Васіль Петручук, Крышынкі

70. Спадар рэдактар, раней я сказаў, што дам некалькі прыкладаў свайго пакутнага існавання. Але не буду паўтараць гэтага, што ўжо дзесьці напісаў, бо многа чаго трэба было б паўтарыць, а гэта было б на аб’ём другой кніжкі, якая лупіла б раны майго сэрца і скалечаных пабоямі мазгоў. Было гэтага многа, а я спалучу прыклад глыбокага дзяцінства – квартачку з шаснаццацігадовым хлопцам, які ў 1942 годзе выкасіў, значыць, управіў лонку на сена.

Калі прыйшлі сенакосы, бацька быў хворы, дык я сам пайшоў (не ведаю чаму не паехаў як усе людзі) пад Малочкі, паеўшы поснага кулешыку і з кавалкам хлеба ў торбачцы нават без бутэлькі малака касіць свой участак. Выкасіў, мокрую рызуху на спіне павыносіў далёка на груд, высушыў і паскладаў у стагі будучы галодным як той сабака, бо бацькі кімсьці перадалі мне яшчэ кусок хлеба і жменьку ўнутранага сала, якое я глынуў за адзін раз. Не ведаю, бо не памятаю колькі трывала гэтая мая касьба, але памятаю, што да свята Пятра і Паўла, бо ўсе людзі паехалі дамоў святкаваць, а я касу на плячо і таксама павалокся дадому, бо ўжо ўсё, што трэба, зроблена. Адолеў 15 кіламетраў і дайшоў да «свайго» сялка ледзь цягнуўшы ногі. Калі дайшоў да хаты Грышы Бароўскага, пачуў голас Тэкелькі: «Варка, чы то нэ Воська пушоў?» Варка Антанюк: «Васька, Тэкелько». Тэкелька: «Божэ, якій худый!» Варка: «А дэ ж вуон будэ клусты, як ёму на болото навэть хліэба нэ послалі». Не ведала бедная добрая душа, што раз прыслалі не толькі хлеба, але і сала, якое я глынуў як сабака муху.

Прышоў я на падворак, павесіў касу на ліпу і бадай бацькі не ўбачылі як уваходзіў у сені, бо адчыніўшы дзверы ў хату я пачуў: «Ну, бэрыэтэ шчэ по ложці, бо вынэсу». І «мама» ў мяне пад носам вынесла варэнне з чорных ягад у камору. Я заплакаў і палез з рукою ў чыгун са свінячай бульбай, які стаяў на пліце. З чыгуна вылецеў рой мух, бо я ім, бедным, перашкодзіў як і сямейцы таты з мамай ласавацца чорнымі ягадамі. Я еў смакавітую бульбу, прыгатоўленую свінням, а тата хіба з зайздрасцю прыглядаўся моўчкі.

Цяпер я хачу спытацца ў абаронцаў майго шматгадовага ката, дзе ў апісаных двух здарэннях відаць маю віну, якая вымагала б абароны «беднай» мачыхі і судзіць мяне за даносы на яе? Панства, бессаромныя ілгуны, што гэта за даносы, каб згідзіць мачыху, калі я пішу аб сваім подлым існаванні? Не я даношу, а на мяне даносілi: у 1942 годзе нямецкаму солтысу, што я прывожу дадому вінтоўкі, у 1944 г. у НКВД у Кляшчэлях, што я вораг Савецкага Саюза, бо ўкраў вепрука і жупыцю.

Прыехала ў нядзеню зімою ў Грабавец трох энкавэдыстаў і сярод іншых пытанняў спыталіся ў мяне, што такое жупыця. Я сказаў, што гэта адзенне з сукна падобнае да шыняля. Гэта было ў хаце Хведарука, куды мяне адзін з энкавэдыстаў выклікаў з хаты Грышы Бароўскага, дзе ўбачыў у вокнах твары дзяўчат цікавых хто гэта прыехаў і нас, хлопцаў. Калі я выходзіў з хаты, ён сказаў: «Вазьмі паліто». Я адказаў, што я не маю ніякага паліта. Прабралі іх ад сволачэй, а мне далі адрас куды маю прыехаць «если паразиты будут цепляться». У 1945 г. мачыха данесла на міліцыю ў Кляшчэлі, што я ёй не даю жыць і зноў украў у яе вепрука. Дурны бляхар пазваў мяне ў Кляшчэлі і прыгразіў, што калі не перастану знуткавацца над маткай, то ён выцягне з гэтага такую справу, што пашкадую што нарадзіўся ды прагнаў мяне дамоў. Яшчэ толькі дадам, што калі паехалі энкавэдысты, то я ішоў дадому на абед, бо ж мы разам жылі. Я ішоў з Панасам Панасюком. Ззаду ішоўшая ад брата мачыха падбегла і так дала кулаком мне ў нос, што пацякла кроў, я нічога не сказаў, а калега на гэта: «Васька, то ты даешся коб такая бладзь тэбэ была?!» Прыйшоўшы дадому меў усё схаванае ў камору пад замок, і нават хлеб на ключ схаваны. Яна з дзецьмі была ўжо пасля абеду. Я, кавалер, як збіты сабака, пайшоў да дзядзькоў. Там расказаў сітуацыю і дастаў паесці. Дзядзіна Надзя, ставіўшы на стол талерку, сказала: «На, поеж, бо тая сморкавка бачыш якая халера!»
На заканчэнне яшчэ дадам тое, чаго ніколі і нікому нідзе не сказаў і не напісаў, але цяпер скажу, каб ведалі тыя, хто мне верыць. Сярод агідных хамскіх вартых толькі праклёнаў быў і такі, аб якім я будучы малым не ведаў, а пасля, на жаль, даведаўся і цяжка гэта пераносіў, а я найчасцей чуў: «Коб ты був у пыздыэ зогныв!»

А маёй віною былі такія выбрыкі: я плакаў, бо есці хацеў, пакідаў дзіцё на панадворку і выходзіў за вароты да калег, або калі з-пад абруска ўшчыпнуў хлеба, бо заўсёды быў галодны. Бог толькі адзін ведае, як я выжыў і аж столькі праіснаваў у такіх умовах, якія сабе вырыхтаваў сваім розумам і характарам.
(Працяг будзе) ■

Komentarze

  1. Hi! Someone in my Facebook group shared this site with us so I came to look it over. I’m definitely loving the information. I’m bookmarking and will be tweeting this to my followers! Terrific blog and excellent design and style.