Юрка Хмялеўскі. Ад Рэдактара.

Jerzy ChmielewskiКалі не было яшчэ моды на інтэрнэт-блогі, пачаў я быў пісаць своеасаблівы дзённік. 15 гадоў таму ў толькі што пакліканым мною штомесячніку „Tutaj” у родных Крынках стаў я змяшчаць запіскі „Даліна”, дзе аднатоўваў жыццё жыхароў з наваколля свайго Паўднёвага Вострава. Тыя занатоўкі час ад часу чытаю і сёння, прыпамінаючы сабе той не такі даўні яшчэ свет адыходзячай у нябыт вёскі, з якой выйшаў. Адзін запіс асабліва застаўся ў маёй памяці. Коратка апісаў я Провады – паслявелікоднае асвяшчэнне магіл на востраўскіх могілках. Найважнейшая з’ява, якую я тады заўважыў – гэта раптоўнае сарванне каранёў у выхадцаў з вёскі, якая, дарэчы, на працягу мінулай чвэрці стагоддзя проста апусцела. Адзіным фізічным следам іх паходжання засталіся магілы бацькоў, дзядоў, прадзедаў.
У гэтым годзе на Провады сустрэў я ўжо мабыць палову менш знаёмых твараў, чымсьці яшчэ пятнаццаць гадоў таму. Многія ўжо паўміралі і ляжаць на нашых могілках або ў Саколцы ці ў Беластоку, дзе пахавалі іх гарадскія ўжо дзеці (бо так ім зручней). Унукаў ды праўнукаў тых, якія пахаваны ў Востраве я, вядома, у большасці не ведаю.
Няма ўжо сярод жывых і бацюшкі Віталія Чыжэўскага. Ён – ураджэнец Паўночнага Вострава, амаль паўвеку праслужыў настаяцелем у далёкім Эльблонгу. Служыў перадусім для ўкраінскай дыяспары, пераважаючай у тамашнім прыходзе. Айцец Віталій нават па-ўкраінску гаварыць навучыўся – так у казаннях-пропаведзях, як і ў штодзённых кантактах з вернікамі. Але сябе ўвесь час адчуваў беларусам. Стараўся наведваць востраўскія могілкі кожны год і то нават два разы – на Провады і яшчэ ўлетку на Уладзімера, калі таксама асвяшчаюць у нас магілы.
Айцец Віталій запамятаўся мне з эмацыйных пропаведзей, калі плакучым голасам заклікаў берагчы родныя беларускія карані і праваслаўную веру. Сам, аднак, па-просту гаварыць перастаў. Шчыра перапрашаў сваіх землякоў, што, жывучы ў чужыне, забыў родную мову.
Царкоўка на нашых могілках даволі незвычайная. Пабудавана яна яшчэ на пачатку бурлівага дваццатага стагоддзя. Яе фундатарамі было бяздзетнае сужонства Грыбкоў. Ахвяравалі на гэта ўсё сваё поле. Царкоўка пабудавана ў імя святога князя Уладзімера, які звыш тысячы гадоў таму ахрысціў быў Русь. Фундатары ў падвале за царскімі варотамі пабудавалі таксама сабе гроб. Нібыта яны ў ім і пахаваны, раздзелены – паводле легенды – сценкай, бо нібыта жылі з сабою не цалкам згодна. Муж меў толькі пакінуць у сценцы невялікае акенца, каб „па смерці заглядаць часам да жонкі”.
Паводле іншай легенды фундатары-мужыкі ў 1915 годзе падаліся ў бежанства і ўжо не вярнуліся. Якая тут праўда, нядаўна можна было праверыць. Дбайны востраўскі настаяцель а. Аляксандр Клімук за ахвяры ад жменькі прыхажан, спонсараў (пераважна католікаў) ды перадусім за грошы з Еўрапейскага Саюза, канчае вось капітальны рамонт векавой царкоўкі. Усе працы праходзяць пад шчыльным наглядам кансерватара-захавальніка помнікаў. Трэба пахваліць, што царкоўка адноўлена як трэба. Гэта павінен быць прыклад для настаяцеляў іншых нашых прыходаў. Некаторыя з іх, на жаль, лёгкадумна пакалечылі традыцыйны архітэктурны выгляд сваіх праваслаўных храмаў. Найбольш коле вочы бліскучы жоўты колер купалаў, пакрытых „залатой” бляхай з нейкай гуты на Украіне. Адтуль, менавіта, усе што да аднаго прыходы яе прывозяць. Знаёмы бацюшка асабіста ездзіць у тую ж гуту купляць такую бляху і прывозіць яе ў рулонах у багажніку свайго самахода.
Калі ў час рамонта востраўскай царкоўкі работнікі знялі старую драўляную падлогу, адкрылі толькі пясок. Нікому не хацелася ўжо капацца ў ім, каб праверыць, ці глыбей ёсць гроб Грыбкоў, ці не. Наўрад ці стане калісь яшчэ вядомым, ці спачываюць яны там, ці не вярнуліся былі з бежанства.
Праходзячы на Провады па могілках, згледзеў я магілу, у якой пахаваны жыхар суседняга Астраўка, які пражыў ажно 107 гадоў. Памёр ён толькі два гады таму. Пэўна быў найдаўжэй жывучым з навакольнага насельніцтва. Гэты чалавек, якога, на жаль, я не ведаў, быў пэўна і ў бежанстве, пражыў войны і – не выязджаючы з Астраўка – жыў у некалькіх дзяржавах. Каля магілы з сучасным гладзенькім помнікам сустрэў я жанчыну, якая аказалася быць яго дачкаю. Загаварыў я да яе па-просту, але прыйшлося размаўляць па-польску. Жанчына ветліва расказала мне кораценька пра бацьку, які да апошніх сваіх дзён усё памятаў і памёр (у Беластоку), не злёгшы нават у ложак. Дачка шчыра шкадавалася, што не распытала ў яго пра гісторыю сям’і і сваёй малой бацькаўшчыны.
З нейкай трывогай цяпер думаю, якімі будуць Провады на востраўскіх могілках праз наступныя пятнаццаць гадоў. Наўрад ці будзе з кім апрача апошніх старэчаў загаварыць яшчэ па-свойму. Надмагільныя надпісы таксама ўжо пераважна на польскай мове. Векавыя камяні з вырытымі на іх кірылічнымі літарамі ўрастаюць забытыя ў зямлю. Так вось памалу памірае памяць пра адвечна рускае аблічча нашага тут кавалка зямлі. І падумаць толькі, што сваю мову і традыцыю збераглі мы нягледзячы на войны і жудасныя падзеі мінулых стагоддзяў, калі „жондзілі” намі розныя нацыі і дзяржавы – расіяне, немцы, палякі… І вось цяпер, у мірны і спакойны час, бязвольна і не перанімаючыся пакідаем найбольш асноўныя прызнакі сваёй тоеснасці. Не знойдзеш ужо на Беласточчыне такой мясціны, дзе на вуліцы нават у будні дзень не пачуеш польскай мовы. Бабулі і дзядулі да ўнукаў, якія наведваюць іх у выхадныя, па-свойму амаль не аказваюцца. Многія апусцелыя сялібы павыкуплялі прыезжыя і ўводзяць свае парадкі – на польскую, а то і „еўрапейскую” моду.
А я памятаю яшчэ, калі нават у Беластоку жывую беларушчыну можна было пачуць не толькі са сцэны фестывалю беларускай песні. А было гэта не так яшчэ і даўно, бо толькі чвэрць стагоддзя таму. Тады стаў я толькі жыць з сям’ёю на прыбеластоцкай Багноўцы і на аўтобусным прыпынку часта сустракаў пажылога дзядзьку, які быў родам з маёй Крыншчыны. Як ні дзіўна, ён гаварыў выключна па-свойму. Нават калі хтосьці звяртаўся да яго па-польску. І нікога гэта, памятаю, не здзіўляла.
І вось нядаўна, калі наведаў я іншыя – не востраўскія – могілкі, не мог паверыць сваім вачам, калі на адным гранітным помніку ўзгледзяў надпісы на… англійскай мове. Дзіка ненатуральна блішчаць там „Peter”, „Andrew” ці „Sophie” ў спалучэнні з тутэйшым прозвішчам тыпу „Kiryluk” ці „Stepaniuk”. Так вось увекавечаны продкі, якія пры жыцці гаварылі выключна па-свойму, а англійскай мовы мабыць і не чулі. Аказваецца, такое дзіва прыдумаў сын, які нядаўна пасяліўся ў Бельгіі ці Нарвегіі. Заказаў па бацьках новы помнік з англійскімі надпісамі, каб… унукі маглі прачытаць імёны сваіх дзядоў… Чагосьці такога, пэўна, нават і палякі яшчэ не прыдумалі.

Komentarze