Календарыюм. Люты – гадоў таму 175

Люты – гадоў таму

kalendarium-01785 – у 1230 г. на запрашэньне мясцовых баяраў і мяшчанаў пачаў княжыць у Новагародку Міндоўг. Пачалася пабудова Беларуска-Літоўскай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага. Як пісаў летапіс, у 1246 г. Міндоўг з многімі сваімі баярамі „прия веру Христову от Востока”.
635 – у 1380 г. Мсьціслаўскі князь Сямён Лугвен пабудаваў Пустынскі і Ануфрыеўскі (1407) манастыры, якія славіліся перапішчыкамі кніг і летапісаў.
535 – 1480 г. – канчатковае вызваленьне зямель Маскоўскай Русі ад татара-мангольскага панаваньня.
500 – 4.02.1515 г. у Несьвіжы нар. Мікалай Радзівіл Чорны, палітычны, культурны і кальвінскі дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Памёр 29.05.1565 г. у Вільні.
495 – у 1520 г. было ўтворана ў межах Вялікага Княства Літоўскага Падляшскае ваяводзтва са сталіцай у Драгічыне.
420 – у 1595 г. у Гародні пачалася пабудова комплексу (кляштара і касьцёла) бэрнардынаў. Пабудова завяршылася ў 1618 г.
420 – 24.02.1595 г. у фальварку Сарбева каля Плоцка нар. Мацей Казімір Сарбеўскі, лацінскамоўны паэт, тэалёг, тэарэтык літаратуры. У 1612 г. уступіў у ордэн езуітаў, вучыўся ў езуіцкай акадэміі ў Вільні, пасьля навучаў у езуіцкіх калегіях – у Вільні, Крожах, Полацку. З 1635 г. быў прапаведнікам і тэалёгам пры двары караля Рэчы Паспалітай Уладыслава IV. Памёр 2.04.1640 г. у Варшаве. Яго лацінскамоўная творчасьць чакае перакладчыка на беларускую мову.
310 – 13.02.1705 г. у Чартарыйску на Валыні нар. Францішка Уршуля Радзівіл (з дому Карыбут-Вішнявецкая), з 1725 г. жонка Міхала Казіміра Радзівіла-Рыбэнькі, пісьменьніца і кіраўнічка несьвіжскага тэатру. Памерла ў 1753 г. У 1754 г. былі выдадзеныя яе драматычныя творы і опэрныя лібрэтта. На беларускай мове „Выбраныя творы” У. Радзівіл выдадзеныя ў 2003 г. у сэрыі „Беларускі кнігазбор”.
280 – у 1735 г. наступіла першае выгнаньне старавераў (раскольнікаў) з зямель беларускіх (Рэчы Паспалітай), якія ўцяклі з расейскай дзяржавы ў XVII стагодзьдзі. 5 палкоў расійскіх войск гвалтоўна ўварваліся у межы Рэчы Паспалітай і выгналі з раёна горада Веткі ў Сібір больш за 13 тыс. чалавек.
255 – 24.02.1760 г. памёр Мацей Догель (нар. 6.08.1715 г. у Гембулах Лідзкага пав.), гісторык-археограф, прававед. Закончыў піярскую школу ў Шчучыне, уступіў у ордэн піяраў, займаўся выкладчыцкай дзейнасьцю. Выдаў 3 тамы „Дыпляматычнага кодэксу Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага”.
220 – 13.02.1795 г. памёр Георгій Каніскі (нар. 10.11.1717 г. у Нежыне), архіепіскап беларускі, рэлігійны палеміст, філёзаф і пісьменьнік.
215 – 14.02.1800 г. у Калюжыцах на Меншчыне нар. Валенты Ваньковіч, мастак-партрэтыст. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіюме і Віленскім унівэрсытэце ў Яна Рустэма (1818 – 1824), пасьля ў Мастацкай Акадэміі ў Пецярбурзе. Пасьля навукі жыў у Менску, меў майстэрню ў Сляпянцы. У 1939 г. выехаў у Парыж, дзе памёр 12.05.1842 г., пахаваны на могілках Манмартр. Вядомы як аўтар партрэтаў Адама Міцкевіча, А. Тавянскага, А. Пушкіна.
195 – 20.02.1820 г. у Полацку памёр Марцін Пачобут-Адляніцкі (нар. 30.09.1728 г. Сламянцах-Саламянцы Гродзенскага пав.), асьветнік і астраном, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту.
170 – 18.02.1845 г. памёр Ігнат Анацэвіч, гісторык і археоляг беларускіх земляў. Нарадзіўся 15.08.1780 г. у в. Малая Бераставіца каля Сьвіслачы. У 1813 – 1817 гг. быў настаўнікам гімназіі ў Беластоку, потым выкладчыкам, прафэсарам Віленскага ўнівэрсытэта.
155 – 1.02.1860 г. памёр у Бельску-Падляшскім Язэп Ярашэвіч (нар. у 1793 г. у Бельску-П.), гісторык і этнограф. У 1815 г. закончыў Віленскі ўнівэрсытэт, у 1815-1826 гг. навучаў у Крамянецкім ліцэі, у 1826 –1831 гг. быў прафэсарам Віленскага ўнівэрсытэта, пасьля жыў у Бельску, дасьледаваў беларускую гісторыю і этнаграфію, аўтар фундамэнтальнай 3-томнай працы „Obraz Litwy pod względem jej cywilizacji od czasów najdawniejszych do końca wieku XVIII” (1844-1845), пісанай у Бельску – П.
125 – 19.02.1890 г. у Баранях Сьвянцянскага пав. нарадзіўся Казімір Сваяк (сапраўднае Канстанцін Стаповіч), каталіцкі сьвятар, паэт, асьветнік. У 1909 – 1915 гг. вучыўся ў Віленскай духоўнай сэмінарыі, у 1915 г. пасьвячоны ў ксяндзы. Служыў ксяндзом у Камаях, Карыціне (1916 – 1918), Клюшчанах, Засьвіры. У 1924 г. выдаў зборнік вершаў „Мая ліра”, а ў 1926 г. беларускі малітоўнік „Голас душы”. Памёр 6.05.1926 г. у Вільні. Пахаваны на могілках Роса.
125 – 20.02.1890 г. у Гальшанах Ашмянскага пав. нар. кс. Язэп Германовіч (літ. псэўданім Вінцук Адважны), беларускі рэлігійны дзеяч, пісьменьнік. Пасьля заканчэньня Віленскай духоўнай сэмінарыі ў 1913 г. служыў вікарым ў Далістове на Беласточчыне, пазьней у іншых парафіях на Беласточчыне: у Беластоку, Крынках, Мсьцібаве, Вялікай Лапеніцы. У 1924 г. уступіў у ордэн мар’янаў, служыў пробашчам у Друі, выкладаў там закон божы і лацінскую мову ў друйскай гімназіі. У 1932 – 1936 гг., 1938 – 1948 гг. займаўся місіянерскай дзейнасьцю ў Харбіне, дзе быў арыштаваны і перададзены савецкім ворганам бяспекі. Да 1955 г. знаходзіўся ў лагерах Сібіры. Пасьля вызваленьня прыехаў у Польшчу, адкуль у 1959 г. з’ехаў у Італію, пазьней – у Вялікабрытанію, дзе рэдагаваў часопіс „Божым шляхам” і напісаў успаміны „Кітай-Сібір-Масква”. Памёр 26.12.1978 г. у Лёндане. Пахаваны на могілках сьв. Панкрата.
110 – 3(16).02.1905 г. памёр Павал Баброўскі (нар. 21.03(2.04).1832 г. у Вацы каля Вільні), гісторык і этнограф, братанак Міхала Баброўскага (пад яго апекай атрымаў пачатковую адукацыю). Закончыў Полацкі Кадэцкі Копрус (1849) і Мікалаеўскую Акадэмію Генэральнага Штаба (1857), дасьледаваў Гродзенскую губерню, м. інш. супрасльскія рукапісы, аўтар краязнаўчых нарысаў пра Гродзеншчыну.
110 – 19.02.1905 г. памёр Якаў Наркевіч-Ёдко (нар. 9.01.1848 г. у маёнтку Наднёман каля Узды на Меншчыне), прыродазнавец і мэдык. Закончыў Менскую гімназію, студыяваў у Маскве і Парыжы, з 1890 г. член-супрацоўнік Інстытуту экспэрымэнтальнай мэдыцыны ў Пецярбургу. У 1886 г. у сваім маёнтку стварыў мэтэаралягічную станцыю і адкрыў санаторый. Там таксама пахаваны.
110 – 21.02.1905 г. у Ільі (ці Занарачы) нар. архіепіскап Філафей (сьвецкае: Уладзімір Нарко), праваслаўны сьвятар, епіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Вучыўся ў Віленскай праваслаўнай духоўнай сэмінарыі і на багаслоўскім факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэта (1925 – 1929). З 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне, памёр 24.09.1986 г. у Гамбургу.
105 – 17.02.1910 г. у Вільні нар. Хведар Ільляшэвіч, беларускі дзеяч, гісторык празаік і паэт. Закончыў Віленскую Беларускую Гімназію, гісторыю ў Віленскім унівэрсытэце, настаўнічаў у Віленскай Беларускай Гімназіі (да 1937). З 1937 г. жыў у Тапалянах на Беласточчыне, у перыяд ІІ сусьветнай вайны кіраваў Беларускім Аб’яднаньнем у Беластоку і рэдагаваў беларускую газэту „Новая Дарога”, з 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне – у Ватэнштаце. 6 лістапада 1948 г. загінуў там у аўтамабільнай катастрофе. Aўтар зборнікаў вершаў: „Веснапесьні” (1929), „Зорным шляхам” (1932), „Захварбаваныя вершы” (1936), працы пра Ядвігіна Ш.: „Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літаратурная творчасьць” (1933), працы пра друкарню Мамонічаў: „Drukarnia domu Mamoniczów w Wilnie (1575 – 1622)” (1938). На эміграцыі рэдагаваў літаратурны часопіс „Шляхам жыцьця” (1946-1948) і бюлетэнь „Апошнія весткі”. Пахаваны ў Галенсдорфе ў Нямеччыне.
95 – 2.02.1920 г. у Янатрудзе на Полаччыне памёр кс. Францішак Будзька (нар. 23.01.1884 г. у Вознаўшчыне Вілейскага пав.), адзін з пачынальнікаў беларускага хрысьціянскага руху. Душпастырскую службу пачынаў у 1908 г. вікарым у Полацку, дзе быў да 1912 г. Пасьля – у Пецярбургу. З 1917 г. служыў у Полацкім дэканаце, гаварыў беларускія казаньні, перакладаў на беларускую мову рэлігійныя кнігі, закладаў беларускія школы.
90 – 1.02.1925 г. выйшаў з друку першы нумар двухтыднёвіка „Праваслаўны Беларус”. Рэдактарам выданьня быў Іван Пачопка, графіку апрацаваў вядомы беларускі мастак Язэп Драздовіч. Часопіс меў царкоўна-культурны характар. На яго старонках прапагавалася беларусізацыя Параваслаўнай царквы ў межах польскай дзяржавы. Многа месца адводзілася гісторыі праваслаўнай веры на беларускіх землях, сучаснай беларускай літаратуры. З чэрвеня 1925 г. быў рэдагаваны штомесячны дадатак „Царкоўныя казаньня” (6 нумароў). Было выдадзена 22 нумары.
85 – 2.02.1930 г. загадам найвышэйшых уладаў СССР былі сфарміраваныя ў саюзных рэспубліках і вобласьцях „тройкі”, якім далі права без суда выносіць рашэньні аб накіраваньні абвінавачаных імі асоб у лагеры або да расстрэлу.
80 – 24.02.1935 г. нарадзіўся на хутары Верасоўка, Ушацкага р-ну, Віцебскай вобл. Рыгор Барадулін, выдатны паэт, грамадзкі дзеяч. Друкаваўся з 1953 г., аўтар многіх зборнікаў вершаў, перакладаў. Жыў у Менску, памёр 2.03.2014 г., пахаваны на Ушацкіх могілках побач з маці.
70 – 20.02.1945 г. нарадзілася паэтка Таіса Бондар. Друкуецца з 1970 г., вершы, паэмы „Цягнік у неба”, „Кветка бяды”, раман „Спакуса”, апавяданьні, нарысы.
65 – 4.02.1950 г. памёр у Варшаве Ян Булгак (нар. 6.10.1876 г. у Асташыне на Наваградчыне), вядомы фотамастак.
60 – 21.02.1955 г. у Шчучыне нар. Мікола Нікалаеў, гісторык, жыве і працуе ў Пецярбурзе, аўтар м. інш. кнігі „Палата кнігапісная. Рукапісная кніга на Беларусі ў Х-ХVІІ стагоддзях” (1993), дзеяч беларускага руху ў Пецярбурзе. Віншуем з днём народзін і жадаем доўгага жыцьця ў здароўі і працы для Бацькаўшчыны!

Апрацавалі Лена Глагоўская
і Вячаслаў Харужы ■

Komentarze

  1. Hey, you used to write magnificent, but the last several posts have been kinda boringK I miss your great writings. Past few posts are just a little out of track! come on!