Сяргей Чыгрын, Алесь Зайка: „Усё вялікае на ствараецца любоўю”

Краязнавец, педагог, руплівы збіральнік самабытнай беларускай народнай лексікі Алесь Зайка жыве ў вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна. Даўно ведаю гэтага найцікавейшага чалавека. Не раз пісаў пра яго кнігі, а сёння вырашыў проста пагутарыць з Алесем Зайкам, прыгадаць яго жыццёвы і творчы шлях.

Ales_Zajka_pracawau_nastaunikam

Алесь Зайка працаваў некалі і настаўнікам фізкультуры. 1983 г.

Спадар Алесь, Вы чалавек паважнага ўзросту, а кнігі вашы з’явіліся параўнаўча нядаўна. Дакладней, першы зборнік выдалі Вы ў 2011 годзе. І кожны год радуеце нас новым выданнем. Іх цяпер ужо ў Вас пяць: „Дым з коміна” і „Дыялектны слоўнік Косаўшчыны” (2011 г.), „Населеныя пункты Івацэвіччыны” (2012 г.), „Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны” (2013 г.). Зусім нядаўна пабачыла свет новая кніга – „Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя пагаворкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны” (2015 г.). Вось такая доўгая назва атрымалася. Працаздольнасці Вашай можна толькі пазайздросціць. А вось чытачы і навуковая грамадскасць пра Вас зусім мала ведаюць. Раскажыце, калі ласка, пра сябе.
– Нарадзіўся я 12 жніўня 1948 года ў вёсцы Заполле ў сялянскай сям’і. Бацька мой,Тамаш Якаўлевіч, быў не з апошніх у сяле: выдатны цясляр, жартаўнік, спявак, чалавек здаровага аптымізму. Ён быў душой любой кампаніі. Колькі сябе памятаю, доўгімі асеннімі ды зімовымі вечарамі ў хату да нас збіраліся мужчыны з усяго грудка. Успаміналі перажытае, гаварылі пра сённяшнія справы, расказвалі пра незвычайныя здарэнні са свайго жыцця. Самым уважлівым і ўдзячным слухачом на такіх пасядзелках быў я. Маці маёй, Аляксандры Пятроўне, Бог даў шчасце выгадаваць шасцёра дзяцей. А яшчэ яна была надзелена вялікім талентам – унікальным голасам спявачкі. Яе меца-сапрана заварожвала, узносіла да нябёсаў. Пры лепшых абставінах – быць ёй опернай спявачкай.

Усе мае чатыры сястры, брат і я ў тым ліку былі абагрэты любоўю і ласкай нашай бабулі Марылі, якая жыла ў сваім доме за тры хаты ад нас. Яна апекавалася намі, песціла. А яшчэ ў нашай сям’і шанавалася імя стрыечнага брата маёй маці Грэцкага Івана Мікалаевіча, пасла польскага сейма (выбраны ў 1928 годзе), члена пасольскага клуба „Змаганне”, сакратара ТБШ, шчырага беларуса. Яго, як і іншых паслоў, – Дварчаніна, Гаўрыліка, Крынчыка, Рак-Міхайлоўскага – напаткаў трагічны лёс: ён сам і яго жонка былі рэпрасаваны.

У бацькі майго заўсёды было здаровае, моцнае пачуццё нацыянальнай годнасці. Гэта перадалося і нам, яго дзецям. У дзяцінстве я шмат чытаў. Літаратуру ў школе выкладалі настаўнікі, якія самі пісалі. У дзевятым класе, калі ўжо вучыўся ў Косаўскай школе, у бярозаўскай раённай газеце „Маяк камунізма” надрукавалі першае маё невялікае апавяданне. Напісаў я па-беларуску, але яго пераклалі на рускую мову і нават уключылі ў літаратурны конкурс. Прысудзілі мне заахвочвальную прэмію – выпісалі часопіс „Юность” на цэлы год. Тут ужо я пачаў пісаць па-руску. Быў рэдактарам школьнай літаратурнай газеты. Выходзіла яна часта. Заахвочваў і сваіх таварышаў да творчасці. Пісаў сентыментальныя апавяданні, бо на той час захапляўся творчасцю балгарскага пісьменніка Еліна Пеліна.

У дзесятым класе выказаў настаўніцы сваё адмоўнае стаўленне да беларускай літаратуры. Мне здавалася, што творы, якія вывучаліся на ўроках, мелі невысокую мастацкую каштоўнасць. Зразумела, настаўніца магла проста прыкрыкнуць на мяне. Але яна гэтага не зрабіла, толькі сказала: «А ці ведаеш ты родную літаратуру так добра, каб рабіць такія паспешлівыя вывады?» Гэтае пытанне закранула маё самалюбства, бо для сваіх аднакласнікаў я быў аўтарытэтам. Захацелася даказаць марнасць, няспеласць, дзяціннасць твораў, напісаных па-беларуску. Усе канікулы (а кожнае лета працаваў у саўгасе) чытаў кнігі беларускіх пісьменнікаў. І слова, роднае, мілае, дарагое, адгукнулася ў маёй душы. Гэтымі словамі прамаўлялі мая бабуля, маці з бацькам, мае вяскоўцы дый гараджане-косаўцы таксама. З таго часу пачаў пісаць толькі па-беларуску. У адзінаццатым класе на абласным конкурсе юных паэтаў і празаікаў, які праходзіў у Брэсце, стаў пераможцам. Гэта быў 1966 год. Вёў семінар з намі У. А. Калеснік. Пераможцам конкурса прапанавалі паступаць у Брэсцкі дзяржаўны інстытут імя Пушкіна. Я падаў туды дакументы. З 1966-га па 1971-ы год вучыўся на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта. Усяго было ў час вучобы – і добрага, і дрэннага. Добрае – сябры, дыскусіі, спрэчкі. Вучыліся Алесь Разанаў, Мікола Пракаповіч, Алесь Каско, Рыгор Сыраватка. Дрэннае – марна траціўся час у студэнцкіх пагулянках.

А пасля Вас забралі ў войска. Так?
– Армія. Падмаскоўе. Горад Хімкі. Я – дывізіённы паштальён. У ваеннай часці выпісвалі шмат перыёдыкі. Многа чытаў. У вайсковай бібліятэцы стварыў бібліятэчку з беларускіх кніг: купляў у Маскве ў магазіне „Дружба”. Салдаты-беларусы былі ўдзячныя. З арміі часта пісаў пісьмы бацькам, якія засталіся адны. Падумаў: трэба ж іх камусьці дагледзець у старасці. Палічыў, што гэта павінен зрабіць я, як малодшы сын. Вярнуўся ў 1973 годзе дамоў. Пайшоў працаваць у родную школу. Вучыў дзяцей і збіраў з імі вусную народную творчасць. У 1979 годзе ажаніўся. Антаніна Іванаўна з Альшаніц, недалёкай ад Заполля вёскі. Пабудавалі сваю хату. Вялі гаспадарку. Усё лета на прыродзе: ягады, грыбы, сенакос. Многа падарожнічаў, аб’ехаў паў-Беларусі на матацыкле. Ездзіў, здымаў на слайдавую каляровую стужку помнікі прыроды, археалогіі, архітэктуры. Цяпер, слава Богу, амаль усе цэрквы, касцёлы адчынены, адрамантаваны. А тады фатаграфавалі, бо баяліся, што панішчаць да апошняга. Цудоўныя былі падарожжы, кожнае памятаю, у вачах стаяць. Многа чытаў, але мала пісаў. Усё адкладваў на потым. Трэба было моцна захварэць, каб адчуць, што жыццё не бясконцае. Узяўся за апрацоўку, сістэматызацыю багатага архіву. Задумаў цыкл кніг пад агульнай назвай „Духоўныя скарбы Косаўшчыны”. Наперадзе чакае шмат працы.

Але першая кніга „Дым з коміна”, якую склалі празаічныя мініяцюры, лірычныя запісы, апавяданні, прынесла Вам і першы поспех. Літаратурнай грамадскасцю Берасцейшчыны яна была прызнана лепшай кнігай 2011 года. За яе Вы атрымалі „Мядовую прэмію” – пуд мёду ад краязнаўца і пчаляра Міколы Папекі. Янка Брыль і Вы – гэта тыя аўтары, мініяцюры якіх чытаю і перачытваю. У апошні час гэтая літаратурная форма стала папулярная. Скажыце, што значыць для Вас гэты жанр?
– Янка Брыль – прызнаны майстар кароткай замалёўкі, навелы. Ён мой любімы пісьменнік. Мне прыемна, што Вы так высока ацэньваеце маю творчасць, паставіўшы маё імя побач з прозвішчам нашага класіка. Згадаем, што да жанра невялікай навелы, абразка ў беларускай літаратуры звярталіся многія пісьменнікі: Ядвігін Ш., З. Бядуля, М. Гарэцкі, Л. Калюга, Л. Арабей, Л. Галубовіч, К. Камейша, В. Доўнар, В. Шніп, С. Швяцоў, А. Глобус, У. Сцяпан. Нярэдкі гэты жанр і ў сусветнай літаратуры.

Часам іскраю апаліць успамін, гук, пах, ажыве, аб’явіцца з небыцця. Гэта турбуе цябе, непакоіць, прымушае шукаць яркае, адзіна-дакладнае слова, каб перадаць тое, што праявілася гукам, колерам, пахам, уражлівай думкай. Няма формы больш патрабавальнай, чым невялікая навела, абразок. Я шмат падарожнічаю, сустракаюся, гутару з рознымі людзьмі. Убачанае, пачутае і знайшло адлюстраванне ў невялікіх замалёўках. Паціху збіраецца матэрыял і для новай кнігі.

Потым з’явіўся „Дыялектны слоўнік Косаўшчыны” – плён Вашай шматгадовай працы. У ім змешчана лексіка насельнікаў паўночнай часткі Івацэвіцкага раёна. Уражваюць як самі дыялекты, так і ілюстрацыйная частка да іх. Раскажыце, як збіраліся словы, што паслужыла штуршком для збору?
– Гэты слоўнік складаўся цягам трыццаці пяці гадоў. У ім не толькі словы, выразы, сказы, для мяне слоўнік гучыць, ён жывы, поўніцца галасамі людзей, што збераглі такое багацце. Вялікі ім дзякуй! На жаль, многія з іх адышлі ў іншасвет – вечная ім памяць. Няма ўжо і маіх бацькоў, Тамаша Якаўлевіча і Аляксандры Пятроўны, шчырых памочнікаў і апекуноў. Колькі адметных, непаўторных слоў пачуў я ад іх! Кожнае новае, прывезенае з вандровак, абмяркоўвалася і толькі з іх згоды ўхвалялася, папаўняла картатэку. Гэтую кнігу я ім і прысвяціў. А штуршком для збірання стала простая жыццёвая сітуацыя, выпадак, здарэнне. Я назіраў за лыжнымі спаборніцтвамі. У Івацэвічы з’ехаліся дзеці з усяго раёна. Сучасны Івацэвіцкі раён, так склалася здаўна, яўна дзеліцца на тры рэгіёны: Косаўшчыну, Быценшчыну і Целяханшчыну. Калі Быценшчына ды Косаўшчына знаходзяцца ў арэале гарадзенска-баранавіцкай дыялектнай групы гаворак, то Целяханшчына – заходнепалескай. Целяханшчына – гэта ўжо палешукі, пачатак Палесся; Быценшчына ды Косаўшчына – ліцвіны, ліцвінская зямля. Вось тады я і пачуў, што адны дзеці лыжныя палкі называлі кіямі, калкамі, вожагамі, а нашы дзеці – апірачкамі. Я здзівіўся, калі гэтае слова не знайшоў у тлумачальным слоўніку беларускай мовы. Раней я падарожнічаў па далёкіх мясцінах, з 1995 года я ўжо не выязджаў за межы нашага раёна. Запісваў усё, што казалася людзьмі, што было яркім, непаўторным. Запісваў нават сны, якія сніліся нашым людзям, назвы ўрочышч, дзе бруіліся крыніцы, дзе ляжалі вялікія камяні-валуны, невядомыя пахаванні, векавыя дрэвы. Дарэчы, камень у Марачоўшчыне, да якога прымацавана мемарыяльная дошка ў памяць аб нараджэнні Тадэвуша Касцюшкі, прывезлі якраз з ваколіц майго Заполля. Гэткім чынам быў сабраны матэрыял на Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны”. Вядома, што фразеалагічны склад кожнай мовы вызначае нацыянальную адметнасць народа, раскрывае самабытнасць яго духоўнагаа свету. Фразеалогія пэўнага дыялекта спрыяе пашырэнню і ўзбагачэнню агульнанароднай фразеалогіі.

У кнізе „Населеныя пункты Івацэвіччыны” у навукова-папулярнай форме разглядаецца гісторыя і сучаснасць кожнага населенага пункта Івацэвіцкага раёна, тлумачацца іх назвы. Кніга ўнікальная, такой у межах нашай краіны няма. Даследаванне змяшчае багаты фактычны, навукова-пазнавальны матэрыял. Раскажыце, дзе Вы знайшлі столькі матэрыялу?
– Гэта кніга – плён маёй шматгадовай працы ў архівах і кнігасховішчах не толькі Беларусі, але і замежжа. Сабраныя гістарычныя звесткі дапамаглі зазірнуць у далёкае мінулае кожнага населенага пункта Івацэвіччыны. Свае веды пра гісторыю і сучаснасць паселішчаў я пашырыў пад час вандровак па раёну, сустрэч, гутарак з людзьмі. Магчыма, уніклівыя крытыкі і знойдуць у ёй хібы, але, як казалі старажытныя рымляне, „хто зможа, хай зробіць лепей”. Адно магу сцвярджаць: у кнізе я пакінуў часцінку свайго сэрца. У архівах і бібліятэках працаваў у час школьных канікул. Гэта цяпер ў архівы цяжка папасці, а ў канцы 1980-х гадоў краязнаўцаў было яшчэ няшмат. Перапісвалі мы дакументы ад рукі. У мяне атрымоўвалася так: вучнёўскі сшытак за дзень. Сілаў маіх хапала на тыдзень – адымалася рука. Каб не траціць час, абедаць не хадзіў – абыходзіўся бутэрбродам. Працаваў ад ранку да вечара. Добрым словам згадваю супрацоўніка акадэмічнай бібліятэкі імя Якуба Коласа Анатоля Паўлавіча Фурса. Я толькі складаў картатэку патрэбных мне дакументаў, а ён ужо рабіў ксеракопіі. Трэба адзначыць, што ў тыя часы добра працаваў міжбібліятэчны абанемент. Не было такога, каб заказаная мною кніга па гісторыі Беларусі не высылалася. Дарэчы, спіс выкарыстанай літаратуры я прывёў у канцы кнігі. І спіс гэты атрымаўся багаты і разнастайны.

Ales_Zajka_czyhryn

Алесь Зайка і Сяргей Чыгрын, жнівень, 2012 г.

Я чуў, што ў Івацэвіцкім раёне 25 вёсак уганараваны памятнымі шыльдамі, на якіх пазначаны год іх першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах. Раскажыце пра гэту справу падрабязней. А раптам гэтую ідэю падтрымаюць у іншых раёнах Беларусі.
– Найперш, гэта рабілася з добрай волі кіраўніцтва нашага раёна. Яны знайшлі сродкі для гэтага, заказалі мемарыяльныя дошкі. Памятныя знакі прымацавалі найбольш на валунах – помніках геалагічнай культуры. Апошнім часам у нашым раёне з’явіліся новыя вуліцы, назвы якіх увекавечваюць памяць людзей, што праславілі свой край. Гэта, найперш, вуліца у гонар заснавальнікаў горада Івацэвічы слаўных Іллінічаў, Міхала Казіміра Агінскага, па волі якога пачаў дзейнічаць Агінскі канал, мужнага кіраўніка паўстання 1863-64-га гадоў Кастуся Каліноўскага, дзеяча нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі Івана Грэцкага, вядомага пісьменніка Яраслава Пархуты, заслужаных працаўнікоў сельскай гаспадаркі і прамысловасці.

У канцы лютага 2015 г. у мінскім выдавецтве „Тэхналогія” выйшла чарговая кніга духоўных скарбаў Косаўшчыны. Яна мае доўгую назву: „Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны”. Гэтая кніга, на мой погляд, – першае сістэматызаванае апісанне парэміялагічнага і фразеалагічнага багацця мовы жыхароў аднаго з куткоў Беларусі. Раскажыце, як стваралася гэтая кніга.
– Пачаў я збіраць матэрыялы да яе яшчэ ў далёкім 1966 годзе, калі вучыўся ў 11-м класе Косаўскай школы. Да мае бабулі Марылі прыходзілі яе таварышкі. Ад іх яшчэ тады я запісаў шмат прыказак, прымавак, песень, жартаў, пажаданняў на вяселлі.

Гэтая кніга цікавая тым, што ў ёй даецца поўная пашпартызацыя: прозвішча і ініцыялы інфарманта, звесткі пра год яго нараджэння, час запісу, месца жыхарства і адміністрацыйная прыналежнасць сялібы. Я ўдзячны маім землякам, што збераглі, захавалі ў маўленні жывое народнае слова. Мяне заўсёды здзіўлялі яркасць і моц іх мастацкага мыслення, уменне выказацца асацыятыўна, вобразна, дасціпна. Усім ім мой шчыры дзякуй. Выказваю сардэчную падзяку Зміцеру Санько, які дбайна апекаваўся мною, урэшце стаў рэдактарам гэтай кнігі, зычлівым і прынцыповым. А яшчэ я маю шчасце даўняга і дарагога мне сяброўства з паэтам Алесем Разанавым. Гэта дзякуючы яго маральнай і кожны раз матэрыяльнай падтрымцы пабачылі свет мае кнігі. У працы побач са мной была мая жонка Антаніна. Часта, пакідаючы тэрміновыя гаспадарчыя справы, я ездзіў па навакольных вёсках у пошуках самабытнага слова, песні, легенды і ніколі не чуў ад яе папрокаў, нараканняў.

У апошні час з’яўляюцца водгукі на Вашы кнігі ў перыёдыцы. Нарысы пра Вас і Вашу творчасць з’явіліся ў цэнтральных газетах. Пра Вас пісалі „Новы час”, „Сельская газета”, „Звязда”, „Краязнаўчая газета”, „Наша слова”, абласная газета „Наша трыбуна”. Рэцэнзіі змясцілі ў „Полымі”, „Родным слове” і г.д. Раскажыце, хто з навукоўцаў адгукнуўся.
– Я ўдзячны вучоным-моваведам рэспублікі, якія напісалі рэцэнзіі на мае кнігі. Гэта Мікалай Даніловіч, Мікалай Крыўко, Павел Міхайлаў і Святлана Фацеева, гісторык і этнограф Сымон Барыс. Мяне вельмі ўсцешыла ўхвальнае слова пра маю працу паважанага Ніла Сымонавіча Гілевіча. Сардэчны дзякуй вам. Я напоўніцу пакарыстаўся вашымі слушнымі заўвагамі і парадамі. Усцешылі мяне і водгукі на кнігу „Дым з коміна”. Я дзякую за добрыя словы Анатолю Вярцінскаму, Дануце Бічэль, Міхасю Тычыне, Міколу Пракаповічу, Алесю Каско, Анатолю Зэкаву, Уладзіміру Ягоўдзіку. Ніколі не забуду: шлях у літаратуру праклала мне незабыўная Ніна Мацяш. Гэта яна падрыхтавала вялікую падборку маіх абразкоў і змясціла іх ў газеце „Мясцовы час”. Вечная ёй памяць!

Дзякуй і Вам, спадар Сяргей, за тое, што Вы адклікаецеся шчырым словам на выхад кожнай маёй кнігі, падтрымліваеце мяне сваім аптымізмам, верай, што наша праца недарэмная.
Мы, беларусы, шмат стагоддзяў адстойваем сваю родную мову, змагаемся за яе, трывожымся за яе. І сёння зноў нашу мову абражаюць, знішчаюць, яе мала дзе чуваць… Хаця мы жывем у незалежнай дзяржаве, якая называецца Рэспубліка Беларусь. Што Вы скажаце на гэты конт?
– Балючае, вядома, пытанне. Яно трывожыць і мяне. Вядомы пісьменнік Янка Скрыган некалі сказаў: „Упоравень са словам Радзіма заўсёды стаіць мова. Без мовы не можа быць народа. Калі памірае мова, памірае народ, сходзіць з гістарычнай сцэны”. Ірландскі вучоны Дэві пісаў: „Кожны народ павінен аберагаць сваю мову больш, чым граніцы, бо мова – галоўная яго абарона, куды больш моцная, чымся ўсе цытадэлі”. Нядаўна пачуў: „Калі б на Беларусі не было зусім беларускай мовы, то яе трэба было б выдумаць…” Бо мова – найпершы паказчык адрознасці этнасу, нацыі, па мове вызначаюць граніцы. Быў неяк у Польшчы, наведаў не адну школу. Здаецца, польскай мове нічога не пагражае, але там усё навучанне скіравана на выхаванне павагі да гісторыі народа, да роднай мовы. Памятаю словы плаката: „Мы не гусі, мы сваю мову маем”. Гэта ж адны гусі аднолькава гагочуць па ўсім свеце. У нас жа ўсяк стараюцца звузіць сферу ўжывання беларускай мовы. Звужаецца мова – духоўна бяднее чалавек. Слухаеш „русскоговорящего” беларуса і не пачуеш ніводнага яркага слова, якое б захацелася занатаваць. Спрэс шэрасць і ўбоства. Абыходзяцца ў размове некалькімі сотнямі агульнаўжывальных слоў. Няма як слухаць і дыктараў нашага тэлебачання. Словы чужой мовы нараджаюцца з цяжкасцю, бо моўны апарат беларусаў складваўся стагоддзямі, ён не падрыхтаваны для вымаўлення слоў рускіх, чужых.

Я баюся, я з асцярогай стаўлюся да чалавека, які пачынае з аднаго: „Я не люблю…” Усё вялікае на свеце, велічнае робіцца, ствараецца любоўю. Любоў пашырае веды. Раўнадушша, нянавісць – звужаюць. Што ўзяць з чалавека, які заяўляе: „Я не люблю беларускай мовы!” Адно – шкадаваць, тым болей этнічнага беларуса. Я скончу свой адказ на Ваша пытанне мудрымі словамі Алеся Разанава: „Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор – мова”.

Скажыце, спадар Алесь, ці ёсць нейкія абярэгі, талісманы, якія прысутнічаюць у Вашым жыцці, прынцыпы, якіх Вы прытрымліваецеся?
– Абярэгаў, талісманаў не маю. Не, прабачце, ёсць адзін, маю ў хаце каменную сякеру, якой сама меней чатыры тысячы год. Кажуць, яна аберагае дом ад злых сілаў. Наконт правілаў, прынцыпаў, якіх прытрымліваюся. Некалі прачытаў у І.Бехера: „Працуй, калі табе журботна, гэта адзіны сродак разагнаць журбу. Працуй, каб не ўпасці ў нуду: нішто не пазбаўляе ад панылай пустаты, як праца. Працуй, калі табе шанцуе: няма іншых лекаў ад галавакружэння”. Гэтак і стараюся рабіць.

Жадаю Вам здароўя, поспехаў у працы, новых творчых адкрыццяў і здзяйсненняў. Што Вы хацелі б пажадаць нашым чытачам?
– Дзякую за добрыя словы. Дзякую, што далі магчымасць выказацца. Жадаю нашым суайчыннікам жыць у згодзе са сваім сумленнем, адчуць радасць належнасці да нашага народа, любіць Айчыну, служыць ёй. Хацелася б звярнуцца да нераўнадушных людзей, каб яны таксама ўзяліся за вывучэнне свайго роднага кута. Каб яны запісвалі мясцовыя словы, прыказкі, прымаўкі, песні, паданні, легенды. А я гатовы падзяліцца з імі сваім вопытам працы. Я ўпэўнены, што ў іх усё атрымаецца. Галоўнае – любіць…

 

 

 

Сяргей Чыгрын

Komentarze

  1. oHpj3o Simply a smiling visitor here to share the love (:, btw outstanding style and design.

  2. „I’m no longer sure the place you are getting your info, but good topic. I needs to spend some time studying much more or figuring out more. Thank you for fantastic information I was looking for this info for my mission.”

  3. In addition, it depends upon how many other cycles of Testosterone treatment youu have
    participated in. Sometimes, remain stagnant or people’s awareness
    of heightened and betterment wherewithal starts to dwindle.