Крышынкі (68) – Васіль Петручук

Не памятаю даты, але калісьці палкоўнік Юзаф Антанюк запрасіў мяне на якуюсьці ўрачыстасць на вайсковым могільніку ў Бельску-Падляшскім. Наз’язджалася многа людзей, сярод якіх прыбылі і афіцыйныя дэлегацыі на чале – так сказаць – са старшынёй ГП БГКТ Янам Сычэўскім. З адлегласці якая нас дзяліла ад помніка памардаваных вазакоў было відаць прыгатоўленую да працы апаратуру беластоцкага тэлебачання з яе абслугай – Юрку Ляшчынскага і Міколу Ваўранюка. Спадар Ян Сычэўскі папрасіў прысутных, каб арганізаваліся ў калону і ісці сарганізавана, а мяне запрасіў ісці з прадстаўнікамі БГКТ на чале. Калі калона набліжалася да помніка, адкуль павінны дзейнічаць камеры, Ляшчынскі і Ваўранюк хуценька звінулі апаратуру і паехалі ў Пілікі. Ці ж цяжка адгадаць чаму і ад каго ўцяклі. Калі я Юзка Антонюка запытаў, што сталася, чаму тэлевізійныя справаздаўцы ўрачыстасці ўцяклі, палкоўнік адказаў мне, што не ведае. Але калі я выказаў думку, што: „хіба таму, што баяліся, каб не палопала апаратура ўбачыўшы мяне”, палкоўнік сказаў: „А можа?” і вясёла засмяяўся. Я сур’ёзна на гэта: „Юзік, калі хочаш спакойна жыць, то не запрашай мяне на ўрачыстасці, бо нашыя хлопцы ведаюць што робяць”. Але грамадзяне Беластока і рэгіёна гэтай урачыстасці не аглядалі. А Вам не здаецца, што я са сваёй фізіяноміяй не павінен недзе паказвацца? І тут няма месца на жарты, бо я чытаючы „Тэрмапілы” ад 2011 года, н-р 15, на старонцы 142 прачытаў вось такую заўвагу нашага глыбокапаважанага Сакрата Яновіча: „…Юрка сябруе з былымі афіцэрамі тайных службаў (Пе-ук) і з цяперашнімі шпіёнамі (напр. Гла-кая)”. Ці трэба больш, каб зразумець у чым справа? Каму вяселле, а цялятку смерць. Чалавека можна знішчыць, але не адалець!
Мы з палкоўнікам пабедавалі над заіснаваўшай у краіне сітуацыяй, якую ўспрынялі як сваю нашы хлопцы і я папрасіў яго, каб не пераймаўся мною, бо я не адну прыкрасць у жыцці перацярпеў. Чорт з імі, пажывуць, мо ў чым пераканаюцца і пачуць талераваць мяне рэдактары як Ляшчынскі і Ваўранюк, ды іншыя пайшлі на павадку людзей, якія ведаюць літары і мала таго, што пішуць афіцыйна ў розныя газеты розныя свінствы на мяне, то яшчэ пішуць і ананімы. Рэдактары з гэтымі свінскімі паклёпамі мяне азнаямляюць і выкідваюць іх у смецце.
Але што апублікавана, то народ тое прачытаў. А калі не сам прачытаў, б не кожны ж купляе прэсу і
66
ўмее яе чытаць, то чытае гэтым людзям іх пісьманосец, які развозіць вымушаныя экземпляры „Нівы” і пенсіі па сваім раёне. Я не хачу паўтараць таго, аб чым ведаю як гэтае рабілася, але дубіцкі паштальён-падсрывач мяне ахлястаў найбольш смярдзючымі памыямі. Вось вам адзін прыклад, за які мяне ніхто не асудзіць, як і не асудзіць за мае балючыя ўспаміны.
Дзесьці ў сямідзесятыя гады задумалася мне купіць нейкую хацінку ў гэтай старонцы, якую называю сваёй, а якая мяне варварска крыўдзіла, але ўсё роўна мяне нешта там цягнула і хацелася пажыць паміж сваім народам. Хто яго ведае, мо нават таму, каб паказаць тым, хто мяне крыўдзіў, што я стаў зусім іншым чалавекам чым быў – бязвольным, усім толькі дагаджаючым, каб менш білі і часам далі кавалачак цяжка запрацаванага хлеба. Я ж памятаю, як служыў у Корпусе ўнутранай бяспекі (КБВ) і быў камандзірам групы пры маршале Жымерскім і прыязджаў у Грабавец памагаць сваякам пры жніве, як ахкалі і охкалі людзі на мой выгляд у афіцэрках з найлепшай, бо генеральскай скуры і шытых да нагі вайсковымі шаўцамі, то і цяпер будуць мяне шанаваць як кагосьці блізкага. Але не ведаючы каму бы тут марочыць галаву такімі справамі, узяў дый напісаў пісьмо свайму калегу з такім самам прозвішчам – Петручуку Паўлу, які быў у прыступах у вёсцы Тафілаўцы і які мог быць маім прыхільнікам, бо ж у малалецці я пасвіў ягонай сям’і карову ад снегу да снегу і яны мне за гэта не далі ніколі грама жыта і ні шклянкі вады. Я ведаю, што яны бедна жылі і што ніхто з сялян ім столькі не памог у жыцці як я. Быў упэўнены, што Павал ахвотна мне адпіша і магчыма што пашукае ў ваколіцы адпаведнага доміка.
Чакаў месяцамі, а мо і больш чым год, а пісьма не дачакаўся. Анойчы, будучы ў Дубічах на могільніку, заехаў і ў Тафілаўцы. Не памятаю чаму, але памятаю, што самаходам пад ягоную хату не пад’ехаў, а паставіў далей, праўдападобна з увагі на сонца, і пайшоў да Паўла пешшу. Але дома нікога не застаў і ішоў назад. Пры вуліцы ў агародзе працаваў якісьці невядомы мне чалавек, і ён мяне зачапіў: „Васька, до кого ты ходыв?” Кажу, што хацеў спаткацца з Паўлам, але не застаў нікога дома. Мужчына далей: „Браток, куды ты йдэш, до кого, до того х…, которы тэбэ по сэліе обробляе як когось найгуоршого?!.” Я з чарговай прыкрасцю дазнанай у выніку дзейнасці ананiмшчыка і гнаялея М. П. далей пра нішто ў чалавека не пытаўся і паехаў дамоў як апараны.
А прыгожая хата з садам была ў Грабаўцы па Кірыле Антанюку. Мяне са сваякоў ніхто не павядоміў, хаця ўсе ўжо ведалі, што я шукаю дзе б тут купіць хату. Купіў яе мой сябра, які працаваў і жыў у Варшаве, а паходзіў з Тафілаўцаў. Калі ў 1949 годзе быў у Любліне цуд, то я з афіцэрскай школы ў Легніцы як плютановы падхаронжы, і Янак Зубор, бо гэта пра яго гаворка, з лодзінскага батальёна КБВ як радавы, там дзейнічалі. Янак там заслужыў бронзавы крыж. Пасля мы ў Варшве дружылі.
Я яшчэ дыхаю і грызуся, але ніколі не меў хаты ў вёсцы і ніякага ўчастка ў Беластоку. Янак ляжыць у Варшаве, а я, хаця-нехаця, мушу запярэчыць сваёй волі паводле верша пра Янчука надрукаванага ў „Часопісе”, у кніжцы прафесара Васіля Белаказовіча, у кніжцы Тадэя Карабовіча „Провулок”, том 13, 2013 і яшчэ дзесьці – не памятаю. Вось яго апошняя страфа: „Шчэ жыву здалюок од Дубыч, але як сконаю – поховайтэ мэнэ в зэмлю в моюом руодном краю”.
А так хацелася б цешыцца жыццём і хваліцца народам, які цябе, у тым выпадку мяне, акружаў. А не магу, ды не толькі з увагі на свае крыўды, але і наогул. Я далёка ўсяго не сказаў, але аб людзях, якія мяне акружалі, то магу толькі ўспамінаць з крыўдай у сэрцы. Але ў мэце мэт ведаю, што і таго, што я напісаў, не трэба было рабіць. Бо ні грошай, ні сатысфакцыі я не атрымаў, а ворагаў нажыў, бо нават ёсць людзі, праўда, не вельмі яны чалавечныя, але людзі, якія не вераць мне, а тым, хто вакол мяне смуродзіць. Як цёця дэнатуратам. І яшчэ гавораць, што вераць яны ў Бога! А я ў выніку гэтага ўсяго не адзін раз звяртаўся з плачам да Бога, на якога чорта ён мяне стварыў. Калі „маці” балюча мяне трапала за тое, што часам укалупнуў з-пад абруска кавалачак мякішу, то я ўцякаў пад стол і там лямантаваў: „Божэ, забэры мэнэ до гробу, або скажы маме, коб біла мэнэ рукою, то будэ мэнш боліэты чым од вылок чы коцюбы!”. А Бог маўчаў. Раз нават удалося маму ашукаць. Калі раніцай я на запыку забаўляўся з Іванам і Нінкай, маці чагосьці выйшла ў сені; я ў той час паспеў з-пад абруска ўкалупнуць крышку хлеба і ўкінуць у рот ды ўскочыць на запык. Якраз на той момант увайша ў хату маці і ўбачыўшы, што маю штосьці ў роце, бо ж скура на шчацэ худая, тоненькая, крыкула: „Шчо ты там маеш в морды?!” Я хацеў паласавацца кусочкам, але не ўдалося – хутка глынуў хлеб і сказаў, што шчаку выпучыў языком. Паверыла, і нават не заглянула пад абрусок. Іван з Нінкаю ўжо паелі хлеба з малаком, а нам, мне і бацькам, варылася бульба. Толькі я ўжо цяпер не веру, што мая „мама” пасля ежы бульбы пры стале не закусвала яе саланінай з хлебам у каморы…
(Працяг будзе)

Komentarze