Календарыюм (9/2014)

Верасень– гадоў таму

kalendarium-01740 – няўдалая аблога Наваградка ў1274 г. аб’яднанымі галіцка-валынскімі і татарскімі войскамі.
500 – 8.09.1514 г. перамога пад Оршай (на рацэ Крапіўна) 30-тысячнай беларуска-літоўскай арміі пад камандаваньнем гетмана Канстанціна Астрожскага над утрая большым маскоўскім войскам. У выніку бітвы ўсходняя Беларусь была вызвалена ад расейскіх войскаў. Дзень беларускай вайсковай славы.
485 – 29.09.1529 г. зацьверджаньне і ўвядзеньне ў дзеяньне 1-га Статуту Вялікага Княства Літоўскага – збору законаў фэўдальнага права, які зьяўляецца помнікам беларускай юрыдычнай думкі, пісьменнасьці й мовы. Друкам на беларускай мове быў перавыдадзены ў 1841 г. у Познані.
300 – 4.09.1714 г. у Дзітрыках каля Ліды нарадзіўся беларуска-лацінскі паэт Міхал Карыцкі (пам. 10.03.1781 г.), аўтар зборніка „Песьні” (Полацак, 1817 г.).
250 – 7.09.1764 г. польскім каралём і вялікім князем літоўскім выбраны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
200 – 2.09.1814 г. памёр Жан Эмануэль Жылібэр, францускі натураліст, хірург і анатом. Нарадзіўся 21.06.1741 г. у Ліёне, арганізаваў і кіраваў Гродзенскай мэдыцынскай акадэміяй (1775-1781 гг.), у Гродне заснаваў таксама акушэрскую і вэтэрынарную школы, клінічны шпіталь, батанічны сад, у 1781-1783 гг. прафэсар мэдыцынскага факультэту Галоўнай школы ВКЛ у Вільні. З 1783 г. у Францыі.
155 – 4.09.1859 г. нарадзіўся Браніслаў Эпімах-Шыпіла, дзеяч беларускага нацыянальнага руху, якога часта называлі патрыярхам Адраджэньня. Быў адным з заснавальнікаў выдавецкай суполкі „Заглянe сонца і ў наша аконца” ў Пецярбургу (1906-1914 гг.), духовым апекуном многіх пазьнейшых лідараў беларускага руху. Памёр у пэрыяд савецкіх рэпрэсіяў 6.06.1934 г.
130 – 14.09.1884 г. у засьценку Вераскоўшчына Наваградзкага пав. нарадзіўся кс. Фабіян Абрантовіч, беларускі рэлігійны і грамадзкі дзеяч. Актыўна выступаў перад польскімі касьцельнымі і дзяржаўнымі ўладамі за багаслужбы ў касьцёлах на беларускай мове. У 1939 г. быў арыштаваны і замучаны савецкімі ўладамі (пам. у 1946 г. у Бутырскай турме ў Маскве).
110 – 8.09.1904 г. на Наваградчыне нарадзіўся епіскап Віцебскі і Полацкі Афанасій (Антон Мартас). Закончыў Багаслоўскі факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту (1930 г.), быў манахам у Пачаеўскай лаўры. У час ІІ сусьветнай вайны ўдзельнічаў у беларускім нацыянальным руху, быў епіскапам Віцебскім і Полацкім, удзельнічаў ва Усебеларускім праваслаўным саборы ў Менску ў жніўні 1942 г., на якім была абвешчана аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы. З 1944 г. у эміграцыі. Памёр 3.11.1983 г. у Буэнас-Айрэсе ў Аргентыне. Напісаў кнігі: „Матар’ялы да гісторыі Праваслаўнай Беларускай царквы” (1947) і „Беларусь в исторической и церковной жизни” (1966).
110 – 24.09.1904 г. у Цяцерках на Браслаўшчыне нарадзіўся Мар’ян Пецюкевіч, этнограф і беларускі дзеяч. Вучыўся ў Віленскай і Радашковіцкай беларускіх гімназіях (да 1928 г.), вывучаў этнаграфію ва Унівэрсытэце Стэфана Баторыя ў Вільні (да 1938 г.). Працаваў у Бібліятэцы Усходняй Эўропы ў Вільні. Дзейнічаў у Беларускім студэнцкім саюзе, Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, Беларускім навуковым таварыстве. Пісаў вершы і допісы ў беларускія віленскія газэты „Сялянская Ніва”, „Беларуская Крыніца”, „Хрысьціянская Думка”. Быў першым рэдактарам часопіса „Шлях Моладзі” ў 1929-1931 гг. У 1939 г. пасьля ўваходу саветаў у Вільню вёў беларускамоўныя перадачы на Віленскім радыё, стаў дырэктарам Бібліятэкі імя Врублеўскіх у Вільні, пасьля – дырэктарам Беларускага музэю. Падчас вайны быў павятовым інспэктарам асьветы ў Ашмяне, выкладаў беларускую мову ў Мэдыцынскім інстытуце ў Новай Вілейцы. Пасьля вайны працаваў на гаспадарцы ў Немэнчынку пад Вільняй. Там у 1949 г. быў арыштаваны і зь сям’ёй сасланы ва Ужур Краснаярскага краю, дзе працаваў у калгасе. У 1952 г. быў паўторна арыштаваны і сасланы на 25 гадоў у Варкуту. У 1957 г. пасьля разгляду справы быў звольнены і прыехаў у Польшчу, дзе ўжо была яго сям’я. У 1959 г. дзякуючы прафэсарам Казіміру Машынскаму і Марыі Знамяроўскай-Прыфэровай атрымаў працу ў Этнаграфічным музэі ў Торуні. Працаваў там да 1970 г., да пераходу на пэнсію. З 1957 г. пісаў у беластоцкую „Ніву”, дзейнічаў у навуковым гуртку пры Беларускім грамадзка-культурным таварыстве, дасьледаваў этнаграфію Беласточчыны, пісаў успаміны, якія былі апублікаваны пасьля ягонай сьмерці: „У пошуках зачараваных скарбаў” (Вільня 1998), „Кара за службу народу” (Беласток 2001), „Лісты (1956-1982)” (Беласток 2005) , „Мой дзёньнік. Пра падарожжа ў Рым” (Вільня 2007). Памёр у Торуні 13.09.1983 г. Яго спадчына захоўваецца ў Этнаграфічным музэі ў Торуні, у Падляшскім музэі ў Беластоку, у аддзеле рукапісаў і рэдкай кнігі Бібліятэкі акадэміі навук Беларусі ў Менску. У 2004 г. Этнаграфічны музэй у Торуні наладзіў канфэрэнцыю, прысьвечаную ягоным 100-м угодкам, якой матэрыялы плянуецца выдаць у гэтым годзе.
105 – 16.09.1909 г. у Скварцах каля Койданава нарадзіўся Лукаш Калюга, беларускі пісьменьнік. У 1931 г. закончыў Беларускі пэдагагічны тэхнікум, уваходзіў у літаратурнае аб’яднаньне „Узвышша”. Пачаў публікаваць аповесьці і апавяданьні з 1927 г. У студзені 1933 г. арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі ў Ірбіце ў Сьвярдлоўскай вобласьці. Паўторна арыштаваны 2.10.1937 г. і ў гэты ж дзень расстраляны. У 1974 г. выйшаў зборнік апавяданьняў і аповесьцяў „Ні госьць ні гаспадар”.
100 – 25.09.1914 г. у Зэльве Гродзенскага пав. нарадзіўся Аўген Смаршчок, праваслаўны сьвятар, старшыня Саюзу беларусаў у Бэльгіі. Рукапаложаны ў сан сьвятара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у 1950 г., быў адным зь ініцыятараў і арганізатараў БАПЦ у Бэльгіі. Памёр 25.09.1984 г. у Грэверы каля Лювэну ў Бэльгіі.
95 – у верасьні 1919 г. была створана Вайскова-Дыпляматычная місія Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі, якую узначаліў Кастусь Езавітаў. Камісія дзейнічала да 1.02.1921 г.
95 – 18.09.1919 г. уваход польскіх войскаў з Язэпам Пілсудскім у Менск.
90 – 23.09.1924 г. у Койданаве Менскай вобласьці нарадзіўся Артур Вольскі, беларускі пісьменьнік. Вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы (1938-1941 гг.), у час вайны служыў на Далёкім Усходзе. У 1952 г. дэмабілізаваўся. Працаваў у рэдакцыях газэт і часопісаў „Чырвоная змена”, „Бярозка”, „Вясёлка”, рэдактарам у выдавецтве „Юнацтва”. Публікаваў з 1937 г., выдаў зборнікі паэзіі м.ін.: „Водбліскі далёкіх маякоў” (1958), „Дабрата” (1966), „Наваселле дроў” (1990), вядомы аўтар дзіцячай літаратуры, м.ін.: „Маленькім сябрам” (1955), „Жывыя літары” (1973), „Еду ў госці да слана” (1978). Памёр 5.09. 2002 г.
85 – 1.09.1939 г. загінуў Язэп Горыд, мастак. Нарадзіўся 27.07.1896 г. у Адэсе, вучыўся на Мастацкім факультэце Віленскага ўнівэрсытэту (1923-1928 гг.). Вучыўся таксама ў Парыжы, дзе меў выстаўкі (1925, 1928, 1930). Ілюстраваў сатырычны часопіс „Маланка”, афармляў кнігі М. Багдановіча „Вянок” (2-е выданьне), М. Васілька „Шум баравы”, М. Танка „Журавінавы цвет”, Р. Шырмы „Беларускія народныя песні”, падручнікі.
85 – 10.09.1929 г. у Рославе Смаленскай вобласьці нарадзіўся Яўген Глебаў, кампазытар і пэдагог, аўтар м.ін. балетаў „Мара”, „Альпійская балада”, опэры „Майстар і Маргарыта”, апэрэты „Мільянэрка”, сымфоніяў, твораў для аркестру.
85 – 12.09.1929 г. у Калюціне Ра-сонскага раёну Віцебскай вобласьці нарадзіўся Мікалай Матукоўскі, вядомы сучасны беларускі драматург. Пачаў літаратурную працу з 1952 г., аўтар зборнікаў „П’есы” (1979) і „Мудрамер” (1989).
85 – 15.09.1929 г. у Менску нарадзіўся Арлен Кашкурэвіч, мастак. Працаваў у галіне станкавай і кніжнай графікі. Памёр 26.08.2013 г.
80 – 2.09.1934 г. памёр у Вільні Мікола Ільяшэвіч – грамадзкі дзеяч, гісторык, настаўнік (нар. у 1903 г. у Пружане). Выпускнік Віленскай беларускай гімназіі ды Пражскага ўнівэрсытэту. Падчас вучобы ў Празе зьяўляўся старшынёй Беларускага культурнага таварыства імя Францішка Скарыны. Пасьля вяртаньня ў Вільню працаваў настаўнікам у Віленскай беларускай гімназіі ды Праваслаўнай духоўнай сэмінарыі. Рэдагаваў часопіс „Саха”.
80 – 12.09.1934 г. памёр Яўген Барычэўскі, беларускі літаратуразнавец і перакладчык. Нарадзіўся 17.12.1883 г. у Менску, вучыўся ў Бэрлінскім і Маскоўскім унівэрсытэтах, з 1922 г. выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, з 1928 г. – прафэсар. Беспадстаўна рэпрэсаваны.
80 – 30.09.1934 г. памёр Мітрафан Доўнар-Запольскі, гісторык, этно-граф, эканаміст. Нар. 14.06.1867 г. у Рэчыцы, закончыў Кіеўскі ўнівэрсытэт (1894), заснавальнік Азэрбэйджанскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў Баку, аўтар „Гісторыі Беларусі” і шматлікіх этнаграфічных, гістарычных і эканамічных працаў.
75 – 1.09.1939 г. пачатак другой сусьветнай вайны.
75 – 17.09.1939 г. савецкія войскі перайшлі савецка-польскую мяжу. 28 верасьня 1939 г. быў падпісаны савецка-нямецкі дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве, ў якім, між іншым, абедзьве дзяржавы дамо наконт новай дзяржаўнай мяжы. Беласточчына апынулася ў межах СССР, Віленшчына зь Вільняй (10.10.1939 г.) была перададзеная савецкім бокам летувіскай дзяржаве.
75 – 30.09.1939 г. памёр Стары Улас (Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі), беларускі паэт. Нарадзіўся 22.03.1865 г. у Валожыне. Пачаў публікаваць у 1907 г. у „Нашай Ніве”. У міжваенны пэрыяд жыў у Шашэльгішках Віленскага павету, дзе займаўся земляробствам. У 1990 г. выйшла кніга яго вершаў і публіцыстыкі „Год беларускі”.
70 – 1.09.1944 г. пачалі працаваць Беларускія гімназіі ў Бельску і Гайнаўцы, Беларуска-руская ў Беластоку і беларускія пачатковыя школы ва ўсёй усходняй Беласточчыне. З 1945 г. школы гэтыя былі ліквідаваныя ўладамі. У 1947 г. ня дзейнічала ніводная беларуская школа ды іншая культурная ўстанова.
70 – 12.09.1944 г. памёр у зьняволеньні Алесь Гародня (Аляксандр Функ), беларускі пісьменьнік. Нарадзіўся у 1899 г. у Пярмі (Расія). Да беларускага руху далучыўся ў Маскве ў 1917 г., быў тэхнічным рэдактарам часопіса „Чырвоная Беларусь”. У 1930 г. быў арыштаваны і асуджаны да зьняволеньня. У друку пачаў выступаць з празаічнымі творамі ў 1925 г., выдаў аповесьці „На крэсах” (1927), „Варта на Рэйне” (1930).
70 – у верасьні 1944 г. загінуў пры падаўленьні нямецкімі войскамі Варшаўскага паўстаньня Ілья Ляўковіч (Гальяш Леўчук – нарадзіўся 29.07.1880 г. у Слоніме), беларускі паэт і пратэстанцкі дзеяч. Выдаў зборнік вершаў „Чыжык беларускі” (Вільня 1912).
65 – 1.09.1949 г. рашэньнем сакратарыяту Цэнтральнага камітэту Польскай аб’яднанай рабочай партыі пачалася адбудова школьніцтва на беларускай мове на тэрыторыі Беласточчыны.
50 – 12.09.1964 г. у польскім шпіталі ў Пэнлей у Вялікабрытаніі памёр Сяргей Пясэцкі, вядомы польскі пісьменьнік беларускага паходжаньня. Нарадзіўся 1.04.1901 г. У Ляхавічах, вучыўся ў гімназіях у Менску і Бабруйску. Падчас першай сусьветнай вайны ў бежанстве ў Расіі, 1919 г. – у беларускіх вайсковых фармаваньнях, м.ін. у антыбальшавіцкім „Зялёным Дубе”. У міжваенны час ў Вільні – быў кантрабандыстам, разьведчыкам. У 1926-1937 гг. сядзеў у турмах за бандыцкую дзейнасьць. Там пачаў пісаць кнігі, м.ін. „Kochanka Wielkiej Niedźwiedzicy” (Варшава 1937), якая прынесла яму славу пісьменьніка. Дзякуючы Мэльхіёру Ваньковічу, які паспрыяў друку яго кнігі, выйшаў на свабоду. У час другой сусьветнай вайны быў у польскім падпольлі ў Арміі краёвай, пасьля вайны – у Гданьску. У 1946 г. быў перакінуты за мяжу, апынуўся ў Італіі. З 1952 г. жыў у Вялікабрытаніі. Напісаў 14 кніг, сярод якіх: „Piąty etap” (Warszawa, 1938), „Bogom nocy równi” (Warszawa, 1939), „Jabłuszko” (Rzym, 1946), „Spojrzę ja w okno…” (Rzym, 1947), „Nikt nie da nam zbawienia” (Rzym, 1947), „7 pigułek Lucyfera” (Londyn, 1948), „Zapiski oficera Armii Czerwonej” (Londyn, 1957), „Żywot człowieka rozbrojonego” (Londyn, 1962), „Człowiek przemieniony w Wilka” (Londyn, 1964), „Dla honoru Organizacji” (Londyn, 1964), „Adam i Ewa” (Warszawa, 1999), „Mgła” (Warszawa, 1999), якія шмат разоў перавыдаваліся ў Польшчы пасьля 1980 г. На беларускую мову перакладзеныя Алесем Астраўцом „Запіскі афіцэра Чырвонай арміі” (Менск, 2005) і Фэліксам Янушкевічам „Каханак Вялікай Мядзьведзіцы” (Менск, 2009).
50 – 14.09.1964 г. памёр Язэп Пушча (Іосіф Плашчынскі), беларускі паэт, адзін з заснавальнікаў літаратурных аб’яднаньняў „Маладняк” і „Узвышша”. Нарадзіўся 20.05.1902 г. у Каралішчавічах каля Менску. У 1920 г. закончыў Менскае рэальнае вучылішча, у 1925-1927 гг. вучыўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, а пасьля – у Ленінградзкім (да 1929 г.). Быў стыльрэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. 25.07.1930 г. арыштаваны і прысуджаны да 5 гадоў ссылкі на Урал. У гады вайны мабілізаваны ў армію. З 1958 г. жыў у Менску. Пачаў публікаваць з 1922 г. Славу здабылі яго „Лісты да сабакі”.
25 – 28.09.1989 г. пачала працаваць Жыровіцкая праваслаўная духоўная сэмінарыя.
25 – у верасьні 1989 г. выйшаў у Менску 1-ы нумар часопіса „Спадчына”.

Апрацавалі Лена Глагоўская
і Вячаслаў Харужы ■

Komentarze

  1. I am no longer certain where you are getting your information, but good topic. I needs to spend a while studying much more or figuring out more. Thank you for fantastic information I used to be on the lookout for this information for my mission.