Алена Грышанава, „Пры любых абставінах мы павінны быць шчаслівымі”, Сяргей Чыгрын

Алена Грышанава – вядомая беларуская спявачка, якая жыве ў Мінску і пастаянна выступае з прафесійнымі сольнымі нумарамі. У спадарыні Алены даволі вялікі рэпертуар песень на роднай мове, на рускай і англійскай мовах. Яна працуе у Pop-Stile.

З 2005 года Алена Грышанава з’яўляецца пастаяннай удзельніцай шматлікіх тэлевізійных і радыё праграмаў. Спявачка прымала ўдзел у тэлешоў „Песня года” ў Беларусі і ва Украіне, з’яўляецца канкурсантам і лаўрэатам музычнага фестывалю ў Беларусі „Песня года” 2005 года. Яна была пераможцам і намінантам „Авацыі года” і „Сімпатыі 2005” першай музычнай тэлеўзнагароды „Тэлепартацыя 2005”. У 2006 годзе спявачка заняла другое месца ў адборачным туры Беларусі для Еўрабачання з песняй „You Can’t Stop This Dance”. У 2006-2007 гадах прымала ўдзел у тэлепраекце „Зорны цырк” і стала яго фіналістам. А праз год Алена Грышанава становіцца лаўрэаткай папулярнага тэлепраекта „Сярэбраны грамафон” і штогадовага музычнага фестывалю „Песня года” ў Беларусі. Яна прымала ўдзел у тэлешоў „Вялікія гонкі” ў Францыі і тэлепраекцe „Танцы з зоркамі” і ў шматлікіх іншых праекта.
Сёння беларуская спявачка Алена Грышанава – госць „Czasopisа”.
Спадарыня Алена, я праглядзеў шмат сайтаў, але нідзе не сустракаў месца Вашага нараджэння. Вы нарадзіліся ў Беларусі?
– Так. Я нарадзілася ў Мінску, але першыя чатыры гады свайго жыцця пражыла ў Гародні, дзе працавалі мае бацькі. Потым мы зноў пераехалі ў Мінск. Цяпер мае бацькі ўжо пенсіянеры. Мама ўсё жыццё адпрацавала ўрачом-эпідэміёлагам, а тата быў інжынерам. Я ў Мінску скончыла сярэднюю школу № 9, а потым вучылася ў Расійскім дзяржаўным сацыяльным універсітэце па спецыяльнасці псіхалогія. Але сябе вырашыла прысвяціць эстраднай песні.
Чытаў, што Вы некалі выступалі з дуэтам „Ovation”, які быў жаданым госцем у начных клубах Англіі. Разумееце, беларусы і палякі пра гэты дуэт нічога не ведаюць, дый, мабыць, англічане таксама. Гэта ж не Boney M. Відаць, гэта быў чыста местачковы дуэт, якіх у розных гарадах свету налічваецца тысячы. Але Вы яго часта прыгадваеце ў сваёй біяграфіі. Чаму? Гэта дзеля таго, каб паказаць, што Вы працавалі ў Англіі, ці, насамрэч, праца там Вам шмат дала, шмат чаму навучыла ў музыцы, эстрадзе?
– Дуэт „Ovation” стварыўся ў 1988 годзе, у ім я выступала са сваёй сястрой-двайняткай Наталляй. Дуэт мне шмат даў, у тым ліку і вопыту. Мы былі ганаровымі гасцямі футбольнага клуба „Manchester United” і выконвалі песні на Old Trafford. Зразумейце, што не ўсім эстрадным выканаўцам шанцуе выступаць перад тысячнымі заўзятарамі футболу на стадыёнах Англіі. А ў мяне такія выступленні былі. Таму дуэт „Ovation” мне шмат дапамог, пасля яго я змагла паспяхова стартаваць на эстраднай сцэне ў Беларусі.
Спадарыня Алена, я пра Вас, як спявачку, упершыню даведаўся, пасля Вашай цудоўнай песні „Каханне не забіваюць”. Яна мне вельмі спадабалася і падабаецца да сённяшніх дзён. Сапраўды, гэта адзін са шлягераў беларускай эстрады. А ці ёсць у Вас беларускамоўныя песні?
– Вядома ж, ёсць. І я іх заўсёды выконваю ў рамках розных праектаў. Таксама ў маім рэпертуары ёсць выдатная песня пра нашых прыгожых дзяўчат з Беларусі і пра нашу краіну Беларусь, песня называецца „Беларусачка”. Я яе выконваю разам з Аляксандрам Сухаравым – лідэрам групы „Эківокі”.
Чаму я пра гэта ў Вас запытаўся, ды таму, што калі Вы беларуская эстрадная спявачка, то павінны быць у Вашым рэпертуары і беларускія песні. Бо ўсё ж тыя рускамоўныя песні, якія сёння з’яўляюцца на беларускай эстрадзе, яны хутка знікаюць, гэта проста песні-аднадзёнкі. А добрыя беларускамоўныя песні ў выкананні нашых эстрадных выканаўцаў вельмі доўга жывуць, яны дзесяцігодддзямі гучаць па радыё, тэлебачанні, на розных эстрадных пляцоўках у розных выкананнях. Ці так?
– Я з Вамі поўнасцю пагаджаюся. Таму я заўсёды імкнуся, каб у маёй творчасці былі песні, якія б жылі доўга і радавалі слухачоў дзесяткі гадоў. І таксама беларускамоўныя.
Спадарыня Алена, а чаго сёння Вам і іншым беларускім эстрадным спевакам не хапае ў Беларусі?
– Наш шоў-бізнес даволі ўнікальны, творчасць створана так, як і сам чалавек, якому заўсёды нечага не хапае, таму неабходна ўмець браць і дзяліцца ўсім тым, што ты маеш.
Вы часта гастралюеце па Беларусі? І, наогул, раскажыце трохі пра сваю гастрольную дзейнасць.
– Сёння гастроляў па Беларусі стала значна меней, чым гэта было 5-10 гадоў таму. Хутчэй за ўсё гэта звязана з эканамічнай сітуацыяй у краіне. Але я па-ранейшаму стараюся заставацца адкрытай для сваіх паклоннікаў і слухачоў і ўпэўніваюся штодня, што ў нас, у Беларусі, самая шчырая і добрая публіка. З 2006 года я актыўна гастралюю. Тады выпусціла свой відэакліп „Каханне не забіваюць”, які стаў самым папулярным альбомам у Беларусі і на Украіне. Дала некалькі сольных канцэртаў у Мінску, выязжала за межы Беларусі з праграмай „Яе Вялікасць Каханне…”. Цяпер па Беларусі гастралюю з новай музычнай праграмай „Для цябе…”.
Вы выпусцілі ўжо некалькі сваіх сольных альбомаў. Ці маеце ад іх фінансавы прыбытак, каб за гэтыя грошы выпускаць новыя альбомы, музычныя кліпы? І ці складана гэта рабіць у Беларусі? І ці прафесійна ўсё гэта робіцца на Бацькаўшчыне?
– У Беларусі, як і ўсюды, ты ўкладваеш фінансаў столькі, на колькі ты хочаш быць яркай, заўважанай і запомніцца гледачам і слухачам. І, вядома ж, наколькі ў цябе на гэта хапае тых сродкаў. Што датычыць прафесіяналаў у музыцы, то ў Беларусі яны ёсць, нават даволі шмат і яны працуюць вельмі ўпэўнена і прафесійна.
І традыцыйнае пытанне: над чым зараз Вы працуеце, якой новай музычнай кампазіцыяй ці праграмай здзівіце слухачоў і гледачоў у бліжэйшы час?
– Нядаўна я запісала новую песню, якую напісаў мой любімы паэт і кампазітар Генадзь Крупнікаў у Кіеве, песня называецца „Прамоклае неба”. Да новага года рыхтуецца яе прэзентацыя. Дэталі прэзентацыі пакуль застаюцца ў тайне, але абяцаю, што гэта будзе даволі цікавае мерапрыемства, якое адбудзецца ў маім родным горадзе Мінску. Пра гэта ўсе даведаюцца з прэсы. А чытачам „Czasopisа” хочацца пажадаць, каб яны мелі сілы пры любых абставінах заставацца шчаслівымі, кахання ўсім, дабра і гармоніі.
Гутарыў

Komentarze