Юрка Хмялеўскі. Ад Рэдактара.

Jerzy Chmielewski2015 год падыходзіць ужо да канца. У Польшчы прайшоў ён пад знакам выбараў. Было іх ажно тры, уключаючы няўдалы вераснёўскі рэферэндум. А не так і даўно, бо толькі год таму, прайшлі яшчэ і самаўрадавыя выбары. Гэтыя падзеі, асабліва на дзяржаўным узроўні, канчаткова давялі да значных пераменаў у структурах цэнтральнай улады ды ўстаноў краіны. Дарэчы, гэты працэс толькі пачаўся.

Пасля кастрычніцкіх парламенцкіх выбараў уладу ў Польшчы ўзяло Права і Справядлівасць – у сэнсе ідэйным партыя правага палітычнага накірунку і адназначна левая, калі глядзець на яе грамадска-сацыяльную праграму. І яшчэ моцна кансерватыўная для польскіх нацыянальных і каталіцкіх каштоўнасцей. ПіС – крыху нетыповы палітычны гібрыд, адзіны такі цяпер, мабыць, у Еўропе.

Цяжка, пакуль, сказаць, ці ў сувязі са зменай улады штосьці памяняецца ў адносінах польскай дзяржавы да нацыянальных меншасцей, асабліва да нас – беларусаў. Не чуваць пакуль, каб услед за абяцаннямі, што ўсім будзе ляпей, новы ўрад збіраўся павялічыць датацыі ці ўвесці палягчэнні ў карысць грамадзян іншых нацыянальнасцей. Але нам трэба памятаць, што захаванне сваёй тоеснасці залежыць перадусім ад нас саміх. Як паказвае жыццё, хто б не быў пры ўладзе, папраўдзе не мае тут большага значэння. Бо калі самі не хочам быць сабою, то аніякая ўлада нам у гэтым не дапаможа. Заўсёды можам, аднак, паклікацца і на правы, гарантаваныя нам еўрапейскімі законамі і стандартамі. На жаль, не ўмеем як належыць гэтым пакарыстацца.

У выніку нядаўняй змены ўлады ў Польшчы цалкам адсунуты на бок левыя, якія ўпершыню не ўвайшлі ў Сойм (а не так і даўно, як кіравалі яны нават краінай). Безумоўна, гэта характэрны, гістарычны момант у польскай палітыцы. Некаторыя нават кажуць, што толькі цяпер скончылася ў Польшчы камуна, або пост-камуна…

Маргіналізацыя кааліцыі левых сіл, якая апынулася па-за Соймам, таксама нас, беларусаў, ставіць у іншай сітуацыі. Многія гады былі ж мы, асабліва на Гайнаўшчыне, адданым лявіцы электаратам. „Вечны” дагэтуль дэпутат Яўген Чыквін збіваў на гэтым свой палітчны капітал.
Чаму левыя знікаюць з польскай палітыкі, здзіўляць не павінна. Вырасла вось новае пакаленне, якому той рух папахвае проста нафталінам. А з другога боку амаль павыміралі ўжо былыя функцыянеры і чыноўнікі колішніх камуністычных структураў, якія разам з сем’ямі пасля 1989 г. доўга складвалі асноўны електарат левых сіл.

Цяжка зразумець, чаму мы – беларусы так доўга давяралі быўшым таварышам і посткамуністычным дзеячам, не атрымоўваючы ад іх, папраўдзе, нічога ўзамен. Ці штосьці яны для нас „залатвілі”, каб палепшыць нам жыццё і замацаваць нашу тоеснасць? Нават той жа Цімашэвіч, якога на руках вынеслі мы ў дэпутаты, і стаў міністрам, а пасля ўзначальваў урад, апрача цёплых і сардэчных слоў нічога асаблівага не ўчыніў, каб паспрыяць нашым інтарэсам і патрэбам.

Калі пачала падаць лявіца, руку ў наш бок працягнула Грамадзянская Платформа. На жаль, і гэтая партыя асабліва нічога не зрабіла, каб палегчыць нашу долю.

Калі ідзе пра канкрэтную, значыць, фінансавую, дапамогу дзяржавы для беларускай меншасці, нашыя „абаронцы” практычна нічога не зрабілі, каб датацыі на меншасную культуру хаця б крыху пабольшыць (ад многіх, многіх гадоў яны аднолькавыя, нягледзячы на пастаянны рост коштаў). Справядліва трэба адзначыць, што дзякуючы іхнім старанням даволі значныя фінансавыя сродкі з бюджэту краіны і ваяводства атрымала Царква. Перадусім на рамонты храмаў, адбудову Супрасльскага манастыра, утрыманне варшаўскай праваслаўнай семінарыі і як рэкампенсаты (мільённыя) за быўшую царкоўную ўласнасць. Але гэтая дапамога не мела аніякага ўплыву на развіццё беларускай тоеснасці праваслаўных. А магла б мець, каб такога хацелі тыя, што пра гэта вырашалі.

Наогул супрацоўніцтва палі­тыкаў СЛД ці ГП з беларусамі на Беласточчыне зводзілася да іх прысутнасці падчас беларускіх фэстаў і фестываляў царкоўнай музыкі. Мы спаглядалі на іх быццам на паноў. А як кажа беларуская народная прыказка – служы пану верна, а ён табе пер…

Другім гістарычным для нас фактарам пасля кастрычніцкіх выбараў ёсць тое, што цяпер у Сойме няма аніводнага „нашага” дэпутата. Балаціравалася такіх некалькі, змагаючыся за нашы галасы. Але я не чуў, каб хтосьці з іх – уключна з Яўгенам Чыквіным, які на гэты раз кандыдаваў у Сенат – адкрыта падчас кампаніі сказаў, што ён – беларус.

Ці тое, што ў польскім парламенце не будзе цяпер прадстаўніка беларусаў і праваслаўных, пагоршыць адносіны дзржавы да нашай меншасці? Не думаю, хоць такая пагроза ёсць. Вядома, лепш было б, каб у Сойме хтосці за намі заступаўся, так як у выпадку польскіх немцаў. Але, па-першае, трэба нам памятаць, што ў маштабе краіны не ёсць мы ажно такія важныя. Нас проста няшмат, жменька ўсяго беларусаў, праваслаўных…. Таму будзьма крыху пакорліўшымі. Па-другое, ёсць у Польшчы нацыянальныя меншасці, якія ніколі не мелі ў Сойме сваіх прадстаўнікоў і маюцца значна лепш ад нас – беларусаў. Скажам, тыя ж літоўцы з гміны Пуньск, для якіх мы як дзіва, бо нікому звонку і нават нам самім не відаць, што… мы – беларусы. Праўда, ім намнога лягчэй трымацца нацыянальных вартасцей, паколькі за імі стаіць суседняя дзяржава, якая цалкам літоўская. Беларусі яшчэ вельмі далёка да такога самаакрэслення.

Тым не менш, паўтараю, не мусім прытуляцца да паноў, каб зберагчы і развіваць сваю тоеснасць. На шчасце, жывем у дэмакратычнай краіне з еўрапейскім заканадаўствам, якая сёе-тое абавязана нам гарантаваць. І каб толькі ўмелі мы гэта выкарыстаць. А маем таксама роўны доступ да дзяржаўных і еўрапейскіх грошай на паляпшэнне ўмоў жыцця ў рэгіёне, у тым ліку на інфраструктуру, новыя месцы працы, таксама на культуру. Бо захаванне нашай нацыянальнай тоеснасці праз беларускую песню і фальклор, што галоўным чынам цяпер адбываецца, значыць праз настальгію, гэта – тупік. Бо ўжо даўно было сказана, што менавіта „быт кшталтуе сведамасць”.

Пачынаецца вось размеркаванне аграмадных грошай з новага размеркавання – апошняга ўжо – Еўрасаюза. Гэта выклік для нашых самаўрадаў, грамадскіх арганізацый і прадпрымальнікаў. Бо такі ёсць падзел г.зв. бэнефіцыентаў. І ад гэтага – не так як у палітыцы – ніхто нас яшчэ не адсунуў.

Komentarze

  1. Howdy! This post couldn’t be written any better! Looking through this post reminds me of my previous roommate!
    He always kept talking about this. I will forward this article
    to him. Fairly certain he will have a very good read.
    I appreciate you for sharing!

  2. I blog frequently and I truly thank you for your content.
    The article has really peaked my interest. I will book mark your website and keep checking for new details about once
    a week. I opted in for your RSS feed as well.

  3. Hey very cool blog!! Man .. Excellent .. Amazing ..
    I will bookmark your web site and take the feeds additionally?

    I am glad to search out a lot of useful information here within the submit,
    we need work out more techniques in this regard, thanks for sharing.
    . . . . .

  4. Hello, I think your site might be having browser compatibility
    issues. When I look at your blog in Ie, it looks fine but when opening
    in Internet Explorer, it has some overlapping.
    I just wanted to give you a quick heads up! Other then that, wonderful blog!