Успаміны з 1995 г., Дзмітры Шатыловіч

us-032. Польшчa.

Эканамічная сітуацыя ў Польшчы ў 1995 г. не была добрая. У другой палове 1995 г. інфляцыя панізілася з 32,2 % у снежні 1994 г. да 27,8% у снежні 1995 г. Беспрацоўе панізілася з 15,2% у чэрвені толькі да 14,7 у снежні 1995 г., каб у студзені 1996 г. падняцца да 15,4%. А натуральны прырост пад канец 1995 г. панізіўся да 1,2 праміля.
Неразумным была лікідацыя ўладай усіх Дзяржаўных зямельных гаспадарак (PGR) рэнтабельных і нерэнтабельных. У 1989 годзе яны працавалі на 17,8 % агульнай ворнай плошчы зямлі ў сельскай гаспадарцы і год закончылі з прыбыткам. У 1990 г. працавала ў іх 325 тыс. працаўнікоў і год закончылі з прыбыткам 6 більёнаў старых польскіх злотых. (У 1980 г. – працавала ў іх нават 490,3 тыс. асоб). І толькі, калі працаўнікі гаспадарак пачулі, што чакае іх ліквідацыя і 19 кастрычніка 1991 г. быў уведзены закон аб ліквідацыі ўсіх Дзяржаўных зямельных гаспадарак, а іх маёнтак меў быць перададзены Агенцтву зямельнай уласнасці Дзяржаўнага казначэйства, яны панеслі страты 6.7 більёнаў старых злотых. Аднак і тады 368 гаспадарак выпрацавалі прыбытак. Тады працавала ў Дзяржаўных зямельных гаспадарках 193 тысяч працаўнікоў. Агенства Зямельнай уласнасці Дзяржаўнага казначэйства забрала ўсе 1666 Дзяржаўных зямельных гаспадарак. Працэс іх ліквідацыі закончыўся ў 1995 годзе. Апошняй ліквідаванай 30 лістапада 1995 г. Дзяржаўнай зямельнай гаспадаркай быў ,,Торфроль” у Познані. Ліквідацыя тых гаспадарак прывяла да абмежавання ці нават да спынення гадоўлі жывёлы, абмежавання расліннай прадукцыі ў дзяржаве. Многа людзей страціла працу і не маглі яе там дзе працавалі знайсці. У 1991 годзе колькасць беспрацоўных, якія падавалі астатняе месца працы як Дзяржаўная зямельная гаспадарка было 100 тысяч. Пасля рэструктурызацыі, калі нават знайшлі працу, то новыя ўласнікі агранічвалі працаўнікам сацыяльныя прывілеі, ліквідавалі чыгуначныя лініі, школы, аўтобусныя лініі, што павялічвала беспрацоўе. Пры ліквідацыі многа маёмасці раскралі і знішчылі, многія будынкі спустошылі. Гэта было одной з прычын незадаволеннасці з новай ўлады і прывяло да таго, што ў выбарах людзі галасавалі на прадстаўнікоў Сацыял-дэмакратычнай партыі і яны дайшлі да ўлады. Многія думалі, што яны зліквідуюць беспрацоўе і палепшаць іх жыццё.
Беспрацоўе родзіць злачыннасць, як ашуканства, крадзеж, напады, банды і алкагалізм, самагубствы, меншы натуральны прырост у дзяржаве і інншыя адмоўныя з’явы, якія пужалі людзей. Ды тыя, якія мелі ўладу, не турбаваліся тым, між імі цвіла карупцыя, многія з іх імкнуліся да лёгкай нажывы. Хутка паявіліся багацеі і армія бяздомных. Штодзень бачыў, як стаялі доўгія чэргі бяздомных за апалонікам дармовага супу ля Цэнтральнага чыгуначнага вакзала ў Варшаве. Газеты пісалі, што ў мароз многа бяздомных замярзала ў старых неабаграваных дамах у Варшаве і ішых гарадах, а хітрэйшыя бяздомныя ішлі спаць у цеплавыя тунэлі, дзе праходзілі трубы з цеплацэнтралі з гарачай вадой для абагравання дамоў.
У сувязі з тым, што ,,Энергапрект» ліквідаваў свой Дом адпачынку ў Свінавусці, я выкупіў ў гарадскім бюро на Пляцу МДМ у Варшаве 4 месцы ў доме адпачынку ў Крыніцы-Морской ля Балтыйскага мора ад 5 да 18 ліпеня для мяне і дачкі з двума сынамі. Мая жонка не захацела ехаць з намі. Дачка з сынамі прыехала да мяне 4 ліпеня, яны пераначавалі ў маёй кватэры і ранкам мы разам паехалі хуткім цягніком у Гданьск-Вжэшч, а потым аўтобусам у Крыніцу-Морскую і там у Доме адпачынку атрымалі два пакоі. У адным я спаў са старэйшым унукам, а у другім мая дачка Ірэна са сваім малодшым сынам. Дом адпачынку быў побач касцёла, у якім у нядзелю будзілі нас званы, і блізка парку, і метраў 50 ад марскога пляжа. Пляж быў пяшчаны. Гарадок Крыніца-Морская быў невялікі, тады належаў да Эльблонгскага ваяводства. Знаходзіцца ён 25 км на ўсход ад Гданьска на Віслянай касе, якая ляжыць паміж Гданьскай бухтай і Вісляным залівам. Пагода была сонечная, так што час нам там прайшоў вельмі хутка.
Недалёка ад Крыніцы-Морскай ляжаў былы нямецкі канцэнтрацыйны лагер Штутгоф, які немцы пабудавалі ў верасні 1939 г. і ў якім замучылі да мая 1945 г. больш чым 200 тысяч людзей з Еўропы. Многа людзей там згінула. Папала туды многа жыхароў з Варшавы пасля Варшаўскага паўстання 1944 г. 25 красавіка 1945 г. немцы стараліся вывезці вязняў на захад пры дапамозе караблёў і многа іх патанула ў моры. 12 сакавіка 1962 г. паўстаў там Музей Штутгоф у Штутаве, які мы пабачылі. Са старых аб’ектаў лагера стаялі тады там 4 баракі, будынак нямецкай камендатуры, крэматорый, газавая камера, дзе немцы газам атручвалі людзей, і агароджа старага лагера. 500 м. ад лагера на месцы, дзе немцы палілі целы памерлых і атручаных вязняў, стаіць Помнік Памяці Ахвяр.
18 ліпеня позна вечарам вярнуліся мы цягніком з Гданьска ў Варшаву, дачка з сынамі пераначавала у мяне на кватэры і 19 ліпеня яны вярнуліся у Беласток.
15-16 ліпеня, калі мы былі ў Крыніцы-Морскай, ля возера Жарнавецкага ў Чыманаве прайшоў першы ,,Прыпынак Вудсток”, які склікаў Ежы Аўсяк.
31 жніўня ліквідавалі апошнюю тралейбусную лінію ў Варшаве, якая праходзіла побач дома, дзе я жыву. Замянілі тралейбусы аўтобусамі, якія забруджваюць паветра.
11 верасня ў вугальнай шахце ,,Польшча Вірэк” у Рудзе Слёнскай ад асядання вугля згінула 5 шахцёраў, а чатырох жывымі выцягнулі з шахты пасля 5-ці сутак.
1 кастрычніка распачаўся ў Варшаве XIII Міжнародны Конкурс Піяністаў ім. Фрыдэрыка Шапена, закончыўся ён 22 кастрычніка. 1-шай узнагароды нікому не прызналі. 2-ую ўзнагароду далі французскаму піяністу Філіпу Гюсяну і рускаму піяністу Аляксею Султанаву, які не захацеў яе прыняць.
5 лістапада прайшоў першы тур выбараў прэзідэнта Польшчы, у якім бралі ўдзел 17 асоб. Найбольш галасоў атрымалі Аляксандар Квасьнеўскі (35,11 %) і Лех Валэнса (33,11%). Бралі ўдзел у галасаванні 64,7% выбаршчыкаў. Ніхто з іншых кандыдатаў не атрымаў нават 10% галасоў. Найбольш галасоў з іншых атрымаў Яцэк Курань. Трох кандыдатаў не атрымалі нават 0,2% галасоў. Кандыдатамі былі: Ян Альшэўскі, Вальдэмар Паўляк, Тадэвуш Зялінскі, Лех Качыньскі, Лешак Мачульскі, Ганна Гранкевіч-Вальц, артыст кабарэ Ян Петшак і іншыя. Да другага туру ўвайшлі Аляксандар Квасьнеўскі і Лех Валэнса.
19 лістапада прайшоў другі тур выбароў прэзідэнта Польшчы, у якім Аляксандр Квасьнеўскі атрымаў 51,72%, а Лех Валэнса 48,28% галасоў пры галасуючых 68,23% выбаршчыкаў. Вынікі выбараў паказалі, што ёсць тры групы грамадзян у Польшчы. Самая вялікая група незадаволеных з новай улады, якая выбрала на прэзідэнта А. Квасьнеўскага. Другая група гэта староннікі ,,Салідарнасці”, якія задаволены новай уладай і прэзідэнтам Л. Валэнсам і трэцяя група, якая маўчыць. Яна не галасавала, бо ёй не залежала, хто будзе прэзідэнтам дзяржавы, або не верыла, што нейкі з кандыдатаў палепшыць эканамічную сітуацыю ў дзяржаве. У сувязі з тым, што розніца між галасуючымі на Квасьнеўскага і на Валэнсу была невялікая, пачаліся пратэсты дугой групы і абвінавачванне ў фальсіфікацыі выбараў. Вельмі пратэставалі староннікі Радыё ,,Марыя”. Новым прэзідэнтам Польшчы стаў Аляксандр Квасьнеўскі.
1 снежня адыходзячы прэзідэнт Лех Валэнса ўзнагародзіў Уладыслава Барташэўскага ордэнам Белага Арла.
21 снежня міністр унутраных спраў Анджэй Мільчаноўскі паінфармаваў у Сейме, што з дакументаў атрыманых з Ведамства аховы дзяржавы вынікае, што Юзэф Алексы, які быў прэм’ер-міністрам Польскага ўрада, з’яўляецца супрацоўнікам расійскіх Спецыяльных служб пад псеўданімам ,,Олін”. Раней А. Мільчаноўскі на сустрэчы з прэзідэнтам Л. Валэнсам, а потым у Сейме абвінаваціў Юзэфа Алексага ў шпіёнскай дзейнасці для РФ. Быццам бы ён некалькі год быў шпіёнам перадаваў весткі рускаму рэзідэнту КДБ Алганаву, а пасля Якімішыну. Прэм’ер- міністр Ю. Алексы месяц пасля абвінавачання яго ў шпіянажы падаўся ў адстаўку з пасады прэм’ер-міністра і быў пасля выбраны шэфам Сацыял-дэмакратычнай партыі і ў сакввіку 1996 г. ваенны пракурор ануляваў яму абвінавачанне ў шпіянажы. Пасля смерці Юзафа Алексага ў 2015 г. Лех Валэнса сказаў, што ён не верыў Мільчаноўскаму, што Ю. Алексы быў шпіёнам, аднак тады не выступіў супраць яго абвінавачання.
22 снежня Лех Валэнса перастаў быць прэзідэнтам Польшчы і замяніў яго 23 снежня, прыняўшы прысягу, Аляксандр Квасьнеўскі.
23 снежня школьны карабель Ваеннага Флота ,,Іскра” пасля 158 дзён плавання акружыў зямны шар, пераплыўшы 706 марскіх міль.

Беларусь

У Беларусі пасля рэферэндума 14 мая хутка ўсюды змянілі дзяржаўныя сцягі і дзяржаўныя сімвалы, а руская мова стала важнейшайшай ад беларускай і прэзідэнт А. Лукашэнка ўзмоцніў эканамічныя сувязі з Расіяй, ад якой атрымаў хутка дапамогу: танны газ і нафту, і рускі выгадны рынак на беларускія тавары.Тады ў Беларусі было 10 мільёнаў і 177 тыс. жыхароў і між імі здольных да працы 5 мільёнаў і 672 тыс асоб, у эканоміцы працавала 4 міл. і 410 тыс. жыхароў. Прадукавала тады Беларусь менш тавараў, чым у савецкі перыяд у 1989 годзе. Напр. у 1989 г. Беларусь выпрадукавала 38.2 мільярдаў ватгадзінаў электраэнергіі, а ў 1995 годзе толькі 24,9 мільярдаў ватгадзінаў. Нават у 2013 годзе выпрадукавала Беларусь толькі 31,5 мільярдаў ватгадзінаў. Трактароў Беларусть у 1989г. выпусціла 106,7 тыс. шт., а ў 1995 г. 28 тыс. шт., грузавікоў у 1989 г. у Беларусі выйшла з фабрык 42,1 тыс. шт., а ў 1995 – 12,9 тыс. шт. Мінеральных угнаенняў у 1989 г. выпусцілі 6700 тысяч тон, а ў 1995г. – 3348 тыс. Тон. Толькі з расійскай нафты Беларусь выпрадукавала ў 1995 г. 131118 тыс. тон розных прадуктаў, якія высылала і прадавала заходнім дзяржавам.
Беларусь у 1989 годзе была ў лепшай эканамічнай сітуацыі, чым Польшча, мела меншую інфляцыю і не мела замежных даўгоў. У 1990 г. на Беларусі было два разы больш урачоў і два разы больш ложкаў у шпіталях, пералічваючы на жыхараў, чым у Польшчы. Каэфіцыент смяротнасці нованароджаных дзяцей на 1000 народжаных быў на Беларусі 25% ніжэйшы чым у Польшчы. У сувязі з тым, што на Беларусі не ўвялі гаспадарчых рэформ і тыя, якія пачалі ўводзіць, А. Лукашэнка затрымаў, то не бачачы на вялікую дапамогу Расіі, у 1995 г. эканамічная сітуацыя ў Польшчы была многа лепшая, чым у Беларусі. У Польшчы іфляцыя была многа меншая і была праведзена дэнамінацыя валюты, якой на Беларусі да сённяшняга дня не ўвялі. Толькі беспрацоўе на Беларусі было меншае чым у Польшчы, бо зарэгістравананае беспрацоўе ў 1994 г было 2,1 %, ў 1998 г – 2,3 %, а сапраўднае напэўна не было большым чым 6%.
12 верасня ў Брэсцкай вобласці выстраламі з верталёта Супрацьпаветранай аховы збілі паветраны шар, у якім ляцелі два амерыканскія спартоўцы, удзельнікі Міжнароднага чэмпіяната па паветранаму лятанні. Беларускія ўлады пасля апраўдваліся, што іх ніхто не паведаміў аб палёце шара.
29 лістапала прайшоў першы тур паўторных выбараў дэпутатаў Вярхоўнага Савета.
10 снежня прайшоў другі тур паўторных выбараў дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Для правамоцнасці новага складу Вярхоўнага Савета трэба было выбраць не менш чым 198 дэпутатаў і столькі выбралі. Болшасць месцаў у парламенце атрымалі камуністы і аграрнікі – 78 месцаў з 360, не лічачы беспартыйных. Старшынёй Вярхоўнага Савета выбралі аграрніка Сямёна Шарэцкага.

Расія

6 ліпеня ў Расіі ўвялі ,,валютны калідор”. ,,Валютны калідор” – гэта межы хістання валютнага курса, устанаўліваемыя як спосаб яго дзяржаўнага рэгулявання і падтрымлівання Цэнтральным банкам пры дапамозе пакупкі і продажу валюты. Дзяржава ўзяла на сябе абавязак утрымаць курс рубля да долара ў раней аб’яўленых межах. Спекулянты, іграючы на хістаннях валютных курсаў, выцягвалі з дзяржавы астатнія рублі. Каб затармазіць хістанні валютнага рынка, стабілізаваць сітуацыю, Цэнтральны банк увёў ,,валютны калідор”. ,,Валютны калідор” аб’явілі спачатку на квартал, потым на паўгода, а пасля на год. «Валютны калідор” уводзіцца, калі дзяржава не мае свабоднага капіталу ці мае вялікія замежныя і ўнутраныя даўгі.
9 ліпеня двух псіхічна хворых жыхароў Якуціі захапілі самалёт Іл-62 з 174 пасажырамі. Самалёт прызямліўся ў Нарыльску і быў узяты штурмам, тэрарыстаў арыштавалі і скіравалі іх у псіхічную бальніцу лячыцца.
30 ліпеня прадстаўнікі Чачні і Расіі падпісалі ў Грозным мірны дагавор.
3 жніўня расійскі самалёт Іл-76, які вёз амуніцыю цэнтралнай уладзе ў Кабуле быў змушаны прызямліцца ў Кандагары, дзе захапілі яго афганскія талібы.
24 жніўня заваліўся рынак міжбанкаўскіх крэдытаў і 28% расійскіх банкаў закончылі сваю працу.
3 верасня выляцеў у космас расійскі касмічны карабель ТМ-22 з касманаўтамі Юрыем Гідзенкам, Сяргеем Аўдзеевым і немцам Томасам Райтэрам. Карабель прыстыкаваўся да касмічнай станцыі ,,Мір” і вярнуўся на зямлю з трыма вышэйназванымі касманаўтамі 29 лютага 1996 г.
11 верасня прызямліўся касмічны карабель Саюз ТМ-21 з касманаўтамі Анатоліем Салаўёвым і Мікалаем Бударыным.
13 верасня невядомая асоба абстраляля ў Маскве з гранатомёта РПГ-26 пасольства ЗША. Ніхто не згінуў і не быў паранены, толькі будынак быў пашкоджаны. Праўдападобна абстраляў пасольства крымінальнік Уладзімір Татарэнкаў пратэстуючы супраць аперацыі ,,Абдуманая сіла”, за абстрэл самалётамі НАТА пазіцый баснійскіх сербаў.
24 верасня на мысе Стэрлінгава разбіўся верталёт Мі-8. Згінула 15 асоб.
14 кастрычніка тэрарыст Сургай захапіў аўтобус з 26 паўднёвакарэйскімі турыстамі ў Маскве на Васільеўскім спуску і патрабаваў 1 мільён долараў і гразіў узарваць аўтобус, калі не атрымае валюты. Падчас штурму тэрарыст быў забіты, а турысты не пацярпелі.
26 кастрычніка катастрофа самалёта Ан-32 на аэрадроме «Максімаўка» ў горадзе Уфа. Самалёт упаў і загарэўся. 7 асоб згінула, а 6 папала ў бальнніцу.
8 лістапада на сустрэчы міністраў абароны Расіі і ЗША ў Бруселе дайшло да згоды, што расійскае войска будзе браць удзел у многанацыянальных сілах у Босніі і Герцагавіне.
17 лістапада прайшоў першы закладны аўкцыён па 7 буйных прадпрыемстваў (Нарыльскі нікель, Заходня-Сібірскі металургічны камбінат, Паўночна-заходняе параходства і іншыя). Каб памагчы дзяржаве перамагчы бюджэтны дэфіцыт, яшчэ ў сакавіку буйныя банкіры запрапанавалі крэдытаваць уладу пад залог дзяржаўных пакетаў акцый найбольш цікавых прадпрыемстваў. Урад згадзіўся. Канструкцыя залогавых аукцыёнаў была тэхналагічна ўпісана ў палітычны графік. Банкіры пад залог актываў прадпрыемстваў да выбараў прэзідэнта ў 1996 годзе далі дзяржаве крэдыт, далі грошы патрэбныя дзяржаве, каб выплаціць бюджэтнікам плацы і пенсіі пенсіянерам. Калі пасля заканчэння дамоўленага тэрміну дзяржава не будзе ў змозе вярнуць аўкцыёнерам пазычаных грошай, то дзяржаўныя прадрыемствы стануць іх уласнасцю. Калі тэрмін прыйшоў пасля выбараў прэзідэнта было відна, што дзяржава не верне банкірам крэдыту. А палітыка прэзідэнта Б. Ельцына была такая: крэдыту ім не вернем і хай бяруць на ўласнасць дзяржаўныя прадпрыемствы. Так прыватызаваліся ўладай дзяржаўныя прадпрыемста. Так паўсталі ў Расіі алігархі.
6 снежня ў катастрофе самалёта Ту-134 пад Хабараўскам згінула 98 асоб.
10 снежня ў Чачні баевікі Саламана Радуева захапілі Гудэрмес, ды пры дапамозе авіацыі расіяне да 23 снежня выгналі іх з горада.
12 снежня пілатажная група ,,Рускія вітязі” ў складзе аднаго транспартнага самалёта Іл-76 і пяці СУ-27 пацярпелі катастрофу пры пасадцы ў в’етнамскім горадзе Камрань.
14 снежня чачэнскія баевікі Руслана Галаева захапілі Урус-Мартан і Ахой-Мартан. Аднак 20 снежня іх адтуль расіяне з чачэнскай міліцыяй выгналі. У аперацыі супраць Руслана Галаева брала ўдзел першы раз прарасійская чачэнская міліцыя.
14-17 снежня ў Чачні прайшлі выбары. Перад выбарамі сепаратысты заявілі, што не прызнаюць выбараў. У выбарах перамог Доку Заўгаеў, які атрымаў 90% галасоў выбаршчыкаў.
17 снежня прайшлі выбары ў Дзяржаўную Думу. Выбіралі па змешанай сістэме: палова дэпутацкіх мандатаў размеркавалася між партыямі, федэральныя спісы, якіх атрымалі болш чым 5% галасоў кожны, другая палова дэпутатаў выбіралася па мажарытарных акругах. У выбарах брала ўдзел 43 партыі. 5-працэнтны бар’ер перамаглі толькі 4 партыі: найбольш галасоў атрымала Камуністычная партыя Генадзія Зюганава (22,3% і 175 мандатаў), ЛДПР Жырыноўскага (11,2% і 51мандатаў), ,,Наш дом – Расія” (10,1% і 55 мандатаў) і ,,Яблако” (6,9% і 4 мандатаў).

Іншыя дзяржавы

6-13 ліпеня войска Рэспублікі Сербскай у Босніі захапіла Срэбраніцу. Пачынаецца этнічная чыстка мусульман у Срэбраніцы. Многа мусульман было забітых.
10 ліпеня ў Бірме (сёння называецца М’янма) была вызвалена з дамашняга арышту (арыштаваная ў ліпені 1989 г.) лідар апазіцыі Аун Сан Су Джы. 10 кастрычніка аднавілі ёй пасаду генеральнага сакратара Нацыянальнай лігі за дэмакратыю.
10 ліпеня папа рымскі Ян Павеп ІІ ў спецыяльным пасланні жанчынам прызнаў, што каталіцкі касцёл на працягу многіх год іх дыскрымінаваў.
11 ліпеня ЗША і В’етнам аднавілі поўныя дыпламатычныя адносіны.
13 ліпеня наступіў 70-ты старт (STS-70) па праграме Спейс шатл і 21 палёт шатла ,,Дыскаверы” з касманаўтамі Тэрэнсам Хенрыксам, Кевінам Крэгелям, Ненсі Кур’е, Дональдам Томасам і Мэры Узбер. Вывязлі яны на арбіту ў космас тэлескоп. Вярнуліся на зямлю 22 ліпеня.
14 ліпеня баснійскія сербы пачалі атакі на зону бяспечнасці ў Зепе на ўсходзе Босніі і Герцагавіны і захапілі горад 25 ліпеня.
18 ліпеня пачаліся ў Кіеве хваляванні пры пахаванні патрыярха Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхата Уладзіміра (Раманюка), якога хацелі пахаваць у Сафійскім саборы. Не згадзілася на гэта Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхата. Пахавалі яго побач Сафійскага манастыра.
20 ліпеня баснійскія сербы і іх саюзнікі пачалі наступаць на зону бяспечнасці ў Біхачы на паўночным захадзе Босніі і Герцагавіны. 27 ліпеня Харватыя ўвяла свае войска ў Боснію і Герцагавіну, каб адцягнуць сербскае войска ад Біхача.
21 ліпеня Кітай праводзіць да 26 ліпеня ракетныя выпрабаванні блізка Тайваня.
24 ліпеня Міжнародны Крымінальны Трыбунал для былой Югаславіі абвінаваціў правадыроў баснійскіх сербаў Радавана Караджыча і Ратка Младзіча ў генацыдзе, у злачынстве супраць чалавецтва і ў ваенным злачынстве.
25 ліпеня наступіў тэрарыстычны акт у Парыжскім метро. На станцыі Сен-Мішэль наступіў выбух газавага балона. Згінула 8 асоб, а 117 асоб было параненых.
25-30 ліпеня ў аперацыі ,,Лета 95” пачаўся наступ харвацкіх і баснійскіх вайсковых сіл супраць войска Сербскай Рэспублікі ў Босніі і Герцагавіне.
26 ліпеня прадстаўнікі 15 дзяржаў Еўрасаюза падпісалі Канвенцыю стварэння Еўрапола – арганізацыі, якая мае каардынаваць дзейнасць паліцыі дзяржаў Еўрасаюза па барацьбе са злачыннасцю.
28 ліпеня змянілі ў Індыі назву горада Бамбей на Мумбаі.
30 ліпеня прадстаўнікі Чачні і Расіі падпісалі ў Грозным мірнае пагадненне.
4-9 жніўня ў аперацыі ,,Бура” Армія Харватыі і афіцыйна прызнаныя баснійскія ўлады ліквідуюць Рэспубліку Сербская Краіна і Рэспубліку Заходняя Боснія. Выганяюць адтуль 250 тысяч сербаў. Харватыя стала маналітнай дзяржавай. 5 жніўня харваты захапілі горад Кнін. Дзень захопу Кніна святкуюць у Харватыі як Дзень перамогі.
8 жніўня ў горадзе Двор на Уне харвацкая авіацыя бамбіла і забіла злачынна многа безабаронных сербаў, выгнаных з Краіны, якія ўцякалі на ўсход у Югаславію.
9 жніўня ў катастрофе самалёта Боінга 736 у Сальвадары згінула 65 асоб.
17 жніўня ў Парыжы ля Трыумфальнай аркі ад выбуху падложэнага тэрарыстам газавага балона было параненых 17 асоб.
20 жніўня ў індыйскім горадзе Феразабад сутыкнуліся два цягнікі. Згінула 305 пасажыраў, а 344 было параненых.
28 жніўня ў Сараеве ад выбуху снарада (выстрэленага сербамі) на рынку Маркале згінула 35 асоб, а 85 было параненых.
30 жніўня пасля адмовы баснійскіх сербаў забраць цяжкае ўзбраенне з-пад Сараева войска НАТА і ААН пачалі ваенную аперацыю ,,Абдуманая сіла” супраць Рэспублікі Сербскай, бамбілі сербаў да 14 верасня.
30 жніўня у Грузіі ў Тбілісі быў замах на Эдуарда Шэварнадзе: ля парламенцкага гаража выбухла машына ,,Ніва”. Шэварнадзе быў лёгка паранены.
3 верасня ў Парыжы на бульвары Рэшар-Ленуар выбухла бомба падложаная тэрарыстам, якая раніла 4 асобы.
4 верасня ў Японіі абвінавацілі трох амерыканскіх салдат у згвалтаванні на Акінаве дванаццацігадовай дзяўчынкі. Пачаліся пратэсты і дэманстрацыі жыхароў Японіі супраць прысутнасці амерыканскіх салдат у Японіі.
5 верасня Францыя правяла выпрабавальны ядзерны выбух на атоле Муроў у паўднёвай частцы Ціхага акіяна. Пачаліся масавыя пратэсты на Таіці і ў іншых раёнах Ціхага акіяна.
7 верасня наступіў 71 старт (STS-69) па праграме Спейс шатл і 9 палёт шатла ,,Індэвор” з касманаўтамі Дэвідам Уокерам, Кенетам Какрэлам, Джэймсам Восам, Джэймсам Ньюманам і Майклам Гернхардам. Касманаўты вярнуліся на зямлю 15 верасня.
8 верасня ў Швейцарыі ў Жэневе прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Германііі, Расіі, ЗША, Францыі і міністры замежных спраў Босніі і Герцагавіны, Харватыі і Югаславіі згадзіліся з асноўнымі прынцыпамі мірнага дагавору між ваюючымі ў Босніі. 26 верасня ў Нью-Йорку міністры замежных спраў дапрацавалі дакумент мірнага дагавору.
8-22 верасня баснійскае войска пачало наступ у заходняй і цэнтральнай частцы Босніі і Герцагавіны на сербаў і адабралі ў іх 20% іх тэрыторыі. Сербы сталі кантраляваць толькі 50% тэрыторыі Босніі і Герцагавіны.
9 верасня ў Калумбіі ля Макарэна разбіўся самалёт CASA 212 Aviocar 200, згінула 21 асоба.
15 верасня прэзідэнт Казахстана дае загад перанесці сталіцу дзяржавы з Алма-Аты ў паўночны горад Акмолу.
15 верасня ў Тавау ў Малайзіі разбіўся самалёт Фокер 50. Згінула 34 асобы.
21 верасня разбіўся самалёт АН-24РВ ля Мурэна ў Манголіі. Згінула 42 асобы.
22 верасня ў Акорыджу на Алясцы ў рухавік самалёта Боінга Е-3А ВВС, ЗША трапляюць птушкі. Самалёт упаў, разбіўся і загарэўся. Згінула 24 асобы.
25 верасня прэм’ер-міністр Ізраіля Іцхак Рабін і старшыня ОВП Ясір Арафат падпісалі ў Вашынгтоне згоду на паўстанне Палестынскай Аўтаноміі на Заходнім беразе ракі Іардан.
30 верасня – 1 кастрычніка ў выбарах у Латвіі найбольш мандатаў (18 у 100-мандатным парламенце) атрымала Дэмакратычная партыя ,,Саймніекс”.
4 кастрычніка ў Барскаун ў Кіргізіі верталёт Мі-8 кампаніі Кіргізія Аба Зоольдору разбіўся ў гарах. Згінула 15 асоб.
6 кастрычніка ў Парыжскім метро ў раёне станцыі Мезон-Бланш ад выбуху тэрарыстычнай бомбы было параненых 13 асоб.
12 кастрычніка закончылася вайна ў Босніі і Герцагавіне на 160 дзён.
15 кастрычніка на выбарах прэзідэнта ў Іраку Садам Хусейн атрымаў 99,96% галасоў.
16 кастрычніка ў Вашынгтоне прайшоў ,,марш мільёна чалавек”, арганізаваны Лоісам Фаракханам, лідарам арганізацыі ,,Страчаная і знойдзеная ісламская нацыя”. Л. Фаракхан прызываў 837 тысяч неграў-мужчын удзельнічаючых у маніфестацыі да маральнага і духоўнага абнаўлення і абвінаваціў белых у расізме.
17 кастрычніка ад тэрарыстычнага акта у Парыжскім метро было параненых 29 асоб.
18 кастрычніка Украіна ўступіла ў Савет Еўропы.
20 кастрычніка наступіў 72 старт (STS-73) па праграме Спейс шатл і 18 палёт шатла ,,Калумбія” з касманаўтамі Кенетам Боуэрсаксам, Кенетам Ромінджэрам, Катэрынай Коулман, Майклам Лопез-Алегрыа, Кетрынай Торнтон, Фрэдам Лесліе і Альбертам Сакам. Касманаўты вярнуліся на зямлю 5 лістапада.
23 кастрычніка ў Нью-Йорку прайшло расійска-амерыканскае спатканне прэзідэнтаў. Б. Ельцын згадзіўся, каб расійскія салдаты бралі ўдзел у аперацыях у Босніі і Герцагавіне разам з салдатамі дзяржаў НАТА.
28 кастрычніка ў пажары ў метро ў Баку згінула 300 асоб.
1 лістапада ў авіябазе Райт-Патэрсон у Дайтоне ў штаце Огайа, ЗША пачаліся мірныя перагаворы паміж прадстаўнікамі ваюючых ў Босніі і Герцагавіне. Дэлегацыі ўзначальвалі Алія Ізбеговіч – прэзідэнт Босніі, Франьо Туджман – Харватыі і Слабодан Мілашэвіч – прэзідэнт Югаславіі. С. Мілашэвіч прадстаўляў таксама баснійскіх сербаў.
4 лістапада ў Тэль-Авіве быў забіты прэм’ер-міністр Ізраіля Іцхак Рабін. Забіў яго габрэй, студэнт Юрыдычнага факультэта Ігаль Амір, за згоду прэм’ера вярнуць зямлю палестынцам.
7 лістапада прайшлі прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ў Грузіі. Прэзідэнтам стаў Эдуард Шэварнадзе, а ў парламенцкіх выбарах большасць мандатаў атрымала партыя Э. Шэварнадзе ,,Саюз Грамадзян Грузіі”
9 лістапада ў Аргенціне ля горада Луяба разбіўся самалёт Fokker F-27 Friendship кампаніі Lineas Aereas del Estado. Згінула 53 асобы.
12 лістапада наступіў 73 старт (STS-74) па праграме Спейс Шатл і 15 палёт шатла ,,Атлантыс” з касманаўтамі Кенетам Камеронам, Джэймсам Холселам, Крысам Хелфілдам, Джэрым Росам і Уільямам Макартурам. ,,Атлантыс” 15 лістапада прыстыкаваўся да расійскай касмічнай станцыі ,,Мір” і 18 лістапада адстыкаваўся, а вярнуўся на зямлю 20 лістапада.
12 лістапада сербскія лідэры згадзіліся аддаць Харватыі Усходнюю Славенію.
12 лістапала ў Табакасаўхозе Крымскага раёна казакі Новаўкраінскага курэня і баркашоўцы пад кіраўніцтвам атамана курэня Барыса Ястрэба, зрабілі пагром туркаў месхетынцаў. Адна жанчына масхетынка памерла ад ран.
13 лістапада ад выбуху двух грузавікоў на стаянцы аўтамабіляў паблізу цэнтра падрыхтоўкі амерыканскімі спецыялістамі саўдыйскай народнай гвардыі ў Рыядзе згінула 7 асоб, між імі 5 амерыканцаў, а 60 асоб было параненых.
2 снежня на арбіту вакол зямлі выпусцілі амерыканска-еўрапейскі зонд СОГО.
3 снежня ў катастрофе камерунскага самалёта Боінга737 у Камеруне згінулі 72 асобы.
5 снежня ў катастрофе азербейджанскага самалёта Ту-134В ля Нахічавана згінула 54 асобы.
7 снежня зонд Галілеа даляцеў да планеты Юпітэр.
14 снежня себскі прэзідэнт Слабодан Мілошавіч, баснійскі прэзідэнт Алія Ізетбегавіч і прэзідэнт Харватыі Франьо Туджман падпісалі ў Парыжы Дэйтонскае пагадненне, якое закончыла вайну ў Босніі і Герцэгавіне.
18 снежня ў катастрофе самалета Lockheed L-188C у Анголе згінула 141 асоба.
20 снежня ў катастрофе амерыканскага самалёта Боінга 757 у гарах у Калумбіі згінула 160 асоб.
24 снежня была прынята канстытуцыя ў рэферэндуме ў Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспубліцы.

Працяг будзе ■

Komentarze

  1. rOjwZa This is really interesting, You are a very skilled blogger. I ave joined your feed and look forward to seeking more of your great post. Also, I ave shared your website in my social networks!