Міхась Ключановіч – слуцкі паўстанец , Сяргей Ёрш

KluczanoviczMichalBrama

Міхась Ключановіч

На асобу гэтага беларускага дзеяча звярнуў я ўвагу ў сярэдзіне 1990-х, чытаючы артыкулы-ўспаміны Сяргея Хмары (Сіняка)
у таронцкім „Беларускім голасе”. Апісваючы сваю дзейнасць у міжваенны час у Пінску, ён неаднаразова згадвае Ключановіча.
У адным з варыянтаў сваёй біяграфіі Сяргей Хмара піша, як у 1929 годзе стаў кіраўніком павятовага сакратарыяту пасольскага клуба „Змаганне” ў Пінску ды развіў на Палессі актыўную арганізацыйную дзейнасць:

Падгатаваў разам з Ключановiчам настаўнiцкiя кадры й будынак пад беларускую гiмназію ў Пiнску, але ўлады лiцэнзіi не далi. Таксама не далi дазволу на беларускi часопiс, якi меў выходзiць афiцыяльна пад рэдакцыяй Ключановiча, а яго самога потым выдалi[лі] з Польшчы як уцекача-случчака ў Гданьск (Хмара С. Кароткія даныя аб сабе //Запісы, 1999, № 24).

Памятаючы, што С. Хмара называў Ключановіча слуцкім паўстанцам, заглянуў я да зборніка дакументаў, прысвечанага падзеям на Случчыне ў 1920-м. Аднак там пра Ключановіча няма нават згадкі. Пашанцавала сустрэць яго кароткую біяграму ў кнізе гісторыка Ніны Стужынскай. Там чытаем: „Ключановіч Міхась, шараговы Брыгады. Паходзіў з м. Старобін. Вучыўся ў вайсковай школе ў Лодзі” (Стужынская Н. Беларусь мяцежная. З гісторыі антысавецкага ўзброенага супраціву. 20-ыя гады ХХ стагоддзя. – Вільня, 2000. С. 149).
Міхась Ключановіч быў у ліку 40 юнакоў, якіх у канцы 1920-га года з Слуцкай брыгады прывёз у Беларускую вайсковую камісію ў Лодзь ротмістр Мірановіч. Усе яны мелі скончаную Слуцкую беларускую гімназію. Іх запісалі ў школу падхарунжых у Лодзі (Беларусь мяцежная. С. 40-41). Стужынская дапускае, што гэтыя хлопцы атрымалі „баявое хрышчэнне” ў баях супраць бальшавікоў (Стужынская Н. Случчакі // ЛіМ, 1993, 29 студзеня). Вядома, што са Старобіна, акрамя Міхася, у школе былі яшчэ Юліян Жаўрыд (пляменнік дзеяча БНР Паўла Жаўрыда) і Іван Карафа-Корбут.

У пачатку 1921 года Міхась Ключановіч з групай іншых маладых беларусаў паехаў вучыцца далей, у вайсковую афіцэрскую школу ў Быдгашчы. Аднак у траўні адтуль сышоў. Некаторыя з хлопцаў нелегальна вярталіся ў родныя месцы, на савецкі бок мяжы, некаторыя заставаліся ў Польшчы. Застаўся і Ключановіч. Ён пераехаў бліжэй да мяжы і сваёй роднай Старобіншчыны – у Заходнюю Беларусь, на Лунінеччыну, а пасля – на сталае жыхарства ў Пінск.

„Самая загадкавая асоба”

У 2004 годзе даследчык Аляксандр Ільін апублікаваў артыкул пра пінскі рускі літаратурна-мастацкі гурток „Шалаш паэтаў” (Ильин А. „Шалаш поэтов” // Брама, 2004, № 1(22)). Як высвятляецца, у яго ўваходзіў згаданы Міхась Ключановіч. Ільін называе яго „самай загадкавай асобай” з ліку ўдзельнікаў гуртка (паэтаў, мастакоў, журналістаў, музыкаў). Падае ён і яго біяграму, складзеную польскай паліцыяй.

З гэтага дакумента вынікае, што Міхась Ключановіч, сын Васіля і Вольгі, нарадзіўся 20 лістапада 1901 года ў Старобіне. Праваслаўны, беларус, „замежнік з нявысветленым грамадзянствам”. На пачатак 1930-х ён быў нежанаты. „У 1920 годзе служыў у антыбальшавіцкіх беларускіх аддзелах, а пасля заканчэння польска-савецкай вайны пасяліўся ў Пужычах у Лунінецкім павеце. У 1922 годзе як падазроны ў антыдзяржаўнай дзейнасці быў выселены з Лунінецкага павету і пасяліўся ў Пінску…”, – гаворыцца ў даведцы паліцыі. А. Ільін мяркуе, што М. Ключановіч „служыў шараговым у арміі генерала Станіслава Булак-Балаховіча”. Аднак, як мы ўжо ведаем, гэта не адпавядае сапраўднасці – Ключановіч быў слуцкім паўстанцам, а пасля апынуўся ў польскай вайсковай школе. Што да знаходжання пад Лунінцом ды наступнай высылкі адтуль, Ільін слушна выказвае гіпотэзу, што М. Ключановіч мог мець дачыненне да беларускай паўстанцкай арганізацыі „Зялёны Дуб”, якая там мела свой штаб.

У Пінску Міхась Ключановіч спачатку працаваў касірам, білецёрам у кінатэатры. Аднак ужо праз некалькі месяцаў ён стварыў грамадскую… рускую бібліятэку, а пры ёй – кнігарню. Польская паліцыя называла яго „рэлігійным фанатыкам са спецыфічнай верай”. Нібыта, Ключановіч быў перакананы, што „закліканы да выканання „вялікага месіянства” падзення бальшавіцкага ладу ў Расіі з дапамогай сусветнага саюза братоў-хрысціян”.

У 1925-1929 гадах Міхась Ключановіч актыўна супрацоўнічаў з беларускім нацыянальным рухам, выпісваў з Вільні беларускую прэсу. А. Ільін піша, што ў той час Ключановіч быў „духоўным лідарам мясцовага беларускага руху”. Спачатку ён удзельнічаў у арганізацыі суполак Беларускай сялянска-работніцкай грамады, пінскай філіі Беларускага кааператыўнага банка, а пасля дапамагаў С. Хмары ў працы філіі „Змагання”. Польская паліцыя сведчыла, што ў 1928-1929 гг. Ключановіч сумяшчаў працу ў рускім і беларускім рухах, а пасля ліквідацыі „Змагання” „цалкам разарваў дачыненні з беларускім рухам і пачаў русіфікатарскую дзейнасць” (насамрэч, сувязі з беларускім рухам ён меў аж да свайго выезду з Польшчы).

Для нас тагачасныя кантакты беларускіх нацыяналістаў і рускіх манархістаў выглядаюць дзіўнымі, нейкай гістарычнай метамарфозай. „Зялёны Дуб” і манархічнае „Брацтва Рускай Праўды” яшчэ і ў 1930-я сумесна змагаліся супраць бальшавікоў. З аднаго боку, беларускія партызаны атрымлівалі ад больш заможнай рускай эміграцыі грошы на дзейнасць. Аднак былі і глыбейшыя прычыны супрацоўніцтва. Беларускія дзеячы атрымалі выхаванне ў рускіх навучальных установах, знаходзіліся пад уплывам рускай культуры (нямала дзеячоў працягвалі гаварыць па-руску), у Першую сусветную вайну ваявалі ў складзе рускай арміі, да таго ж адбілася слабасць, недастатковая распрацаванасць ідэалагічных падставаў беларускага руху. Як успамінаў эміграцыйны дзеяч Барыс Данілюк, яго бацька, слуцкі паўстанец Хведар Данілюк у сям’і гаварыў на трасянцы ці па-руску, асабліва не клапаціўся, каб сын вырас беларускім патрыётам…

Выпадак Міхася Ключановіча быў асаблівы. Ён сапраўды станавіўся праваслаўным „рэлігійным фанатыкам”. Аднадумцаў ён знаходзіў сярод дзеячоў рускага нацыянальнага руху на Палессі. Той жа беларускі дзеяч Сяргей Хмара быў далёкі ад ідэяў Ключановіча (а вось з мастаком і філосафам Язэпам Драздовічам Міхась, здаецца, знайшоў агульную мову). Бібліятэка ў Пінску становіцца цэнтрам для мясцовых рускіх актывістаў. Як піша Ільін, у верасні 1930-га М. Ключановіч з маладых рускіх манархістаў спрабаваў стварыць „Духоўнае хрысціянскае брацтва”, але польскія ўлады не легалізавалі арганізацыю. Ён удзельнічаў у выданні рускіх газет у Пінску, друкаваўся ў іх, даваў памяшканне бібліятэкі пад рэдакцыю.

Пад псеўданімам „Міхаіл”

Нягледзячы на гэты нечаканы паварот у біяграфіі, пра Міхася Ключановіча памяталі яго знаёмыя з ліку беларускіх дзеячоў, якія па Другой сусветнай вайне апынуліся на Захадзе (і не адзін толькі Хмара). У адным з выданняў пра рэпрэсаваных беларусаў чытаем:
Ключаноўскі Міхал – паэта, публіцысты, зб[орнік] „Золак Хрыстоў”; 1939 – арыштаваны, высланы ў Казахстан, сьлед гіне (Кніга ахвяраў бальшавізму. Цярністы шлях беларускае культуры. Кн. 1. – Выданьне Саюзу беларускіх журналістых: На чужыне, 1950. С. 13).

Няхай не здзіўляе пададзены варыянт прозвішча – недакладнасцяў і памылак у кніжцы хапала. Высвятляецца, што Ключановіч быў не толькі публіцыстам, але і паэтам ды меў выдадзены зборнік вершаў! Пра гэтую кнігу згадвае таксама пісьменьнік і публіцыст Юрка Віцьбіч:
Пінск здаўна зьяўляецца сталіцай беларускага Палесься, на якое таксама здаўна і дагэтуль прэтэндуюць тры народы – Палякі, Ра-
сейцы і Ўкраінцы. Аднак на свае дамаганьні яны заўсёды атрымлівалі адпаведны адказ ад беларускага Пінска. Спробы Палякоў давесьці, што – „палешуцы – шчэп польскі” (паляшукі – польскае галінаваньне), скончыліся масавьм уваходам паляшукоў у Беларускую Грамаду… Ра-сейцы паспрабавалі выкарыстаць свой улюблены палітычны козыр – веравызнавальны, але рэхам гэтага зьявіўся напісаны і выдадзены пінчуком Міхасём Ключановічам зборнік беларускіх праваслаўных паэзіяў „Золак Хрыстоў” ((Віцьбіч Ю. Плыве з-пад Сьвятое гары Нёман. Мастацкі нарыс. Частка I. – Мюнхен: Выдавецтва „Бацькаўшчына”, 1956. С. 59).
Толькі нядаўна ўдалося высветліць, што насамрэч кніга вершаў Ключановіча мела назву „Хрыстовы Золак”. Яна выйшла ў 1927 годзе ў Вільні ў друкарні імя Ф. Скарыны (на вокладцы чамусьці пазначаны 1923 год). Аўтар схаваўся пад псеўданімам „Міхаіл”. Асобнік гэтага рэдкага выдання захаваўся ў зборах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Вясной 1924 года Ключановіч даслаў першы варыянт рукапісу свайго зборніка „Хрыстовы Золак” у віленскую беларускую газету „Krynica”. Тры вершы з’явіліся на яе старонках, а 8 лістапада 1924-га рэдакцыя паведаміла: „Памагчы выдаць „Хр. Золак” „Крыніца” ня зможа”.
Тады Міхась Ключановіч сабраў грошы і надрукаваў кнігу праз тры гады, без належнай рэдактуры, без адбору лепшых твораў сярод шматлікіх слабых. Рэлігійныя пошукі, перажыванні, філасофскія разважанні выліваліся ў недасканалыя, але шчырыя вершы. Газета „Беларуская крыніца” (21 кастрычніка 1927 г.), згадваючы пра выхад кнігі, дыпламатычна адзначыла, што „сэнс гэтых вершаў даволі нявыразны”.

На 64-х старонках кнігі „Хрыстовы Золак” змешчаныя пераважна беларускамоўныя творы, але ёсць і больш за дзясятак рускамоўных вершаў – пераважна любоўнай лірыкі. Відаць, гэта быў яшчэ адзін фактар (а не толькі слабы ўзровень вершаў), чаму кнігу „Міхаіла” праігнаравала тагачасная беларуская літаратурная крытыка.
Дарэчы, па вершах Ключановіча можна часткова прасачыць яго жыццёвы шлях: пад кожным з іх ёсць дата і месца напісання. Высвятляецца, што паэзіяй ён захапіўся яшчэ ў 1919 годзе, калі жыў у Старобіне. Пісаў вершы ў афіцэрскай школе ў Быдгашчы, у складзе аддзела „Зялёнага Дуба” на Лунінеччыне, але найбольш – у Пінску. Адзін з твораў прысвечаны слуцкаму паўстанцу Юліяну Жаўрыду, які памёр у чэрвені 1924-га. Іншым вершам ён праважае земляка Яўхіма Грынька, які летам 1923 года ідзе ў савецкую Беларусь ваяваць супраць бальшавікоў. Сам „Міхаіл” часта падкрэслівае, што ён праціўнік вайны, што шукае іншыя шляхі для перамогі праўды і справядлівасці.
Кніга гэтая не была адзіным выданнем твораў Міхася Ключановіча. Паводле дадзеных польскай паліцыі, ў 1920-я гады ім былі выдадзеныя „некалькі брашураў на рускай і беларускай мовах туманнага зьместу”, у іх ён разглядаў рэлігійна-маральныя, грамадскія тэмы.

У ГУЛАГу

Паводле згаданай „Кнігі ахвяраў бальшавізму”, Міхась Ключановіч быў арыштаваны ў 1939 годзе і высланы ў Казахстан. Гэта такая ж недакладнасць, як і сцверджанне
С. Хмары пра высылку Ключановіча польскімі ўладамі ў Данцыг. Насамрэч, яго выслалі ў… СССР

Аляксандр Ільін выявіў і апублікаваў дакумент пра выезд Міхася Ключановіча ў Савецкі Саюз. Рашэнне пра высяленне з Польшчы, як асобы без грамадзянства, у пачатку 1933 года прынялі пінскія ўлады. Ключановіч пратэставаў, пісаў скаргі Язэпу Пілсудскаму, міністру ўнутраных спраў і нават дэлегату Лігі Нацый. Безвынікова. Яго і сапраўды збіраліся выслаць у Данцыг, аднак ён запатрабаваў, каб адправілі ў СССР. Сваю бібліятэку Ключановіч прадаў пінскаму рускаму дзеячу Васілю Каратышэўскаму. Дарэчы, няма звестак, каб дзеячы рускага нацыянальнага руху абаранялі беларуса, які так шмат зрабіў для іх.
У сакавіку 1933 года Міхась Ключановіч пераехаў польска-савецкую мяжу. Пра яго далейшы лёс Аляксандр Ільін напісаў коратка: „загінуў у сталінскіх лагерах”. Нам удалося выявіць шэраг фактаў пра яго знаходжанне ў СССР. Напрыклад, у аўтабіяграфічным творы беларускага пісьменьніка-эмігранта Уладзіміра Сядуры „Тэстамэнт” адзін з галоўных герояў – Васіль Ключановіч з Пінска і ўвосень 1933 года ён сядзеў у менскай гарадской турме!
Васілю Ключановічу, нядаўняму перабежчыку з Заходняй Беларусі, адкуль ён уцёк дзеля перасьледу палякаў за беларускую культурна-асьветную працу сваёй бібліятэкі ў Пінску, чалавеку з асаблівай замілаванасьцяй да кніжак, прыходзілася асабліва цяжка, – піша Ул. Сядура. – Удзень яго ганялі, як і ўсіх, на працу – рабіў у кравецкай майстэрні. Натрудзіўшы рукі за цэлы дзень страчэньня рукавоў якойсьці рабочай вопраткі, ён бадай што напалову жывым вяртаўся ў камэру пад вечар. Не прымаючы ўдзелу ў пустых гаворках, ён адразу прымаўся стоячы чытаць” (Сядура Ўл. Тэстамэнт // Эквівалент: Зборнік эміграцыйнай гістарычнай прозы / Укл. Л. Юрэвіч. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2005).
Далей Сядура дадае новых дэталяў: …Ключановічавы размовы аб польскім тэроры ў Пінску, дзе слова беларускага не кажы – адразу жандары па першаму паказу скрозь раскіданых шпікоў хапаюць і кідаюць у кутузку. Ключановічу, як стваральніку беларуска-рускае бібліятэкі, пагражаў арышт
і вязьніца. Прыйшлося яму ўцякаць у Савецкую Беларусь. Спадзяваўся, што там будзе воля й прастора для беларускае культурна-асьветніцкай дзейнасьці. Але як толькі ступіў на мяжу запаветнай зямлі, адразу ДПУ запраторыла яго ў свае сутарэньні, прышывала нечуванае злачынства – шпіёнскую ролю на карысьць Польшчы, ягонага найзьлейшага ворага, – а затым дала пяць гадоў ссылкі ў далёкую Сярэднюю Азію. Так заместа бацькаўшчыны мусіць небарака трапіць на чужыну, аб якой ні думаў ні сьніў.
Дадзеныя „Васіля Ключановіча” супадаюць з біяграфіяй Міхася Ключановіча. Да таго ж, Сядура ўдакладняе, што Ключановіч быў высланы ў Казахстан, што быў ён вельмі рэлігійным чалавекам.
Як бачым, пісьменнік прадстаўляе Ключановіча як стваральніка „беларуска-рускае бібліятэкі”, прыхільніка „беларускай культурна-асветніцкай дзейнасці”.
Высвятляецца, што сляды заходнебеларускага дзеяча і паэта захаваліся ва ўспамінах аднаго
з вязняў ГУЛАГу. У лісце да жонкі з Нарыльска нехта Мікалай Супруненка 19 снежня 1946 года згадваў свайго знаёмага „польскага эмігранта” паэта Ключановіча.
У той час ён таксама адбываў зняволенне ў Нарыльску (гэта азначае, што быў другі раз асуджаны). Са слоў Ключановіча, Супруненка піша, што на допытах следователь выдергивал [паэту] пышную бороду по одному волоску (Супруненко Н.: „Похоже, что вы живете на свободе не лучше, чем я в лагере” // http://www.memorial.krsk.ru/memuar/kasabova/08/16.htm).
Такім чынам, апошняя згадка пра Міхася Ключановіча адносіцца да 1946 года. Ці выжыў ён у савецкіх канцлагерах, пакуль невядома.

Komentarze