Даследчык Крэва Аляксандр Камінскі, Сяргей Чыгрын

У Крэве на Смаргоншчыне жыве ўлюбёны і зацікаўлены ў свой родны край чалавек. Завуць яго Аляксандр Камінскі. 21 студзеня гэтаму выдатнаму краязнаўцу і гісторыку споўнілася 50 гадоў. Віншуючы Аляксандра з юбілеем, мы, блукаючы па заснежаным Крэве, гутарылі пра жыццё ў старажытным беларускім мястэчку, пра ягоныя краязнаўчыя здабыткі, пра гісторыю Крэва і, наогул, пра жыццё.

 

AlakKam

Аляксандр Камінскі

Аляксандр, раскажы, калі ласка, нашым чытачам пра сябе: дзе ты нарадзіўся, што скончыў, кім працуеш?

– Нарадзіўся я і жыву ў Крэве. Я з тых раслін, якія вельмі хваравіта пераносяць перасадку ў іншае месца. Такая нелюбоў да перамены месцаў дасталася, відаць, ад бацькоў, якім нават нарадзіцца давялося далёка ад Бацькаўшчыны: маці з’явілася на свет у Амерыцы ў сям’і беларускіх эмігрантаў, а бацька – ў Расіі, як ён сам казаў: „Мікалаеўскай вайной у бежанцах”. Я ж свае пяць гадоў вучобы ў Мінскім інстытуце замежных моў і тэрмін вайсковай службы ператрываў толькі па той прычыне, што ведаў – гэта часова. Трохгадовую працу ў Мілейкаўскай базавай школе на Смаргоншчыне за „эміграцыю” не лічу – гэта ўжо родная глеба, Крэўшчына. Але, калі знайшлося месца ў самой Крэўскай школе – перайшоў не раздумваючы. Працаваў настаўнікам французскай мовы і адначасова займаўся краязнаўчай працай: узяў пад сваю „апеку” школьны музей, ладзіў вандроўкі, у працы з дзяцьмі ажыццяўляў разнастайныя свае задумкі і знаходкі. Зараз настаўніцкую працу па шэрагу прычын пакінуў, але з адукацыйнай галіной не развітаўся – працую качагарам у дзіцячым садку. А краязнаўства – гэта назаўсёды!

Даўно ведаю, што ты даследуеш Крэва і Крэўскі замак, што ты збіраеш усё, што звязана з Крэвам, з яго гісторыяй, людзьмі, падзеямі. Якое значэнне ў нашай гісторыі, а таксама сёння мае Крэўскі замак? Чым ён адметны ў гістарычным аспекце ў параўнанні з іншымі замкамі Беларусі?

– Нягледзячы на тое, што замак – своеасаблівая візітоўка Крэва, гэта не мая любімая тэма. Пра яго ўжо столькі нерапісана! Але мяне ж больш цікавяць малавядомыя старонкі гісторыі нашага мястэчка і ваколіц. Гэтыя старонкі можа не такія значныя, але, каб не было замка і Крэўскай уніі, менавіта яны з’яўляліся б зместам гісторыі нашага краю. А так – больш значныя падзеі нейкім чынам іх „заглушаюць”, адкідаюць на другі план. Праўда, апошнім часам я ўсё больш і больш пачаў звяртацца і да тэмы замка. Аказваецца, у ёй ёсць яшчэ што асвятляць. Нядаўна завяршыў працу над даследваннем „Крэўскі замак у апісаннях і выявах”. Праўда, пакуль яшчэ не ведаю, дзе можна было б гэта надрукаваць. У Літве яшчэ, па-мойму, з савецкіх часоў існуе спецыялізаваны часопіс „Lietuvos pilys” („Літоўскія замкі”), у нас жа пра падобнае можна толькі марыць. Дарэчы, да напісання свайго даследвання мяне падштырхнула праца Відмантаса Янкаўскаса „Іканаграфія Крэўскага замка: паміж рамантызмам і дакументальнасцю”, якая змешчана ў тым часопісе, і пра якую мала што ведаюць нашы спецыялісты. Я ж свае асабістыя знаходкі пра замак, свае думкі пра яго выкладаю час ад часу ў блозе „Крэўскае мора”. Збіраюся рабіць гэта і надалей. Так што, каму цікава – сардэчна запрашаю на свій сайт: www.kreuski.livejournal.com!

Гэта цікава. А ці магчыма сёння аднавіць Крэўскі замак і ці, наогул, неабходна гэта рабіць?

U_kreuskim_zamku (Kopiowanie)

У Крэўскім замку

– Апошнім часам можна знайсці вялікае мноства варыянтаў рэканструкцыі (ці, інакш кажучы, адноўленага першапачатковага выгляду) Крэўскага замка. Іх столькі многа і яны часам такія непадобныя адзін да другога, што губляешся: а ці наш гэта замак? Адсутнасць першапачатковых чарцяжоў дае волю фантазіі. Канечне ж, кожны аўтар хацеў бы, каб менавіта яго дзецішча было ўзята за ўзор пры аднаўленчых працах. І пачынаюць з’яўляцца розныя прыгожанькія варыянты, часта вельмі далёкія ад рэальнасці. Але адсутнасць першапачатковых чарцяжоў можа прывесці да таго, што адноўлены калі-небудзь замак, сапраўды, набудзе хоць і падагнаныя пад Сярэднявечча, але нейкія чужародныя рысы. Многія прытрымліваліся і прытрымліваюцца думкі, што яго не трэба аднаўляць поўнасцю, а толькі закансерваваць у тым выглядзе, у якім ён дайшоў да нашага часу. Гэта захавала б нейкім чынам і памяць пра падзеі, якія адбываліся навокал на працягу стагоддзяў. А кансервацыя прадухіліла б далейшае разбурэнне замка. Па-мойму, гэта быў бы найлепшы, прычым менш затратны, варыянт. Сапраўды, наўрад ці збярэцца хто калі-небудзь, хоць няцяжка было б знайсці сродкі на гэта, аднавіць да першапачатковага выгляду той жа рымскі Калізей ці, прабачце за блюзнерства, „датачыць” рукі Венеры Мілоскай. Калі ўсё ж будзе рашэнне аднавіць Крэўскі замак, то тут спяшацца не варта. Каб адрадзіць разбуранае, трэба ведаць з чаго ўсё пачыналася і які выгляд яно мела да разбурэння. Для гэтага неабходна вывучыць як мага болей дакументаў з апісаннем аб’екта, перабраць усе яго планы і чарцяжы, малюнкі і фотавыявы. Свой сціплы ўклад у гэта раблю і я.

Ці праводзяцца ў Крэве якія-небудзь гісторыка-краязнаўчыя і літаратурныя сустрэчы, вечары, фестывалі? Як сёння, наогул, ушаноўваецца вялікая гісторыя Крэва?

– Па праўдзе кажучы – пахваліцца няма чым. Не сказаць, што мы зусім убаку ад цывілізацыі. Добрую справу робяць удзельнікі штогадовых летнікаў – студэнты сталічных навучальных устаноў, якія не толькі праводзяць тут пэўную працу па вывучэнню і захаванню помнікаў мінуўшчыны, але і ладзяць часам даволі цікавыя фестывалі, экскурсіі, выставы. Да нядаўняга часу літоўцы, якія пражываюць у Беларусі, амаль штогод праводзілі ў Крэве святы, прымеркаваныя да дня каранацыі Міндоўга. Было прыемна, што да іх правядзення далучаліся і мясцовыя творчыя калектывы. Праз нейкі час літоўцы пакрысе адышлі ад гэтай справы, свае ж культработнікі хоць і працягваюць традыцыю, але знікла тая „разыначка”, якая б прыдавала фестывалю сваю адметнасць і каларыт, і гэтыя мерапрыемствы пачалі рабіцца нейкімі прэснымі і нецікавымі. У мінулым годзе ў жніўні ў Крэве, напрыклад, адбыўся фестываль „Крэўская кераміка”, які па-сапраўднаму разагнаў тую „прэснасць” – свята сапраўды атрымалася прыгожым і арыгінальным. Але ж згадзіцеся: адно такое свята на год – гэта вельмі мала.

А літаратурная імпрэза „Дрэва паэзіі”, прысвечаная Уладзіміру Някляеву, які нарадзіўся ў Смаргоні, а дзіцячыя гады прайшлі ў Крэве?

– Так. З больш „камерных” падзей культурнага жыцця ў Крэве можна назваць адкрыццё некалькі год назад тут, на радзіме Уладзіміра Някляева, Дрэва паэзіі, разнастайныя пленэры для мастакоў і фатографаў. На жаль, няма ў Крэве (ды і ў Смаргонскім раёне наогул) таго асяродка (клуба, музея, выдання і  т. п.), які збіраў бы вакол сябе краязнаўцаў, гісторыкаў, літаратараў, наогул творчых людзей, дзе нараджаліся б і ажыццяўляліся б ідэі, дзе можна было б вольна абмяркоўваць свае знаходкі, прыцягваць да справы іншых зацікаўленых людзей. Нешта падобнае, нібыта, зараджаецца ў Залессі вакол адноўленай сядзібы Агінскага, але я баюся, што і там усё хутка абрасце казёншчынай і фармалізмам.

Ведаю твой выдатны краязнаўчы блог „Крэўскае мора”. Але, калі ты ўжо напішаш і выпусціш сваю ўласную кнігу пра Крэва?

– Тут існуе некалькі праблем. Па-першае, недзе нешта надрукаваць наогул няпроста. Магчыма, справа тут і ў недахопе напорыстасці ў характары. У той жа раённай газеце матэрыялы могуць праляжаць у стале гадамі, хоць менавіта ёй артыкулы па краязнаўству найбольш падыходзяць. Вось неяк патэлефанавалі з „Гродзенскай праўды”, папрасілі дазволу выкарыстаць у сваёй публікацыі адзін з матэрыялаў з майго блога і пачалі выпытваць пра іншую сенсацыйную інфармацыю, якой я валодаю. „Калі ласка, друкуйце, – кажу. – А наконт матэрыялаў, то магу прапанаваць для газеты свае асабістыя артыкулы”. З адказу я зразумеў, што не варта туды і сунуцца.

Але ж ты шмат друкуешся, я ж чытаю…

– Пішу і апублікаваць тое-сёе ўдаецца. Мае матэрыялы прымаюць час ад часу „Куфэрак Віленшчыны”, „Беларускі гістарычны часопіс”, „ARCHE” і іншыя выданні. Рэдактар „Куфэрка” у Маладзечне Міхась Казлоўскі выдаў некалі і маю кніжку „Пад хвалямі Крэўскага мора”. Сам час ад часу займаюся „самвыдатам”, больш для сяброў і знаёмых. А выдаць нешта саліднае – не хапае сродкаў, іх недзе трэба знайсці.

Другая праблема, калі выпускаеш кнігу падобнага кшталту, заключаецца ў наступным. Яна можа быць ужо выдадзена, а ты трапляеш на нейкую новую інфармацыю, якая вельмі добра дапоўніла б тое, што ўжо надрукавана. А часам нават знаходзіш нейкае абвяржэнне таму, што пісаў раней. Але ж не будзеш раз за разам кнігу перавыдаваць, каб ліквідаваць тыя хібы. У рэшце рэшт, я прыйшоў да выновы, што найлепшы спосаб хутка і без затрат данесці інфармацыю да чытача, а потым без цяжкасцей уносіць дапаўненні альбо абвяржэнні, – гэта стварыць свой краязнаўчы блог. Вось так мой блог „Крэўскае мора” і з’явіўся ў віртуальнай прасторы.

Аляксандр, а што цікавае знойдзена асабіста табой пра Крэва ў апошнія, напрыклад, пяць гадоў?

– Для мяне асабіста цікава ўсё, інакш я гэтым не займаўся б. Але ёсць некалькі маіх меркаванняў, знаходак і прац, якія зацікавілі нават вучоных. Як я ўжо аднойчы пісаў у блозе, адзін навуковец (Янка Трацяк з Гродна) нават параіў мне напісаць і абараніць навуковую дысертацыю па тэме мясцовай гаворкі. Гісторык Алег Дзярновіч палічыў вартым увагі маё меркаванне аб часе будаўніцтва Крэўскага замка (дагэтуль сярод спецыялістаў пытанне застаецца нявырашаным). Яўген Уласавец і іншыя зацікавіліся маёй версіяй пра першапачатковае размяшчэнне касцёла ў Крэве. Усе падрабязнасці па гэтых пытаннях не цяжка адшукаць у маім блозе.

А раскажы што-небудзь цікавае і незвычайнае з гісторыі Крэва ці Крэўскага замку.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

На канферэнцыі, прысвечанай І сусв. вайне. Смаргонь 2007

– Баюся, што адыму шмат часу. Можна было б расказаць і пра палтэргейст, які назіраўся ў Крэве ў 1804 годзе, і пра шматлікія скарбы, якія тут былі знойдзены альбо засталіся нераскрытымі, і пра падземны храм часоў Першай сусветнай вайны недзе пад Крэвам. Цікавае і незвычайнае можна знайсці і ў кожным крэўскім паданні, якіх безліч. Але нам для гэтага адной гутаркі не хопіць.
Хто табе асабіста дапамагае ў пошуках звестак пра Крэва, ці ты даследчык-адзіночка?

– Па-праўдзе кажучы, у самім Крэве тых, на каго можна абаперціся, вельмі мала. Гісторыяй цікавяцца многія, але гэта, у асноўным, толькі „карыстальнікі”. Так што прыходзіцца працаваць у адзіночку. Праўда, часам нейкія ідэі падкідае мой сябра, найлепшы спецыяліст па гісторыі Смаргоншчыны і Ашмяншчыны Уладзімір Прыхач, які жыве ў Смаргоні. Ён жа мне першаму паведамляе пра свае асабістыя знаходкі, звязаныя з Крэвам. „Супрацоўніцтва” з тым жа настаўнікам гісторыі і цяперашнім загадчыкам школьнага музея ў Крэве заключаецца толькі ў тым, што ён рэгулярна патрабуе ад мяне інфармацыю для шматлікіх, часам непатрэбных, мерапрыемстваў, загад аб правядзенні якіх зыходзіць „зверху”. Радуе, што адзін з маіх былых вучняў, які пасля вучобы зноў вярнуўся ў роднае мястэчка, зрабіўся заўзятым калекцыянерам, апошюю капейчыну гатоў патраціць на набыццё на аукцыёнах рэдкіх рэчаў і дакументаў, звязаных з Крэвам. З ім ёсць пра што пагаварыць, з ім мы абмяркоўваем новыя знаходкі, планавалі нават сумесна арганізаваць у Крэве выставу, прысвечаную Першай сусветнай вайне. Праўда, сутыкнуўшыся з пэўнымі цяжкасцямі, гэтую ідэю пакуль адклалі. Дзякуй Богу таксама, што ёсць яшчэ ў Крэве сталыя людзі, якія цікавяцца тым, чым я займаюся, дзеляцца ўспамінамі, падштурхоўваюць на новыя пошукі і адкрыцці.

Якія планы ў Аляксандра Камінскага і ў Крэва на 2015 і на бліжэйшыя гады?

– Доўгатэрміновых планаў не складаю. Ёсць знаходкі – стараюся як мага хутчэй іх апрацаваць. Ёсць задумкі – адразу ж імкнуся, калі гэта ў маіх сілах, іх ажыццявіць. І заўсёды ўлічваю, дзе, у які час і з кім я побач жыву.

 

 

Komentarze