак мы дасканала ведалі, што можа ён не спадабацца некаторым незавельмі прыхільным нам палякам, для якіх беларусы гэта „невядома што”, а на Беласточчыне з’явіліся мабыць ўслед за царом, які разабраў Польшчу. Змест кніжкі, які князёў і магнатаў прыгадваў як беларускіх, мог не спадабацца таксама нашчадкам польскай шляхты і арыстакратам з „kresów”, што беларусаў атоесамліваюць выключна з „ludem białoruskim”, апісаным у тамах знакамітага польскага этнографа Міхала Федароўскага. „W dzieciństwie poznałam Białorusinów, dobrzy to ludzie” – сказала мне калісь вядомая варшаўская мастачка, якая ўжо не жыве. „Mieliśmy we dworze dobrego furmana Białorusina” – успамінала яна са слязамі ў вачах.

Затое гэтая кніжка безумоўна падбудоўвала беларускага чытача. „Ого, і мы можам ганарыцца сваёй гісторыяй” – мог падумаць не адзін з нашых, які беларус, бо любіць ён беларускія песні…

Гэтая кніжка была выдадзена поўнасцю прафесійна, дзякуючы перадусім мастацкаму афармленні знакамітага Лявона Тарасэвіча. Бадай ці не першая такая пасярод беларускіх выданняў на Беласточчыне, пераважна даволі сярмяжных і недапрацаваных. Але з яе мудрым і моцным загалоўкам было крыху і забаўнага клопату. Калі кніжка пабачыла ўрэшце свет, я задумаўся ці фармулёўка „Nasze tysiąc lat” да канца згодная з правіламі польскай мовы. Бо калі „tysiąc”, то „nasz”, а не „nasze”. Яновіч, калі сказаў я яму пра гэта, пераняўся крыху. Ён жа быў выпускніком польскай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Гэтая дылема была, аднак, навырост. Бо тут вырашае не так граматыка, колькі моўны звычай. Пасля я ўпэўніся ў гэтым, распытваючыся ў аднаго з прафесараў падчас нейкай навуковай канферэнцыі.

Кніжка выйшла ў даволі вялікім накладзе, бо ў тысячы экземпляраў. Для параўнання, тады кніжкі на Беласточчыне разыходзіліся ў тры разы меншым накладзе. А цяпер беларускія выданні дастаткова надрукаваць у дзвесце, а то і сто экземпляраў. Прытым прыходзіцца амаль усё раздаць дарма.

А нашу кніжку, памятаю, куплялі. Мела яна добрыя рэцэнзіі і была цёпла і з зацікаўленнем успрынятая чытачамі. Не толькі беларусамі, але і палякамі, якім дапамагла зразумець нашы справы, якія і для іх блізкія, чаго змест выразна і адназначна даказвае.

Узгадваю якраз цяпер „Nasze tysiąc lat” таму, што ў Міхалове, дзе працую як намеснік бургомістра, нядаўна знайшоўся ідыёт, які пакарыстаўся вось гэтай кніжкай, каб мне ўчыніць шкоду. Нажыў я ворага як самаўрадавец, што не здзіўляе. Такіх мае бадай ці не кожны чыноўнік на высокай пасадзе. Толькі ў маім выпадку гэты вораг закінуў мне не тое, што дрэнна ці неадпаведна выконваю сваю працу, але вырашыў мяне зняважыць у вачах жыхароў гміны. Зачэпкай стала вось гэтая кніжка, змест якой нязгодны з яго поглядамі, што вынікае з няведання ім тутэйшай гісторыі. А перадусім з заядласці, каб быць „чыстым палякам католікам”, нягледзячы на праваслаўныя ў палове яго карані. Ён адкрыта мне гаварыў, што змест гэтай кніжкі для яго неўспрымальны. Мала, што не пагаджаецца ён з беларускай рацыяй у ёй, то палічыў яе „варожай палякам”. І хаця гэта цалкам абсурд, мой вораг пачаў пераконваць іншых у маім нібыта беларускім нацыяналізме. Памеціў ён у кніжцы нейкія сказы і стаў паказваць знаёмым.

І вось напрыканцы сакавіка, быццам у час ваеннага становішча, па Міхалове былі раскінуты ананімкі афішкі-ўлёткі з тымі ж сказамі і каментарам абзываючым мяне ад „нацыяналістаў і шавіністаў”. Чагосьці такога, праўда, я не спадзяваўся. Стаў чакаць, які будзе рэзананс. У Вялікі Тыдзень пачалі прыходзіць да мяне ў магістрат абураныя жыхары і супрацоўнікі, спачуваючы мне. Размаўляў я з многімі асобамі, у тым ліку з міхалоўскім інтэлігентным ксяндзом, які заклікаў проста праігнараваць гэтае прыкрае здарэнне.

Раздаў я таксама дзесятак кніжак „Nasze tysiąc lat” і апублікаваў паясненне на гмінным фан-пейджы ў фейсбуку ды ў „Газеце Міхалова”. Пасля Вялікадня шум прыціх.

Дагэтуль у маёй працы і дзейнасці ці то ў „Часопісе”, у Гарадку, Крынках, ці цяпер у Міхалове ніколі нікому не перашкаджала мая прывязанасць да беларускасці. Наадварот, часта выклікала гэта зацікаўленне. І гэта папраўдзе не змянілася. Бо спроба, каб мне цяпер зашкодзіць, мела цалкам іншыя прычыны. У Міхалове, як у кожнай гміне, ёсць нейкая апазіцыя. Мая ангажаванасць на высокай пасадзе ў самаўрадзе пару асобам вельмі ж перашкаджае. Таму хтосьці прыдумаў вось такую абсурдную зачэпку.

Ну што ж, Сакрат Яновіч, якому ідыёты ўсё жыццё не давалі спакойна жыць абзываючы яго нацыяналістам, казаў так: „Не такое пражылі, перажывем і дэмакратыю”.

Юрка Хмялеўскі. Ад Рэдактара.

Нядаўна пабываў я на цікавай і заадно сімпатычнай сустрэчы ў Падляшскай кніжніцы ў Беластоку. Была гэта ўрачыстая прэзентацыя трэцяга выпуску фотаальбома „Колеры праваслаўя. Польшча”. Яго выдаўцом з’яўляецца аб’яднанне „Ортфота”, якім кіруе Алік Васылюк (раней быў ён кіраўніком сайту Cerkiew.pl), а гуртуе яно фатографаў – пераважна непрафесійных, праваслаўных. На здымках паказваюць яны праваслаўныя цэрквы і царкоўнае жыццё. Свае здымкі змяшчаюць на сайце Orthphoto.net, які мае міжнародны характар, бо там здымкі праваслаўя і іх аўтары – з многіх краін свету. Адтуль, вядома, і здымкі надрукаваныя ў тоўстым фотаальбоме прысвечаным праваслаўі ў Польшчы.Першы яго выпуск паказаўся ў 2011 годзе, а ў два наступныя ўвайшло за кожным разам крыху іншых здымкаў.

Прамоцыя фотаальбома ў Беластоку, што прайшла 17-га сакавіка, была зладжана як вялікая культурная падзея. Прысутнічала шмат важных асобаў, у тым ліку Мацей Жыўна з маршалкоўскай управы ваяводства ды некаторыя войты, бурмістры або іх намеснікі, як прадстаўнікі самаўрадаў, якія дафінансавалі гэтае выданне. Прыбыла таксама каля дваццаці аўтараў змешчаных у альбоме здымкаў. Сустрэчу ўмела вялі Галена Марцінкевіч з дэпартамента культуры Маршалкоўскай управы ды галоўны ініцыятар выдання Алік Васылюк.

Мерапрыемства дасканала ўпісвалася ў вялікапосны настрой. На пачатку выступіў царкоўны моладзевы хор з беластоцкага сабора. Апрача некалькіх малітоўных твораў на царкоўна-славянскай мове адну праваслаўную малітву праспяваў ён па-польску. Яе словы ў адрозненні ад першых, вядома, усім былі зразумелыя, але адчуваўся вялікі кантраст. Царкоўны напеў па-польску ёсць проста ўбогі і сціплы, бо не аддае духоўнасці, містыкі і таямнічасці, што з’яўляецца непаўторным вялікім багаццем царкоўнай музыкі ў славянскім арыгінале. Варта тут падкрэсліць, што і калісь, шмат стагоддзяў таму, калі славянская мова была яшчэ жывая, вернікі таксама не ўсё разумелі, калі ў царкве спяваў хор. З гэтым крыху так, як з оперным спевам, дзе словы поўнасцю зразумелыя толькі спецыялістам. Вырашае акустыка і спеў як перадусім музыка, а не звычайная песня. Словы, вядома, таксама важныя, бо надта глыбокія і ад душы, але іх сэнс трэба пазнаць асобна. І тут пераклады на польскую мову сапраўды прыдатныя. Але пераклад ёсць заўсёды толькі перакладам. Немагчыма поўнасцю перанесці сэнс і значэнне слоў у арыгінале на іншую мову. Гэта датычыць і літаратуры, асабліва паэзіі. Часта пераклад гэта проста новы твор. У выпадку царкоўнага спеву гэтае зрабіць проста немагчыма.

Нашай беларускай мове ўсё-такі бліжэй да царкоўна-славянскай, чымсьці польскай. Літургія па-беларуску сапраўды прыгожая, калі па-польску – нам проста чужая. Таму шкада, што царкоўныя хары на Беласточчыне вельмі рэдка спяваюць па-беларуску. Тут, вядома, прычына іншая – асіміляцыя з паланізацыяй. Праўду кажучы, калі на прэзентацыі альбома пачуў я царкоўны спеў на польскай мове, спадзяваўся, што прагучыць нешта і па-беларуску. Але, дзе там. Дарэчы, беларускіх акцэнтаў падчас гэтай сустрэчы цалкам не было. Была гэта поўнасцю польская імпрэза, якая выхваляла праваслаўе ў Польшчы, нягледзячы, што гэта не нацыянальная рэлігія палякаў. Праваслаўнымі вернікамі ў Польшчы з’яўляюцца ў асноўным беларусы або асобы беларускага ці рускага (напэўна не расійскага) паходжання, якія, на жаль, часта не лічаць сябе беларусамі, але праваслаўнымі палякамі. Прытым праваслаўе ў Польшчы сёння гэта перадусім Беласточчына. Таму загаловак фотаальбома з націскам на слова „Польшча” ёсць мабыць крыху перабольшаннем. Але мы ўжо так маем. Каб штучна павысіць ранг аглядаў беларускай песні, іх арганізатар – Галоўнае Праўленне БГКТ – вырашыў на пачатку дзевяностых гадоў перайменаваць мерапрыемства на фестываль, называючы яго пры тым „агульнапольскім”. Хаця рэдка калі ў гэтых пераглядах удзельнічалі выканаўцы з-па-за Беласточчыны. Праўда, прыязджаў часам нехта з Варшавы, каб у Беластоку праспяваць дзве песні, але гэта аніякі аргумент. Бэгакатоўскі фестываль заўсёды быў і ёсць мясцовым, а не краёвым. Само слова „агульнапольскі” таксама не цалкам беларускае. У Беларусі гавораць – „Усебеларускі”, таму калі што павінна быць „усяпольскі”. Дарэчы, не чуваць, каб у Польшчы былі „агульнапольскія” фестывалі літоўскай, украінскай, рускай ці нямецкай песні…

Дадатак „Польшча” ў загалоўку альбома „Колеры праваслаўя” абгрунтаванне ўсё-такі мае. Змешчана ў ім каля 150 фотаздымкаў, частка якіз прадстаўляе таксама цэрквы з-па-за Падляшша. Толькі, што яны там ужо амаль апусцелыя. Альбом нават адкрывае фотаздымак старыннага праваслаўнага вялікага каменнага крыжа на могільніку ў Радаме. Але відаць на ім таксама сучасны надмагільны помнік, крыж на якім ужо каталіцкі.

Ва ўступе да альбома падкрэсліваецца, што праваслаўе на сучасных польскіх землях прысутнічае няспынна ад IX стагоддзя, калі на поўдзень дайшлі славутыя місіянеры – святыя Кірыла і Мяфодзій. Ужо прайшло, адднак, звыш тысячы гадоў, як па тадышніх першых храмах (м.інш. у Кракаве) няма нават следу.

Падчас прэзентацыі альбома таксама была паказана анімацыя „Праваслаўе ў Польшчы”. На працягу пятнаццаці хвілін прадстаўлена ў ёй уся гісторыя праваслаўнай царквы на польскіх землях і яе сучасны стан. Аглядаючы гэтую анімацыю можна мець уражанне, што праваслаўе ў Польшчы даволі магутнае як на рэлігійную меншасць у краіне, у якой 90 прац. грамадзян гэта каталікі. Прытым пададзены там лік 500 тыс. праваслаўных, а ён жа ў некалкі разоў павышаны. Ва ўступе да альбому ёсць ужо меншы лік, бо 300 тысяч. Сацыялагічныя навуковыя даследаванні даказваюць, што ў Польшчы цяпер пражывае 150 тыс. праваслаўных, з чаго 75 прац. а мо і болей на Беласточчыне. Столькі ж далічыліся праваслаўных і падчас апошняга перапісу насельніцтва ў Польшчы.

Нягледзячы на гэтую рэчаіснасць польскае праваслаўе безумоўна з’яўляецца важным духоўным і культурным багаццем у Польшчы, якім таксама можна і трэба ганарыцца ў свеце. Ініцыятыва згуртавання Orthphoto задумана менавіта таксама для таго, каб багацце польскага праваслаўя паказваць за мяжою. Апрача кніжнага альбому ёсць таксама выстаўка фотаздымкаў, якая была прзентаваная ў многіх месцах у Польшчы, а таксама ў Беларусі, Балгарыі, Грузіі, Малдове, Румыніі, Сербіі, Украіне, у Еўрапейскім Парламенце ў Бруселі, а нават у далёкай Эфіёпіі. У гэтым годзе ў рамках прамацыйнай праграмы польскай культуры за мяжою, фінансаванай міністэрствам замежных спраў Польшчы, такая выстаўка будзе прэзентавацца ў Літве, Расіі і Фінляндыі.

Праваслаўе гэта найперш падляшскі „экспартны” тавар, галоўная прызнака шматкультурнасці нашага рэгіёну, адзінага такога ў Польшчы. Пра гэта падчас прэзентацыі альбома гаварыў віцэ-маршалак Мацей Жыўна. – Вера і культура неабходныя, каб рэгіён мог нармальна жыць, а праваслаўе ёсць часткай нашай культуры, – падкрэсліў ён.

Насуперак назову альбома праваслаўе ў Польшчы цяпер зусім не ў росквіце, а хутчэй за ўсё ў крызісе. Колькасць вернікаў не павялічваецца. Цэрквы на нашай Беласточчынне, якіх так густа ў краявідзе, амаль ужо апусцелі, паколькі абезлюднелі вёскі. Але і ў гарадскіх храмах – у Беластоку, Бельску ці Гайнаўцы – таксама натоўпаў няма. Гэтым, аднак, здаецца, ніхто завельмі не пераймаецца. У тым, што праваслаўе прыгасае, не відаць таксама нейкай заклапочанасці ўладаў. Было б інакш, каб было каму за гэтым заступіцца. Але праваслаўныя эліты, каляцаркоўная інтэлігенцыя, таксама ў нейкім крызісе. Яе мала і не такая актыўная яна як калісь. Амаль уся гэта эліта сабралася і на прэзентацыі альбома. Славамір Назарук, наш колішні рэдакцыйны сябра і шматгадовы (з 80-х гадоў) вядомы царкоўны дзеяч, а цяпер адзіны праваслаўны ў Гарадской радзе Беластока, у размове са мною не скрываў смутку, што ў праваслаўным асяроддзі няма ўжо такой энергіі як калісь.

Царква зрабіла памылку, адрываючыся ад традыцыі і культуры сваіх вернікаў, у нашым выпадку беларусаў. Веру ад традыцыі нельга раздзяляць. Вялікдзень – надыходзячае вось свята святаў – не быў бы такім прыгожым, цудоўным, аптымістычным і каляровым менавіта, калі б меў выключна рэлігійнае значэнне.

Юрка Хмялеўскі. Ад Рэдактара.

Калі вучыўся я яшчэ ў сярэдняй школе і таксама ў студэнцкія часы меў я сяброў ажно з паўднёвага Падляшша. Адзін, памятаю, быў недзе ад Кодня, што ля Белай-Падляшскай. Іншы, не памятаю ўжо дакладна з якіх быў ваколіц, але яшчэ далей на той бок Буга, бліжэй Холма, адкуль мітрапаліт Сава, тадышні беластоцка-гданьскі епіскап. З адным жыў я ў школьным інтэрнаце, а з другім у доме студэнта ў Беластоку па Звежынецкай вуліцы. Прозвішчы тых хлапцоў былі на -ук, таму спачатку лічыў я іх „рускімі” і як я праваслаўнымі. На маё здзіўленне аказалася, што яны, аднак, католікі. Адзін нават блізка сябраваў з ксяндзом са сваёй парафіі. Яны таксама былі здзіўлены і то надта, што я прыкідваюся беларусам. У адрозненне ад мяне для іх абсалютна чужымі былі „нашы” песні, што часта гучалі з магнітафона ў маім пакойчыку, напрыклад у папулярным тады выкананні славутых Дубіноў. Аднак, што да чаго, аднаго разу пры піве сябра з-пад Кодня прызнаўся, што ў яго ваколіцы старыкі на штодзень rozmawiają właśnie w podobnie brzmiącym języku. Але толькі і выключна старыкі, і то толькі некаторыя.

Было гэта 30-40 гадоў таму. Цяпер на паўднёвым Падляшшы па карэннай паўночна-ўкраінскай мове і след прастыў. Не вывеліся, праўда, яшчэ да канца Іванюкі ці Паўлючукі, але гэтыя безумоўна нашчадкі былых тамтэйшых русінаў даўно ўжо каталікі і стопрацэнтныя палякі. Некаторыя, як чую, памянялі прозвішчы з –ук у канцоўцы на… –ак. Хаця што за розніца, Іванюк, ці Іваняк. Засталася там яшчэ і жменька праваслаўных, з адным, праўда, прыходам у Белай-Падляшскай, дзе бацюшка беларус з Гарадка. Але ўсе яны праваслаўныя палякі і выключна польскамоўныя. Іх няшмат і з кожным годам менш і менш.

Некалькі гадоў таму, калі працаваў я яшчэ дырэктарам дома культуры ў Гарадку, у гасцях падчас Сяброўскай Бяседы бываў у нас часта войт гміны Тэрэспаль Кшыштаф Іванюк. Таленавіты самаўрадавец, які і сёння там войтам, прыязджаў не зусім для беларускай імпрэзы, але як сябра гарадоцкага войта. Завельмі не відаць па ім было нейкага прынамсі сентыменту да песняў, якія плылі са сцэны ў Барыку, хаця некаторыя з іх, народныя, безумоўна даўней спявалі і на тамтэйшых землях. Толькі крыху інакш, з цвёрдым вымаўленнем.

Тое што такія песні для жыхароў з другога боку Буга амаль ужо абыякавыя, добра відаць, а лепш сказаць – чуваць, па аўдыторыі Беларускага Радыё Рацыя, якое вяшчае з Беластока сягаючы ажно за Белую-Падляшскую. У надта папулярным на Беласточчыне трохгадзінным „Падляшскім канцэрце пажаданняў” званкоў ці хаця заяў адтуль практычна няма.

Невыпадкова пішу цяпер якраз пра канчаткова пагаслую ўжо карэнную мову і культуру паўднёвага Падляшша, што паціху даканалася на працягу апошніх усяго пару дзесяткаў гадоў. Бо такі ж працэс памірання адвечнай мясцовай мовы і тоеснасці адбываецца, на жаль, і ў нас на Беласточчыне. Гэтая драматычная з’ява надта выразная, цяпер моцна прыспешыла. Чую вось штораз больш адкрытыя выказванні, што яшчэ адно пакаленне і асіміляцыя ў польскасць ахопіць рэшткі нашай беларускай мяншыні. Я, зразумела, ажно ў такі сцэнар не веру. Нельга, аднак, не пагадзіцца з тым, што жывая беларускасць з года ў год фактычна загасае. Гэта відаць голым вокам. І нельга гэтага не заўважаць. Наадварот, трэба быць свядомым, што адбываецца, каб супрацьдзейнічаць, трываць і заставацца нам сабою.

Да напісання гэтага тэксту неяк прымусіў мяне артыкул пра зніканне мясцовай гаворкі, які ў гэты нумар напісаў наш арлянскі супрацоўнік Міхал Мінцэвіч. Даўно ўжо гаворыць аб гэтым у сваіх фельетонах таксама Ян Максімюк. У апошнім нумары ў хроніцы падзей папярэдняга месяца знайшлася кароценькая нататка пра пацвярджаючыя гэтую з’яву вынікі нядаўніх навуковых даследаванняў на Гайнаўшчыне. Значыць, праблема ёсць, і то сур’ёзная.

Вярнуся яшчэ да паўднёвага Падляшша. Калі сапраўды падобны лёс чакае Беласточчыну, варта прыглянуцца прычынам. Як першы зраўняў працэсы там і ў нас Матфей Стырчуля, які ў Часопісе прысвяціў гэтай тэме некалькі рэпартажаў. Як на аўтара звонку зрабіў гэта надта трапна і заадно вельмі цікава. Але трэба памятаць, што прычыны асіміляцыі ў польскасць там і тут былі і ёсць розныя. Першы раз я пацікавіўся русінскай мінуўшчынай на поўдзень ад Буга менавіта ў школьна-студэнцкія часы. Не давала мне спакою пытанне, адкуль узяліся там мае сябры Іванюкі. Якраз тады, на пачатку 80-х гадоў, у царкоўнай святліцы пры беластоцкім саборы па вуліцы Ліповай вечаркамі арганізаваны былі даклады пра гісторыю Беларусі. Упершыню пачуў я тады – з вуснаў як ні дзіўна не гісторыка, але заіклівага пісьменніка Сакрата Яновіча – што тыя землі і іх жыхары маюць шмат супольнага з намі. Пасля даведаўся яшчэ і пра зніштажэнне там у 30-х гадах праваслаўных цэркваў і пра славутую акцыю „Вісла”, якая памяняла этнічную структуру таксама і паўднёвага Падляшша. У нас ажно такіх драматычных падзей, якія сілком прымушалі аўтахтонаў адхіліцца ад роднай тоеснасці і пайсці ў палякі не было. Апрача толькі крывавай дзейнасці бандаў у 1944-46 гг., што мае сумныя паслядоўнасці да сёння. Мы ўліваемся ў польскі народ неяк натуральна, тут шмат аб’ектыўных прычын. Падобнае адбываецца ва ўсім свеце. Пры нагодзе Міжнароднага Дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, было сказана, што зноў вымерла некалькі дзесяткаў моў і іх дыялектаў. У чарзе – пад такой пагрозай у афіцыйных спісках – на жаль і наша беларускай мова. Хаця, паўтараю, не веру, што яна цалкам вымрэ.

І яшчэ раз вярнуся да сваёй школьнай маладосці. Так склалася, што ў сярэдняй школе вучыўся я разам з польскім літоўцам – Вальдэкам – Вальдаўскасам з-пад Сейнаў. Ён у размовах са мною закідваўся нават па-літоўску, а калі бліжэй мяне пазнаў, сказаў, to czemu nie mówisz, że jesteś Białorusinem… Сапраўды, польскія літоўцы ўсё-такі моцна трымаюцца сваёй няпольскай тоеснасці. Яны не разумеюць, чаму мы маем такі неадназначны падыход да гэтага. Вядома, іх мова цалкам на польскую непадобная, а наша наадварот. І тут асноўная розніца. Хаця нягледзячы на гэта, літоўцы з-пад Пуньска апалячваюцца таксама, толькі значна памалей.

Літаратурная беларуская мова мае іншую прастору, бо нават электронную і медыяльную, таму месца для яе ёсць і думаю будзе. Жывая мова ў выглядзе гаворак, аднак, на жаль, ужо дагасае. Тое, пра што піша Міхал Мінцэвіч, на маёй Сакольшчыне пачалося шмат раней, 40-50 гадоў таму. Тады на Бельшчыне і Гайнаўшчыне ў многіх месцах усюды гучала выключна гаворка. І падумаць, хапіла толькі паўвеку і цяпер там ёсць з гэтым таксама як на Сакольшчыне.

Не ўсё ж усё-такі страчана. Менавіта на сваёй Сакольшчыне наглядаю цяпер, што тутэйшая простая мова набывае пашану, а нават пэўны прэстыж. Гледзячы, як маланкава знікае з практычнага ўжытку, узніклі ініцыятывы, каб прыпамінаць яе, запісваць. На папулярным у павеце сайце iSokolka.eu вядзецца асобны блог „Pa prostu”. Заўсёды пад чарговымі тэкстамі з’яўляецца шмат каментараў. Іх аўтары праяўляюць вялікае захапленне сакольскай гаворкай. На жаль, каментары амаль выключна ўжо па-польску. Але як ні дзіўна, нашы беларускія аўтары, журналісты, пісьменнікі і дзеячы у Інтэрнэце выказваюцца таксама амаль выключна па-польску. У фейсбуку некаторыя толькі выступаюць з падвойным запісам імя і прозвішча – беларускамоўным унізе ў дужках. Але ўжо тэксты шпараць па-польску. Нават на беларускія тэмы. Сапраўды, ненатуральна выглядае профіль БГКТ у фейсбуку, дзе інфармацыі і каментары амаль толькі па-польску. Пазбягайма такога. Можна інакш. Хопіць увайсці на сайты ці ў фейсбук, каб паглядзець як гэта робяць, скажам, польскія літоўцы.

Юрка Хмялеўскі. Ад Рэдактара.

У студзені Яраслаў Качынскі як шэф кіруючай Польшчай партыі Права і Справядлівасць заявіў пра неабходнасць, на яго думку, фундаментальных зменаў у выбарчым кодэксе ў дачыненні да самаўрадаў. Гаворка перадусім пра абмежаванне да двух тэрмінаў для войтаў, бургамістраў і прэзідэнтаў гарадоў. Такі пастулат – не навіна, бо здаўна падымаюць яго ў дыскусіях прадстаўнікі бадай ці не ўсіх палітычных плыняў. Але Права і Справядлівасць хоча такое абмежаванне ўвесці таксама для асоб, якія дагэтуль кіруюць ці кіравалі гмінамі і гарадамі. Калі такое збудзецца, наступяць на гэтых пасадах масавыя персанальныя змены.

Пакуль у краіне разгарэлася вялікая дыскусія. Выглядае на тое, што на самое абмежаванне тэрмінаў ёсць ужо згода палітыкаў і самаўрадаўцаў. Хаця многія звяртаюць увагу на тое, што на гэтым могуць страціць тыя гміны, якімі здаўна ўмела правяць таленавітыя і кампетэнтныя войты ці бургамістры, маючы прытым вялікае паважанне сярод жыхароў. Новыя асобы, якіх трэба будзе выбраць на іх месца, наўрад ці ім дараўняюць. Прынамсі спачатку, пакуль не набудуць неабходных ведаў. Але, як кажуць, няма ж людзей незаменных.

Чым, аднак, абгрунтаваны пастулат, каб не дазволіць уладарам гмінаў працаваць на такой пасадзе даўжэй чымсьці дзесяць гадоў (плануецца, што тэрмін будзе распісаны на пяць гадоў, а не як цяпер на чатыры)? Тым перадусім, што як паказвае жыццё, „вечныя” войты закараняюцца ў гміне быццам дрэва ў зямлі, будуючы вакол сваёй асобы шматлікія персанальныя залежнасці, а нават кланы. Бо дэмакратыя ў Польшчы яшчэ даволі маладая і ўсё няма ў грамадстве дастатковай свядомасці, што дзейнасць і праца ў самаўрадзе гэта не толькі прафесійны занятак, але найперш служба і місія на карысць гміны і жыхароў (выбаршчыкаў). Паколькі больш за дваццаць гадоў паралельна з рэдактарскімі заняткамі працую я таксама ў самаўрадзе, даволі добра ведаю некаторых быўшых і цяперашніх войтаў ці бургамістраў у нашых усходніх гмінах. Таму цалкам падтрымліваю прапанову абмежавання тэрмінаў іх працы, бо неаднойчы сутыкнуўся я з „вечнымі” менавіта войтамі, якія не так думалі (думаюць) пра дабро гміны, але каб як мага даўжэй ёю правіць. Большасць знаёмых мне кіраўнікоў гмінаў сядзяць у гэтым крэсле няспынна ад чатырнаццаці і болей гадоў. Не скажу, некаторыя з’яўляюцца надта дбайнымі гаспадарамі сваіх гмінаў. Але і такія з цягам часу касцянеюць, стаючыся не так менеджэрамі, як проста чыноўнікамі. Гэта, аднак, паўбяды, але некаторыя пасля двух-трох тэрмінаў пачынаюць адчуваць сябе быццам колішнія князі…

Пра тое, як неабмежаванасць тэрмінаў спрыяе „княскаму” падыходу да працы на пасадзе гаспадара гміны, раскажу на адным прыкладзе, не выяўляючы пра каго канкрэтна разыходзіцца. А было гэта так. Калі ў 2002 годзе ў Польшчы ўвялі непасрэдныя выбары выканаўчай улады ў самаўрадах, за гэту ідэю ў адной з гмінаў усхапіўся маладзён, які дагэтуль увогуле не арыентаваўся, як на самой справе працуе самаўрад. Не меў нават вышэйшай адукацыі. Тым не менш, выкарыстоўваючы свой хітры характар і крутыя метады, свайго дабіўся. Выйграў выбары, хаця ў другім туры і з невялікай перавагай. Яго выйгрышу паспрыяла найбольш застыласць гміннай улады, якую дагэтуль узначальваў войт, сваю кар’еру зрабіўшы яшчэ ў часы Народнай Польшчы.

Жыхары гміны, праўда, надта патрабавалі ўжо змены мясцовай улады, разлічваючы на тое, што дзякуючы таму палепшыцца таксама іх асабістае жыццё. Тады было там яшчэ, як усюды, шалёнае беспрацоўе. Праца ў самаўрадавых установах – перадусім ва ўправе гміны – лічылася як і цяпер нейкім гарантам стабільнага жыцця. Не тое, што ў прыватніка, які прымушае цяжка працаваць за мінімальную зарплату, часта „на чорна” без рэгістрацыі, а і так у кожны момант можа сказаць, што ад заўтра не працуеш. Так было пятнаццаць гадоў таму, бо цяпер гэта крыху панармальнела.

Той малады войт як толькі дайшоў да ўлады ўмела выкарыстаў нестабільную сітуацыю на рынку працы ў гміне. Як толькі з’яўлялася вольная пасада ва ўправе гміны, камунальнай гаспадарцы, прадшколлі, школе, бібліятэцы ці доме культуры, асабіста вырашаў каго ўзяць на працу. Ахвотных заўсёды было шмат і калі нават трэба было правесці працэдуральны адкрыты конкурс, камісія загадзя ведала спадзяванні шэфа і паслухмяна выконвала яго жаданне.

Новы войт адразу звязаўся таксама з прадпрымальнікамі. Узамен за падтрымку на карысных умовах прадаваў ім танна участкі ці іншую гмінную маёмасць, а пасля змяншаў або цалкам касаваў для іх падатак.

У такі спосаб новы гаспадар гміны працягнуў на свой бок даволі вялікую частку насельніцтва. Бо адданасць адной асобы, якую браў на працу, працэнтавала прыхільнасцю яе сям’і, суседзяў і знаёмых. У выпадку прадпрымальнікаў перакладвалася гэта на іх працаўнікоў.

Войт асабліва дбаў пра інтарэсы радных і таму тымі ж метадамі падпарадкаваў сабе найперш большасць гміннай рады. Дзякуючы таму мог свабодна правіць гмінай, а рада хутка павялічыла яму зарплату да максімуму.

Першыя чатыры гады, трэба прызнць, войт дзейнічаў вельмі актыўна. Дадому вяртаўся толькі, каб праспацца. Нават невядома калі стаў магістрам, бо ніхто не бачыў, каб ездзіў ён на заняткі ў вышэйшай школе. Затое круглы тыдзень паяўляўся ўсюды ў гміне, дзе толькі штосьці адбывалася – імпрэзы, сустрэчы, грамадскія сходы, нарады, а нават не прапусціў ніводнага балю.

Жыхары выбіралі яго на гаспадара гміны яшчэ двойчы, хаця набіраў ён толькі ледзь за палову галасоў. Шмат людзей добра ведала, на чым папраўдзе трымаецца штучная падрымка для войта і на такое не пагаджаліся. Але ён настолькі быў ужо ўпэўнены ў сябе, што наогул перастаў лічыцца з людзмі. Грамадзян гміны калоў вочы штораз большы эгаізм іх гаспадара, таксама тое, што падазрона хутка ён надта разбагацеў. Бо стаў купляць дарагія самаходы, пабудаваў шыкоўны дом і размахваў рукой з залатым гадзіннікам. Людзі больш такога фальшу не вытрымалі і на чацвёрты тэрмін ужо яго не выбралі. Надта быў гэтым здзіўлены, да сёння не можа пагадзіцца з пройгрышам.

Гэты яркі прыклад, а падобнае адбываецца ў многіх гмінах, паказвае, да чаго можа давесці неабмежаванасць тэрмінаў для войтаў і бургамістраў. У нашых „беларускіх” гмінах, праўда, такая з’ява не такая паўсюдная. Большасць тутэйшых войтаў сваю працу выконвае належна. Але, калі ўвойдзе новы закон, і так амаль усе яны будуць вымушаны пакінуць свае пасады, бо мала хто, як войт Гайнаўкі ці бургамістр Заблудава, працуюць на такой пасадзе ўпершыню.

А ёсць у нас і такія войты, як Мікалай Павільч у Нараўцы, што кіруюць гмінай ад пачатку самаўрадавай рэформы. На іх месцы жыхары выбяруць ужо новых гаспадароў, але з гэтым могуць быць праблемы. Напэўна цяжка будзе знайсці больш адпаведнага войта жыхарам Арлянскай гміны. Пётр Сэльвясюк паказаў сябе не толькі як добрага мэнеджэра, які прыцягнуў у гміну магутнага інвестара што пабудаваў фабруку канцэрна Ікея. Аказаўся ён таксама вялікім прыхільнікам мясцовай беларускай тоеснасці. Гэта ж ён, як дагэтуль адзіны на Беласточычыне, давёў да ўвядзення ў Арлянскай гміне падвойных польска-беларускіх назваў мясцовасцей.

Юрка Хмялеўскі. Ад Рэдактара.

Пачатак года гэта звычайна час падвядзення мінулых дванаццаці месяцаў і меркаванняў на будучыню. У жыцці нашай беларускай грамадскасці ў Польшчы мінулы год завельмі, думаю, не адрозніваўся ад папярэдніх. Але кожны, вядома, мяркуе па сабе. І калі глядзець на агульны ўзровень жыцця, то як і ва ўсёй Польшчы, мінулы год не быў такі кепскі. Нягледзячы на палітычны закалот у краіне ў яе эканоміцы ўтрымаўся ўсё-такі рост і панізілася беспрацоўе. Грамадзяне нават крыху прыбагацелі, асабліва тые, якіх ахапіла праграма „500 +”.

У грамадска-культурнай галіне, асабліва калі гаварыць пра нашу нацыянальную тоеснасць, то мінулы год не прынёс тут істотных зменаў. На штодзень жывем адначасова ў дзвюх культурах – нашай тутэйшай беларускай і, зразумела, у агульнапольскай. Аднак тая другая, на жаль, ахоплівае нас штораз мацней. Тут шмат прычын і найчасцей незалежных ад нас саміх, таму цяперашні час ёсць вялікім выклікам для кожнага з нас паасобку. Каб нягледзячы на ўсё заставацца проста сабою.

У мінулым годзе ўпершыню не мелі мы ўжо ні аднаго свайго прадстаўніка ў парламенце, нават прышыванага. Палітычныя партыі амаль перасталі нас наогул заўважаць. Польскі ўрад на бягучы год абмежаваў і так невялікія фінансавыя сродкі для нашай меншасці і няма цяпер нават каму дамагацца, каб гэтае некарыснае рашэнне было адмененае.

Непакоіць яшчэ рост нацыяналістычных і проста фашысцкіх настрояў у краіне. Мінулагоднія маршы польскіх нацыяналістаў у Гайнаўцы ці Беластоку нас напалохалі. Таксама забалела непрадуманае выказванне дэпутаткі Сойму ад кіруючай партыі ў адрас праваслаўных.

Можна заўважыць, што ў Польшчы пад новай уладай Права і Справядлівасці адбываецца рэвізія – перавартасцяванне гісторыі, што не заўсёды супадае з дасведчаннем і поглядамі нас беларусаў. Цяперашняя ўлада вырашыла канчаткова расправіцца з камунай, хаця вырасла ўжо новае пакаленне, якое таго часу нават не памятае. Пасляваенных змагароў, якія з карабінам у руцэ ваявалі супраць Народнай Польшчы, гларыфікуецца цяпер як „Выклятых жаўнераў” – вялікіх польскіх герояў. Іх імем пераназываюць „камуністычныя” вуліцы. Сярод іх ёсць на жаль і такія, праз якіх нявінна пацярпелі мірныя жыхары беларускіх вёсак на Беласточчыне, тады надта шматлюдных. Тысячы сем’яў падаліся ў Савецкі Саюз, часта ад страху ўцякаючы ад „бандаў”.

Даволі шумна адзначалася 35-ая гадавіна ўвядзення ў Польшчы ваеннага становішча 13 снежня 1981 г. Ізноў тыя драматычныя падзеі для польскіх беларусаў не былі ажно такой крывавай катастрофай, як сёння тое некаторыя малююць. Тыя неспакойныя і няпэўныя часы пачатку васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя добра ўжо памятаю. Я тады ўваходзіў у дарослае жыццё, быў вучнем электрычнага тэхнікума ў Беластоку. Памятаю салідарніцкую шумечу, якая несла з сабою надзею на лепшае – большую свабоду ў кантраляваным дзяржаваю жыцці грамадзян, павышэнне рэальных заробкаў, спыненне інфляцыі ды запаўненне прадуктамі і таварамі пустых паліц у крамах. Яшчэ сёння стаяць у маіх вачах доўгія чэргі перад мяснымі магазінамі, таксама карткі-талончыкі на кілбасу, сыр, масла, цукар, гарэлку, папяросы, бензін…. Рэглементаваная сістэма продажу зацягнулася на шмат гадоў. Але памятаю таксама аўтэнтычны страх сярод маіх вяскоўцаў і знаёмых у горадзе, якія сапраўды пабойваліся вайны. Не прыпамінаю толькі, каб хтосьці з праваслаўных намякнуў на крыжы, якімі быццам былі памечаны некаталіцкія кватэры ў блёках на беластоцкіх кварталах. Ведаю аднак, што такое напалохванне было. Нядаўна ў адным са сваіх нарысаў у „Часопісе” Тамара Болдак-Яноўская ўспамінала, што такі крыжык паявіўся тады і на дзвярах яе кватэры. Невядома, аднак, ці было гэта роблена рукамі радыкалаў з радоў Салідарнасці, ці была гэта правакацыя тагачасных камуністычных спецлужбаў.

Увядзенне ў краіне ваеннага становішча мы як беларусы ўспрынялі з палёгкай. Для польскай дзяржавы, безумоўна, было гэта вялікай драмай. І хаця ў выніку ваеннага становішча смяротных ахвяр як на такую магутную аперацыю было адносна не так шмат, то заўсёды застаецца пытанне, ці наогул магчыма было іх пазбегчы. Вялікай стратай для польскай дзяржавы было тое, што ў выніку ваеннага становішча назаўсёды выехалі з краіны сотні тысяч грамадзян.

Але недапушчальнай памылкай ёсць ацэнка гістарычных падзей сучаснымі меркамі, не ўлічваючы тагачасных абставінаў. Трэба ж памятаць, што трыццаць пяць гадоў таму моцны быў яшчэ Савецкі Саюз, які пад сваім кантролем трымаў Польшчу і палову Еўропы. Тады нікому яшчэ нават не снілася, што ён разваліцца, што Беларусь, скажам, стане асобнай краінай. Камуністычная сістэма ў Польшчы і адразу пасля ў іншых краінах ляснула сама ў сабе, бо проста не прыставала да жыцця. Напэўна спрычыніліся да гэтага і палітычныя дзеянні дэмакратычнага Захаду, асабліва ЗША. А найбольшае значэнне мелі тут эканамічныя санкцыі.

Мінулы год прынёс змены ў польскай палітыцы ў дачыненні да Беларусі. Варшава доўгія гады рабіла стаўку на палітычныя змены ў суседняй дзяржаве, разлічваючы перадусім на адапхненне ад улады прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі як „апошняга дыктатара Еўропы”. Цяперашні польскі ўрад дайшоў да высновы, што нельга даўжэй чакаць і ажыццявіў кантакты на дзяржаўным і рэгіянальным узроўнях. Тым больш, што безвыніковай аказалася таксама ізаляванне Беларусі Еўрапейскім Саюзам і ЗША. Палітычныя санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі і іншых высокіх беларускіх чыноўнікаў на нішто не паўплывалі. У адрозненні ад ціску на Польшчу пасля ваеннага становішча ў Беларусі амаль не было эканамічных санкцыяў. Аказваецца, цяпер немагчыма, каб сусветныя карпарацыі трацілі эканамічныя рынкі, замыкаючы доступ да развінутых тэхналогій і сваіх тавараў краін з-за нейкіх палітычных прычын.

Час, вядома, не стаіць у месцы, хаця не ўсе змены адразу заўважаем. Ян Максімюк – наш аўтар, які ад дваццаці гадоў жыве ў Празе – у сваім фельетоне ў гэтым нумары звярнуў увагу на неабходнасць прыстасавання да сучаснага стылю жыцця таксама і нашага выдання. Заклікае нас, выдаўцоў і рэдактараў, перайсці ў інтэрнэт і то нават цалкам. Таму, што асабліва моладзь газет і часопісаў у папяровым варыянце амаль ужо не чытае, а калі ўжо, то толькі на электронных экранах. Гэта я як рэдактар таксама заўважваю. Ужо некалькі гадоў таму сваім калегам запрапанаваў перамясціць сілы менавіта ў інтэрнэт, і то не толькі, каб выпускаць як цяпер звычайную вэб-старонку, што ёсць цяпер проста нормай. Я меў на ўвазе партал для нашай беларускай меншасці. На жаль, гэтага не адобрыла нам міністэрства, даючы датацыю перадусім на папяровы варыянт. Тым не менш да такой думкі трэба будзе нам вярнуцца.

Юрка Хмялеўскі. Ад рэдактара

Jerzy ChmielewskiДа канца снежня самаўрады і няўрадавыя арганізацыі могуць пасылаць заяўкі праектаў у рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Еўрапейскага Саюза Польшча – Беларусь – Украіна 2014-2020. Працэдуры тут зацягнуліся, як і ва ўсіх еўрасаюзных праграмах. Мінае вось палова тэрміну, а Польшча дагэтуль, аказваецца, не размеркавала яшчэ 10 прац. прызнаных фінансавых сродкаў. Еўрапейская Камісія ў Бруселі за спазненне ўпамінула ўжо польскі ўрад папярэджваючы, што калі гэтага не палепшыць, краіне абмяжуюць прызнаныя раней грошы.

З першага туру трансгранічнай праграмы на адзін праект можна цяпер атрымаць ад 100 тысяч да ажно 2,5 мільёна еўра. Агулам да падзелу ёсць 80 млн еўра. Прытым абавязковы мінімальны ўласны ўдзел гэта толькі 10 прац. усіх коштаў інвестыцыі, пакупкі або арганізацыі культурнага ці іншага мерапрыемства.

Нічога таму дзіўнага, што ўзнікла аграмаднае зацікаўленне гэтай праграмай. У канцы лістапада ўдзельнічаў я ў прэзентацыі асноўных прынцыпаў праграмы для будучых бэнефіцыяраў, якая адбылася ў Беластоку. З’ехаўся натоўп – каля двухсот асоб з амаль усяго ваяводства – пераважна прадстаўнікі і супрацоўнікі падляшскіх самаўрадаў, бо ад арганізацый было ўсяго некалькі асоб. Такіх павучальных сустрэч варшаўскае кіраўніцтва праграмы арганізавала некалькі так на польскім баку, як і партнёрскім – у Беларусі і Украіне. Усюды зацікаўленне было вельмі вялікае і ўжо толькі гэта паказвае, што будзе аграмадная канкурэнцыя, гранты атрымаюць нешматлікія. У папярэднім выпуску праграмы дафінансаваны былі толькі няцэлыя 15 прац. складзеных праектаў. Цяпер, мяркуецца, будзе іх яшчэ менш.

Нас на Беласточчыне, зразумела, найбольш цікавяць праекты польска-беларускія, хаця наглядаецца і супрацоўніцтва ў гэтым напрамку тутэйшых гмін з партнёрамі ва Украіне. Амаль кожная гміна з памежнай паласы і шмат з заходняй часткі ваяводства плануюць скласці праекты супольна з партнёрамі з Беларусі ці Украіны. Большасць з іх прымеркаваны да інвестыцый тыпова камунальнага характару. Гміны і іх замежныя партнёры бачаць у гэтым спосаб, каб прыдбаць грошы на пабудову дарог, сцёкавай каналізацыі, інсталяцый пітной вады ці, напрыклад, пакупкі пажарнага транспарту. Гэта паказвае, што ініцыятары такіх праектаў не ўлічваюць асаблівага характару праграмы. Бо на такія справы дафінансаванне можна атрымаць таксама з іншых еўрасаюзных праграм, хаця ўсюды вялікая канкурэнцыя, бо патрэб намнога больш, чым на тое ёсць там грошай. Тымчасам мала які войт ці бургомістр і адказныя за гэта асобы ў гмінах разумеюць, што на самой справе абазначае тут такое моднае цяпер слова трансгранічнасць.

Найперш трэба зразумець, навошта наогул Еўрасаюз выдзяляе са свайго бюджэту грошы таксама для памежных абшараў, якія ж не належаць да гэтай супольнасці. Для аб’яднанай Еўропы, аказваецца, вельмі важнае, каб эканамічна падтрымліваць паласу на другім баку вонкавай мяжы Еўрасаюза. Гэта адзін з палітычгых інструментаў, каб мяжа не раздзяляла, але яднала людзей па абодвух яе баках. Каб у такі спосаб пашыраць таксама еўрапейскі падыход да паляпшэння ўмоў жыцця, даваць прыклад як гэта рабіць. Хтосьці разумна прыдумаў дзеля гэтага трансгранічную менавіта формулу – супрацоўніцтва па-над мяжою дзеля рэалізацыі тут і там аднолькавых праектаў інвестыцыйнага ці культурніцкага характару. Але гэта польскія (значыць еўрасаюзныя) гміны ці арганізацыі атрымоўваюць такое ўспамажэнне і толькі пасля адпаведную частку перадаюць свайму замежнаму пратнёру. Дякуючы таму ёсць большы кантроль над выдаткаваннем гэтых грошай за мяжою.

Вядома, што на грошы ў гэтай праграме кінуцца многія, атрымае іх мабыць толькі кожны дзесяты праект, які найбольш адпавядае пастаўленым мэтам. Значыць, які як мага лепш спрычыніцца да павышэння ўмоў жыцця ці захавання культурнай спадчыны або багацця прыроды ў партнёраў па абодвух баках мяжы. Таму няма нават што разлічваць на патрымку простых дзеянняў, як, напрыклад, пабудова нейкай дарогі для жменькі жыхароў нашых абезлюднелых вёсак. Але ўжо стварэнне турыстычнага шляху нават з пабудовай гатэліка, аўтапарковак і роварнай сцежкі з’яўляецца намнога больш надзейным. Асабліва калі такі шлях спалучыць абшары раздзеленыя мяжою.

Падчас прэзентацыі асноў праграмы ў Беластоку сустрэў я прадстаўніка „Шчытоў” – нашай арганізацыі, якая штогод між іншым праводзіць фестываль Бардаўская восень. Добра, што цікавіцца яна магчымасцямі, каб пакарыстацца грамыша Еўрасаюза, бо дагэтуль – так як усе нашы арганізацыі – дзейнічае амаль выключна на кошт меншасных датацыяў ад урада і мясцовых самаўрадаў. Замежных партнёраў (у Беларусі) „Шчыты” таксама маюць дастаткова. Ідэі супольных праектаў таксама, думаю, ёсць. І нават не будзе праблемай тое, што ўсю заяўку трэба запоўніць на англійскай мове. Ёсць аднак бар’ер, які Звяз „Шчыты” (ці іншыя з нашых беларускіх арганізацый) наўрад ці пераадолеюць. Бо справа ў тым, што каб атрымаць еўрасаюзнае фінансавае ўспамажэнне, найперш трэба закласці сваімі грашыма не менш як 100 тыс. еўра (амаль паўмільёна зл.). Для гмінаў праблема невялікая, бо такія грошы выдзяляюць яны ў сваіх бюджэтах і пасля рэалізацыі праекту атрымоўваюць іх назад. Арганізацыям папраўдзе астаецца толькі пазыка ў банку. Але трэба яшчэ мець грошы на адсоткі і перадусім на ўласны ўдзел (мінімум амаль 50 тыс. зл.).

Але і гмінам нялёгка арганізаваць еўрасаюзныя грошы. Асабліва багацейшым, якія маюць свае немалыя грошы, перадусім з падаткаў ад мясцовых прадпрыемстваў. Такіх гмінаў у нашым рэгіёне (там пражываюць беларусы), вядома, няшмат. Для прыкладу, канцэрн ІKEA ад сваёй фабрыкі ў Кошках штогод адводзіць у бюджэт Арлянскай гміны больш за чатыры мільёны злотых. У Мельніку вялікія грошы сплываюць з фабрыкі крэйды. Гэта, аднак, абмяжоўвае магчымасці прыдбаць датацыі звонку. Такім гмінам кажуць: рабіце дарогі за свае грошы, маеце ж за што. Гэта даволі несправядлівы падыход, бо інвестыцыйных ды іншых патрэб вельмі шмат, а тыя мільёны не заўсёды ёсць дастатковыя. Наадварот – яны часта даўно размеркаваны і то на многа гадоў наперад. Як ёсць, скажам, у Міхалове. Там грошы з перасякаючага гэтую гміну расійскага газаправода ў значнай меры ідуць цяпер на ўтрыманне надта дэфіцытнага басейна (ужо трэба даплачваць 1,5 млн зл. у год) ды культурных устаноў, якіх так намножыў папярэдні бургамістр. Гэта павінна быць перасцярогай для іншых гмін. Каб за еўрасаюзныя грошы не рэалізоўваць праектаў, да якіх пасля трэба будзе ўвесь час дакладаць з уласнага бюджэту, бо большы наўрад ці ён жа будзе. Хутчэй за ўсё наадварот, калі глядзець, як урад у Варшаве што толькі можа скідае на плечы самаўрадаў, найчасцей без ніякага фінансавага забеспячэння.

Юрка Хмялеўскі. Ад Рэдактара.

Паколькі ўжо другі год працую на штодзень у Міхалове, сябры з беларускага асяроддзя часта дапытваюцца мяне, як цяпер у гэтай гміне менавіта з беларускасцю. Адказваю, што так як усюды на Беласточчыне – значыць кепска, але яшчэ не безнадзейна. У Міхалоўскай гміне беларускае слова, вядома, не чужое, хаця ў самім Міхалове яго амаль ужо не пачуеш. Але ўсё такі нават на працы з некаторымі супрацоўнікамі ці наведвальнікамі здараецца мне размаўляць па-свойму. У тутэйшай школе колькасць вучняў на занятках з беларускай мовы застаецца ўвесь час на аднолькавым узроўні. І калі гаварыць пра прысутнасць наогул беларускасці ў штодзённым жыцці насельніцтва, то гэтая гміна не адстае завельмі ні ад суседніх Гарадка з Нараўкаю, ні нават ад тых, у якіх намнога большы афіцыйны адсотак жыхароў беларускай нацыянальнасці.Jerzy Chmielewski

На міхалоўскай зямлі ёсць, аднак, асабліва свойскі мне куточак. Гэта вёска Бандары (з аседлем) і яе наваколле пры Семяноўскім вадасховішчы. Раней гэтых ваколіц я добра не ведаў. Але калі прыйшоў на працу ў Міхалова, стаў тут бываць даволі часта. Хутка пазнаёміўся з тамашнімі солтысамі, з якімі трэба афармляць гмінныя справы і патрэбы жыхароў. А ў Бандарах прыйшлося мне як прадстаўніку гміны суарганізаваць найбольшае там беларускае свята – фэст „Бандароўскую гасцёўню”. Гэта для мяне не навіна, паколькі раней як дырэктар дому культуры ў недалёкім Гарадку арганізаваў я дзесяткі такіх мерапрыемстваў. Фэст у Бандарах, які звыш дваццаці гадоў адбываецца ў палове ліпеня, мае, аднак, свае асаблівасці і глыбейшы сэнс. Бо гэта не толькі фальклорныя прэзентацыі і забава пры свойскай музыцы, але дэманстрацыя тутэйшай адвечнай культуры. У тым ліку, што самае важнае, з беларускіх вёсак, на месцы якіх знаходзіцца цяпер Семяноўскае вадасховішча. Іх ліквідацыя, а папраўдзе смерць, наступіла ў 80-х гадах мінулага стагоддзя. Выселеных было амаль трыста сем’яў з васьмі вёсак. Пяць з іх – Боўтрыкі, Буды, Гарбары, Лука і Рудня – наогул зніклi з карты. Тыя людзі пасяліліся ў кватэрах у пабудаваных для іх блёках, крыху ў Міхалове (30 кватэраў), але найбольш амаль на голым полі ў вёсцы Бандары, над самім возерам (135 кватэраў як асобны пасёлак – Аседле Бандары). Некаторыя перанеслі свае сялібы на новае месца – дзеля гэтага заснавана была вёска Новая Лука, ужо ў Нараўчанскай гміне.

Высяленне жыхароў працягвалася некалькі гадоў, таму невядома нават калі адзначаць угодкі знікнення паасобных вёсак у выніку тадышняй грандыёзнай аперацыі на беларускім этнічным арэале.

У гэтым годзе пачаліся мерапры­емствы прымеркаваныя да 40-годдзя ад пачатку пабудовы вадасховішча. У чэрвені адбылася ўспамінальная сустрэча – канферэнцыя спецыялістаў-будаўнікоў роўна пасля сарака гадоў ад выдання фармальнай згоды на пабудову у 1976 г. тадышнім беластоцкім ваяводам. Праз год, таксама ў чэрвені, міне сорак гадоў ад пачатку прац, урачыста адзначаных каменем з памятным надпісам. Аднак, наўрад ці пры гэтым камені, які знаходзіцца ў Бандарах паблізу дамбы (але ўжо ў гміне Нараўка), адбудуцца нейкія юбілейныя мерапрыемсты і наогул ці дачакае ён сваёй круглай гадавіны. Справа ў тым, што надпіс на ім выхваляе камуністычную партыю і час Польскай Народнай Рэспублікі. Ад 2 верасня г.г. абавязвае закон, згодна з якім мясцовыя ўлады маюць год на змену назваў вуліц, пляцаў і будынкаў, прапагандуючых камунізм. І хаця гэты закон не ўлічвае помнікаў і табліц, то з каменем у Бандарах пэўна таксама трэба будзе нешта зрабіць, напрыклад захаваць яго як музейны экспанат.

Тым больш, што насуперак зместу таго надпісу вадасховішча не стала нейкім аграмадным дасягненнем на карысць рэгіёну. Найперш будавалася яно як рэзервуар пітнай вады для хутка разрастаючага тады горада Беластока. Спецыяльным каналам мела яна ўзмацняць паток ракі Супрасль як асноўную крыніцу вады для беластачан. Хутка аказалася, што Беластоку хопіць вады і без гэтага, таму таго канала не выкапалі да сёння і ніхто яго капаць ужо не думае.

З усіх мэтаў, дзеля якіх вырашана было будаваць вадасховішча, неяк абгрунтаваным аказалася толькі паляпшэнне вільготнасці палёў на тэрыторыі верхняй Нарвы, Супраслі ды змеліяразаванага абшару Багно – Візна. Не здзейснілася, на жаль, спадзяванне, што такая інвестыцыя спрычыніцца да эканамічнага і турыстычнага развіцця ваколіцы вакол вадасховішча. Не відаць там сёння ніякага руху. Праўда, абодва самаўрады – Міхалова і Нараўкі – стварылі на сваіх берагах пляжы і месцы для летняга адпачынку. Міхалова надалей інвестуе і намерваецца ў перспектыве стварыць у Рудні сапраўды сучасны, камфортны пляж з адпаведнай інфраструктурай. Грошы на гэта плануе прыдбаць у рамках еўрасаюзнай трансгранічнай праграмы Польшча – Беларусь – Украіна. Але хаця над Семяноўскім возерам летам адпачывае нават шмат асоб, то Мазурам напэўна яно не дараўняе. Проста – не той маштаб.

Усё такі нельга дапусціць, каб вада, якая стаіць цяпер на месцы нашых беларускіх вёсак, канчаткова затапіла і памяць пра іх. Добра, што жыхары і іх нашчадкі, якія пражываюць цяпер у розных мясцовасцях і гарадах, прынамсі раз у год сустракаюцца на малітве пры памятных вясковых крыжах і камянях (ад мітнулага году таксама ў Боўтрыках). Важным сведчаннем гэтай памяці ёсць і летні беларускі фэст у Бандарах. Не ведаю хто прыдумаў для яго назву „Бандароўская гасцёўня”, бо яна крыху нетутэйшая, але прынялася ўжо. Арганізуюць яе тры бакі – жыхары Бандароў, Гмінны асяродак культуры ў Міхалове і Беларускае грамадска-культурнае таварыства з Беластоку. Калі ў мінулым годзе далучыўся я да такога аргкамітэту, адразу ўпамянуў пра асноўную ідэю фэсту і яго аўтэнтыку. Хутка знайшоў у гэтым саюзніка, Віктара Буру з Гайнаўкі, які з ранняй вясны па познюю восень пражывае на бацькаўшчыне ў Рыбаках. Мы абодва падчас арганізацыйных сустрэч сталі дамагацца ад БГКТ больш празрыстага ўдзельніцтва ў арганізацыі фэсту, фінансаванага ў роўнай ступені з меншаснай датацыі міністэрства і бюджэту гміны, і таксама дзякуючы спонсарам, арганізаваным самімі жыхарамі. Я яшчэ звярнуў таксама ўвагу на крыху некультурныя паводзіны на сцэне некаторых выканаўцаў. Канкрэтна, ў гэтым годзе правадыра калектыву „Прымакі” Юркi Астапчука. Адстойваючы сэнс беларускасці, я падняў тое, што „Бандароўская гасцёўня” гэта не толькі танцы і забава, і яшчэ выпіўка.

На маё здзіўленне, гэтым шчырым выказваннем вельмі абурылася адна панюся. Як адзіная пасярод звыш дваццаці прысутных на сустрэчы мясцовых жыхароў, выказалася па-польску. Кінулася на мяне найбольш за крытыку „Прымакоў”. Тая панюся (адукаваная яна і „też prawosławna”), аднак, не мясцовая, а родам з іншай вёскі ў іншай гміне. Каб была тутэйшай і сапраўды сведамай сваёй тоеснасці, мабыць лепш разумела б так сэнс „Бандароўскай гасцёўні” ды наогул значэнне беларускай культуры і спадчыны беларускіх продкаў на Беласточчыне.

130 lat Kolei Poleskiej

W tym roku mija 130 lat od uruchomienia linii kolejowej Białystok – Żednia – Waliły – Krynki (Zubki Białostockie) – Wołkowysk – Słonim – Baranowicze. Spinała ona kolej warszawsko-petersburską z warszawsko-moskiewską. Była jedną z czterech linii kolejowych, które powstały w drugiej połowie XIX w. jak tzw. Kolej Poleska. Sieć, wybudowana przez ówczesny rząd Cesarstwa Rosyjskiego ziemiach pomiędzy Warszawą a Wilnem Moskwą i Petersburgiem, była jedną z największych inwestycji kolejowych w Europie.

Oddany do użytku 5 grudnia 1886 r. szlak Białystok – Baranowicze przyczynił się do rozwoju gospodarczego znajdujących się na jego trasie miejscowości, ułatwiając przepływ towarów i ludności. Ruch ten zamarł dopiero pod koniec ubiegłego wieku na skutek przemian ustrojowych w Polsce i Europie Środkowo-Wschodniej. Transport kolejowy został w dużej części zastąpiony tańszym i bardziej mobilnym samochodowym (tirami). Ruch pasażerski zamarł natomiast wskutek nagłego wyludnienia się wsi i miasteczek oraz rozpowszechnienia się samochodów osobowych.

Kolej stanowiła nieodłączny element w życiu wielu pokoleń naszej białoruskiej społeczności. Po tamtym krajobrazie – nitek torów i mknących po nich pociągów – pozostała jednak pustka. Kiedy szesnaście lat temu zamknięto połączenie Białystok – Zubki, tory po stronie białoruskiej, do Brzostowicy, zaraz rozebrano. Po polskiej stronie, z Wałił do Białegostoku, cały czas utrzymywano je jednak w dobrym stanie technicznym, głównie ze względu na okresowy transport drewna. Kilka lat temu połączenie zaczęło funkcjonować raz w roku dzięki przejazdowi pociągu specjalnego Wielkiej Orkiestry Świątecznej Pomocy. Tego lata udało się uruchomić na tej trasie połączenia weekendowe. Stało się tak dzięki wielkiej determinacji mieszkańca Sokola, Andrzeja Kasperowicza – miłośnika kolei i orędownika ponownego uruchomienia połączenia Białystok – Waliły. Zdołał on namówić samorządy województwa oraz gmin Michałowo i Gródek do wydzielenia na ten cel funduszy w swych budżetach.

Z okazji uroczystości w Sokolu na początku września Andrzej Kasperowicz własnym sumptem wydał blisko stustronicową książkę, w której opisał historię trasy od jej powstania do teraźniejszości. Ma nadzieję, iż w następnym roku pociągi z Białegostoku do Walił znów będą kursować i to nie tylko w soboty i niedziele.

Gdyby nasze gminy nie były prawie do cna wyludnione, rzeczywiście ruch kolejowy na naszym terenie mógłby się ożywić. W obecnej perspektywie unijnej, do 2020 roku, Polska otrzyma wiele miliardów euro na rozwój komunikacji szynowej. Jednak w ciągu ostatnich trzydziestu lat sieć kolejowa w całym kraju zmniejszyła się aż o połowę. W obecnej sytuacji możliwe i zasadne jest inwestowanie tylko w szybką kolej pomiędzy większymi miastami. W naszym województwie jest to przede wszystkim połączenie z Białegostoku do Warszawy, które dzięki funduszom unijnym w pewnym stopniu zostało już zmodernizowane. (jch)