Успаміны з 1993 г., Дзмітры Шатыловіч

us-03Польшчa.

У ліпені быў гатовы да друку мой другі зборнік вершаў ,,Маё Падляшша”. Віктар Швед перапісаў усе мае вершы на друкавальнай машынцы, якую ён раней купіў на Беларусі, напісаў уступ „Адгэтуль мы родам”, я запраектаваў вокладку зборніка

і занёс гатовы зборнік у Галоўнае Праўленне БГКТ, дзе старшыня ГП БГКТ Ян Сычэўскі згадзіўся, каб зборнік выйшаў у Выдавецтве ГП БГКТ і ў ліпені зборнік быў перасланы ў ,,Ортдрук” у Беластоку на вул. Антанюк Фабрычны 13 да друку.
5 ліпеня ўрад Польшчы ўвёў новы падатак ад вартасці дададзенай тавараў (VAT).
9 ліпеня ў катастрофе планёра ў Варшаве згінуў пілот.
10 ліпеня прыехаў да нас неспадзявана ў госці з Сарнаў на Украіне траюрадны брат па бацьку маёй жонкі Ніны, Алег Піхно, якога яна ніколі не бачыла. Наш адрас ён атрымаў ад дваюраднай сястры па матцы Ніны ў Сарнах, Тамары Панько, да якой мы ездзілі ў 80-тых гадах. Матка бацькі маёй жонкі была сястрой яго дзеда.
Ніна добра ведала дзеда Алега, двараніна Аркадзія Карлавіча Арлоўскага, які каля Сарнаў меў значны маёнтак. Маёнтак гэты называлі Арлоўкай. Аркадзій быў у Сарнах пры Польшчы старшынёй Рускага Таварыства. Ён перадаў бясплатна праваслаўным грамадзянам у Сарнах вялікі кавалак лесу на могілкі, на якім пасля пабудавалі вялікую драўляную праваслаўную царкву, у якой я з жонкаю некалькі раз былі. На гэтых могілках пахавалі ў 1938 г. Аркадзія і пасля іншых сваякоў Ніны.
Ніна добра знала жонку Аркадзія Арлоўскага, Анастасію, якая была яе хроснай маткай і добра знала іх дачку Таццяну і яе мужа, былога белагвардзейца Пятра Піхно, бацьку Алега. Алег нарадзіўся пазней і яго ніколі Ніна не сустрэла. Толькі чула, што ў Таццяны і Пятра Піхно ёсць сын Алег. Ніна была часта перад вайной у вялікім прыгожым доме Арлоўскіх, у ім памерла яе хворая матка. Ездзіла яна з імі не раз прыгожай карэтай з коньмі ў царкву. Ды калі пачалася вайна, перастала
з імі сустракацца.
Калі ў верасні 1939 г. прыйшла ў Сарны Чырвоная Армія, Пётр Піхно з жонкай Таццянай і малым сынам Алегам пакінулі дом, маёнтак і мёртвы і жывы інвентар ля дома ў Сарнах і ўцяклі ў Люблін у акупаваную немцамі Польшчу, а Анастасію прыняла да сябе ў дом нейкая яе добрая сяброўка ў Сарнах і савецкія ўлады ёй не цікавіліся. Тады мая жонка толькі сустракала часта сваю хросную матку ў царкве ля чыгуначнага вакзала ў Сарнах. Калі прыйшлі немцы ў чэрвені 1941 г., Пётр з сям’ёй вярнуўся з Любліна і разам з Анастасіяй занялі свой разбураны савецкімі салдатамі дом. Тады ўжо мая жонка да іх не ездзіла.
Калі Чырвоная Армія зноў з’явілася ў 1944 г., Пётр Піхно быў хворы і не ўцёк на захад. І жылі яны амаль год у сваім доме. І раптам нечакана, як расказваў Алег, прыехала ў іх дом група працаўнікоў НКУС, калі Пётр Піхно ляжаў хворы і загадалі яму ўстаць з ложка і ісці з імі. Ён адказаў, што не мае сілы. Тады яны прынеслі
з машыны насілкі і яго на іх палажылі, вывезлі яго ў лес і без суда яго там расстралялі і засыпалі зямлёй. Праз месяц прыехалі другія савецкія працаўнікі НКУС, забралі і вывезлі ў ГУЛАГ дзесь за Маскву старую Анастасію, яе дачку Таццяну з сынам Алегам. Там адабралі сына матцы і аддалі яго ў нейкі дзетдом. Быў ён у ім больш чым год, пакуль іх знаёмая бяздзетная настаўніца з Сарнаў не выцягнула яго адтуль. Забрала яна яго ў Сарны да сябе і яго выхавала. Анастасія і Таццяна хутка памерлі ў ГУЛАГу ад голаду.
Калі мы былі ў Сарнах, жонка мне паказала месца, дзе стаяў калісь дом, пуня і хлявы Арлоўскіх. Тады там ужо не было нічога, стаялі там толькі высокія дрэвы.
У Варшаве я паказаў Алегу горад, варшаўскія базары, дзе ён нешта купіў, пазнаёміў яго з знаёмым суседам – украінцам Сахацкім з Сарнаў, якога ў час вайны забралі ў польскую армію і ён ажаніся тут з полькаю і блізка мяне тады жыў у Варшаве.
18 ліпеня Алег аўтобусам з Варшавы вярнуўся ў Сарны. У Сарнах ён тады працаваў у расліннай даследчай станцыі, меў жонку і двух дарослых сыноў.
24 ліпеня польскі ўрад парафіраваў канкардат між Польшчай і Ватыканам.
6 жніўня выехаў з Польшчы з Рэмбертава пад Варшавай апошні савецкі ваенны атрад сувязі.
10 жніўня трох злачынцаў напалі на канвой, які вёз грошы для працаўнікоў Сважэндзкай Фабрыкі Мэблі ля Познаня і зрабавалі 5,5 мільярдаў польскіх злотых. Хутка іх выкрыла міліцыя і знайшла большасць украдзеных грошай. Аднаго злачынцу засудзілі на 8 год турмы, а двух другіх на 7 гадоў.
11 жніўня гарадскія правы атрымалі Карфантаў, Мушынец, Пяскі і Тыкоцін.
15 жніўня пачала працаваць у Польшчы першая камерцыйная польская тэлевізія ,,Польсат”.
Ад 16 да 30 жніўня я выкупіў у ,,Энергапраекце” два пакоі ў Доме адпачынку ў Свінавусці для сябе, жонкі, двух унукаў з Беластока. Аднак бацька ўнукаў меў іншыя планы, не захацеў выслаць сваіх сыноў. Тады мы запрасілі, каб паехала з намі наша добрая знаёмая Ніна Cтахавяк, у якой у 1992 г. памёр муж. Яна згадзілася паехаць з намі і вярнуць нам суму грошай, якую мы заплацілі за другі пакой. І мы 15 жніўня разам селі ў Варшаве ў спальны вагон і 16 жніўня ранкам былі ў Доме адпачынку ..Энергапраекта” ў Свінавусці.
Ніна Стахавяк, дзявічае прозвішча Мантур, нарадзілася ў Станцыі Нурэц. Там жылі яе бацькі. Яна праваслаўная, ды мужа мела католіка-атэіста, які згадзіўся ўзяць з ёй шлюб у праваслаўным саборы ў Варшаве, ды не згадзіўся пасля ахрысціць свайго сына ні ў царкве, ні ў касцёле. Ды жонцы не бараніў хадзіць у царкву. Да пенсіі працаваў ён дырэктарам-юрыстам у Вярхоўнай Палаце Кантролю (NIK). Па смерці яго пахаваў на каталіцкіх могілках каталіцкі ксёндз.

У Свінавусці надвор’е было цёплае, сонечнае, так што час прыемна нам прайшоў ля мора, а пад канец жніўня выкупілі мы ў Свінавусці экскурсію ў Данію ў Капенгаген. Выехалі мы 27 жніўня ноччу турыстычным аўтобусам са Свінавусця, хутка пераехалі нямецкую граніцу і ранкам у Гамбургу пераселі ў прыгожы крыты паром, на якім далі нам снеданне і які давёз нас да берага Капенгагена, які ляжыць на беразе вострава Зеландыя.
Капенгаген першы раз успамінаецца ў запісе ў 1043 г., як рыбацкая вёска. І толькі ў 1167 г. пачалі будаваць там крэпасць і ў 1254 г атрымаў ён гарадскія правы, а ў 1443 г. стаў каралеўскай сталіцай Даніі.

Выйшлі мы з парома і затрымаліся на беразе мора пры статуі сірэны, пакуль не пад’ехаў аўтобус, які павёз нас у горад пад парк Тывалі ў Музей Васковых Фігур Мадам Тусо, якая праславілася музеем васковых фігур Луі Тусо ў Лондане. У музеі знаходзілася больш чым 200 васковых фігур пастаўленых ў васьмі розных секцыях. Аглядзелі мы васковыя фігуры вялікіх палі-
тыкаў, музыкантаў, артыстаў фільмаў, асоб фіктыўных, вядомых з розных казак. Аддзельна паказалі слаўных датчан.
Была там васковая фігура прэзідэнта Польшчы Леха Валэнсы. Калі ён перастаў быць прэзідэнтам, то рэдактар часопіса ,,Не” Ежы Урбан за 1000 дол. ЗША у 1996 г. выкупіў у музеі яго васковую фігуру, прывёз у Варшаву і вазіў яе кабрыялетам па горадзе і паказваў.
Усе гэтыя васковыя фігуры стаялі на першым паверсе, бо ў падвале была выстава пад назвай «Horror», што значыць жах. Там была выстаўка вобразаў звязаных з жахамі, якія размясцілі ў некалькіх пакоях. У іх быў змрок, чуць было страшныя піскі і крыкі, ды наўкол кружыліся цені духаў, зданяў, вампіраў, прывідаў. У адным пакоі стаяў гільяцін і паказвалі, як ён зрэзвае галаву французскай каралеве Марыі Антаніне. Наўкол непрыемна пахла.
І гэты музей васковых фігур і жахаў быў у 2007 годзе закрыты. Яго цяпер там няма. Цяпер можам пісаць толькі, што ён быў. Ён застаўся як успамін. Маю з яго некалькі фотаздымкаў, якія я тады зрабіў.
Калі мы выйшлі з музея і падышлі да нашага турыстычнага аўтобуса, то Ніна Стахавяк пабялела на твары і стала кепска сябе адчуваць. Вызвалі хуткую дапамогу і забралі яе ў бальніцу. Мажліва, што жахі, якія пабачыла, яе напужалі. Мы паехалі ў Парк Тывалі, у якім кружыліся высокія каруселі, з якіх аглядалі мы панараму горада. І тады падышла да маёй жонкі наша дзяўчына-гід і сказала ёй, што Ніна Стахавяк у бальніцы просіць яе, каб яна да яе прыехала. І забрала маю жонку ў бальніцу. З парку мы паехалі без маёй жонкі у Дацкую Нацыянальную Галерэю ў галоўны музей мастацтва ў Даніі. Яго калекцыя прысвечана мастацтву Даніі і ўсяго свету, асабліва мастацтву Заходняй Еўропы пасля 14-га стагоддзя. Віселі там карціны Мантэньі, Тыцыяна, Рубенса, Гійсбрэхтса, Абільгарда, Хамерскай, Вілумсэна, Нольдэ, Лемерца і карціны з дацкай калекцыі, Экерсберга і Кобке.
Пасля абеда ў сталовай завезлі нас на пляц перад каралеўскім палацам Даніі, пабачылі мы там гадзінны парад каралеўскай гвардыі ў цёмна-сініх касцюмах і ў шапках з мядзведжай скуры.
Пасля прайшлі мы па цэнтры горада з гідам і аглядзелі там цікавыя помнікі і фантаны Капенгагена. Пад канец экскурсіі прывезлі маю жонку і Ніну Стахавяк і паромам, на якім мы з’елі вячэру, вярнуліся ў Гамбург. Там чакаў нас аўтобус, які завёз нас у Дом адпачынку ў Свінавусці. 29 жніўня вечарам селі мы ў спальны вагон цягніка Свінавусце – Варшава і ранкам 30 жніўня былі мы ў сябе дома.

24 жніўня, калі мы былі ў Свінавусці, то з афіцыйным візітам прыехаў у Варшаву прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Барыс Ельцын.
5 верасня ў пажары трамвайнага дэпо ў Грудзёндзу згарэла 11 трамваяў.
8 верасня ў катастрофе трамвая ў Познані згінула 7 асоб, а 50 асоб было параненых.
14 верасня на аэрадроме Варшава-Акэнце разбіўся пры пасадцы нямецкі самалёт Люфтгансы А320. Згінула толькі 2 асобы, а 45 было параненых.
17 верасня астатнія салдаты з Паўночнай Групы Расійскай Арміі выехалі з Польшчы.
19 верасня прайшлі ў Польшчы выбары ў Сейм і Сенат. У выбарах брала ўдзел 52,1% выбаршчыкаў. Найбольш мандатаў атрымаў Саюз Левых Дэмакратаў (SLD) – 171, Польская Народная Партыя (PSL) – 132, Дэмакратычная Унія (UD) – 74.
2 кастрычніка гарадскія правы атрымалі Глінаецк і Борнэ-Сулімова.
13 кастрычніка паўстала кааліцыя між SLD i PSL.
14 кастрычніка маршалкам сейма стаў Юзэф Алексы, а намеснікамі маршалка: Юзэф Зых,Ольга Кшыжаноўска і Аляксандр Малахоўскі. Маршалкам сената стаў Адам Струзік, а намеснікамі: Рышард Чарны, Зофія Куратоўска і Стэфан Юрчак.
26 кастрычніка сейм выбраў Вальдэмара Паўляка прэм’ерміністрам урада.
9 лістапада Александр Кваснеўскі стаў старшынёй Канстытуцыйнай Камісіі Народнага Схода.
Хаця інфляцыя ў Польшчы за год паменшылася з 43 % у 1992 г. да 35,3 % пад канец 1993 г., то беспрацоўе далей расло: у ліпені было 15,4 %, а пад канец снежня дайшло да 16,4 %. Можа гэта было прычынай таго, што партыя Саюз Левых Дэмакратаў атрымаў у выбарах найбольш галасоў.

Беларусь

У ліпені Беларусь афіцыйна далучылася да Дагавору аб Нераспаўсюджванні Ядзернай Зброі і стала першай дзяржавай, якая дабраахвотна адмовілася ад мажлівасці валодання ядзернай зброяй, якая асталася па распадзе СССР. Сваёй адмовай Беларусь палажыла пачатак працэсу ядзернага раззбраення на постсавецкай тэрыторыі для міра і бяспекі. Тады Вялікабрытанія, Расія і ЗША далі Беларусі гарантыі бяспечнасці запісаныя ў Будапешцкім мемарандуме 5 снежня 1994 г.
24 ліпеня Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь пастанавіў выключыць з абароту банкноты СССР і Расійскай Федэрацыі з 1961-1992 гадоў. Гэта пастанаўленне было замацaвана рашэннем Пленума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 25 ліпеня 1993г. Выключаныя банкноты абмянялі на банкноты Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь. Таму банкноты Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь, якія грамадзяне назвалі ,,зайчыкамі”, сталі адзінымі законнымі банкнотамі на тэрыторыі рэспублікі.
7 верасня Рэспубліка Казахстан, Рэспубліка Арменія, Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Узбекістан і Рэспубліка Таджыкістан падпісалі Пагадненне аб практычных спосабах для стварэння рублёвай зоны новага тыпу.
У Вярхоўным Савеце Беларусі адбываюцца дэбаты наконт пасады прэзідэнта.
Ствараецца першае прыватнае радыё «Бі-Эй». У сувязі з высокай інфляцыяй, дзякуючы перагоншчыкам беларусы пачынаюць актыўна купляць заходнюю валюту.

Расія

1 ліпеня наступіў старт касмічнага карабля ,,Саюз ТМ-17” з касманаўтамі Васілём В. Цыбліявым, Аляксандрам А. Серабровым і з французам Жан-Пьерам Эньгрэ. Прыстыкаваліся яны да касмічнай станцыі ,,Мір” і былі ў космасе 196 дзён. Вярнуліся на Зямлю 14 студзеня 1994 г.
13 ліпеня ў Таджыкістане ў баях на 12-ай заставе Маскоўскага пагранічнага атрада згінула 25 расійскіх пагранічнікаў.
Ад 26 ліпеня да 7 жніўня прайшла грашовая рэформа, сталі важнымі толькі рублі, якія выпусцілі ў 1993 годзе.
19 жніўня прэзідэнт Б. Ельцын заявіў, што дзеянне Вярхоўнага Савета пагражае бяспецы Расіі.
3 верасня ў Масандры Б. Ельцын і Л. Краўчук падпісалі пратакол аб урэгуляванні нязгоды на тэму Чарнаморскага флота
6 верасня пачалася забастоўка шахцёраў у 119 шахтах.
21 верасня прэзідэнт Б. Ельцын выдаў указ № 1400 аб роспуску З’езда народных дэпутатаў і Вярхоўнага Савета і назначыў новыя выбары ў Дзяржаўную Думу на 11-12 снежня 1993 г., прызнанне Савету Федэрацыі функцыі палаты Федэральнага сходу. Гэтым нарушыў ён 121,6 артыкул Канстытуцыі. Сабраўся тады адразу Прэзідыум Вярхоўнага Савета і пацвердзіў гэта. З’езд народных дэпутатаў ацаніў паступак Б. Ельцына як дзяржаўны пераварот і пастанавіў адабраць яму паўнамоцтвы прэзідэнта, а паўнамоцтвы прээзідэнта прыдзяліў А. В. Руцкому. Б. Ельцын не згадзіўся з гэтай пастановай і далей працаваў.
23 верасня Б. Ельцын выдаў Указ аб назначэнні датэрміновых выбараў прэзідэнта на 12 чэрвеня 1994 г.
і даў загад блакады будынка Вярхоўнага Савета РФ
27 верасня Белы Дом у Маскве, дзе знаходзіўся Вярхоўны Савет Расійскай Федэрацыі, акружыла войска, а раней адключылі ад яго тэлeфоны, ваду і электраэнергію.
2 кастрычніка наступіла сутыкненне прыхільнікаў Вярхоўнага Савета РФ з міліцыяй і АМОНам на Смаленскім пляцы ў Маскве.
3 кастрычніка наступіла збройная асада тэлекампаніі ,,Астанкіна”, увядзенне надзвычайнага палажэння ў Маскве Б. Ельцыным і ён уводзіць Указ аб адстаўцы А. В. Руцкога з намесніка прэзідэнта. У Маскву ўвялі войска вернае прэзідэнту, пачынаецца расстрэл Белага Дома, дзе знаходзіцца Вярхоўны Савет.
4 кастрычніка танкі Таманскай дывізіі пачалі страляць па Беламу Дому і пачынаецца яго штурм, З’езд і Вярхоўны Савет разагналі пры дапамозе зброі і танкаў. Арыштавалі А. Руцкога і Р. Хасбулатава.
7 кастрычніка пост №1 у Маскве перанеслі з Маўзалея Леніна на магілу Невядомага салдта.
25 кастрычніка паўстаў блок дэмакратычнай апазіцыі Яўлінскі-Болдыраў-Лукін, які ад першых літар прозвішчаў назвалі ,,Яблоко”.
26 кастрычніка ўрад Расіі ўвёў свабодныя цэны на хлеб. Цэны выраслі на 300 %. Буханка чорнага хлеба стала каштаваць 220-240 рублёў.
11 снежня прэзідэнт Б. Ельцын падпісаў Указ №2126 ,,Аб Дзяржаўным Сцягу Расійскай Федэрацыі.
12 снежня была ў галасаваніі прынята новая Канстытуцыя Расійскай Федэрацыі. У выбарах у Савет Федэрацыі і ў Дзяржаўную Думу найбольш галасоў атрымала Ліберальна-дэмакратычная партыя Уладзіміра Жырыноўскага (22,8 %).
25 снежня ўступіла ў сілу новая Канстытуцыя Расійскай Федэрацыі.

Іншыя краіны

Ад 2 ліпеня да 19 жніўня Войска Рэспублікі Сербскай правяло ваенную аперацыю і захапілі Трнова і стварылі поўную блакаду Сараева – сталіцы Босніі і Герцагавіны.
7 ліпеня Сейм Латвіі выбралў першага латышскага прэзідэнта Гунтыса Улманіса, які быў прэзідэнтам Латвіі да 14 чэрвеня 1999 г.
26 ліпеня ў катастрофе самалёта Боінга 737-500 у Паўднёвай Карэі згінула 66 асоб.
31 ліпеня памёр кароль Бельгіі Будуэн, які меў 62 гады.
12 верасня наступіў у ЗША 57 старт (STS-51) па праграме Спейс Шатл і 17 палёт шатла ,,Дыскаверы” з касманаўтамі Фрэнкам Калбертсонам, Уільямам Рыдым, Джэймсам Ньюманам, Дэніэлам Буршам, Карлам Уолзам. Палёт быў зроблены для Міністэрства Абароны ЗША.
13 верасня ў Вашынгтоне падпісана мірная згода паміж Ізраілем і Арганізацыяй вызвалення Палестыны, па якой Ізраіль згадзіўся вывесці свае войска з сектара Газы і Ерыхона.
16-27 верасня ў Абхазіі прайшлі баі за Сухумі, у якіх абхазскае войска захапіла горад.
20-23 верасня ў Сухумі абхазцы зліквідавалі грузінскія авіалайнеры.
22 верасня ў катастрофа цягніка на Біг Баю Канот у горадзе Мабіл у Алабаме, дзе цягнік упаў у раку, згінула 47 асоб, а 103 асобы былі параненыя.
24 верасня Азербайджан увайшоў у СНД (Садружнасць Незалежных Дзяржаў).
26 верасна з касмадрома Куру выпусцілі ракету Арыан 4, у якой было 7 касмічных апаратаў і між імі партугальскі спутнік ,,PoSAT-1”.
27 верасня ў Босніі праціўнікі Аліі Ізбегавіча аб’явілі аб незалежнасці Аўтаномнай вобласці Заходняй Босніі.
29 верасня абхазцы змусілі грузінаў пакінуць Сухумі і 30 верасна абхазцы захапілі ўсю тэрыторыю Абхазіі, выгнаўшы з яе грузінаў.
3 кастрычніка ў Азербайджане выбралі прэзідэнтам Гейдара Аліева, які атрымаў 98,8 % галасоў.
3-4 кастрычніка ў баi між войскам ЗША а баевікамі Махамеда Айдіда ў Магадышо было забітых 19 і раненых 93 амерыканскіх саддат.
8 кастрычніка прэзідэнт Грузіі Эдуард Шэварнадзэ аб’явіў аб уваходзе Грузіі ў СНД.
18 кастрычніка наступіў у ЗША 58 старт (STS-58) па праграме Спейс Шатл і 15 палёт шатла ,,Калумбія” з касманаўтамі Джонам Блахам, Рычардам Сіарфосам, Шэнонам Лусідам, Дэвідам Вулфам, Уільямам МакАртурам, Рыам Седонам і Мартынам Фетманам.
23 кастрычніка ад бомбы ірланскіх баевікоў у рыбным магазіне ў Белфасце згінула 10 асоб, а 57 было параненых.
30 кастрычніка ў Паўночнай Ірландыі баевікі за свабоду Ульстэра забілі ў Грэйстыл 7 асоб.
1 лістапада па трактаце з Маастрыхт паўстаў Еўрапейскі Саюз.
9 лістапада ў сталіцы Герцагавіны Мастары харвацкая армія разбурыла Стары Мост над ракой Нарэтвай.
13 лістапада ў Урумчы ў Кітаі самалёт McDonntll Douglas MD-82 кампаніі ,,Сhina Northern Airlines” разбіўся пры пасадцы ў густой імгле. Згінула 12 асоб.
15 лістапада паблізу Кермана ў Іране разбіўся самалёт Ан-124 кампаніі ,,Магістральныя Авіялініі”. Згінула17 асоб.
20 лістапада паблізу Ахрыда ў Македоніі ў катастрофе самалёта Як-42 Д кампаніі ,,Авіоінтрэкс” згінула 116 асоб.
2 снежня наступіў у ЗША 59 старт (STS-61) па праграме Спес Шатл і 5 палёт шатла ,,Індэвор” з касманаўтамі Рычардам Ковім, Кенетам Боуэрсоксам, Томасам Эйкерсам, Джэфрым Хофманам, Кэтрын Торнтон, Сторым Мастрэйнам, Клодам Нікольсам. Экспедыцыя была выслана для рэмонта тэлескопа ,,Хабла”.
3 снежня Грузія ратыфікавала Пратакол і Згоду аб стварэнні СНД.
9 снежня Э. Шэварнадзе падпісаў дакумент аб уваходзе Грузіі ў СНД.
13 снежня Казахстан прыняў рашэнне аб далучэнні да Дагавору аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, што будзе ён дзяржавай без ядзернай зброі.
Працяг будзе ■

Komentarze